МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ МАГІЛЁВА Утвораны ў 1990 у Магілёве. Размешчаны ў б. архірэйскім палацы

(пабудаваны ў 1762—85 па ініцыятыве архіепіскапа Г.​Каніскага) і будынку 19 ст. Мае каля 5 тыс. адзінак асн. фонду (2000),

якія размешчаны па перыядах з часоў узнікнення стараж. паселішчаў на тэр. сучаснага горада. Сярод экспанатаў каменныя сякеры 3—2-га тыс. да н.э., язычніцкія абярогі, амулеты, лунніцы 10—12 ст., кафля 16—18 ст., старадрукі 18 ст., сувоі канца 18 ст., абразы канца 18—19 ст., матэрыялы, прысвечаныя падзеям Вял. Айч. вайны, зменам арх. аблічча горада на працягу апошняга стагоддзя. Музей праводзіць тэматычныя выстаўкі.

І.​А.​Пушкін.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЦХЕ́ТА,

горад, раённы цэнтр у Грузіі, пры ўпадзенні р. Арагві ў р. Кура, на Ваенна-Грузінскай дарозе. 9,9 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя. Прам-сць: з-д «Прамсувязь», трыкат. ф-ка, харч. прам-сць. ГЭС.

Засн. ў 2-й пал. 1-га тыс. да н.э. Да канца 5 ст. н.э. сталіца ўсх.-грузінскай дзяржавы Картлі (Іберыі). Раскопкамі ў 1870-я г. і з 1937 выяўлены рэшткі гар. кварталаў, рэзідэнцый, могільнікі, датаваныя ад энеаліту да позняга сярэднявечча. Захаваліся храм-манастыр Джвары (6—7 ст.), сабор Светыцхавелі (11 ст.) і інш. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Кисель В.П. Памятники всемирного наследия. Мн., 1998. С. 71—72.

т. 11, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Створаны ў 1930-я г. каля Навагрудскіх замкаў. Парк рэгулярна-пейзажны, пл. 10,2 га. У аснове планіроўкі сістэма радыяльных алей, якія разыходзяцца ад уваходнай пляцоўкі і перасякаюцца некалькімі кальцавымі дарожкамі. Кампазіцыя дапаўняецца маляўнічымі групамі і асобнымі пасадкамі дрэў. Перад уваходам у парк — курган, насыпаны ў гонар А.Міцкевіча. Паводле дэндралагічнага складу парк быў адным з самых багатых на Беларусі (значна пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну). У ім расло каля 70 экзотаў і дэкар. форм, у т. л. дугласія цісалістая, лістоўніца еўрап., піхты, дуб чырвоны і інш.

В.​Р.​Анціпаў.

Навагрудскі парк. Схема.

т. 11, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЛЕПКА ((Nálepka) Ян) (псеўд. Рэпкін; 20.9.1912, в. Сміжані, Славакія — 16.11.1943),

арганізатар і кіраўнік славацкага партыз. атрада, які дзейнічаў на тэр. Беларусі і Украіны ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945), Герой Славацкага нац. паўстання (1945). Скончыў афіцэрскую школу (1936). У Вял. Айч. вайну з 1941 у складзе войск марыянетачнага ўрада Славакіі на тэр. акупіраваных Беларусі і Украіны, нач. 101-га славацкага палка. Створаная ім антыфаш. падп. група ў 1942 наладзіла сувязь з партызанамі і ў пач. 1943 перайшла да іх. Н. стаў камандзірам атрада партыз. злучэння А.​М.​Сабурава, які дзейнічаў у раёне Оўруч—Ельск—Мазыр—Алеўск. Загінуў у баі.

Я.Налепка.

т. 11, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О’БРА́ЕН (O’Brien) Джэймс [псеўданім, які ператварыўся ў другое імя, Бронтэр (Bronterre); 6.2.1805, г. Гранард, Вялікабрытанія — 23.12.1864], адзін з лідэраў і ідэолагаў чартызму ў Вялікабрытаніі. У 1830-я г. радыкальны журналіст. Быў рэдактарам шэрагу чартысцкіх выданняў, у сваіх артыкулах імкнуўся даць тэарэт. і гіст. абгрунтаванне чартызму: выкрываў класавыя супярэчнасці капіталіст. грамадства, прапаноўваў рэв. шлях пераўтварэння грамадства на сацыяліст. пачатках. Гал. сродкам дасягнення сац. роўнасці лічыў нацыяналізацыю зямлі, прыватную ўласнасць на сродкі вытв-сці разглядаў як ін-т, сумяшчальны з сацыялізмам. У 1840—41 зняволены. З 1848 прыхільнік мірных рэформ. Заснаваная ім у 1849—50 Нац. ліга рэформ пазней далучылася да Інтэрнацыянала 1-га.

т. 11, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ПСА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Акунёўка, за 16 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,93 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 580 м, найб. глыб. 20 м, даўж. берагавой лініі 7,8 км. Пл. вадазбору 3,17 км². Катлавіна лагчыннага тыпу падзяляецца на 2 плёсы. Схілы выш. 15—18 м, у верхняй ч. разараныя. Шмат заліваў. Берагі выш. да 1 м, стромкія, пад хмызняком, на Пд нізкія, забалочаныя. Востраў пл. 0,1 га. Дно да глыб. 1,5—3 пясчанае, да 8—10 м ілістае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае да глыб. 2,5 м. Упадае меліярацыйная канава, выцякае ручай у воз. Пагошча.

т. 11, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛО́МСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура фінскіх плямён, якія ў 5—1-й пал. 9 ст. жылі ў бас. р. Чапца ва Удмурціі (Расія). Назва ад помнікаў каля с. Паломскае. Асн. заняткі насельніцтва — ляднае земляробства, жывёлагадоўля, паляванне. Найб. пашыраныя помнікі — гарадзішчы пл. 0,5—2 га і могільнікі. Жытлы — прамавугольныя драўляныя дамы зрубнай канструкцыі (12 × 7 м) з адкрытымі каменнымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых ямах гал. чынам галавой на Пн, найчасцей у драўляных трунах. Мужчын хавалі звычайна ў паясах, нярэдка з узбраеннем і рыштункам каня, сякерамі, каля галавы часта ставілі медны кацялок; жанчыны — у святочным адзенні з метал. ўпрыгожаннямі, часта трапляюцца грыўні.

А.​В.​Іоў.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́СЫНКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1991 з мэтай захавання унікальнага ландшафтнага комплексу Пд Бел. Паазер’я. Пл. 104 га. Размешчаны на тэр. нац. парка Нарачанскі, на беразе воз. Нарач. Займае крутыя схілы з драбналессем і сухадольнымі лугамі, дзе ў травастоі дамінуюць стэпавыя і лесастэпавыя віды: крынічнік шыракалісты, гарлянка жэнеўская, асака берагавая, суніцы зялёныя, драсён горны, скочкі атожылкавыя; трапляюцца цыбуля агародная, спаржа лекавая, крынічнік каласісты, танканог шызы і інш., а таксама занесеныя ў Чырв. кнігу гарычка крыжападобная, кураслеп лясны, першацвет вясновы, сон лугавы. З гасп.-каштоўных відаў раслін сустракаюцца ядловец, ляшчына, свідзіна, чаромха, шыпшына сабачая і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 12, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЎСВІЖ,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Эса, за 4 км на ПдУ ад г. Лепель. Пл. 0,41 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 480 м, найб. глыб. 5,3 м, даўж. берагавой лініі 3,5 км. Пл. вадазбору 1,7 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 7—9 м (на ПнУ 15—20 м), разараныя, месцамі пад лугам. Берагі выш. да 0,5 м, на З нізкія, парослыя азёрна-балотнай расліннасцю і хмызняком. Уздоўж зах. берага забалочаная пойма шыр. 70 м. 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Дно да глыб. 3 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае да глыб. 2,2 м. Упадаюць 2 меліярац. канавы.

т. 12, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУГА́НАЎ (Віктар Паўлавіч) (9.2.1901, г. Астрахань, Расія — 24.6.1941),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У пач. Вял. Айч. вайны камандзір 22-й танк. дывізіі, якая з 22.6.1941 вяла абарончыя баі на рубяжы Зах. Буга на Пд ад Брэста, 23 чэрв. ў час контрудару сав. войск з раёна г. Жабінка разграміла мотакалону ням. войск, разам з часцямі 28-га стралк. корпуса на ПнЗ ад г. Кобрын змагалася супраць 2 танк., 1 матарызаванай і некалькіх пях. дывізій ворага. Загінуў у баі.

т. 13, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)