КАРЧЭ́ЎСКІ Юльян Юзафавіч (снеж. 1806, в. Казяны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — студз. 1833),

бел. жывапісец. Скончыў ф-т маральных і паліт. навук Віленскага ун-та (1824), дзе адначасова займаўся жывапісам у Я.Рустэма. У 1824—26 вывучаў права ў Пецярбургскім ун-це. У 1826—29 удасканальваў майстэрства жывапісу ў Францыі, потым у Англіі і Італіі. Створаныя ім жанравыя кампазіцыі вызначаюцца тэхн. дасканаласцю, вастрынёю характарыстык, дакладнай перадачай нац. тыпажу: «Руская хуткая пошта», «Яўрэйскае пахаванне», «Яўрэйскі фурман у літоўскай карчме» і інш. З 1829 у Рыме, дзе напісаў шэраг пейзажаў і жанравых сцэн. Карціны К. «Ян III пад Венай», «Турак на кані» і інш. ў 2-й пал. 19 ст. зберагаліся ў галерэі А.​Храптовіча ў Шчорсах (Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.).

т. 8, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЫЛІ́НА Луцый Сергій (Lucius Sergius Catilina; каля 108—62 да н.э.),

старажытнарымскі паліт. і дзярж. дзеяч, военачальнік. У грамадз. войнах 88—82 да н. э. прыхільнік Сулы. У 68 прэтар, у 67—66 прапрэтар у правінцыі Афрыка. Дамагаючыся абрання на пасаду консула, сабраў вакол сябе незадаволеных, выступіў абаронцам рым. беднаты, абяцаў ліквідаваць даўгі. Пасля паражэння на выбарах вырашыў дамагчыся ўлады сілай. Змова К. была раскрыта, некаторыя яго прыхільнікі паводле загаду Цыцэрона арыштаваны і пакараны смерцю. Пасля няўдалага замаху на жыццё Цыцэрона К. пакінуў Рым (7.11.63 да н. э.), сабраў у Этрурыі войска. Загінуў у бітве з консульскай арміяй каля Пісторыі (цяпер Пістоя).

Літ.:

Лившиц Г.М. Социально-политическая борьба в Риме 60-х гг. I в до н. э. и заговор Катилины. Мн., 1960.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НАН (Kennan) Джордж Фрост (н. 16.2.1904, г. Мілуокі, ЗША),

амерыканскі дыпламат, саветолаг. Скончыў ваен. акадэмію Сент-Джонс, Прынстанскі ун-т (1925). З 1926 на дыпламат. службе. У 1944—46 саветнік-пасланнік, у 1952 пасол ЗША у Маскве (адкліканы па патрабаванні сав. ўрада). У 1961—63 пасол у Югаславіі. З 1956 праф. Прынстанскага ун-та. Сфармуляваў прынцыпы палітыкі ЗША ў адносінах з СССР (1947), т.зв. дактрына стрымлівання, якая стала сімвалам «халоднай вайны» і грунтавалася на памылковым перакананні ў хуткім падзенні СССР. У канцы 1950-х г. адмовіўся ад сваёй канцэпцыі і падтрымліваў т.зв. палітыку раз’яднання ўзбр. сіл дзвюх супердзяржаў, скіраваную на пазбяганне ядз. вайны. Аўтар прац «Савецкая замежная палітыка 1917—1945» (1960), «Ядзерная памылка. Савецка-амерыканскія адносіны ў атамны век» (1982) і інш.

т. 8, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭЦЬЕ́Н (Chrétien) Жан Лу (н. 20.8.1938, г. Ла-Рашэль, Францыя),

першы французскі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1982), брыгадны генерал. Скончыў Ваенна-паветр. школу ў г. Салон-дэ-Праванс (1963), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў у г. Істр (1977). З 1980 у групе касманаўтаў НАСА. З 1982 кіраўнік палётаў Нац. цэнтра касм. даследаванняў Францыі. 24.6—2.7.1982 з У.А.Джанібекавым і А.С.Іванчэнкавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз Т-6» і арбітальнай станцыі «Салют-7»; 26.11—21.12.1988 з А.А.Волкавым і С.К.Крыкалёвым — палёт на касм. караблях «Саюз ТМ-6, -7» і арбітальным комплексе «Мір», у час якога выходзіў у адкрыты космас (6 гадз); 26.9—7.10.1997 — палёт на касм. караблі «Атлантыс» (ЗША) і арбітальным комплексе «Мір». Правёў у космасе 43,47 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

Ж.Л.Крэцьен.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў Мікалай Іванавіч (27.7.1911, с. Зыранка Таліцкага р-на Пермскай вобл., Расія — 9.3.1944),

савецкі разведчык. Герой Сав. Саюза (1944). Працаваў інжынерам у Пермі і Маскве. У Вял. Айч. вайну з жн. 1942 у партыз. атрадзе Дз.​М.​Мядзведзева «Пераможцы», які дзейнічаў на Укр. Палессі. Пад імем ням. обер-лейтэнанта Паўля Зіберта вёў разведку ў г. Роўна (Украіна), збіраў і перадаваў у партыз. атрад каштоўныя звесткі і дакументы. Разам з партызанамі рабіў дыверсіі, даставіў у партыз. атрад некалькі ням.-фаш. генералаў і чыноўнікаў. Загінуў у баі з прыхільнікамі С.​А.​Бандэры каля с. Барацін Бродаўскага р-на Львоўскай вобл.

Літ.:

Медведев Д.Н. Это было под Ровно. Элиста, 1968;

Яго ж. Сильные духом. Свердловск, 1971;

Гладков Т.К. Николай Кузнецов М., 1971.

т. 8, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЙБЫШАЎ Валяр’ян Уладзіміравіч (6.6.1888, г. Омск, Расія — 25.1.1935),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. З 1904 у рэв. руху бальшавікоў. За ўдзел у рэвалюцыі 1905—07 выключаны з Ваен.-мед. акадэміі ў Пецярбургу (1906). Неаднаразова быў арыштаваны і ў ссылцы. Адзін з кіраўнікоў Кастр. рэвалюцыі 1917 у г. Самара, удзельнік грамадз. вайны (пераважна як паліт. камісар). З 1921 чл. Прэзідыума, з 1926 старшыня Вышэйшага савета народнай гаспадаркі; кіраваў ажыццяўленнем плана ГОЭЛРО. Чл. ЦК (з 1922) і Палітбюро (з 1927) ЦК ВКП(б), Прэзідыума ЦКК (1923—26). У 1930—34 старшыня Дзярж. планавай камісіі. Паводле афіц. версіі, атручаны; у яго смерці абвінавачваліся падсудныя на т.зв. працэсе 21-го (працэс праватрацкісцкага блока). У 1935—91 яго імем наз. г. Самара.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РЫЯ [лац. curia ад co(cum) з, разам + vir муж, мужчына],

1) у Стараж. Рыме з 8—6 ст. да н.э. аб’яднанне некалькіх родаў патрыцыяў. Звычайна было 30 К., па 10 у кожнай родавай трыбе (акрузе); паводле іх збіралі курыятныя нар. сходы (каміцыі). Кожная К. мела асобнае месца для сходаў і свае святыні. У часы рэспублікі (510/509—30 або 27 да н.э.) усе К. ўзначальваў вял. курыён, да галасавання ў каміцыях былі дапушчаны і плебеі.

2) У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы савет і суд пры феадале.

3) Сукупнасць устаноў, падпарадкаваных рым. папу (гл. Рымская курыя).

4) У шэрагу дзяржаў, у т. л. былой Рас. імперыі, асобыя разрады (выбарчыя К.), на якія падзяляліся выбаршчыкі паводле маёмасных, нац. і інш. адзнак.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАПО́ЛЬД III (Léopold; 3.11.1901, Брусель — 25.9.1983),

бельгійскі кароль [1934—44 і 1950—51]. З Саксен-Кобургскай дынастыі. Старэйшы сын Альберта 1 (правіў у 1909—34). З 1936 праводзіў курс на знешнепаліт. нейтралітэт Бельгіі. У 2-ю сусв. вайну 28.5.1940 падпісаў акт аб капітуляцыі краіны перад фаш. Германіяй, у 1940—44 інтэрніраваны ў замку Лаэкен каля Бруселя, у 1944 вывезены з Бельгіі як ваеннапалонны. З 1945 у эміграцыі (паводле прынятага ў ліп. 1945 бельг. парламентам закону не мог вярнуцца ў краіну без спец. дазволу). Вярнуўся ў Бельгію пасля рэферэндуму 12.3.1950 (57,68% тых, хто галасаваў, выказаліся за вяртанне Л. III). Не маючы дастатковай папулярнасці, 1.8.1950 заявіў аб перадачы правоў на прастол сыну Бадуэну I, у ліп. 1951 адрокся ад прастола на яго карысць.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́ТАПІС ЧАСО́ПІСНЫХ АРТЫ́КУЛАЎ»,

дзяржаўны штомесячны бібліяграфічны паказальнік Беларусі. Выдаецца з 1934 у Мінску Нац. кніжнай палатай. Да 1995 уваходзіў у «Летапіс друку Беларусі». Рэгіструе артыкулы, дакумент. матэрыялы, творы маст. л-ры з часопісаў, перыяд. і неперыяд. зб-каў, зб-каў, якія прадаўжаюцца, выданняў тыпу «прац». Бібліягр. запісы групуюцца па галіновых раздзелах, у якіх для вылучэння матэрыялу, прысвечанага значным падзеям паліт., эканам., культ. жыцця Беларусі і замежжа, юбілеям асоб, арг-цый і інш., змяшчаюцца часовыя тэматычныя рубрыкі. У раздзеле «Дапаўненне да «Летапісу часопісных артыкулаў» (у № 6 і 12) рэгіструюцца часопісы і бюлетэні, што зарэгістраваны са спазненнем на 2 і больш гадоў. Мае паказальнікі: імянны, геагр., моў (акрамя бел. і рус.), на якіх надрукаваны артыкулы, штогадовы (у № 12) паказальнік часовых тэматычных рубрык.

А.​І.​Варанько.

т. 9, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСАБО́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых і буйнейшых ун-таў Партугаліі. Засн. ў 1288 у Лісабоне. У 1308—1537 яго некалькі разоў пераводзілі ў г. Каімбра; з 1537 ун-т Каімбры. У 1911 адноўлены ў Лісабоне. У 1997 больш за 17 тыс. студэнтаў; ф-ты: мастацтва, прыгожага мастацтва, лінгвістыкі, стараж. і сучасных моў, л-ры, гіст., геагр., філасофіі, права (у т. л. еўрапейскае права, юрыд. і паліт. навукі), мед., стаматалагічны, фармакалогіі, фіз., хім., геал., біял., камп’ютэрных навук, псіхалогіі і адукацыі. Пры ун-це працуюць ін-ты, у т. л. Ін-т сац. навук, партугальскай мовы і культуры (для замежных студэнтаў); агульная б-ка (100 тыс. тамоў) і спецыялізаваныя пры ф-тах; музеі прыродазнаўства, гісторыі, мінералогіі, навукі. Выдае навук. часопісы.

В.​М.​Навумчык.

т. 9, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)