перадача арандатарам са згоды арэндадаўцы арандаванай маёмасці ў паднаём іншай асобе Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь дагавор С. не можа быць заключаны на тэрмін, які перавышае тэрмін дагавору арэнды. Адказным па дагаворы С. перад арэндадаўцам застаецца арандатар. Да дагавораў С. дастасоўваюцца правілы аб дагаворы арэнды, калі іншае не прадугледжана законам. Датэрміновае спыненне дагавора арэнды цягне за сабой і спыненне заключанага ў адпаведнасці з ім дагавора С. Субарандатар у гэтым выпадку мае права на заключэнне з арандатарам дагавора арэнды на маёмасць, якая знаходзілася ў яго карыстанні ў адпаведнасці з дагаворам С., у межах астатняга тэрміну С. на ўмовах, адпаведных умовам спыненага дагавора арэнды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУМЕ́СНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
прадпрыемства, у рабоце якога ўдзельнічаюць фірмы або фізічныя асобы іншых краін, арганізацыйна аформленае як адзінае. Ствараюцца для аб’яднання намаганняў у больш эфектыўнай вытв-сці і збыце прадукцыі, прыцягнення ў эканоміку замежнага капіталу, абмену вопытам арганізацыі працы і вытв-сці, асваення рыначных адносін і знешняга рынку. Статутны фонд С.п. ствараецца за кошт укладаў партнёраў, можа папаўняцца з прыбыткаў ад гасп. дзейнасці, або пазыковых сродкаў. Кіраўніком С.п. можа быць і грамадзянін дзяржавы-заснавальніцы, і замежны. Пытанні найму, звальнення, аплаты працы вырашаюцца С.п. Пры ліквідацыі С.п. або выхадзе з яго замежны ўдзельнік мае права пасля пагашэння наяўных абавязацельстваў на вяртанне свайго ўкладу ў грашовай або таварнай форме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПРУ́Н Васіль Рыгоравіч (н. 10.3.1926, в. Глоўсевічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. краязнавец, археолаг, пісьменнік. Вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі, скончыў Мінскі пед.ін-т (1969). Настаўнічаў. У 1947 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Інце і Варкуце. Вярнуўся на Беларусь у 1956. 25 гадоў працаваў на будаўніцтве. Друкуецца з 1943. У вершах патрыят. пафас, роздум над няпростым часам: зб-кі «Крык» (1993), «Рэха абуджаных дзён» (1994), «Незабыўныя ксівы» (1997), «Жыць для Беларусі» (1998). Як археолаг у 1963—69 вёў даследаванні ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Кн. «За смугою часу» (1994), «Дзеі над Шчарай» (2000) прысвечаны археал. помнікам і гісторыі Слонімшчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАДРО́ЎКА, Суходраўка,
рака ў Лёзненскім і Віцебскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Лучоса (бас.р.Зах. Дзвіна). У верхнім цячэнні наз. Вольша. Даўж. 66 км. Пл. вадазбору 519 км². Пачынаецца каля паўн.-ўсх. ускраіны в. Свірбы Лёзненскага р-на, вусце за 1 км на ПнЗ ад в. Кузьмянцы Віцебскага р-на. Цячэ ў межах Віцебскага ўзв. Даліна трапецападобная, шыр. 300—600 м, ёсць звужэнні да 50 м, ніжэй упадзення р. Ласасіна невыразная. Пойма чаргуецца па берагах, у верхнім цячэнні месцамі адсутнічае, пераважная шыр. 100—300 м. Рэчышча свабодна меандруе, сярэдне звілістае, у сярэднім цячэнні моцназвілістае, паміж вёскамі Стасева і Вял. Выдрэя Лёзненскага р-на парожыстае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ХАНА,
рака ў Валагодскай вобл. Расіі, левая састаўляючая р.Паўн. Дзвіна. Даўж. 558 км, пл.бас. 50,3 тыс.км². Выцякае з воз. Кубенскае, сцёк з якога зарэгуляваны плацінай з суднаходным шлюзам. Цячэ пераважна па раўніннай мясцовасці. У верхнім цячэнні звілістая, у сярэднім парожыстая, шмат перакатаў. Асн. прытокі: Волагда, Лежа (справа), Уфцюга (злева). Ледастаў з канца кастр. — пач.ліст. да 2-й пал.крас. — 1-й пал. мая. Разводдзе з крас. да сярэдзіны ліпеня. Сярэдні расход вады каля в. Калікіна 442 м³/с. Суднаходная (летам бываюць перапынкі з-за малаводдзя). Сплаўная. Уваходзіць у Паўночна-Дзвінскую водную сістэму. На С. гарады Сокал, Тоцьма, Вялікі Усцюг. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦВІ́ГА,
рака ў Ровенскай вобл. Украіны, Столінскім р-не Брэсцкай і Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. Беларусі, правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 178 км, пл. вадазбору 5,3 тыс.км²; у межах Беларусі адпаведна — 112 км і 4,3 тыс.км². Пачынаецца ў Ракітнаўскім р-не Ровенскай вобл., вусце за 2 км на ПнУ ад в. Пагост Жыткавіцкага р-на. Цячэ ў межах Прыпяцкай нізіны. Даліна ў вярхоўі трапецападобная, шыр. 0,5—1 км, ніжэй невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма двухбаковая, роўная, пераважна забалочаная. Рэчышча свабодна меандруе, моцназвілістае, разгалінаванае, у вярхоўі каналізаванае, шыр. ў ніжнім цячэнні 20—30 м. Прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЯБЛО́ВЫ МАТЫЛЁК, кукурузны матылёк
[Ostrinia (Pyrausta) nubilans],
матылёк сям. агнёвак, мнагаедны шкоднік с.-г. культур. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. Пашкоджвае каля 230 відаў пераважна буйнасцябловых раслін, найб. кукурузу, каноплі, проса, хмель, таксама бульбу, сланечнік. У пашкоджаных раслін засыхаюць і пераломліваюцца сцёблы, суквецці, зніжаецца ўраджай зялёнай масы.
Крылы ў размаху 24—32 мм; у самак пярэднія ад светла-жоўтых да карычняватых, упоперак 2 цёмныя зігзагападобныя лініі; у самцоў крылы больш цёмныя. Яйцы адкладваюць на ніжнюю паверхню лісця. Вусені даўж. да 25 мм, светла-шэрыя, з цёмнай паласой уздоўж спіны, развіваюцца ў сцёблах. За год 2 пакаленні. Зімуюць дарослыя вусені ў расл. рэштках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫЧЫ́,
начныя драпежныя птушкі сям. сапраўдных соў атр. совападобных. 5 родаў, 25 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Амерыцы, Афрыцы. Аселыя і вандроўныя птушкі. Жывуць у лясах. Гняздуюцца ў дуплах, пабудовах. На Беларусі 3 віды: С. дамавы (Athene noctua) — бел. назва сіпель; касманогі (Aegolius funereus) і сычык вераб’іны (Glaucidium passerinum), занесеныя ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 29 см, маса да 190 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне зверху бурае са светлымі плямкамі, на брушку белаватае з цёмнымі стракацінкамі. Крылы кароткія, закругленыя. Кормяцца пераважна мышападобнымі грызунамі, дробнымі птушкамі. Манагамы Адкладваюць 3—7 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЭРЦАПАДО́БНІКІ (Cardiidae),
сямейства марскіх малюскаў надатр. сапр. пласціністашчэлепных (пласціністажабравых). Каля 30 родаў, больш за 250 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на мелкаводдзі, пераважна ў цёплых водах. Фільтратары. Найб. вядомыя прадстаўнікі сям.: серыпес грэнландскі (Serripes groenlandicus, самы вял. сярод С.), С. ядомы (Cerastoderma edule), С. Ламарка (C. lamarcki), С. рабрысты (Cardium costata).
Даўж. ракавіны да 10 см. Створкі моцна ўздутыя, маюць шырока расстаўленыя рабрынкі, часам узброеныя шыпамі і лускавінкамі. Нага моцная, вузкая, падоўжаная. З яе дапамогай С. перамяшчаюцца, закопваюцца ў грунт, робяць скачкі. Кормяцца пераважна планктонам. Буйныя віды ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЯЛЯ́НСКАЯ ПРА́ЎДА»,
заходнебеларуская газета. Выдавалася з 28.9 да 17.12.1924 у Вільні на бел. мове 3 разы на тыдзень. Рэдактар А.Войцік. Выкрывала палітыку польскага ўрада ў дачыненні да працоўных і нац. меншасцей. Паказвала партыз. рух у Зах. Беларусі, нацэльвала масы на адстойванне сваіх паліт. і эканам. правоў, на змаганне забел. школу, асвету, кааператывы. Крытыкавала бел. праўрадавых паліт. дзеячаў, творцаў «Беларускага грамадзянскага сабрання» С.Валэйшы, «Тымчасовай беларускай рады» Паўлюкевіча і інш. Асвятляла грамадска-паліт. жыццё ў БССР. Змяшчала артыкулы Дрыгавіча (У.Талочкі), Я.Маразовіча, інтэрв’ю М.Чарвякова з А.Пшчолкам, рэцэнзіі на пастаноўкі Бел.драм. майстроўні і інш. Выйшлі 34 нумары. Забаронена польскімі ўладамі.