СЦВІ́ГА,
рака ў Ровенскай вобл. Украіны, Столінскім р-не Брэсцкай і Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. Беларусі, правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 178 км, пл. вадазбору 5,3 тыс. км²; у межах Беларусі адпаведна — 112 км і 4,3 тыс. км². Пачынаецца ў Ракітнаўскім р-не Ровенскай вобл., вусце за 2 км на ПнУ ад в. Пагост Жыткавіцкага р-на. Цячэ ў межах Прыпяцкай нізіны. Даліна ў вярхоўі трапецападобная, шыр. 0,5—1 км, ніжэй невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма двухбаковая, роўная, пераважна забалочаная. Рэчышча свабодна меандруе, моцназвілістае, разгалінаванае, у вярхоўі каналізаванае, шыр. ў ніжнім цячэнні 20—30 м. Прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.
т. 15, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)