БАРА́НАВІЧЫ,

горад абл. падпарадкавання ў Беларусі ў Брэсцкай вобл., цэнтр раёна. Размешчаны на Баранавіцкай раўніне, у міжрэччы Шчары і яе прытока Мышанкі. За 206 км ад Брэста. Вузел чыгунак (напрамкі на Брэст, Ваўкавыск, Ліду, Мінск, Слуцк, Лунінец) і аўтадарог. 172,9 тыс. ж. (1995).

Узнікненне Баранавічаў звязана з буд-вам Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Пачатак гораду дала чыг. ст. Баранавічы (назва ад вёскі ў Навагрудскім пав.), здадзеная ў эксплуатацыю ў ліст. 1871. Вакол яе ўзнік пасёлак, які ў сярэдзіне 1880-х г. налічваў каля 1,5 тыс. жыхароў, 120 дамоў. У маі 1884 пасёлку нададзены статус мястэчка пад назвай Развадова (ад прозвішча ўладальніцы мясц. маёнтка Развадоўскай). У снеж. 1884 пачаў дзейнічаць участак чыг. Вільня—Лунінец—Пінск, новая станцыя Баранавічы Палескай чыгункі стала другім цэнтрам фарміравання горада. Пасёлак, што пачаў фарміравацца вакол станцыі, атрымаў назву Новыя Баранавічы. У 1890-я г. пасёлкі зліліся і ўтварылі Баранавічы. Паводле перапісу 1897 у Баранавічах 8718 ж., 834 будынкі, 4 прадпрыемствы, двухкласныя школы чыг. і дабрачыннага т-ва. У рэв. 1905—07 адбылося Баранавіцкае выступленне рабочых і салдатаў 1905. У 1912 у Баранавічах каля 30 тыс. ж. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працавалі 3 цагельныя, маслабойны, 2 лесапільныя, чыгуналіцейны з-ды, 3 ф-кі млынавых жорнаў. У пач. 1-й сусв. вайны ў Баранавічаз размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага рус. арміяй. З вер. 1915 да 5.1.1919 акупіраваны герм. войскамі. У ваколіцах Баранавічаў праходзіла лінія фронту. У чэрв.ліп. 1916 рус. войскі правялі Баранавіцкую аперацыю 1916. 5.1.1919 устаноўлена сав. ўлада. З 6.2.1919 горад, цэнтр Баранавіцкага пав. Мінскай губ. У сак. 1919 — ліп. 1920 і з вер. 1920 акупіраваны польск. войскамі. У 1921 — 39 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, са снеж. 1939 цэнтр Баранавіцкай вобласці, каля 27 тыс. ж. Дзейнічалі Баранавіцкі абласны драматычны тэатр, Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 27.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў ваколіцах і горадзе 127,5 тыс. чал., дзейнічалі Баранавіцкая акруговая антыфашысцкая арганізацыя і Баранавіцкае гарадское патрыятычнае падполле. З 1954 у Брэсцкай вобл., цэнтр Навамышскага, з 1957 Баранавіцкага раёнаў. У 1959 — 58,1 тыс. ж., у 1970 — 101,5 тыс. ж.

Прадпрыемствы: Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне і вытв. дрэваапр. аб’яднанне, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Баранавіцкі завод гандлёвага машынабудавання, Баранавіцкі завод станкапрылад, з-ды санэлектразагатовак, доследна-механічны, жалезабетонных вырабаў (2); фабрыкі трыкатажная, швейная, абутковая, мэблевая, маст. вырабаў, цацак; камбінаты мясакансервавы, харч. прадуктаў, малочны, жалезабетонных канструкцый, Баранавіцкі камбінат сянажных вежаў. Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці, тэхналагічны тэхнікум, муз., мед. і пед. вучылішчы. Баранавіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і падпольшчыкаў, сав. ваеннапалонных і ахвяраў фашызму. Помнікі: Вызвалення, двойчы Герою Сав. Саюза С.​І.​Грыцаўцу. Помнік архітэктуры — Баранавіцкі Пакроўскі сабор. Мемарыяльны комплекс «Урочышча Гай».

Горад Баранавічы.

т. 2, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРУ́НКІ,

тэкстыльны выраб без тканай асновы, у якім ажурны арнамент і выявы атрымліваюцца ў выніку перапляцення нітак (ільняных, шаўковых, метал. і інш.); від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вызначаюцца тонкасцю, лёгкасцю, эластычнасцю, узорыстасцю, зліццём ажурных узораў і сеткі фону або кантрастам шчыльнага ўзору (часам рэльефнага) і ажурнага фону, разнастайнымі рытмічнымі пабудовамі ўзору, выяўленнем колеру, бляску і фактуры нітак. Выкарыстоўваюцца для аздобы адзення, бялізны ў выглядзе тасьмы або ўставак і як самаст. вырабы (сурвэткі, пакрывалы, абрусы і інш.). Паводле тэхнікі выканання бываюць ручныя (плеценыя на каклюшках — точаных палачках; шытыя іголкай, вязаныя кручком або пруткамі) і машынныя.

Першыя К. (шытыя) вядомы з канца 15 — пач. 16 ст. ў Італіі. З канца 16 ст. з’явіліся ў Фландрыі (напачатку шытыя, пазней плеценыя «бенш», «валансьен», з канца 17 — пач. 18 ст. цюлевыя «малін», «англетэр», «дзюшэс», «брабанцкія»). У Італіі (Венецыя, Мілан, Генуя) пашырыўся гіпюр. З 1-й пал. 17 ст. выраб К. вядомы ў Расіі (валагодскія карункі, галіцкія, таржкоўскія, растоўскія і інш.), з сярэдзіны 17 ст. — у Францыі (седанскі гіпюр і алансон, цюлевы «аржант», чорныя шаўковыя К. з Шантыльі і інш.). У 18 ст. цэнтрамі вытворчасці К. сталі Фландрыя і Францыя. У 19 ст. чорныя шаўковыя К. з залатымі ніткамі выраблялі ў Іспаніі, вязаныя кручком — у Ірландыі. З 1930-х г. пашырыўся машынны выраб танных К. на цюлі з баваўняных нітак і інш., ручны спосаб ператварыўся ў нар. маст. промысел.

На Беларусі вядомы з 16 ст. на адзенні духавенства, магнатаў, шляхты і гар. знаці. Першапачаткова іх прывозілі з Францыі і Германіі, з 18 ст. пры манастырах і ў маёнтках стваралі майстэрні па вырабе К. з залатых і сярэбраных нітак, пазней з шаўковых і баваўняных. У 2-й пал. 18 ст. ў Гарадніцы (прадмесце Гродна) існавала мануфактура, дзе выраблялі К. па замежных узорах. З сярэдзіны 19 ст. пашырыліся машынныя К. На Беларусі найб. вязалі і плялі К. драўлянымі, пазней метал. кручкамі. Быў вядомы стараж. спосаб пляцення на каклюшках — «вылічальны», заснаваны на паўторы аднаго малюнка з дапамогаю вылічэння нітак без гатовага ўзору. Вылічальныя К. з роўнымі краямі выраблялі сяляне для ўпрыгожвання адзення, ручнікоў і інш. Узоры нар. К. блізкія да ўзораў нар. тканін і вышывак. Бел. К. характэрны геам. («ромбы», «шахматы», «палоскі») і раслінныя («кветкі», «зорачкі», «сняжынкі» і інш.) узоры. З сярэдзіны 20 ст. вядомы аб’ёмныя карункавыя вырабы (карзінкі, кошыкі, вазы). Шырока выкарыстоўваюцца мастакамі-прафесіяналамі для тэатр. касцюмаў, аздаблення вопраткі і бялізны. Бытуюць як нар. маст. промысел. Вырабляюць К. на ф-ках маст. вырабаў і ў хатніх умовах.

Літ.:

Беларускае народнае мастацтва. Т. 1. Мн., 1951;

Бирюкова Н.Ю. Западноевропейское кружево XVI—XIX вв. в собрании Эрмитажа. Л., 1959.

Да арт. Карункі. Падзор, Салігорскі раён Мінскай вобл.
Да арт. Карункі. Пакрывала. Чашніцкі раён Віцебскай вобл.
Да арт. Карункі. Валан рэльефнага гіпюру. Ільняныя ніткі, шыццё іголкай. Італія. Сярэдзіна 17 ст.
Да арт. Карункі. Валан французскага гіпюру. Пач. 18 ст.
Валагодскія карункі. В.​Ельфіна. Пано «Лета». 1979.

т. 8, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎ,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож. За 104 км ад Магілёва. Вузел чыгунак на Оршу, Магілёў, Унечу і Рослаўль, на аўтадарозе Бабруйск—Масква. 31,1 тыс. ж. (1998).

Упершыню згадваецца ў 1136 ва Устаўнай грамаце смаленскага кн. Расціслава Мсціславіча пад назвай Крэчут. Стараж. цэнтрам К. быў Крычаўскі замак. У 14—18 ст. існавалі Крычаўскія гарадскія ўмацаванні. У 12—13 ст. у Смаленскім, з 1-й пал. 14 ст. ў Мсціслаўскім княствах, з 2-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. З канца 15 ст. цэнтр Крычаўскай воласці, уладанне вял. князя ВКЛ, кіраваўся яго намеснікамі. З сярэдзіны 16 ст. ў Мсціслаўскім ваяв. Пад 1592 упамінаецца ў Баркулабаўскім летапісе.

23.8.1653 атрымаў магдэбургскае права і герб (у чырв. полі выява залатога крыжа і сярэбранага мяча). З 17 ст. К. — цэнтр Крычаўскага староства, уладанне Радзівілаў. У Паўн. вайну 1700—21 летам 1708 пад К. быў лагер рас. войск на чале з Пятром I. У час Крычаўскага паўстання 1743—44 у студз. 1744 каля К. адбыўся бой паміж сялянамі і шляхецкім войскам. Пасля I-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) К. у Рас. імперыі, мястэчка ў Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ. У студз. 1776 Кацярына II падаравала Крычаўскае староства (14 247 чал.) графу Р.​А.​Пацёмкіну. У 1779 у К. 1594 ж., 470 двароў. У канцы 18 ст. ў К. дзейнічалі Крычаўская суднаверф, Крычаўскія мануфактуры, а таксама вінакурны, цагельны, шкляны, гарбарны, медналіцейны з-ды, млыны. У 1847 у К. 630 двароў, 6 цэркваў, касцёл, малітоўная школа, праводзіліся 3 кірмашы на год. У 1897 мястэчка, цэнтр воласці, 6221 ж., 972 двары, 3 гарбарныя і мылаварны заводы, 4 крупадзёркі, 4 маслабойні, 2 нар. вучылішчы, паштова-тэлегр. кантора, хлебазапасны магазін, 125 крам, 7 цэркваў, касцёл, 5 сінагог, 5 заезных дамоў, 4 кірмашы на год. З мая 1919 у складзе Гомельскай губ. РСФСР, з 20.8.1924 у БССР, цэнтр Крычаўскага раёна Калінінскай, з чэрв. 1927 Магілёўскай акруг, з лют. 1938 у Магілёўскай вобл. З 17.12.1931 горад. З 17.7.1941 да 30.9.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне каля 24 тыс. чал. Дзейнічала Крычаўскае патрыятычнае падполле. У 1962—65 у Мсціслаўскім р-не. У 1972—26,5 тыс. ж.

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў («Крычаўцэментнашыфер», з-д жалезабетонных вырабаў), Крычаўскі завод гумавых вырабаў, мэблевая ф-ка, мясакамбінат, маслазавод, хлебазавод і інш. Крычаўскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў, ваеннапалонных і ахвяр фашызму, курган Славы. Помнікі архітэктуры: Крычаўскі палац (1778—87), паштовая станцыя (19 ст.), Мікалаеўская царква (канец 19 — пач. 20 ст.). Збярогся звон, адліты ў 1748 для царквы Параскевы Пятніцы. Помнікі археалогіі: гарадзішчы Гарадзец (ранняга жал. веку, 5—7 ст. і эпохі Кіеўскай Русі) і Замкавая rapa (эпохі Кіеўскай Русі).

У.​У.​Бянько.

Герб Крычава. 1633.

т. 8, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДА,

горад у Гродзенскай вобл., на р. Лідзея (бас. р. Нёман). Цэнтр Лідскага р-на. За 112 км на ПнУ ад Гродна. Вузел чыгунак на Гродна, Вільнюс, Маладзечна, Баранавічы. 99,9, тыс. ж. (1998).

Датай узнікнення Л. лічаць 1323 — пач. буд-ва Лідскага замка, вакол якога паступова вырас горад. У 15—16 ст. горад быў значным цэнтрам рамяства і гандлю, звязаны з Вільняй, Навагрудкам, Мінскам, Полацкам. У гэты час горад складаўся з рыначнай плошчы і 4 вуліц; да яго прымыкала прадмесце Зарэчча. З 1568 цэнтр Лідскага павета Віленскага ваяводства. У 1590 Л. атрымала магдэбургскае права і герб (у левай частцы шчыта выява льва на чырвоным і ў правай — 2 скрыжаваныя ключы на блакітным фоне). З 2-й пал. 17 ст. ў выніку войнаў і феад. анархіі Л. прыйшла ў заняпад, з сярэдзіны 18 ст. пачалося адраджэнне яе эканомікі. У 1756—1834 дзейнічаў Лідскі піярскі калегіум. У 1786 у Л. 514 ж. 3 1795 у Рас. імперыі, пав. цэнтр. Слонімскай (1795), Літоўскай (1797), Гродзенскай (1801) губерняў. З 1842 пав. горад Віленскай губ. У 1863 і 1873 у Л. пабудаваны піўзаводы, у 1870—80-я г. — гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая ф-ка, крухмальны з-д. У 1884 пракладзена чыг. лінія Вільня—Лунінец, у 1907 — Маладзечна—Масты. У 1897 у Л. было 8626 ж., дваранскае і пав. двухкласнае вучылішчы, прыходскае вучылішча з жаночым аддзяленнем, яўр. школа. У 1899 адкрыта бальніца, у канцы 19 — пач. 20 ст. пушчаны чыгуналіцейны, лесапільны і інш. з-ды, развіты промысел па вырабе Лідскіх куфраў. У 1901—18 існавалі Лідскія гімназіі. У 1904 у Л. 1 тыс. дамоў (275 мураваных), 14 дробных прадпрыемстваў, 170 рамесных майстэрань, 4 бальніцы, 6 пач. навуч. устаноў. У 1921—39 у складзе Польшчы, павятовы цэнтр Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Лідскага раёна Баранавіцкай вобл., горад абл. падпарадкавання. З 27.6.1941 да 9.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 25 149 чал. Дзейнічала Лідскае патрыятычнае падполле. У 1972—49,7 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы машынабудавання (Лідскі доследны завод «Нёман», Лідскі завод сельскагаспадарчых машын, Лідскі завод электравырабаў, з-ды прыладабудаўнічы, аўтарамонтны), харчовай (Лідскі завод харчовых канцэнтратаў, Лідскі малочнакансервавы камбінат, піваварны з-д), буд. матэрыялаў (камбінат буд. матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў), дрэваапр. прам-сці, Лідскі лакафарбавы завод, Лідская абутковая фабрыка, Лідскі краязнаўчы музей, Лідскі індустрыяльны тэхнікум. Брацкія магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, курган Бессмяротнасці і інш. Помнікі чырвонаармейцам, якія загінулі ў вер. 1920, сав. воінам і партызанам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Лідскі замак, Лідскі Крыжаўзвіжанскі касцёл, Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў.

Літ.:

Лида: Ист.-экон. очерк. Мн.,1976.

І.​І.​Коўкель.

Герб Ліды. 1590.
Ліда. Курган Бессмяротнасці.
Ліда. Плошча імя 600-годдзя горада.

т. 9, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУЖА́НІН (Максім) (сапр. Каратай Аляксандр Амвросьевіч; н. 2.11.1909, в. Прусы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Засл. дз. маст. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі бел. пед. тэхнікум (1928). Вучыўся ў БДУ (1928—31). Працаваў у час. «Узвышша», на Бел. радыё (1930—32). 10.8.1933 незаконна асуджаны. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобл. Рэабілітаваны ў 1956. З 1935 на выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1944—53 у газ. «Звязда», час. «Вожык». У 1967—71 гал. рэдактар сцэнарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1925. Раннія вершы (зб. «Крокі», 1928) прасякнуты эмац.-рамантычным успрыняццем рэчаіснасці. У зб-ках вершаў і паэм «Неаплачаны рахунак» (1930), «Галасуе вясна за вясну», «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!», «Аднагалосна» (усе 1931), «Першамайская вуліца» і «Галасы гарадоў» (абодва 1932) зварот да надзённых тэм жыцця вёскі і горада, паглыбленне іх грамадскага гучання. Творы ваен. перыяду (зб. «Шырокае поле вайны», 1945) адлюстроўваюць мужнасць і гераізм воінаў, вышыню чалавечага духу ў час смяротнай небяспекі. Пасляваенная паэзія Л. ўславіла мірныя справы людзей працы (зб-кі «Поступ», 1950; «Святло Радзімы», 1952; «Моваю сэрца», 1955). Кніга вершаў «Прасторы» (1958) пашырыла паэтычны свет аўтара. Вершы і паэмы грамадзянскага гучання ў кнігах «Росы на коласе» (1973), «Прага крыла» (1974), «Як нараджаўся новы свет» (1975), «Лявоніха» (1977), «Галасы пад выраем» (1980), «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983). Ў сярэдзіне 1980—90-я г. паэзія Л. набывае праніклівае філасофска-быційнае гучанне, у якім зноў абвастраецца асабістая памяць, рахункі сваіх і агульных крыўдаў, пачуццё справядлівасці, але ўсё перажытае ўраўнаважваецца мудрым чалавечым вопытам, удзячнай любоўю да жыцця і хвалою ў яго гонар. Паэзіі Л. ўласціва жанрава-стылявое багацце, разнастайнасць вобразна-моўных сродкаў, паэт. майстэрства. Піша прозу («Колас расказвае пра сябе», 1964, Літ. прэмія імя Я.​Коласа 1965; «Дванаццаць вячорных вогнішчаў», 1968; «Людзі, птушкі, прастор», 1976; «Трое», 1989). Выступае як крытык і публіцыст (кнігі «Вачыма часу», 1964; «Рэпартаж з рубцом на сэрцы», 1973; «З ранку да вечара», 1978). Выдаў зб. гумару «Сілівон на дачы» (1958), вершы і апавяданні для дзяцей, паэму-казку «Хто робіць пагоду» (1959). Аўтар сцэнарыяў фільмаў («Паўлінка», 1951; «Народны паэт», 1952; «Першыя выпрабаванні», 1960 і «Запомнім гэты дзень», 1967, з А.​Куляшовым). На бел. мову пераклаў «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М.​Гогаля, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.​Радзішчава, асобныя творы А.​Пушкіна, У.​Маякоўскага, А.​Фадзеева, А.​Міцкевіча, У.​Сыракомлі і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1960;

Зб. тв. Т. 1—3. Мн., 1968—70;

Зб. тв. Т. 1-4. Мн., 1979—81;

Вярнуся ветрам: Лірыка, гумар, сатыра. Мн., 1987.

Літ.:

Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;

Яго ж. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;

Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Кісялёў Г. Крокі // Полымя. 1984. № 11;

Гніламёдаў У. Натхненне і майстэрства: Творчасць М.​Лужаніна // Роднае слова. 1998. № 5.

У.​В.​Гніламёдаў.

М.Лужанін.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНГУШЭ́ЦІЯ, Рэспубліка Інгушэція,

у складзе Рас. Федэрацыі. Размешчана на Паўн. Каўказе. Пл. 3,6 тыс. км². Нас. 300 тыс. чал. (1997), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 83 чал. на 1 км². Жывуць інгушы, рускія, чэчэнцы, асеціны, украінцы, туркі і інш., а таксама больш за 100 тыс. бежанцаў і вымушаных мігрантаў. Сталіца — г. Магас.

Прырода. І. займае цэнтр. ч. паўн. схілаў Вял. Каўказа. На Пн нізкагорныя Церскі і Сунжэнскі хрыбты (выш. да 664 м) і Алханчуртаўская даліна. У межах І. горы ўтвараюць сістэму паралельных хрыбтоў-куэстаў (Скалісты, Пашавы). На Пд заходзіць Бакавы хр. з вышэйшым пунктам г. Шан (4451 м). Паміж Пашавым і Бакавым хрыбтамі размешчана Тарская катлавіна. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць нафта і буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Лета ў катлавінах цёплае, у гарах халаднаватае, зіма мяккая, у гарах умерана халодная. Сярэдняя т-ра ліп. ад 24 °C у катлавінах да 8 °C у гарах, студз. адпаведна ад -3 °C да -10 °C. Гадавая колькасць ападкаў на нізка- і сярэднягор’ях 500—700 мм, на высакагор’ях да 1000—1200 мм. Гал. р. Сунжа (з прытокам Аса), пачынаецца з высакагорных ледавікоў, належыць да бас. р. Церак. Вада рэк выкарыстоўваецца для арашэння. На Пн буйны Алханчуртаўскі канал. Глебы ў паўн. ч. карбанатныя чарназёмы, у гарах горна-лясныя і горна-лугавыя. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах да выш. 1800—2000 м шыракалістыя лясы (пераважна бук, граб, дуб), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. У стэпах і лесастэпах шмат грызуноў, з птушак — драфа, дзікія качкі, гусі, у далінах рэк — каўказскі фазан. У гарах — куніца, буры мядзведзь, дзік, тур, казуля і інш.

Гісторыя. Першыя ўпамінанні пра інгушоў адносяцца да 7 ст. У час ранняга сярэдневякоўя б. ч. І. ўваходзіла ў склад дзяржавы Аланія. У 13 ст. тэр. І. пацярпела ад нашэсця мангола-татар, у канцы 14 ст. — войск Цімура. Першапачаткова — хрысціяне, у 2-й пал. 17 ст. інгушы прынялі іслам (суніцкага толку). У пач. 18 ст. пачаліся культ. і эканам. сувязі з Расіяй. У 1810 І. ўвайшла ў склад Рас. імперыі (ч. інгушоў удзельнічала ў нац.-вызв. барацьбе народаў Каўказа, у т. л. ў Каўказскай вайне 1817—64). З 2-й пал. 19 ст. за племем галгай замацавалася этн. назва інгушы (ад аула Ангуш, або Інгуш). З 1921 у складзе Горскай АССР. 7.7.1924 утворана Інгушская аўт. вобл. у складзе РСФСР, у 1934 аб’яднана з Чэчэнскай аўт. вобл. ў Чэчэна-Інгушскую аўт. вобл., якая ў 1936 пераўтворана ў аўт. рэспубліку. У Вял. Айч. вайну вял. частка тэр. І. акупіравана ням.-фаш. войскамі. У 1944 у выніку сталінскіх рэпрэсій рэспубліка скасавана, а насельніцтва абвінавачана ў супрацоўніцтве з гітлераўцамі і дэпартавана ў Сярэднюю Азію, Сібір і Казахстан. У 1957 нац. аўтаномія і правы інгушоў часткова адноўлены. На рэферэндуме ў снеж. 1991 97% інгушоў выказаліся за стварэнне незалежнай рэспублікі. У сак. 1992 пастановай Вярх. Савета Расіі ўтворана Інгушская Рэспубліка ў складзе Рас. Федэрацыі. У ліп. Вярх. Савет Расіі прыняў пастанову, паводле якой у склад І. ўвайшла тэр. б. Інгушскай аўт. вобл. (у межах да 1934), г. зн. зах. частка а б. Чэчэна-Інгушскай Рэспублікі і ўсх. частка Паўн. Асеціі. З кастр. 1992 пачаліся ўзбр. сутычкі паміж інгушамі і асецінамі, выкліканыя тэр. прэтэнзіямі інгушоў. У ліст. 1992 дэкрэтам прэзідэнта Рас. Федэрацыі ў І. аб’яўлена ваен. становішча і ўведзены войскі. У студз. 1993 заключана пагадненне з Паўн. Асеціяй, якое прадугледжвала раззбраенне ўсіх нелегальных фарміраванняў, што дзейнічалі на абодвух баках. На выбарах у лют. 1993 першым прэзідэнтам абраны Р.​Аўшаў.

Гаспадарка. Пасля распаду Чэчэна-Інгушскай АССР (1992) на тэр. І. засталося менш за 10% асн. вытв. магутнасцей. Прам-сць сканцэнтравана ў гарадах Малгабек і Назрань. Асн. галіны прам-сці: нафта- і газаздабыўная, газаперапр., маш.-буд., харч., лёгкая, буд. матэрыялаў. Здабыча нафты (з газавым кандэнсатам) 110 тыс. т (1996). Цэнтр здабычы нафты і газу, перапрацоўкі газу — раён г. Малгабек. Прадпрыемствы маш.-буд. (з-д электраінструментаў) і лёгкай прам-сці (трыкат. ф-ка) у г. Назрань. Харч. прам-сць уключае мукамольную, кансервавую, мясную, вінаробчую. Прам-сць буд. матэрыялаў прадстаўлена цагельнымі з-дамі. Будуюцца (1996) кандытарская ф-ка і домабуд. камбінат у г. Малгабек. С.-г. ўгоддзі займаюць 64% тэр. І. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых (кукуруза, пшаніца, авёс, ячмень) і тэхнічных (цукр. буракі, сланечнік) культур, садавіны, вінаграду і агародніны. Збор (тыс. т., 1995): збожжа — 80,2, агародніны — 7,8. Развіты мясная і малочная жывёлагадоўля (пагалоўе буйн. раг. жывёлы 49,1 тыс. галоў, 1995), танкарунная авечкагадоўля, птушкагадоўля. Па тэр. І. праходзяць чыг. Растоў-на-Доне—Баку, аўтадарога Грозны—Беслан; нафтаправод Грозны—Туапсэ, газаправод Грозны—Уладзікаўказ. У г. Назрань будуецца міжнар. аэрапорт.

Літаратура інгушскага народа развіваецца з пач. 20 ст. Блізкасць моў, агульнасць фалькл. вытокаў і гіст. лёсаў інгушскага і чэчэнскага народаў абумовілі ўзаемасувязь іх л-р (гл. ў арт. Чэчэнская Рэспубліка). Складальнікам першага інгушскага алфавіта (на аснове лац. графікі) і зачынальнікам пісьмовай л-ры І. быў З.​Мальсагаў (аўтар п’есы «Выкраданне дзяўчыны», 1923). У перыяд станаўлення пісьмовай л-ры пераважалі малыя жанравыя формы: вершы, нарысы, апавяданні (Х.​Асміеў, Х.-Б.​Муталіеў). Пашырэнне тэматычнага і жанравага дыяпазону выявілася ў л-ры, прысвечанай падзеям Вял. Айч. вайны. Творы антыфаш., патрыят. зместу стваралі Дж.​Яндзіеў (у паэзіі), І.​Базоркін (у драматургіі). Актыўнае развіццё л-ры пачалося ў пасляваен. гады (зб-кі паэзіі С.​Азіева, А.​Веджызева, Б.​Зязікава, Яндзіева, кнігі прозы А.​Бокава, М.-С.​Пліева і інш.). Шырынёй ахопу гіст. падзей, актуальнасцю маральна-этычных, сац.-паліт. праблем вызначаюцца раманы С.​Чахкіева («Залатыя слупы», 1965—66), Пліева («Цяжкі перавал», 1974), Бокава («Сыны Бекі», кн. 1—2, 1967—69; «Барвовыя зоры», 1974; «Зоркі між зорак», 1978), драм. творы Базоркіна, Чахкіева, А.​Мальсагава і інш. У 1989 на бел. мове асобным выданнем выйшла аповесць А.​Мальсагава «Прымі падарожніка, дарога!» ў пер. У.​Марука.

Г.​С.​Смалякоў (прырода, гаспадарка).

Да арт. Інгушэція. Краявід каля г. Назрань.

т. 7, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАС Якуб [сапр. Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч; 3.11.1882, в. Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) Мінскай вобл. — 13.8.1956], бел. паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, педагог, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў (з Я.Купалам) сучаснай бел. л-ры і ліг. мовы. Нар. паэт Беларусі (1926). Акад. АН Беларусі (1928). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). У 1902—06 настаўнічаў у в. Люсіна (Ганцавіцкі р-н) і в. Пінкавічы (Пінскі р-н; абодва Брэсцкая вобл.), у Верхменскім нар. вучылішчы (Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе 9—10.7.1906 у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і аддадзены пад суд. Працаваў у газ. «Hama ніва» (1907), у прыватнай школе ў в. Сані (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.; 1908). 15.9.1908 засуджаны на 3 гады турэмнага зняволення, якое адбываў у Мінскім астрозе. У 1912—14 настаўнік Пінскага прыходскага вучылішча. У вер. 1915 мабілізаваны ў армію. Пасля сканчэння Аляксандраўскага ваен. вучылішча (1916, Масква) у званні прапаршчыка служыў у запасным палку ў г. Перм. Летам 1917 у званні падпаручніка накіраваны на Румынскі фронт. З вер. 1917 у г. Абаянь (Курская вобл.), настаўнічаў. У 1918 дэмабілізаваны, У 1921 па выкліку ўрада БССР вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы, у літ. камісіі па збіранні вуснай нар. творчасці Інбелкульта, выкладаў у Белпедтэхнікуме, БДУ. З 1929 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. У Вял. Айч. вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жн. 1941 — ліст. 1943), Маскве. З 1944 у Мінску.

Першыя літ. спробы К. адносяцца да часу вучобы ў настаўніцкай семінарыі (вершы на рус. мове, празаічны твор «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле»). Першы апублікаваны твор — верш «Наш родны край» (газ. «Наша доля», 1.9.1906). Першы зб. вершаў — «Песні-жальбы» (1910). Гал. герой зборніка — бел. мужык, які з пачуццём уласнай годнасці апавядае пра свой бяспраўны лёс, выказвае патрабаванні лепшай долі, раскрывае высокія маральныя якасці («Не бядуй!», «Мужык» і інш.). Эстэт. прынцыпы ўвасоблены ў вершах «Не пытайце, не прасеце...», «Пясняр», «Родныя песні», «Песняру» і інш. К. значна пашырыў жанравыя магчымасці бел. паэзіі, узбагаціў яе пейзажнай і філас. лірыкай («Нёман», «Першы гром», «Вясною» і інш.). У яго паэзіі арганічна знітаваны лірыка і эпас. Асобныя вершы нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні («Асенні вечар», «Маці» і інш.). К. — адзін з пачынальнікаў маст. прозы ў бел. л-ры (апавяданне «Слабода»). Яго проза разнастайная і ёмістая паводле тэматыкі, ахопу жыццёвых з’яў, з мноствам характараў-тыпаў бел. сялян, вызначаецца непаўторным нац. каларытам (зб-кі «Апавяданні», 1912; «Родныя з’явы», 1914, і інш.). Майстэрства псіхал. аналізу К. ярка выявілася ў апавяданнях «Васіль Чурыла», «Малады дубок» і інш. Глыбокім філас. зместам і маст. дасканаласцю вызначаюцца яго алегарычныя апавяданні (цыкл «Казкі жыцця», выд. 1921). Пісьменнік сцвярджае ідэю вечнасці жыцця, бясконцасць форм яго праяўлення, імкненне чалавека да пазнання таямніц быцця і прыроды («Жывая вада», «Проці вады», «Даль» і інш.). У зб. вершаў «Водгулле» (1922) адлюстраваны складанасці часу, трывога за лёс Беларусі ў новых гіст. умовах. У эпічнай паэме «Новая зямля» (першыя раздзелы нап. ў турме ў 1911, апубл. ў 1923) філас. асэнсаванне цэлай эпохі ў жыцці бел. народа. У ёй праўдзіва адлюстравана становішча прац. сялянства на рубяжы 19—20 ст., выяўлена яго імкненне стаць гаспадаром на ўласнай зямлі. Характары і багацце ўнутр. свету герояў паэмы раскрыты ў рэальным побыце, у працы, у абрадах і звычаях, ва ўзаемаадносінах з інш. людзьмі. Важную кампазіцыйную ролю ў ёй адыгрываюць малюнкі прыроды, у з’явах якой аўтар шукае і знаходзіць аналогіі да лёсу чалавека і грамадства. Наватарства паэмы ў эстэтызацыі сял. побыту, паэтызацыі працы, услаўленні духоўнага багацця і маральнай прыгажосці чалавека працы (Міхал, Антось, Ганна). Сімвалічная ліра-эпічная паэма «Сымон-музыка» (1911—25) — твор аб нар. вытоках мастацтва, лёсе таленту з народа, духоўным адраджэнні нацыі. Трагічныя і драм. матывы ў ёй пераплятаюцца з жыццесцвярджальнымі і аптымістычнымі. Паэма вызначаецца гармоніяй зместу і формы, багаццем рытмікі, дасканаласцю паэт. радка, змястоўным выкарыстаннем фальклору. У публіцыстычным адступленні паэмы К. ставіць пытанне пра адметнасць нац. шляху Беларусі, якая апынулася на скрыжаванні розных культур, рэліг. канфесій, геапаліт. памкненняў. Выключнае значэнне для станаўлення жанру бел. рамана мелі «Палескія аповесці» («У палескай глушы», 1923, і «У глыбі Палесся», 1927, якія пазней увайшлі ў трылогію «На ростанях» як 1-я і 2-я яе часткі; завершана трылогія ў 1954). У трылогіі, напісанай на аўтабіягр. матэрыяле, шырокі ахоп падзей сац.-грамадскага жыцця Беларусі, створана галерэя партрэтаў нац. інтэлігенцыі, выхадцаў з народа, «адраджэнцаў», адлюстраваны побыт сялянства і інш. груп насельніцтва. У ёй яскрава раскрылася майстэрства К. пейзажыста: створаны пластычныя, аб’ёмныя, зрокава адчувальныя малюнкі бел. прыроды. Аповесць «На прасторах жыцця» (1926) прысвечана моладзі 1920-х г., яе вучобе, імкненню да пераўтварэння жыцця. Драматызм калектывізацыі адлюстраваны ў даволі схематызаванай аповесці «Адшчапенец» (1930—31). У аповесці «Дрыгва» (1933), п’есах «Вайна вайне» (1927—31, апошняя рэд. 1938), «У пушчах Палесся» (1938), няскончанай паэме «На шляхах волі» (1926—56) К. звяртаўся да паказу 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У вершах (зб-кі «Адпомсцім», 1942; «Голас зямлі», 1943), паэмах «Суд у лесе» (1943), «Адплата» (1945), публіцыстычных артыкулах перыяду Вял. Айч. вайны ён услаўляў патрыятызм, гераізм беларусаў, выкрываў чалавеканенавісніцкую сутнасць фашызму. За вершы ваен. гадоў Дзярж. прэмія СССР 1946. У 1947 К. завяршыў паэму «Рыбакова хата» (пачата ў 1939, Дзярж. прэмія СССР 1949), у якой на прыкладзе в. Петрушы паказаў жыццё і барацьбу за свае правы працоўных Зах. Беларусі. К. — адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Псіхалогія дзяцей тонка раскрыта ў паэмах «Новая зямля» і «Сымон-музыка», апавяданнях «Дзеравеншчына», «Сірата Юрка» і інш., у паэтычных творах для дзяцей «Рак вусач», «Міхасёвы прыгоды». Аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909), «Методыка роднае мовы» (1926), публіцыстычных і літ.-крытычных артыкулаў па найб. актуальных праблемах грамадска-паліт., культ. і літ. жыцця. Плённа працаваў ён і ў галіне перакладу («Палтава» А.​Пушкіна, некат. творы М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, Т.​Шаўчэнкі, П.​Тычыны, Р.​Тагора і інш.). З імем К. звязана станаўленне норм бел. літ. мовы. Ён адзін з рэдактараў «Руска-беларускага слоўніка» (1953). Творчасць К. вывучае коласазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Паводле яго апавяданняў, аповесцей, трылогіі ў шматлікіх тэатрах ставіліся п’есы, трылогія «На ростанях» і інш. творы экранізаваны. Па паэме «Новая зямля» створана опера Ю.​Семянякам, па аповесці «Дрыгва» — опера «У пушчах Палесся» Ю.​Багатыровым. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя Я.​Коласа, з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа (за творы прозы і літ.-знаўства). Імем К. названы Ін-т мовазнаўства і Цэнтр. навук. б-ка Нац. АН Беларусі, драм. т-р у Віцебску, вытв. паліграф. прадпрыемства ў Мінску, б-кі, школы, плошчы і вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльны музей у Мінску (з філіялам, гл. Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), літ.-этнагр. музеі ў Люсіне і Пінкавічах, створаны Коласаўскі заказнік. Помнікі К. пастаўлены ў Мінску на плошчы яго імя і на магіле на Вайсковых могілках, на радзіме ў в. Мікалаеўшчына, у г. Навагрудак Гродзенскай вобл., в. Плоскае Талачынскага р-на. У Нац. АН Беларусі існуе мемарыяльны пакой К. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд К.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—7. Мн., 1952;

Зб. твораў. Т. 1—12. Мн., 1961—64;

Зб. твораў. Т. 1—14. Мн., 1972—78;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1-4. М., 1982—83.

Літ.:

Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1926;

Адамовіч [Антон]. Якуб Колас у супраціве саветызацыі. Мюнхен, 1955;

Адамовіч А.М. Беларускі раман: Станаўленне жанра. Мн., 1961;

Лойка А.А. «Новая зямля» Якуба Коласа: Вытокі, веліч, хараство. Мн., 1961;

Казбярук У.М. Якуб Колас у школе. 2 выд. Мн., 1975;

Яго ж. Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле’ славянскіх традыцый. Мн., 1979;

Пшыркоў Ю.С. Летапісец свайго народа: Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. Мн., 1982;

Рагойша В.П. Пераклаў Якуб Колас. Мн., 1972;

Навуменка І.Я. Якуб Колас: Духоўны воблік героя. 2 выд. Мн., 1981;

Кісялёў Г.В. З жыццяпісу Якуба Коласа: Дакументы і матэрыялы. Мн., 1982;

Лужанін М. Колас расказвае пра сябе. Мн., 1982;

Мушынскі М.І. Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі». Мн., 1965;

Яго ж. Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1982;

Каласавіны: Зб. навук. прац з нагоды дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.​Коласа. Мн., 1986;

Ярош М.Р. Янка Купала і Якуб Колас: Параўнальны аналіз творчасці. Мн., 1988;

Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук. канф., прысвеч. 107-й гадавіне з дня нараджэння нар. паэта Беларусі Я.​Коласа і 30-годдзю адкрыцця музея песняра. Мн., 1989;

Каласавіны: Тэз. дакл. і паведамленняў навук. канф., прысвеч. 65-годдзю выхаду ў свет паэмы Я.​Коласа «Сымон-музыка». Мн., 1990;

Жураўлёў В. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991;

Якуб Колас у творчасці мастакоў. Мн., 1982;

Якуб Колас: Бібліягр. паказ. Мн., 1983;

Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 3. Мн., 1994.

У.​М.​Казбярук.

Я.Колас. 1908.
Я.Колас з жонкай і сынам. Перм. 1917.
Я.Колас. 1948.
Я.Колас (у цэнтры) і іншыя беларускія пісьменнікі ў гасцях у пісьменнікаў Ленінграда. 1947.
Я.Колас з Я.​Купалам, П.​Броўкам, З.​Бядулем. Масква. 1939.
Да арт. Я.Колас. Думы пра Беларусь. Маст. С.​Федарэнка. 1993.

т. 8, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ЖЫН,

горад у Беларусі, цэнтр Валожынскага р-на Мінскай вобл., на р. Валожынка. За 75 км ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Валожын на лініі Маладзечна—Ліда, на аўтастрадзе Мінск—Гродна. 11,5 тыс. ж. (1995).

Вядомы з 14 ст. Каля 1475 тут засн. касцёл. У розныя часы належаў Манівідам, Вярэйскім, Гаштольдам, Радзівілам. Служкам, Чартарыйскім, Тышкевічам. З 1551 мястэчка ў Ашмянскім пав Віленскага ваяв. У 1681 тут заснаваны касцёл і кляштар бернардзінцаў (ліквідаваны ў 1864), каля 1683 — правасл. брацтва, у 1710 пабудавана уніяцкая царква. У пач. 18 ст. ў Валожыне 107 двароў, 2 касцёлы, 2 царквы. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1806—92 дзейнічала яўр. духоўная акадэмія (ешыбот), 2 школы, З царквы, сінагога, аптэка, шпіталь, суконная ф-ка, праводзіліся 4 кірмашы на год. У 1897 — 4533 ж. У 1918 горад акупіраваны герм., вясной 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Валожынскага павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Валожынскага раёна. З 25.6.1941 да 5.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 2 тыс. чал. У 1969 — 5,8 тыс. жыхароў.

У Валожыне прадпрыемствы харч., лёгкай, дрэваапр. прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Валожынскі палац, касцёл св. Юзафа (1816), царква Канстанціна і Алены (1866). Помнік Вызвалення.

Валожын. Забудова цэнтральнай часткі горада.

т. 3, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ШЧАНКА (Гаўрыла Харытонавіч) (н. 20.6.1928, в. Чыкалавічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Нар. мастак Беларусі (1988). Праф. (1980). Скончыў Львоўскі ін-т прыкладнога і дэкар. мастацтва (1955). Працуе ў галіне станковага жывапісу, акварэлі, манум. размалёўкі і вітража. Работы вылучаюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. У творах «Маё Палессе», «Нафтавікі Палесся», «Дума пра хлеб» (усе 1973), «Мацярынскія крылы» (1975), «Нацюрморт з барэльефам Гусоўскага» (1986) і інш. — роздум пра мінуўшчыну роднай зямлі, актуальныя праблемы часу, патрыятызм. Важным падзеям бел. гісторыі прысвечаны палотны «Грунвальдская бітва» (1985), трыпціх пра паўстанне К.​Каліноўскага «За зямлю, за волю» (1983), «Балада пра мужнасць» (1974; сярэбраны медаль імя М.​Грэкава), «Прарыў», «Мір зямлі маёй» і «Ліпеньскі мёд» (1982; за ўсе Дзярж. прэмія Беларусі 1987). Стварыў партрэты пісьменнікаў, асветнікаў, дзярж.-паліт. дзеячаў Беларусі: Я.​Купалы, Я.​Коласа, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, К.​Астрожскага, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, Вітаўта, Льва Сапегі і інш. Зрабіў манум. размалёўкі «Зямля светлагорская» (1972, Палац культуры хімікаў у Светлагорску), «Асветнікі» (1976, Дом настаўніка), вітражы ў касцёле Сымона і Алены (1974), у кінатэатры «Масква» (1980, з М.​П.​Вашчанкам; усе ў Мінску). Міжнар. біяграфічны цэнтр у Кембрыджы (Англія) прысудзіў Вашчанку ганаровыя званні «Чалавек года 1992—96», «Чалавек XX стагоддзя» (1992), імянны сярэбраны медаль, «Залаты дыск» (1993—94).

Г.​А.​Фатыхава.

Г.Вашчанка. Дума пра хлеб. 1972.

т. 4, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЯДЗВІ́НСК (да 25.12.1962 Дрыса),

горад, цэнтр Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобл., пры ўпадзенні р. Дрыса ў Зах. Дзвіну. За 175 км ад Віцебска. Чыг. ст. на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія), на аўтадарозе Полацк—Даўгаўпілс. 8,5 тыс. ж. (1995).

Упершыню ўпамінаецца пад 1386 (летапісная назва Дрысь, Дриса, Дриза). Паводле археал. даследаванняў, горад існаваў значна раней. Тут быў пабудаваны Дрысенскі замак. У 1-й пал. 16 ст. гандл. цэнтр на Зах. Дзвіне, каралеўскае ўладанне. У Лівонскую вайну 1558—83 заняты войскамі Івана IV Грознага, у 1583 вызвалены Стафанам Баторыем. З 1772 у складзе Рас. імперыі, з 1776 цэнтр Дрысенскага павета. У 1781 зацверджаны герб горада — «Пагоня» на залатым полі. У вайну 1812 каля горада знаходзіўся Дрысенскі лагер — умацаваная пазіцыя рус. арміі пад камандаваннем М.​Б.​Барклая дэ Толі. У 1797 у Верхнядзвінску 1310 ж., у 1897 — 4238. З 17.7.1924 цэнтр Дрысенскага р-на, з 3.7.1925 мястэчка, з 27.9.1938 горад. 2,7 тыс. ж. (1939). У Вял. Айч. вайну з 3.7.1941 да 12.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 769 чал. У 1959 у горадзе 3,6, у 1970 — 11,9 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Верхнядзвінская Мікалаеўская царква, жылы дом (пач. 20 ст.). Абеліск у памяць 100-годдзя вайны 1812. Мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму, спаленым вёскам, воінам-вызваліцелям і землякам.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)