У краінах Стараж. Усходу, Грэцыі, Рыме мастацтву вучыліся ў майстроў, якія перадавалі свае веды і вопыт вучням. У сярэднявеччы было пашырана цэхавае навучанне. З 16 ст. ў Еўропе пачалі адкрывацца маст. школы-акадэміі. У Расіі ў 17 ст. М.а. атрымлівалі ў Аружэйнай палаце ў Маскве, з 1711 у Рысавальнай школе пры Пецярбургскай друкарні; з 1757 цэнтрам маст. адукацыі стала Пецярбургская акадэмія мастацтваў.
На Беларусі ў 19 ст.вял. ролю ў падрыхтоўцы мастакоў адыгралі Віленская мастацкая школа, Віленская школа малявання, Полацкая езуіцкая акадэмія і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі Віцебская школа-майстэрня Ю.Пэна, рысавальны клас (1899), школы-студыі Я.Кругера (1906) у Мінску, Ф.Пархоменкі ў Магілёве. У 1920-яг. створаны маст. школы і студыі ў Мінску, Гаралку, Оршы, Полацку, Гомельская мастацкая студыя, Віцебскае маст. вучылішча, у 1947 — Мінскае мастацкае вучылішча. Спецыялістаў з вышэйшай М.а. рыхтуюць Беларуская акадэмія мастацтваў, Беларуская акадэмія музыкі.
Па асобных маст. спецыяльнасцях вядзецца падрыхтоўка ў Беларускай політэхнічнай акадэміі, Беларускім педагагічным універсітэце, Беларускім універсітэце культуры, Брэсцкім універсітэце, Віцебскім універсітэце, Віцебскім тэхналагічным універсітэце, Гомельскім універсітэце, Гродзенскім універсітэце, Магілёўскім універсітэце. Спецыялістаў з сярэдняй М.а. рыхтуюць Мінскае, Гомельскае маст. вучылішчы, Бел.рэсп. вучэбны комплекс гімназія-каледж мастацтваў (гл.Беларускі ліцэй мастацтва), Віцебскае і Гродзенскае вучылішчы мастацтваў, Магілёўскае вучылішча культуры, Маладзечанскае музычнае вучылішча, Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, Віцебскае вышэйшае прафес. вучылішча нар.маст. промыслаў, Бабруйскае вышэйшае прафес. вучылішча дэкар.-прыкладнога мастацтва, Кобрынскае вышэйшае прафес. вучылішча выяўл. мастацтва і маст. промыслаў, Мінскі гар. вучэбна-прафес. цэнтр дэкар.-прыкладнога мастацтва, Мірскае маст.прафес.-тэхн. вучылішча рэстаўрацыйна-буд. работ. На Беларусі працуюць (1999): 24 дзіцячыя маст. школы, Мінскі маст. ліцэй пры Бел.АМ, 76 сярэднеадукацыйных школ з маст. ухілам, 6 з муз.-маст., 2 з муз.-выяўл. і харэаграфічным, 16 з архітэктурна-выяўл., 116 з агульнаэстэт. ухілам, маст. аддзяленні пры дзіцячых школах мастацтваў, студыі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва пры Нац. цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, Мінскім Палацы дзяцей і моладзі, гар. і раённых дамах культуры, дамах нар. рамёстваў. Для ўдасканалення майстэрства мастакоў існуюць Творчыя акад. майстэрні Мін-ва культуры Беларусі, мастацтвазнаўцаў — аспірантуры пры Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі, Бел.АМ, Бел. акадэміі музыкі, Віцебскім ун-це, Бел. ун-це культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
творы пра з’явы прыроды, аб’екты навакольнага свету, навук. праблемы, пра вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў, адрасаваныя шырокім масам; своеасаблівае спалучэнне навук. дакладнасці і мастацкасці. Жанры Н.-пл.: публіцыстычны артыкул, праблемны нарыс, дакумент. аповесць, успаміны, біяграфія, апавяданне, падарожны дзённік, навук.-маст. твор.
Першы твор Н.-пл. — «Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя Кара (1 ст. да н.э.). Да твораў гэтага жанру належаць «Ліст пра карыснасць шкла» М.В.Ламаносава, «Жыццё жывёл» А.Э.Брэма (т. 1—6, 1863—69), «Жыццё расліны» К.А.Ціміразева (1878), «Фізіялагічныя нарысы» І.М.Сечанава (1884), «Загадкі свету» Э.Гекеля (1899) і інш. У 20 ст. шэраг навук.папулярных твораў стварылі К.Паустоўскі, С.Вавілаў, В.Біянкі, Б.Жыткоў, Я.І.Перэльман, А.Азімаў, Л. дэ Бройль, М.Гарднер, А.Кларк, Ж.І.Кусто, Т.Хеердал і інш.
На Беларусі рысы асветнага і папулярызатарскага падыходу да важных філас.-светапоглядных і грамадска-паліт. праблем выяўляліся ў прадмовах Ф.Скарыны, «Катэхізісе» С.Буднага (1562), творах М.Сматрыцкага, гіст. хранографах 17—18 ст. У 19 ст. элементы Н.-пл. мелі краязн. працы К.Тышкевіча «Вілія і яе берагі», Ю.Крашэўскага «Пінск і яго ваколіцы», У.Сыракомлі «Вандроўю па маіх былых ваколіцах», П.Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» і інш. Развіццё Н.-пл. на пач. 20 ст. звязана з газ. «Наша ніва», дзе друкаваліся матэрыялы пра родны край, яго гісторыю, славутых дзеячаў. У час, «Лучынка» (1914) Цётка (А.Пашкевіч) змясціла нарысы «Пералётныя птушкі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «З дарогі». У 1914—15 М.Багдановіч выдаў шэраг брашур, у якіх паказаў роднасць слав. народаў. Сярод твораў Н.-пл. пасля 1917 — аповесць Я.Маўра «Чалавек ідзе!..» (1926—27), Ю.Віцьбіча «Плыве з-пад Святое гары Нёман...» (ч. 1, 1956), кнігі В.Вольскага «Афрыканскае падарожжа» (1963) і «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968), У.Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», П.І.Клімука «Зоры — побач», В.Рабцэвіча «Аб чым расказваюць манеты» (2-е выд.; усе 1977) і інш. Н.-пл. апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена творамі У.Арлова «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая», А.Цітова «Гарадская геральдыка Беларусі» (абодва 1989), М.Гайдука «Паратунак» (1993), У.Емяльянчыка «Паланез для касінераў», К.Тарасава «Памяць пра легенды» (2-е выд.; абодва 1994), С.Цярохіна «Многія прыйдуць пад імем маім» (1995), В.Чаропкі «Уладары Вялікага княства» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУРЫ́ (ад франц. pot-pourri мяшаная страва, усякая ўсячына),
інструментальны (радзей вак.) твор, пабудаваны на чаргаванні папулярных тэм з опер, аперэт, балетаў, песень, танцаў, музыкі з кінафільмаў і інш., мелодый ці песень пэўнага кампазітара. Тэмы ў П. не развіваюцца, а ідуць паслядоўна адна за адной, паміж асобнымі мелодыямі ўводзяцца кароткія звязкі для мадулявання і тэматычнага пераключэння. Найб. пашыраны П. для духавога і эстр. аркестраў.
Узніклі ў 18 ст. ў Францыі, у пач. 19 ст. распаўсюдзіліся ў Еўропе (найб. раннія творы належаць ням. кампазітару І.Б.Крамеру). Сярод узораў: «Бліскучае папуры на любімыя тэмы з оперы Шпора «Фауст» К.Чэрні, «Папуры на тэмы Бетховена» А.Дыябелі, «Фантазія на польскія тэмы» Ф.Шапэна. У Расіі ў канцы 19 ст. былі пашыраны П. для т.зв. садовых аркестраў, заснаваныя на папулярных танц. мелодыях.
На Беларусі ў пач. 19 ст. былі вядомы П. на тэмы маршавых і танц. мелодый Няльгоўскага, І.Дабравольскага, Вуса і інш. (у рэпертуары Магілёўскага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Дабравольскага), папуры В.Стафановіча на тэмы сімфоній, уверцюр Л.Бетховена, І.Гайдна, Ш.Гуно, Л.Керубіні, В.А.Моцарта, Дж.Расіні, Д.Чымарозы, Р.Крэйцэра, М.Глінкі, вальсаў, кадрыляў і полек І.Штрауса, Лябіцкага, маршаў Ф.Мендэльсона, Б.Більзе (у рэпертуары Мінскага гар. аркестра), П. на мелодыі з італьян. опер выконваў духавы аркестр Мінскай мужч. гімназіі і інш. У пач. 20 ст. П. на тэмы італьян. кампазітараў выконвалі Мінскі гар. духавы аркестр і аркестр ваен. духавой музыкі кавалерыйскай дывізіі, «Маларасійскія папуры» — аперэтачна-драм. трупа пад кіраўніцтвам І.Канеўскага ў т-ры мініяцюр у Оршы і трупа т-ва маларасійскіх артыстаў пад кіраўніцтвам Ф.Максімовіча ў Мінскім гар. т-ры. У 1920-яг. былі пашыраны папуры У.Тэраўскага і В.Яфімава для арк. на тэмы рэв. песень. Сярод найб. вядомых П. ў рэпертуары бел.прафес. і аматарскіх аркестравых калектываў — «Сябры-аднапалчане» на тэмы песень Вял.Айч. вайны М.Вахуцінскага, «Беларуская старонка» на тэмы бел.нар. мелодый для духавога арк. М.Нарко і інш.; на тэмы твораў сучасных бел. (П. на тэмы песень У.Алоўнікава, Я.Глебава, І.Лучанка, «Калейдаскоп эстрадных мелодый В.Волкава і інш.) і замежных (папуры Л.Кеэра на тэмы класічных джазавых мелодый «Караван» Х.Цізола і Э.Элінгтана, «Фламінга» Г.Гроя, «Бразілія» А.Барэса) кампазітараў.
Літ.:
Способий И.В. Музыкальная форма. 6 изд. М., 1980. С. 251—252.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДА НАРО́ДНЫХ МІНІ́СТРАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ, Рада Міністраў БНР. Сфарміравана Радай Беларускай Народнай Рэспублікі замест Народнага сакратарыята Беларусі ў адпаведнасці з Часовай канстытуцыяй БНР, прынятай 11.10.1918. У склад 1-й Р.н.м. (5-ы ўрад БНР) уваходзілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф): А.Луцкевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Я.Варонка (міністр унутр. спраў) В.Захарка (нам. старшыні да вер. 1919, міністр фінансаў), Л.Заяц (дзярж. кантралёр), А.Ладноў (міністр ваен. спраў), А.Смоліч (міністр асветы), А.Цвікевіч (міністр юстыцыі). Пазней Варонку на пасадзе міністра змяніў К.Цярэшчанка. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР. на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Найвышэйшая рада пацвердзіла паўнамоцтвы кабінета Луцкевіча, у складзе якога засталіся таксама Смоліч і Цярэшчанка. Пасля адстаўкі Луцкевіча (28.2.1920) Найвышэйшая рада свой кабінет не фарміравала. 6-м урадам БНР лічыцца кабінет, створаны 13.12.1919 Нар. радай. У склад гэтай Р.н.м. уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і БПС-Ф: В.Ластоўскі (старшыня), Я.Бялевіч (міністр фінансаў, з вер. 1920 А.Вальковіч), Т.Грыб (міністр унутр. спраў), К.Дуж-Душэўскі (дзярж. сакратар), Ладноў (міністр замежных спраў, пазней Цвікевіч), Заяц (дзярж. кантралёр), Цвікевіч (нам. старшыні, міністр юстыцыі). У выніку ганенняў з боку польск. акупац. улад кабінет Ластоўскага эмігрыраваў. Да ліст. 1920 ён знаходзіўся ў Рызе, потым у Коўне (Каўнасе). На Першай Усебеларускай канферэнцыі (1921, Прага) Р.н.м. прызнана адзіным законным органам выканаўчай улады на Беларусі. 1.10.1922 створаны 7-ы ўрад БНР — Дзярж. калегія на чале з П.Крачэўскім. 8-ы ўрад БНР сфарміраваны 23.8.1923. У склад Р.н.м. увайшлі Цвікевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Варонка (міністр асветы; неўзабаве выехаў у ЗША), Захарка (в.а. міністра фінансаў), Заяц (дзярж. кантралёр), У.Пракулевіч (дзярж. пісар). Прэзідыум Рады БНР прыняў склад гэтага кабінета «да ведама», але не зацвердзіў яго пастановай. У ліст. 1923 Р.н.м. пераехала з Коўна ў Прагу. Перад Другой Усебеларускай канферэнцыяй (1925, Берлін) Р.н.м. абвясціла ўрад БНР «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць», аднак старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі акты Р.н.м. правамоцнымі. Пасля канферэнцыі старшынёй Р.н.м. стаў Захарка. У 1928—43 ён спалучаў гэту пасаду з выкананнем абавязкаў старшыні Рады БНР. З сак. 1943 да сак. 1946 старшынёй Рады БНР і Р.н.м. быў М.Абрамчык. З чэрв. 1948 Р.н.м. не фарміравалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́НЬ,
горад, цэнтр Разанскай вобл. ў Расіі, прыстань на р. Ака, пры ўпадзенні р. Трубеж. Размешчаны на Сярэднярускім узвышшы. 530 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (буйнейшыя прадпрыемствы: «Цяжпрэсмаш», «Камбайн», «Цеплапрыбор»; з-ды: станкабуд., аўтамаб. агрэгатаў, аўтамаб. апаратуры, радыёзавод, электронных прыбораў, выліч.-аналітычных машын і інш.); нафтаперапр., хім. (ВА «Хімвалакно», з-д «Разаньколермет»), харч., лёгкая і інш.Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. 4 ВНУ, 3 тэатры. Цырк. Музеі: маст., гіст.-арх. музей-запаведнік, паветрана-дэсантных войск, дом-музей І.П.Паўлава, непадалёку ад Р., у с. Канстанцінава, літ.-мемарыяльны музей-запаведнік С.Ясеніна.
Першапачатковы горад Р., цэнтр Разанскага княства, размяшчаўся за 50 км ад сучаснай Р. У 1237 ён разбураны ханам Батыем і заняпаў. У сярэдзіне 14 ст. цэнтр княства перанесены ў Пераяслаўль-Разанскі (згадваецца ў летапісе пад 1095). У 1365 і 1379 ён таксама спалены татарамі, але адбудаваны Пры князю Алегу Іванавічу [1350—1402] горад умацаваны, развіваўся як гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1521 далучаны да Маскоўскай дзяржавы. З 1708 уваходзіў у Маскоўскую губ., з 1719 гал. горад Пераяслаўль-Разанскай правінцыі. У 1778 названы Р. З 1796 цэнтр Разанскай губ. У 2-й пал. 19 ст. Р. — буйны трансп. вузел. У 1929 цэнтр акругі (аб’ядноўвала 27 раёнаў) у складзе Маскоўскай вобл., з 1930 раённы цэнтр. З 1937 цэнтр Разанскай вобл.
Стараж. ядро Р. — крэмль (закладзены ў 1095) — знаходзіцца на паўн. мяжы горада на высокім мысе пры зліцці рэк Трубеж і Лебедзь. На тэр. крамля — саборы Раства Хрыстова (15 ст., перабудаваны ў 1826 у формах класіцызму), Архангельскі (16 ст., надбудаваны ў 1647), Успенскі (1693—99, арх.Я.Бухвостаў, нарышкінскае барока, выш. 60 м) з асобна пастаўленай званіцай (1789—1840, арх. І.Руско, Н.Вараніхін і інш., класіцызм, выш. 83,2 м), царква Святога Духа (1642, арх. В.Зубаў), архірэйскія палаты (т.зв. Палац Алега; 1653—92, арх. Ю.Яршоў, Г.Мазухін). Паводле генплана 1780—82 Р. набыла рэгулярную планіроўку з трызубцам вуліц, што сыходзіліся да цэнтр. плошчы (б. Саборнай). Горад забудоўваўся ў стылі класіцызму: будынак б.дзярж. ўстановы (1796), дамы Марозава (канец 18 ст.), дваранскага сходу (канец 18 — пач. 19 ст.), гандл. рады (1-япал. 19 ст.), гімназія (1808—15), семінарыя (1812—16), бальніца (1816) і інш., а таксама драўлянымі жылымі дамамі, багата аздобленымі дэкар. разьбой і каменнымі будынкамі ў псеўдарус. стылі.
Літ.:
Рязань: Памятники архитектуры и искусства: Альбом. М., 1985;
Вагнер Г.К., Чугунов С.В. Рязанские достопамятности. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАРКА́НД,
горад, цэнтр Самаркандскай вобл. ва Узбекістане, у даліне р. Зераўшан. 400 тыс.ж. (1999). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (ліфты, кінаапаратура, быт. халадзільнікі, тэлевізары, кандыцыянеры і інш.), лёгкая (бавоўнаачышчальная, шаўкаткацкая), харчасмакавая (вінаробная, кансервавая, тытунёвая), хім. (мінер. ўгнаенні) і інш. 6 ВНУ, у т. л.ун-т. 4 тэатры. Музеі: гісторыі, культуры і мастацтва Узбекістана, горада, Улугбека, дом-музей Айні.
У 4 ст. да н.э. — 6 ст.н.э. на тэр. С. існаваў г. Мараканда, сталіца дзяржавы Согд, які пазней увайшоў у Цюркскі каганат. У 329 да н. э. заваяваны войскамі Аляксандра Македонскага. У пач. 8 ст. горад захапілі арабы. У 9—10 ст. пад уладай Саманідаў, у 11 ст. — Караханідаў, туркаў-сельджукаў, з сярэдзіны 12 ст. — каракітаяў. У пач. 13 ст. С. валодалі харэзмшахі. У 1220 разбураны мангола-татарамі. У канцы 14 — пач. 15 ст. сталіца імперыі Цімура. Пры Улугбеку пабудавана астранамічная абсерваторыя (1424—29). У той час С. — буйны эканам. і культ. цэнтр Сярэдняй Азіі. З 1500 у складзе дзяржавы Шэйбанідаў, якія перанеслі сталіцу з С. ў Бухару. У канцы 16 ст. С. у складзе Бухарскага ханства. У 1868 заняты рас. войскамі і далучаны да Рас. імперыі, цэнтр Зераўшанскай акругі, з 1887 — Самаркандскай вобл. У 1899 злучаны чыгункай з Ташкентам. У 1924—30 С. — сталіца Узб. ССР, з 1938 абл.цэнтр. У Вял.Айч. вайну сюды эвакуіраваны шэраг прамысл. прадпрыемстваў.
У паўн.-ўсх. частцы С. гарадзішча Афрасіяб, ансамблі маўзалеяў Шахі-Зінда (11—12, 14—15 ст.), Бібі-Ханым з керамічным шматколерным дэкорам. У цэнтры старой ч. горада ансамбль плошчы Рэгістан (пачаў складвацца ў 12 ст.), які ўключае 3 медрэсэ (Улугбека, 1417—20; Шыр-Дор, 1619—35; Тыля-Кары, сярэдзіна 17 ст.) з багатым мазаічным і разным керамічным і мармуровым азлабленнем. На Пд ад плошчы — маўзалеі Гур-Эмір, Рухабад (1380-яг.), Аксарай (1470-яг.; мазаічны і сталактытавы дэкор); на ПдУ — руіны маўзалея Ішрат-хана (1464), мемар. комплекс каля маўзалея Хаджа Абды-Дарун (15 ст.). Сярод інш. помнікаў: абсерваторыя Улугбека (1428 ці 1429; рэшткі падмуркаў і секстант), маўзалей Чупан-Ата (15 ст.), медрэсэ Хаджа Ахрара (1630 ці 1631), мячэць Хазрэт-Хызр (на стараж. падмурку; 19 — пач. 20 ст., арх. Усто-Бакі, Усто-Абдукадыр) і інш. С. — цэнтр маст. рамёстваў.
Літ.:
Пугаченкова Г.А. Самарканд. Бухара. 2 изд. М., 1968;
Из истории искусства великого города. Ташкент, 1972.
І.Л.Чэбан (архітэктура).
Архітэктурны ансамбль Шахі-Зінда каля ўяўнай магілы Кусама ібн-Абаса ў Самаркандзе. 1334—35.Самарканд. Абсерваторыя Улугбека.Плошча Рэгістан у Самаркандзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРФО́Р (тур. farfur, fagfur ад перс. фегфур),
1) у тэхніцы — шчыльны керамічны матэрыял, а таксама вырабы з яго; разнавіднасць керамікі. Вызначаецца вода- і газанепранікальнасцю, мех. трываласцю, высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, тэрмічнай і хім. устойлівасцю (устойлівы ў кіслотах, акрамя плавікавай).
Паводле складу сыравіны (асн. кампаненты — пластычная вогнетрывалая гліна, каалін, кварц, палявы шпат) і рэжыму абпалу адрозніваюць Ф. цвёрды і мяккі. Атрымліваюць абпальваннем фармаваных вырабаў. Фармаванне ажыццяўляюць паўсухім або вільготным прасаваннем, ліццём у гіпсавыя формы і інш. Паверхню Ф. звычайна пакрываюць белай або каляровай палівай, без палівы Ф. наз. бісквітам. Выкарыстоўваюць цвёрды Ф. для вырабу вузлоў і дэталей хім. апаратуры, эл. ізалятараў, санітарна-тэхн. абсталявання, труб, мяккі — быт. і маст. вырабаў.
2) У мастацтве посуд, дробная пластыка і інш.маст. вырабы з белай абпаленай пры высокай тэмпературы масы са спец. дамешкамі, якая вызначаецца няпорыстай будовай і прасвечваецца ў тонкім слоі.
Найстараж. вырабы з Ф. вядомы з 4—6 ст. у Кітаі. Своеасаблівыя варыянты вытв-сці Ф. вядомы ў Японіі і Карэі. Пазней Ф. пашырыўся ў інш. краінах Азіі. У Зах. Еўропе ў 16—18 ст. вырабляўся мяккі фарфор з легкаплаўкай сілікатнай масы, знешне падобны да Ф. (гл.Сеўрскі фарфор); яго разнавіднасць — касцяны Ф. з перапаленай косцю (Вялікабрытанія, 18 ст.). У Германіі паўнацэнны Ф. атрымаў у 1709 І.Ф.Бётгер пры садзеянні Э.В.Чырнгаўза; у выніку засн.вытв-сцьмайсенскага фарфору. Склад і тэхналогію Ф. ў Расіі распрацаваў у 1740-яг. Дз.Вінаградаў. У сав. час набыў вядомасць агітацыйны Ф.
На Беларусі Ф. вырабляюць з 1951 на Мінскім фарфоравым заводзе, з 1978 — і на Добрушскім фарфоравым заводзе. У аздабленні выкарыстоўваюць падглазурную і надглазурную размалёўку, дэколі, штамп, аэраграфію і інш.Бел. мастакі-керамісты ствараюць узоры для масавай вытв-сці чайна-кававых сервізаў, сталовага посуду, ваз, набораў для спецый, чайнікаў, статуэтак, сувеніраў і інш. Вылучаюцца работы Р.Алёшынай, Л.Багданава, М.Бяляева, І.Гагалушкі, М. і Л. Гатальскіх, В.Гаўрылава, В.Данчук, В.Кірыленкі, В.Леантовіча, Г.Літвіненкі, М.Міхалапа, І.Прохарава, Л.Рыжкоўскага, А.Федуся, Э.Фокінай. З Ф. ствараюць пластычна выразныя дэкар. станковыя кампазіцыі, выкарыстоўваюць для аздаблення інтэр’ераў грамадскіх будынкаў (Бяляеў, У.Васюк, В.Іванькова, В. і Л. Кавальчукі, Л.Малышаў і інш.).
Літ.:
Мороз И.И. Технология фарфоро-фаянсовых изделий. М., 1984.
В.Г.Гаўрылюк (у мастацтве).
Да арт.Фарфор. Ваза «Шампальён». Горад Сеўр. Францыя. 18 ст.Да арт.Фарфор. Л.Багданаў. Анімалістычная пластыка.Да арт.Фарфор. Я.Малышаў. Набор «Супрэматычныя мелодыі». 1999.Да арт.Фарфор. В.Леантовіч. Набор «Слуцкі». 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯ́ПІНСКІ (Амельяновіч-Цяпінскі) Васіль Мікалаевіч
(1530-яг., Полаччына — 1599 або 1600),
бел. пісьменнік, гуманіст, кнігавыдавец. З сям’і гаспадарскага баярына М.Амельяновіча. Імя Ц. ўпершыню ўпамінаецца ў дакумент. актах 1560-х г. У 1557 малодшы афіцэр коннай роты аршанскага старосты Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага. Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558—82. Служыў у падканцлера ВКЛ А.Б.Валовіча. Магчыма, у сваім родавым маёнтку Цяп ша (цяпер Чашніцкі р-н Віцебскай вобл.) заснаваў друкарню, дзе выдаў перакладзенае ім на бел. мову «Евангелле» (каля 1580) з прадмовай — адным з лепшых узораў бел.патрыят. публіцыстыкі 16 ст. (захавалася ў рукапісе). «Евангелле» надрукавана ў 2 слупкі — на царк.-слав. і бел. мовах, са шматлікімі глосамі і спасылкамі на літ. крыніцы. Выданне ўпрыгожана разнастайнымі ініцыяламі, наборным арнаментам. Відавочная стылізацыя пад віленскія выданні Ф.Скарыны (падабенства шрыфтоў, ініцыялаў) сведчыць пра пераемнасць друкарска-выдавецкіх традыцый. Асн. праграма Ц. разлічана на ўздым нац. культуры, умацаванне грамадскіх пазіцый бел. мовы, абуджэнне актыўнасці, гіст. і нац. свядомасці бел. народа. Як і Скарына, ён лічыў неабходным удасканальваць сістэму школьнай асветы, зрабіць яе больш даступнай, разнастайнай, адпаведнай патрэбам грамадства, у т. л. простым людзям. Гэтай высакароднай мэце ён прысвяціў сваю працу і ахвяраваў значную частку небагатай маёмасці. Патрыятызм Ц. далёкі ад нац. абмежаванасці. Ён з павагай ставіўся да народаў усіх краін, падкрэсліваў гіст., культ. і моўную роднасць слав. народаў. У яго творчасці прысутнічаюць выразныя дэмакр. тэндэнцыі, арыентацыя на ўвесь бел. народ. Дзейнасць Ц. спрыяла зараджэнню, уздыму і кансалідацыі шырокага нац.-культ. і патрыят. руху на Беларусі ў канцы 16 — пач. 17 ст. Ц. цесна супрацоўнічаў з С.Будным, часткова падзяляў яго грамадска-паліт. і рэліг. погляды. Удзельнічаў у антытрынітарскіх сінодах 1570-х г., дыспутаваў з прадстаўнікамі радыкальнай Рэфармацыі.
Тв.:
Прадмова // Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны. Мн., 1991.
Літ.:
Довнар-Запольский М.В. В.Н.Тяпинский, переводчик на белорусское наречие // Довнар-Запольский М.В. Исследования и статьи. Киев, 1909. Т. 1;
Коршунаў А.Ф. Васіль Цяпінскі // Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;
Галенчанка Г.Я. Васіль Цяпінскі — паслядоўнік скарынінскай справы // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Бабкова В. Васіль Цяпінскі: Новыя дак. // Спадчына. 1991. № 3;
Клімаў І.П. Нарыс бібліяграфіі аб Васілю Цяпінскім // Здабыткі: Дак. помнікі на Беларусі. Мн., 1995;
Яго ж. Васіль Цяпінскі і яго перакладное «Евангелле» // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1997. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНІ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
міждысцыплінарная галіна ведаў, якая вывучае псіхіку чалавека ў яе канкрэтным гісторыка-культ. выяўленні. Аб’ектам Э.п. выступае спецыфіка рэпрэзентацыі этнічнага ў свядомасці этн. груп і іх прадстаўнікоў. Узнікненне Э.п. як самаст.навук. дысцыпліны адносяць да сярэдзіны 19 ст. (працы па псіхалогіі народаў М.Лацаруса і Х.Штэйнталя, В.Вунта). Этнапсіхал. праблемы вывучалі таксама Г.Лебон, Г.Тард, С.Сігел, А.Фулье і інш. У канцы 1840-х г. К.М.Бэр, М.І.Надзёжын, К.Дз.Кавелін сфарміравалі прынцыпы «псіхічнай геаграфіі». У 1927 Г.Г.Шпет апублікаваў кн. «Уводзіны ў этнічную псіхалогію». Праблемы Э. распрацоўвалі Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, Я.Я.Рагінскі, С.П.Талстоў і інш.
У канцы 19 ст. У.Рыверс правёў першыя параўнальна-культ. даследаванні міжкульт. адрозненняў у зрокавым успрыманні. Іх вывучэнне прадоўжылі М.Сегал, Д.Кэмпбел, М.Херскавіц. У выніку ўстаноўлена, што культ., а не расавыя асаблівасці вызначаюць зрокавае бачанне чалавекам навакольнага свету. У рэчышчы крос-культ. псіхалогіі зроблены даследаванні па ўспрыманні чалавекам колеру, параўнальныя даследаванні інш. яго пазнавальных працэсаў (мыслення, памяці і інш.). У амер.культ. антрапалогіі Э.п. развіваецца з пач. 1920-х г. ў рэчышчы тэарэтыка-метадалагічнага кірунку «культура і асоба»: школы культ. дэтэрмінізму Ф.Боаса (Р.Бенедыкт, М.Мід) і неафрэйдызму (А.Кардынер, Р.Лінтан, Дж.Гарэр, К.Дзюбуа, І.Халоўэл і інш.). Гарэр узначаліў даследаванні нацыянальнага характару. У выніку створаны канцэпцыі «базавай структуры асобы», «мадальнай» і «мультмадальнай асобы» (А.Інкельс, Х.Дзьюкер, Н.Фрэйда, Кардынер, Лінтан, Д.Левінсон). У краінах СНД Э.п. развіваецца як самаст. міждысцыплінарная галіна. У якасці самаст. субдысцыплін Э.п. вылучаны: этн.сац. псіхалогія (уключае псіхалогію міжэтн. ўспрымання і ўзаемадзеяння, псіхалогію міжэтн. адносін); этнапсіхалогія асобы; этнапсіхатэрапія; этнапсіхалогія пазнавальных працэсаў і інш.
Сучасныя этнапсіхалагічныя даследаванні развіваюцца у 3 кірунках: даследаванні ўзаемаадносін ва ўмовах адной культуры; параўнальна-культ. даследаванні агульных псіхалаг. пераменных сярод прадстаўнікоў розных этнасаў; даследаванні псіхал. праблем узаемадзеяння (адбываюцца шляхам вывучэння праблем акультурацыі, міжэтн. і міжнар. супрацоўніцтва і псіхал. адносін). У Беларусі этнапсіхал. даследаванні этн.ідэнтыфікацыі і ідэнтычнасці беларусаў праводзіць сектар сац. псіхалогіі Ін-та сацыялогіі Нац.АН Беларусі. Асобныя пытанні, што закранаюць сферу Э.п. (спецыфікі бел.менталітэту, нацыянальнай самасвядомасці, этнаканфесіянальных адносін і інш.) вывучаюцца ў кантэксце гіст., сац., этналагічных, культуралагічных даследаванняў (у Цэнтры этнаканфесіянальных і сацыякульт. даследаванняў пры Гродзенскім ун-це, у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі і інш.).
Літ.:
Агеев В.С. Межгрупповое взаимодействие: социально-психологические проблемы. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДВІ́ГІН Ш. (сапр.Лявіцкі Антон Іванавіч; 4.1.1869, б. маёнтак Добасня, цяпер в. Добасна Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. —24.2.1922),
бел. пісьменнік; адзін з пачынальнікаў новай бел. прозы. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у 1890 за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях арыштаваны, выключаны з ун-та. Вярнуўшыся на Беларусь, працаваў пам. правізара ў мяст. Радашковічы. Па стане здароўя пакінуў працу і пераехаў з сям’ёй у бацькоўскі фальварак Карпілаўка (каля Радашковіч), дзе і правёў б.ч. жыцця. У 1909—10 у Вільні, сакратар, заг.літ. аддзела газ. «Наша ніва». У 1913—15 у газ. «Беларус». час. «Саха», «Лучынка». З 1916 удзельнічаў у рабоце «Беларускай хаткі», нам. старшыні Мінскага аддзела Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны. Памёр у Вільні. Літ. дзейнасць пачаў у турме: пераклаў на бел. мову апавяданне У.Гаршына «Сігнал» (выд. ў Маскве ў 1891). У 1892 напісаў камедыю «Злодзей», якую рыхтаваў да пастаноўкі самадз. гурток беларусаў-інтэлігентаў у Радашковічах (пастаноўка забаронена паліцыяй, рукапіс загінуў). У 1904—05 выступаў у газ. «Виленский вестник» і інш., знаёміў чытача з побытам бел. селяніна, бел. фальклорам, узнімаў пытанні нац. жыцця. Першае апавяданне на бел. мове «Суд» надрукавана ў газ. «Наша доля» (20.9.1906). Найб. плённы ў яго творчасці перыяд 1906—14: надрукаваў апавяданні (зб-кі «Бярозка», 1912; «Васількі», 1914), артыкулы, успаміны ў газ. «Наша ніва» («В.Марцінкевіч у практычным жыцці», 1910, і інш.), нататкі з падарожжа па родным краі (нарыс «Лісты з дарогі», 1910). Сябраваў з Я.Купалам, апублікаваў першую рэцэнзію на яго зб. «Жалейка» («Минское эхо», 8.7.1908). Лепшую частку яго маст. спадчыны складаюць алегарычныя апавяданні, апавяданні-байкі, разнастайныя па тэматыцы і эмацыянальнай афарбоўцы, вызначаюцца дасканаласцю формы і мовы. Для іх характэрны лёгкі гумар («Сакатушка»), з’едлівая паліт. сатыра («Павук», «Падласенькі», «Рабы», «Вяселле» і інш.), пранікнёны лірызм («Дуб-дзядуля», «Бярозка»). Звяртаўся і да сац.-псіхал. апавяданняў («З бальнічнага жыцця», «Зарабляюць», «Шчаслівая», «Гаротная», «Жывы нябожчык», «Зарабіў» і інш.). Творы Я. прасякнуты спачуваннем бел. селяніну, гарачым імкненнем садзейнічаць грамадскім пераменам у лёсе бел. народа, пратэстам супраць сац. несправядлівасці. Аўтар паэмы «Дзед Завала» (1910), кн. «Успаміны» (1921). Яму належыць першы бел. раман «Золата» (няскончаны), які вызначаецца напружаным драм. сюжэтам, спробай стварыць цікавыя характары. У г.п. Радашковічы Ядвігіну Ш. устаноўлены мемар. камень.
Тв.:
Выбр. творы. Мн., 1976.
Літ.:
Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мн., 1969. Т. 2. С. 465—491;
Чыгрын І.Н. Станаўленне беларускай прозы і фальклор. Мн., 1971;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд.Мн., 1980. Ч. 2. С. 278—302.