ЛІТАРА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,

адклады прыліўна-адліўнай зоны мора або акіяна (літаралі). Прадстаўлены сучаснымі асадкамі і асадкавымі горнымі пародамі, якія складзены з абломкавых (валуны, галька, друз, жвір, жарства, кангламераты, галечнікі, пяскі, пясчанікі), карбанатных (біягенныя, пелетавыя, аалітавыя, страматалітавыя, мікразярністыя вапнякі) і карбанатна-абломкавых намнажэнняў, а таксама з арган. рэшткаў. Для ўчасткаў літаралі, якія адкрыты акіянскім хвалям, характэрны буйна- і сярэднеабломкавыя асадкі (вял. колькасць валуноў, галечнікі, пяскі); дзе бераг абрывісты і размываецца, з прадуктаў яго разбурэння на дне фарміруюцца брэкчыі і абвальныя намнажэнні; дзе адсутнічае моцнае хваляванне, адкладваюцца пераважна тонказярністыя асадкі алеўрытавыя і гліністыя (напр., у бухтах і залівах далёкаўсходніх і паўн. мораў).

На ўчастках літаралі — ватах адклады прадстаўлены дробназярністымі пяскамі, алеўрытамі і глінамі, якія пераслойваюцца (слаістасць няправільная, лінзападобная). На найб. аддаленай ад мора ч. літаралі фарміруецца паласа салёных азёр (маршаў), у якіх тонкія глеістыя асадкі чаргуюцца з праслоямі торфу і глебамі. У межах трапічных і субтрапічных гумідных зон Л.а. прадстаўлены карбанатнымі асадкамі (пародамі); тут трапляюцца карбанатныя камячкі (пелеты), ааліты, абломкі ракавінак, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, абломкі кальцыту пясчанай размернасці і мікразярністыя асадкі (мікрыты). У Л.а. часта трапляюцца водарасцевыя страматаліты (напр., хвалістыя шкарлупіны, калоніі) і водарасцевыя лямцы з тонкай слаістасцю (пераважна сіне-зялёныя водарасці). Найб. характэрныя прыкметы карбанатных адкладаў літаральнай зоны — наяўнасць трэшчын усыхання і порыстых сістэм няправільнай формы, паралельных напластаванню; тэкстуры «птушынага вока», калі ў аднароднай мікразярністай масе вылучаюцца асобныя буйныя крышталі кальцыту. Стараж. Л.а. фарміраваліся пры перамяшчэнні берагавых ліній. У час марскіх трансгрэсій Л.а. захоўваліся пад інш. тыпамі марскіх і акіянічных адкладаў. Добра захоўваюцца ў разрэзах і залягаюць на рэзка размытай паверхні больш стараж. парод рознага паходжання. Л.а. багатыя карыснымі выкапнямі. Для зон асабліва актыўнага хвалявання характэрны россыпы цяжкіх мінералаў (рутыл, гранат, ільменіт, касітэрыт і інш.). У адкладах адносна спакойных участкаў трапляюцца рудныя радовішчы алюмінію і жалеза. Кангламератавыя і некаторыя з аалітавых жалезных руд мелавога ўзросту (напр., у гарах Гарц) і неагенавыя жалезныя руды (напр., на п-ве Керч) з’яўляюцца асадкамі літаральнай зоны. Літаральныя галечнікі і кангламераты, пяскі і пясчанікі, біягенныя вапнякі выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял і часта змяшчаюць радовішчы нафты (напр., у Паўночным м., на Аравійскім п-ве).

На Беларусі Л.а. (страматалітавыя, пелетавыя, біягенныя вапнякі, карбанатныя брэкчыі і кангламераты) з трэшчынамі ўсыхання і інш. прыкметамі сустракаюцца ў палеазойскіх адкладах Прыпяцкага прагіну.

Літ.:

Селли Р.Ч. Древние обстановки осадконакопления: Пер. с англ. М., 1989;

Фролов В.Т. Литология. Кн. 3. М., 1995.

С.​М.​Абравец.

т. 9, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С (НТП),

працэс бесперапыннага ўзаемазвязанага, паступальнага развіцця навукі і тэхнікі, які праяўляецца ў пастаянным уздзеянні навук. ідэй (адкрыццяў і ведаў) на ўзровень удасканалення сродкаў і прадметаў працы, тэхналогіі і арг-цыі вытв-сці. Ажыццяўляецца ў форме паступовага эвалюцыйнага ўдасканалення матэрыяльнай вытв-сці і яго навук.-тэхн. асноў або ў форме карэннага якаснага пераўтварэння вытв. сіл на базе выкарыстання прынцыпова новых навук. і тэхн. дасягненняў, што забяспечваюць пераход да больш прагрэс. этапу развіцця грамадскай вытв-сці; мае рэв. характар развіцця і прымае форму навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У рэальных працэсах развіцця грамадства эвалюцыя і рэвалюцыя — неабходныя ўзаемазвязаныя формы (роўныя кампаненты) НТП. Эвалюцыя падрыхтоўвае рэвалюцыю і стварае для яе неабходныя ўмовы, а рэвалюцыя адкрывае якасна новыя магчымасці эвалюцыі, садзейнічае яе далейшаму развіццю.

Навука і вытв-сць пачалі збліжацца ў 16—18 ст., калі развіццё гандлю, мараплавання, мануфактурнай вытв-сці і інш. патрабавалі тэарэт. і эксперым. вырашэння практычных задач; 2-1 яе этап звязаны з машыннай вытв-сцю ў канцы 18 ст., калі навука і тэхніка ўзаемна стымулявалі паскораныя тэмпы развіцця. Бурнае развіццё навукі з канца 19 ст. і ў 20 ст. прывяло да значных адкрыццяў, што стала пачаткам новага кірунку НТП. Хуткае развіццё і практычнае выкарыстанне эл. энергіі, стварэнне рухавіка ўнутр. згарання, рост хім. і нафтахім. прам-сці, укараненне новых тэхналогій, выкарыстанне энергіі атамнага ядра, атрыманне штучных алмазаў, вынаходства і развіццё ЭВМ, асваенне космасу і інш.

Асн. кірункі НТП: комплексная аўтаматызацыя і камп’ютэрызацыя вытв-сці; пошук новых крыніц энергіі, стварэнне новых сродкаў транспарту і сувязі, асваенне новых тэхналогій, у т. л. біятэхналогій. Многія кірункі НТП цесна ўзаемазвязаны, іх размежаванне ўмоўнае. Затраты на НТП пастаянна павялічваюцца і ў эканамічна развітых краінах складаюць значную долю валавога ўнутр. прадукту. Усё большае значэнне набывае павышэнне эфектыўнасці выкарыстання навукова-тэхнічнага патэнцыялу.

На Беларусі НТП развіваўся ў непасрэднай сувязі з развіццём мануфактурнай і машыннай вытв-сці, прамысл. пераваротам 19 — пач. 20 ст.; яго тэмпы паскорыліся ў ходзе індустрыялізацыі ў 1930-я г. і асабліва ў 2-й пал. 20 ст., калі ўзніклі новыя галіны вытв-сці: аўтамабіле-, трактара-, прыладабудаванне, электра-, радыётэхнічная, электронная, хім., нафтаперапрацоўчая і інш. прам-сць. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі» ў бюджэце краіны ўстанаўліваецца ліміт агульных расходаў на навук.-тэхн. дзейнасць і нарматыў фінансавання фундаментальных і пошукавых даследаванняў.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 11, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІ́ТЫКА (грэч. politika дзяржаўныя, грамадскія справы ад polis дзяржава),

арганізацыйная і рэгулятыўна-кантрольная сфера дзейнасці, звязаная з размеркаваннем і ажыццяўленнем улады, рэгуляваннем грамадскіх адносін. Тэрмін стаў пашыраным пад уплывам трактата Арыстоцеля «Палітыка». Як спецыфічны від дзейнасці ўзнікла разам з дзяржавай. Напачатку П. называлі дзейнасць дзяржавы ўнутры краіны і за яе межамі, узаемадзеянні паміж грамадскімі сіламі, імкненні розных сац. груп да заваявання, утрымання і выкарыстання ўлады, да захавання або разбурэння соцыуму. Сучасная П. мае мнагамерны характар і выступае ў 3 асн. аспектах: як сфера грамадскага жыцця; як найважнейшы від сац. актыўнасці грамадскіх суб’ектаў; як від грамадскіх адносін, узаемаадносін паміж асобамі, сац. групамі, класамі, нацыямі, дзяржавамі і інш. Вылучаюць П. ўнутраную (ахоплівае асн. кірункі дзейнасці дзяржавы, партый палітычных) і знешнюю (ахоплівае сферу адносін паміж дзяржавамі). Адпаведна спецыфіцы дзейнасці і праяўлення ў асн. падсістэмах сістэмы сучаснага грамадства адрозніваюць П. эканамічную — рэгуляванне адносін паміж людзьмі, сац. групамі, грамадствам і дзяржавай у эканам. сферы; сацыяльную — рэгуляванне адносін паміж грамадскімі суб’ектамі ў сац. сферы; П. ў сферы духоўнага жыцця, якая адлюстроўвае дзейнасць дзяржавы, сац. ін-таў, працоўных калектываў, канкрэтных асоб адносна функцыянавання і рэалізацыі ідэй, поглядаў, норм, прынцыпаў, ідэалаў, маральных каштоўнасцей. У вузкім сэнсе П. — дзейнасць вял. сац. груп па заваяванні, ахове і выкарыстанні ўлады. У залежнасці ад узроўню і для характарыстыкі вымярэнняў паліт. прасторы вылучаюць: мегапалітыку (звязана з паліт. дзейнасцю на ўзроўні найвышэйшых суб’ектаў — міжнар. аб’яднанняў і арг-цый, адносіны на глабальным узроўні, механізмы дзейнасці міжнар. соцыумаў); макрапалітыку (дзейнасць на ўзроўні базавых суб’ектаў паліт. жыцця — дзяржаў, нацый, класаў, сац. груп і інш., абмежаваных адм.-прававымі межамі публічнай улады); мікрапалітыку (узаемаадносіны асоб малых груп, унутраныя механізмы групавой дынамікі і індывід. паводзін). Суб’екты П. — канкрэтныя гіст. носьбіты прадметна-практычнай дзейнасці, накіраванай на рашэнне паліт. задач, у т. л. на заваяванне, утрыманне і выкарыстанне ўлады з мэтай рэалізацыі сваіх інтарэсаў, на захаванне стабільнасці і цэласнасці соцыумаў, на эфектыўнае выкананне грамадскіх функцый (дзяржава, партыі, масавыя грамадска-паліт. рухі, паліт. лідэры, кіраўнікі партый і рухаў). Суб’екты П. з’яўляюцца носьбітамі канкрэтных паліт. каштоўнасцей, сярод якіх вылучаюць 3 асн. сістэмы: бяспека і незалежнасць дзяржавы; развіццё эканомікі і дабрабыту народа; свабоды і правы чалавека і канстытуцыйны парадак. У функцыі П. ўваходзяць распрацоўка мэт грамадскага развіцця, мабілізацыя рэсурсаў на іх рэалізацыю; спыненне і рэгуляванне грамадскіх канфліктаў; фарміраванне паліт. свядомасці грамадства і кампанентаў, якія яе складаюць; структураванне паліт. арг-цыі грамадства і інш. Навука пра П. — паліталогія.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЗІТЫ́ЗМ,

форма міжвідавых антаганістычных узаемаадносін двух (часам некалькіх) арганізмаў, з якіх адзін — паразіт. Большасць шматклетачных арганізмаў маюць паразітаў. Крытэрый П. — патагеннае ўздзеянне паразіта на гаспадара і абарончая рэакцыя з боку гаспадара. Многія паразіты з’яўляюцца антыгенамі, выклікаюць утварэнне антыцел у арганізме гаспадара, што вядзе да рэакцыі імунітэту (гл. Інвазійныя хваробы, Інфекцыйныя хваробы жывёл, Інфекцыйныя хваробы раслін, Інфекцыйныя хваробы чалавека). Адносіны паміж паразітам і гаспадаром падпарадкаваны пэўным экалагічным заканамернасцям. П. звязаны з інш. формамі міжвідавых узаемаадносін; сімбіёзам, сінайкіяй і інш. Звычайна гаспадар бывае заражаны некалькімі відамі паразітаў, якія лакалізуюцца ў розных органах і тканках і ствараюць своеасаблівае супольніцтва — паразітацэноз. Шляхі пранікнення паразітаў у арганізм гаспадара розныя: актыўнае пранікненне праз покрывы цела, з кормам, пры дапамозе пераносчыкаў і інш. Геагр. пашырэнне паразітаў звязана з распаўсюджаннем іх гаспадароў і асаблівасцямі асяроддзя пражывання. Адрозніваюць таксама звышпаразітызм, або гіперпаразітызм (гаспадаром паразіта з’яўляецца паразіт), псеўдапаразітызм (адзін арганізм трапляе ў арганізм другога выпадкова).

Сярод раслін П. вядомы ў бактэрый, грыбоў, некат. водарасцей, кветкавых раслін. Адны расліны-паразіты маюць хларафіл і здольныя выпрацоўваць арган. рэчывы ў працэсе фотасінтэзу, інш. жывяцца толькі за кошт гаспадара. Большасць грыбоў і раслін-эктапаразітаў знаходзяцца па-за гаспадаром (мучністарасяныя грыбы, павітуха і інш.), а органы жыўлення (гаўсторыі) кантактуюць з жывымі клеткамі. Цела эндапаразітаў (большасць паразітычных грыбоў, у кветкавых — рафлезіевыя) апушчана ў жывую тканку гаспадара, звонку застаюцца органы размнажэння. Вял. колькасць ніжэйшых грыбоў — унутрыклетачныя паразіты. Аблігатныя (абавязковыя) і блізкія да іх паразіты (галаўнёвыя грыбы, іржаўныя грыбы, мучністарасяныя грыбы) пашкоджваюць пераважна добра развітыя расліны; факультатыўныя (неабавязковыя) — іх ізаляваныя ч. (напр., агародніна і плады пры захоўванні). У жывёл многія класы і атрады цалкам складаюцца з паразітаў (спаравікі, смактуны, цэстоды, блохі і інш.). Бывае П. часовы, калі кантакт адбываецца ў час харчавання (камары, мошкі і інш.) і стацыянарны (пастаянны), калі арганізм паразітуе на інш. на працягу свайго жыцця (кровапаразітныя прасцейшыя, вошы, пер’яеды і інш.), і перыядычны, або фазавы, характэрны для пэўнага перыяду жыцця або фазы метамарфозу (напр., у падскурнага авадня і наезнікаў паразітуюць лічынкі, у некат. круглых чарвей, блох і інш. — дарослыя; смактуны, стужачныя і круглыя чэрві, паразітныя ракападобныя, якія мяняюць сваіх гаспадароў, паразітуюць у дарослым стане і на пэўных лічынкавых стадыях). У асобных выпадках паразітныя і непаразітныя пакаленні могуць чаргавацца. Вывучэннем П. і распрацоўкай метадаў барацьбы з паразітозамі займаюцца вірусалогія, мікрабіялогія, паразіталогія, фітапаталогія.

Літ.:

Догель В.А. Общая паразитология. Л., 1962;

Радкевич В.А. Животные и растения: Экол. очерки, 2 изд. Мн., 1980.

І.​В.​Чыкілеўская, С.​І.​Бельская.

т. 12, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РМСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД),

перм, геалагічная 6-я сістэма палеазойскай эратэмы (эры). Адпавядае 6-му перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі трыясавай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 280 млн. г. назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзены англ. геолагам Р.​І.​Мурчысанам (1841). Падзяляецца на 2 аддзелы (эпохі) — ніжні і верхні (ранняя і позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — асельскі, сакмарскі, арцінскі, кунгурскі (ніжні аддзел), уфімскі, казанскі, татарскі (верхні аддзел). На Беларусі вылучаны мясцовыя світы і падсвіты. У пермскі перыяд у выніку заканчэння герцынскай складкавасці ў Паўн. паўшар’і ўтварыўся звышкантынент Лаўразія, на Пд павялічылася плошча звышкантынента Гандвана. Марскі рэжым існаваў паміж гэтымі кантынентамі (акіян Тэціс), а таксама ў межах Усходне-Азіяцкай і Кардыльерскай геасінклінальных абласцей.

Арган. свет характарызуецца ўзмацненнем ролі наземных жывёл і расліннасці. На сушы панавалі насякомыя, пазваночныя (стэгацэфалы, паўзуны), наземныя расліны, пераважна прадстаўнікі голанасенных — хвойныя, цыкадавыя і гінкгавыя. У морах жылі фарамініферы (пераважна фузулініды). брахіяподы, галаваногія (ганіятыты, цэратыты) і 2-створкавыя малюскі, астракоды, канадонтаносьбіты, акулы, былі характэрны імшанкі і каралы, якія ўтваралі рыфавыя пабудовы. У канцы пермскага перыяду вымерлі многія жывёлы — фузулініды. трылабіты, 4-прамянёвыя і табулятаморфныя каралы. некаторыя групы малюскаў, брахіяпод, імшанак, рыб. У раслінным свеце зніклі дрэвападобныя дзеразовыя і членістасцябловыя, кардаітавыя. Пашыраны кантынентальны рэжым спрыяў утварэнню чырванаколерных тэрыгенных адкладаў, намнажэнню магутных тоўшчаў солей (Верхнякамскі, Прыкаспійскі, Сярэднееўрапейскі, Дэлаварскі і інш. басейны), вуглёў (Пячорскі, Кузнецкі, Тунгускі і інш. басейны), нафты і газу (Персідскага заліва, Цімана-Пячорскі. Волга-Уральскі, Цэнтральнаеўрапейскі і інш. басейны), фасфарытаў (Скалістыя горы ў ЗША) і інш.

На Беларусі адклады П.с. (п.) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне магутнасцю да 800 м (чырванаколерныя пясчанікі, алеўраліты, гліны, даламіты, гіпсы, ангідрыты — прудкоўская світа асельскага яруса; аргіліты, мергелі, каменная і калійныя солі — свабадская світа сакмарскага яруса; страката- і чырванаколерныя гліны, пясчанікі і інш. — дудзіцкая світа татарскага яруса), у Падляска-Брэсцкай упадзіне магутнасцю да 50 м (пясчанікі і гравеліты — ясінаўская світа уфімскага яруса; вапнякі і даламіты з рэшткамі фарамініфер, астракод, брахіяпод — камянецкая світа казанскага яруса) і на паўн.-зах. схіле Беларускай антэклізы магутнасцю да 30 м (алеўрыты і пясчанікі — пярлойская світа арцінскага яруса; вапнякі, даламіты, гліны з рэшткамі марской фауны — новаакмянская світа казанскага яруса). З пермскімі адкладамі звязаны паклады каменнай і калійных солей, праяўленні медзі, рэдкіх і рассеяных элементаў.

Літ.:

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы 1988 г.: Пермская система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 12, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ЦА,

мэтазгодная свядомая дзейнасць чалавека, накіраваная на захаванне, відазмяненне, прыстасаванне асяроддзя пражывання для задавальнення сваіх патрэб, на вытв-сць тавараў і паслуг. Як працэс гіст. адаптацыі чалавека да знешняга асяроддзя характарызуецца развіццём і ўдасканаленнем падзелу працы, яе прылад і сродкаў. Як абмен паміж чалавекам і прыродай азначае, што чалавек выкарыстоўвае мех., фіз. і хім. якасці прадметаў і з’яў прыроды і прымушае іх узаемна ўплываць адно на аднаго для дасягнення загадзя вызначанай мэты. Прац. дзейнасці ўласцівы апасродкаваныя рэгулюючая і кантралюючая функцыі, якія змяняюцца ў адпаведнасці з развіццём навукі і тэхнікі. Выкарыстаннем саматужнай, рамеснай тэхнікі і эмпірычных пазнанняў чалавек устанаўліваў новыя ўзаемасувязі паміж прадметамі прыроды і т.ч. ажыццяўляў абмен рэчываў з прыродай (апасродкаваная функцыя). Машынная тэхніка і прыродазнаўчыя веды далі магчымасць чалавеку ўплываць на ўзаемадзеянне паміж рознымі прыроднымі з’явамі і прадметамі (рэгулюючая функцыя), а сучасная навук.-тэхн. рэвалюцыя дае яму магчымасць кантраляваць унутр. механізм з’яў і прадметаў прыроды. У гэтым выпадку змест П. выяўляецца ў канкрэтнай акрэсленасці прац. функцый, абумоўленых тэхнікай, тэхналогіяй, арганізацыяй вытв-сці і майстэрствам работніка; адлюстроўвае спосаб спалучэння вытворцы са сродкамі вытв-сці, абумоўлены ўзроўнем развіцця прадукц. сіл, цэнтр. звяно якіх — чалавек.

Асн. законамі, што кіруюць развіццём грамадскай П., з’яўляюцца законы падзелу і перамены П., а таксама закон канкурэнцыі, які ўзмацняе іх. Змест закону падзелу П. ў тым, што грамадскі лад параджае свае спосабы падзелу П., а кожны новы грамадскі лад дабаўляе ўласцівыя яму новыя віды падзелу П., што вынікаюць з узроўню развіцця прадукц. сіл і прыроды эканам. адносін. Гэты закон пракладвае сабе дарогу стыхійна і ў той жа час з’яўляецца аб’ектыўнай неабходнасцю. Ён вызначае дынаміку падзелу П. на розныя віды (фіз. і разумовая, прамысл. і с.-г., кваліфікаваная і некваліфікаваная, выканаўчая, кіраўніцкая і інш.) і адначасова аснову падзелу грамадства на сац. групы занятых пэўнымі відамі П., адносіны паміж групамі ў залежнасці ад іх сац. статуса і прэстыжу П. З законам падзелу П. звязаны закон перамены П., які стаў дзейнічаць у працэсе замены мануфактурнай вытв-сці машыннай, калі ўзнікла неабходнасць фарміравання гнуткай, універсальнай, шматбакова развітой рабочай сілы, здольнай да навучання і перанавучання ў ходзе змены вытв. працэсаў. Аб’ектыўным законам, які ўплывае праз адносіны суб’ектаў уласнасці на ўзаемадзеянне законаў падзелу і перамены П., выступае закон канкурэнцыі, які прымушае капітал напружваць прадукц. сілы П. Гл. таксама Псіхалогія працы, Арганізацыя працы, Ахова працы.

Г.​М.​Сакалова.

т. 13, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЫЛІ́СТЫКА,

раздзел мовазнаўства, які вывучае стылі мовы, нормы і спосабы выкарыстання моўных адзінак у залежнасці ад зместу і мэты выказвання, сітуацыі і сферы зносін. У С. гістарычна склаліся і развіваліся 3 асн. кірункі: С. рэсурсаў (апісальная), С. маўлення (функцыянальная), С. мастацкай літаратуры. Першыя 2 кірункі аб’ядноўвае лінгвастылістыка, 3-і кірунак — літаратуразнаўчая С.

Вылучаюць С.: практычную (абгрунтоўвае нормы выкарыстання сінанімічных сродкаў літаратурнай мовы ў залежнасці ад зместу і формы зносін), успрымання (даследуе спосабы адэкватнага ўспрымання вобразна-выяўл. сродкаў літ.-маст. твора), параўнальную С. (вывучае ў параўнальным плане стыліст. сістэмы 2 або некалькіх моў, пераважна блізкароднасных), тэкставую (вывучае выяўл. магчымасці тэксту і разглядае яго як семантычна, функцыянальна і структурна завершанае адзінства).

Гал. задача лінгвастылістыкі — вывучэнне заканамернасцей функцыянавання мовы ў розных сферах зносін, якія адпавядаюць пэўнаму віду дзейнасці, сістэмнасці функцыян. стыляў і інш. функцыян.-стылявых разнавіднасцей, прынцыпаў адбору і спалучэння ў іх моўных сродкаў. Важнае месца ў ёй належыць пытанням лексічнай, фразеалагічнай і грамат. сінанімікі, стыліст. афарбоўкі моўных адзінак.

Вылучаюць 2 віды стыліст. афарбоўкі: эмацыянальна-экспрэсіўны (выражэнне эмоцый — урачыстасці, знявагі, пяшчоты, іроніі, фамільярнасці і інш.) і функцыянальна-стылістычны (выкарыстанне ў пэўным стылі навук. тэрмінаў, дыялектызмаў, прастамоўнай лексікі і інш.). Традыцыйна ў С. ўключаюць пытанні пра слоўныя вобразныя сродкі (тропы і сродкі экспрэсіўнага сінтаксісу — рытарычныя фігуры).

Цэнтр. паняцце С. — стыль. Гал. аб’ект яе вывучэння — функцыян. стыль мовы — грамадска ўсвядомленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў у пэўнай сферы грамадскай дзейнасці (навук., справавой, публіцыстычнай і інш.). Літаратуразнаўчая С. вывучае мову літ.-маст. твора ў яе суадносінах з вобразнай структурай і ідэйна-тэматычным зместам твора. Гал. прынцып яе вывучэння — сувязь мовы і думкі, што злучае літ.-знаўчую С. з паэтыкай і эстэтыкай слова. На Беларусі навук. працы па аналізе мовы і С. твораў маст. л-ры паявіліся ў 1920-я г. (Я.​І.​Барычэўскі, П.​А.​Бузук, А.​М.​Вазнясенскі, М.​І.​Гарэцкі, М.​М.​Піятуховіч). У 2-й пал. 20 ст. выдадзены шэраг манаграфій па С. і культуры маст. слова (І.​Я.​Лепешаў, Т.​П.​Сцяшковіч, М.​Я.​Цікоцкі, Ф.​М.​Янкоўскі і інш.).

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 2 выл. Мн., 1987;

Булахов М.Г. Основные вопросы сопоставительной стилистики русского и белорусского языков. Мн., 1979;

Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983;

Лепешаў І.Я. Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы. Мн., 1984;

Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1995.

М.​Я.​Цікоцкі.

т. 15, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУД,

орган дзяржавы, які ажыццяўляе правасуддзе шляхам разгляду і вырашэння ва ўстаноўленым законам працэсуальным парадку крымін., грамадз., адм. і інш. катэгорый спраў. С. падзяляюцца на звычайныя і надзвычайныя (стварэнне апошніх забараняецца амаль усімі сучаснымі канстытуцыямі). Звычайныя падзяляюцца на С. агульнай кампетэнцыі і спецыялізаваныя: ваенныя, арбітражныя (гандлёвыя, гаспадарчыя), мытныя, падатковыя (фінансавыя), па прац. спрэчках і г.д. Асобымі разнастайнасцямі С. з’яўляюцца канстытуцыйны суд і адміністрацыйныя С. У некат. краінах існуюць таксама рэлігійныя С. (напр., С. шарыяту ў мусульм. дзяржавах) і С. звычаёвага права (напр., племянныя С. у шэрагу краін Афрыкі і Акіяніі). У дзяржавах з федэратыўным ладам С. падзяляюцца на федэральныя і С. суб’ектаў федэрацыі. С. падзяляюцца таксама па інстанцыях: С. першай інстанцыі, апеляцыйны, касацыйны і наглядны; па тэр. узроўні: напр., раённыя (гарадскія), акруговыя, абласныя, краявыя і вярхоўныя.

С. узнік разам з дзяржавай, але ў самаст. орган вылучыўся ў працэсе развіцця дзярж. механізму і стварэння дзярж. апарата. У дадзярж. грамадстве канфлікты і спрэчкі вырашаліся старэйшынамі або кіраўнікамі плямён, сходамі, радамі, калегіямі. Існавалі звычаі пазасудовага разгляду канфліктаў (крывавая помста, прынцып таліёна і да т.п.). Цэнтралізацыя суд. сістэмы і ўзмацненне ролі дзяржавы ў дзейнасці С. звязаны з агульным працэсам умацавання цэнтр. улады.

Суд. сістэма Рэспублікі Беларусь уключае С. агульныя [Вярх. суд, абласныя і прыраўнаваны да іх Мінскі гарадскі, раённыя (гарадскія), а таксама ваен. С.], гаспадарчыя (Вышэйшы гасп. суд, гасп. С. абласцей і прыраўнаваныя да іх С., гасп. С. гарадоў і раёнаў) і інш. У сістэме агульных і гасп. С. могуць утварацца спецыялізаваныя С.: па справах непаўналетніх, сямейных справах, адм., зямельныя, падатковыя.

На тэр. Беларусі С. вядомы з даўніх часоў. Найб. старажытны — копны суд, які праіснаваў да сярэдзіны 18 ст. Самым высокім суд. органам быў велікакняжацкі суд. У 15—17 ст. дзейнічалі агульныя С. для ўсяго насельніцтва і С. для шляхты (замкавы суд, земскі суд і інш.). У гарадах дзейнічалі войтаўска-лаўніцкія суды. У 1581 створаны Трыбунал Вялікага княства Літоўскага, на якім разглядаліся апеляцыйныя скаргі на рашэнні ніжэйстаячых С. і найб. важныя справы. Пасля далучэння да Рас. імперыі на тэр. Беларусі пэўны час дзейнічалі яе С., але паступова суд. сістэма збліжалася з той, што існавала ў Расіі. Пасля адмены ў 1840 дзеяння Статута ВКЛ 1588 на Беларусі пачалі кіравацца агульнарасійскім заканадаўствам і судаводствам. Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь аднесены да органаў дзярж. кантролю і нагляду. Па сваёй сутнасці гэта орган суд. улады, які ажыццяўляе канстытуцыйнае правасуддзе. Гл. таксама Суддзя, Судаводства.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ,

наземныя і падземныя канструкцыі, якімі пазначаюць і замацоўваюць на мясцовасці геадэзічныя пункты. Наземная частка геадэзічных знакаў на пунктах трыянгуляцыі і паліганаметрыі забяспечвае ўзаемную бачнасць паміж імі і служыць штатывам для ўстаноўкі геад. інструментаў і прадметаў візіравання, мае розную вышыню і канструкцыю (драўляныя слупы, піраміды, туры ў гарах і інш.). Падземная ч. геадэзічных знакаў — бетонныя маналіты з замацаванымі ў іх метал. маркамі — цэнтрамі.

т. 5, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў Гомелі ў 1955. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): металургічныя працэсы і матэрыялаапрацоўка; тэхналогія абсталявання і аўтаматызацыя машынабудавання; праграмнае забеспячэнне інфарм. тэхналогій; тэхн. абслугоўванне тэхнал. абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытв-сці; эканоміка і кіраванне прадпрыемствам; бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт; электратэхніка. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Мае вячэрні філіял пры «Гомсельмашы».

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)