ДЫЭЛЕ́КТРЫКІ (ад дыя... + англ. electric электрычны),

рэчывы, якія практычна не праводзяць электрычны ток і могуць палярызавацца ў знешнім эл. полі (гл. Палярызацыя дыэлектрыкаў). Бываюць цвёрдыя (напр., бурштын, слюда, шкло, эбаніт), вадкія (вада, трансфарматарнае масла) або газападобныя (усе газы). Падзяляюцца на непалярныя (малекулы маюць сіметрычную будову і цэнтры «цяжару» дадатных і адмоўных зарадаў супадаюць), палярныя (малекулы пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць адрозны ад 0 дыпольны момант) і іонныя крышталі (крышталічная рашотка з правільным чаргаваннем іонаў розных знакаў і ўтварэннем 2 іонных падрашотак). Адпаведна адрозніваюць электронную (дэфармацыйную), арыентацыйную (дыпольную) і іонную палярызацыю. Механізмы палярызацыі Д. розныя і залежаць ад характару хім. сувязей. Асн. характарыстыкі Д.: дыэлектрычная пранікальнасць, дыэлектрычная ўспрыімлівасць і эл. трываласць (гл. Прабой дыэлектрыкаў). У тэхніцы выкарыстоўваюцца як электраізаляцыйныя матэрыялы, у кандэнсатарах служаць для павелічэння ёмістасці; у паўправадніковай электроніцы (у т. л. мікраэлектроніцы) выкарыстоўваюцца дыэл. плёнкі (аморфныя, шклопадобныя, палімерныя) для ўтварэння структур метал—Д.—метал, метал—Д.—паўправаднік і інш. На аснове кантактаў у выглядзе тонкага слоя Д., які раздзяляе 2 звышправаднікі (кантакты Джозефсана; гл. Джозефсана эфект) створаны маламагутныя ЗВЧ генератары, хуткадзейныя элементы памяці ЭВМ, квантавыя інтэрферометры і інш.

На Беларусі даследаванні па фізіцы Д. пачаліся ў 1935 у БПІ (М.А.Безбародаў). З 1959 вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН, Бел. політэхн. акадэміі і інш.

Літ.:

Сканави Г.И. Физика диэлектриков (область слабых полей). М.; Л., 1949;

Яго ж. Физика диэлектриков (область сильных полей). М., 1958;

Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989.

А.​У.​Шэлег.

т. 6, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУГЕ́ЙКА (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 3.4.1948, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. фізік. Д фіз.-матэм. н., праф. (1994). Скончыў БДУ (1974). З 1974 у НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі пры БДУ; з 1988 — у БДУ. Навук. працы па оптыцы рассейвальнага асяроддзя, тэорыі інфарм.-вымяральных сістэм. Распрацаваў тэорыю і методыкі оптыка-фіз. дыягностыкі неаднароднага рассейвальнага асяроддзя пры адсутнасці апрыёрнай інфармацыі.

Тв.:

О возможностях измерения оптических характеристик рассеивающих сред с помощью подвижных лидаров (разам з М.​М.​Сяргеевым. Д.​А.​Ашкінадзе) // Изв. АН СССР. Физика атмосферы и океана. 1982. Т 18, № 12;

К определению опорных значений оптических характеристик в дистанционных измерениях // Оптика атмосферы и океана. 1997. Т. 10, № 1.

І.​С.​Манак.

т. 8, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1928 у Мінску пры Бел. радыёцэнтры на аснове аркестраў Бел. муз. тэхнікума і БДТ-1. З 1930 у штаце радыёцэнтра, з 1937 у складзе Бел. філармоніі. З 1961 Дзярж. сімф. аркестр БССР, з 1980 акадэмічны. Гал. дырыжор М.​Кац (з 1997). У рэпертуары творы рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў, сучасных кампазітараў, сімф. і вак.-сімф. творы бел. аўтараў, у т. л. Л.​Абеліёвіча, М.​Аладава, У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, С.​Бельцюкова, У.​Будніка, Г.​Вагнера, В.​Войціка, Я.​Глебава, У.​Дарохіна, В.​Капыцько, С.​Картэса, В.​Кузняцова, А.​Мдывані, П.​Падкавырава, Я.​Паплаўскага, Р.​Пукста, Дз.​Смольскага, А.​Хадоскі, К.​Цесакова, Я.​Цікоцкага, М.​Чуркіна і інш. Сярод аркестрантаў (1997): Р.​Ігнацьеў (кларнет), В.​Ціхевіч (флейта).

У розны час у аркестры працавалі дырыжоры А.​Бяссмертны, І.Гітгарц, М.​Міхайлаў, І.Мусін, Т.Каламійцава, М.Шнейдэрман, В.Афанасьеў, В.Дуброўскі, В.Катаеў, Ю.Яфімаў, П.​Д.​Панэл; канцэртмайстар Ю.Гершовіч. салісты-інструменталісты С.Асновіч і Г.Клачко (скрыпка), В.Волкаў (труба), Г.Забара (кларнет), П.Кірыльчанка (альт), Б.Скабло (віяланчэль), С.Сяргеенка (флейта), В.Фралоў (габой), Ч.Юшкевіч (валторна). З аркестрам выступалі вядомыя рас. і зах.-еўрап. дырыжоры А.Гаўк, Дз.Кітаенка, Я.Мравінскі, Н.Рахлін, Ю.Сіманаў, У.Федасееў, Ю.Цемірканаў, К.​Зандэрлінг. К.​Мазур, К.​Эстэррайхер, піяністы Л.Аборын, Э.Гілельс, К.Ігумнаў, Г. і С.​Нейгаўзы, С.Рыхтэр, П.Серабракоў, Я.​Фліер, Б.​Джайніс, Х.Л.Клайберн, Дж.​Огдан, Д.​Полак, Г.Чэрны-Стэфаньская; скрыпачы І.Бязродны, Л.Коган, Д.Ойстрах, М.​Палякін, М.Эрдэнка, І.Менухін, І.​Стэрн і інш.

Літ.:

Журавлев Д.Н. Государственный симфонический оркестр Белорусской ССР. Мн., 1961;

Загородний ГН Белорусская государственная филармония. Мн., 1981;

Капилов А.Л. Государственный симфонический // Неман. 1981. № 5.

А.​Л.​Капілаў.

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЕ́ВІЧ (Рыгор Аляксеевіч) (н. 13.2.1955, Мінск),

бел. вучоны-прававед. Д юрыд. н. (1994). Засл. юрыст Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1980). З 1983 на выкладчыцкай рабоце ў БДУ, з 1986 — у сакратарыяце Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1994 член, з 1997 Старшыня Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы прац. і канстытуцыйнага права. Аўтар прац: «Адказнасць бакоў працоўнага дагавору за нанесеную шкоду» (1989), «Парламент Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыйна-прававы аспект» (1995) і інш.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́Ў (Леў Мікалаевіч) (н. 2.1.1940, Варонеж),

бел. фізік. Д фізіка-матэм. н. (1987), праф. (1989). Скончыў БДУ (1961). З 1965 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па фіз. электроніцы, лазернай фізіцы і лазерным прыладабудаванні. Правёў даследаванні механізмаў і цеплавых рэжымаў генерацыі розных тыпаў лазераў, эфекту палярызацыйна-частотнай неўзаемнасці ў кальцавых лазерах.

Тв.:

Тепловые эфекты в газовых лазерах. Т. 1. Активные среды газоразрядных лазеров. Мн., 1992.

т. 1, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АГРАБУ́Д»,

вытворча-праектна-тэхналагічны інстытут «Аграбуд» Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1992 у Мінску на базе Бел. філіяла Усесаюзнага дзярж. праектна-тэхнал. ін-та «Аграбуд», арэнднае прадпрыемства.

Асн. кірункі дзейнасці: канструктарскія, тэхн., пусканаладачныя і н.-д. работы; укараненне і аказанне дапамогі ва ўкараненні навук.-тэхн. дасягненняў; вытв-сць абсталявання, аснасткі, буд. вырабаў і матэрыялаў; утылізацыя і перапрацоўка прамысл. адходаў і другаснай сыравіны і інш.

т. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДА́МАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (12.6.1875, С.-Пецярбург — 1937 ?),

батанік, адзін з першых даследчыкаў расліннасці Беларусі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1899). У 1920—35 заг. аддзела Мінскай балотнай доследнай станцыі, секцыі Бел. аддз. Усесаюзнага Ін-та прыкладной батанікі; кіраўнік геабатанічнай экспедыцыі Наркамзема БССР. Заснавальнік Вялікалятчанскага батанічнага саду (каля Віцебска) і батанічнага саду БДУ. Асн. працы па сістэматыцы раслін, дэндралогіі, геабатаніцы.

Тв.:

Обзор растительности Белорусского Полесья. Мн., 1928 (разам з А.​Д.​Лазук).

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́ХАЎ (Генадзь Аляксеевіч) (н. 18.6.1924, чыг. ст. Сляпцоўская Сунжэнскага р-на, Чэчня),

бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д мед. навук (1973), праф. (1974). Засл. ўрач Беларусі (1975). Скончыў Паўн.-Асецінскі мед. ін-т (1949). Працаваў у Маскве, Іране, Кішынёве. З 1962 у Гродзенскім мед. ін-це. Даследаванні ў галіне пагранічнай псіхіятрыі і алкагольнага псіхозу.

Тв.:

Пневмоэнцефалография при шизофрении. Кишинев, 1968 (разам з Г.​І.​Брэгман, В.​М.​Міхліным).

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎДЗЕ́Й (Леанід Вікенцьевіч) (7.4.1929, г. Вілейка Мінскай вобл — 5.7.1977),

бел. хірург. Д мед. н. (1968), праф. (1970). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1959 працаваў у ім і адначасова з 1968 гал. хірург Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па хірург. метадах лячэння хвароб гепатабіліярнай сістэмы і падстраўнікавай залозы, партальнай гіпертэнзіі і гастраэнтэралогіі, па экстракарпаральных метадах дэтаксікацыі ў хірургіі.

Тв.:

Клиника и хирургическое лечение холецистита. Мн., 1963.

т. 2, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНШТЭ́ЙН (Самуіл Барысавіч) (н. 3.11.1911, г. Баргузін, Бурація),

рускі вучоны-славіст. Д філал. н. (1946). Праф., чл.-кар. Балг. і Македонскай АН. Асн. працы ў галіне слав. і балканскага мовазнаўства. У манаграфіях «Нарыс параўнальнай граматыкі славянскіх моў» (т. 1, 1961) і «Нарыс параўнальнай граматыкі славянскіх моў: Чаргаванні. Іменныя асновы» (т. 2, 1974) даследуюцца праблемы марфаналогіі і лінгвістычнай геаграфіі, паслядоўна выкарыстоўваецца матэрыял бел. літаратурнай і дыялектнай моў.

Р.​М.​Малько.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)