АХО́ВЫ РАСЛІ́Н БЕЛАРУ́СКІ НДІ Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1971 у пас. Прылукі Мінскага р-на на базе Мінскай н.-д. станцыі па каларадскім жуку, нематодах і раку бульбы, Усесаюзнага НДІ аховы раслін УАСГНІЛ, аддзела аховы раслін Бел. НДІ земляробства і лабараторыі біяметаду Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка экалагічна бясшкодных прыёмаў, метадаў і сістэм аховы раслін ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля ў розных глебава-кліматычных зонах Беларусі, удасканаленне метадаў фітасан. дыягностыкі і выкарыстанне камп’ютэрнай тэхнікі для аховы раслін, прагназаванне развіцця шкодных арганізмаў; імуналагічныя даследаванні і распрацоўка метадаў ацэнкі селекцыйнага матэрыялу на ўстойлівасць іх да патагенаў і шкоднікаў.

т. 2, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛЬШТУЧНІК, зуёк вялікі (Charadrius hiaticula),

птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундрах Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Трапляецца на вял. спустошаных лугах-пашах, прыбярэжных косах і водмелях. На Беларусі рэдкі від, адзначаны на пралётах і зрэдку летам на пясчаных берагах, косах і водмелях Дняпра, Сажа. Прыпяці і інш. рэк; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 22,5 см, маса 55—75 г. Патыліца. спіна і надхвосце буравата-шэрыя, грудзі, брушка, сярэдзіна лба і падхвосце белыя. На валляку чорная папярочная паласа — «гальштук» (адсюль назва). Аснова дзюбы і ногі аранжава-жоўтыя, канец дзюбы чорны. Корміцца чарвямі, малюскамі і інш. беспазваночнымі. Гняздуецца на пясчаных і галечнікавых водмелях, выдмах. Нясе 3—5 яец.

Гальштучнік.

т. 5, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НГЛІІ (ад грэч. ganglion вузел), нервовыя вузлы,

анатамічна адасобленыя скопішчы цел і адросткаў нейронаў, абкружаныя клеткамі гліі і злучальнатканкавай капсулай з крывяноснымі сасудамі. Лакалізуюцца па ходзе перыферычных нерваў і ў сценках унутр. органаў. Асн. функцыя — перапрацоўка і інтэграцыя нерв. імпульсаў. У беспазваночных жывёл гангліі праз узаемныя злучэнні ўтвараюць адзіную нерв. сістэму. Добра развітыя галаўныя гангліі з’яўляюцца каардынацыйнымі цэнтрамі і выконваюць функцыю ц. н. с. У пазваночных жывёл і чалавека адрозніваюць гангліі вегетатыўныя (сімпатычныя і парасімпатычныя) і саматасенсорныя (міжпазваночныя або спіннамазгавыя і чарапныя). Вегетатыўныя маюць шматпалярныя, пераважна эферэнтныя рухальныя, а таксама адчувальныя і асацыятыўныя нейроны, аб’яднаныя праз сінапсы, сематасенсорныя — целы псеўдааднапалярных адчувальных (аферэнтных, рэцэпторных) нейронаў. Гл. таксама Вегетатыўная нервовая сістэма.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЫЁМА (ад грэч. idiōma своеасаблівы выраз) у мовазнаўстве, складанае па структуры моўнае адзінства з цэласным семантычным зместам. У вузкім сэнсе — фразеалагічнае зрашчэнне (гл. Фразеалагізм). Састаўныя ідыяматычных адзінстваў наз. кампанентамі, у І. яны страчваюць сваё звычайнае значэнне (напр., «сабаку з’есці» — мець вял. навык, вопыт у чым-н.).

Вылучаюцца марфалагічныя І. — словы, значэнне якіх не абумоўлена сукупнасцю значэнняў іх марфем; лексічныя І. — спалучэнні двух і больш слоў пастаяннага лексіка-грамат. складу, злітнае значэнне якіх не вынікае са зместу асобных кампанентаў; сінтаксічныя І. — простыя або складаныя канструкцыі, агульнае значэнне якіх не вынікае з сумы значэнняў форм і ўласцівых ім сінтакс. адносін. І. — сродак выразнасці і вобразнасці мовы. Вывучае І. ідыяматыка.

І.​Р.​Шкраба.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНГАЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inhalare удыхаць),

увядзенне лякарстваў у арганізм удыханнем. Для І. ўжываюць лек. рэчывы ў выглядзе аэразоляў, у якія ўваходзяць мікракрышталі, вадкія, газападобныя часцінкі і паветр. маса. І. бываюць буйнадысперсныя (памер часцінак 10—15 мк) і дробнадысперсныя (памер часцінак 3—10 мк). І. ў выглядзе сухіх, вадкіх, масляных аэразоляў лечаць хваробы дыхальных шляхоў, лёгкіх і скуры; газападобныя рэчывы ў выглядзе аэразоляў выкарыстоўваюць пры вострым ці падвострым стане здароўя чалавека. І. можна генерыраваць аэразолі, зараджаныя дадатным ці адмоўным зарадам (электрааэразолі для лячэння вегетатыўнай дысфункцыі, гіпертаніі і інш.). Для забеспячэння І. масавых кантынгентаў ствараюцца інгаляторыі. Удыханне лек. рэчываў наз. штучнай І., дыханне марскім, лясным ці горным паветрам — прыроднай.

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т ТЭХНАЛО́ГІІ МЕТА́ЛАЎ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1992 у Магілёве на базе Магілёўскага аддзялення Фіз.-тэхн. ін-та АН Беларусі (існавала з 1970). У ін-це (1998): 6 лабараторый, 1 аддзел, аспірантура.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: цеплафізіка і распрацоўка тэарэт. асноў кіравання працэсамі фарміравання структуры і ўласцівасцей металаў і сплаваў пры крышталізацыі і зацвердзяванні з мэтай стварэння новых матэрыялаў і тэхнал. працэсаў іх атрымання і ўмацавання. Распрацаваны тэхнал. працэсы і абсталяванне бесперапыннага гарыз. ліцця профільных загатовак металаў і сплаваў, полых загатовак з розных марак чыгуну метадам накіраванага зацвердзявання, адлівак тыпу крацістых панэлей і палос у ротарна-прахадныя крышталізатары. У ін-це працаваў акад. Нац. АН Беларусі Г.А.Анісовіч (да 1997).

В.​І.​Баранаў.

т. 7, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРАДУ́КЦЫЯ (ад лац. introductio уводзіны, уступ) у музыцы, частка муз. твора, якая выконвае функцыю ўступу. Нярэдка пазначаецца ў назве («Інтрадукцыя і Паланэз» для віяланчэлі і фп. Ф.​Шапэна). Часам уяўляе сабой род уверцюры да оперы, балета ці асобнага акта (звычайна больш кароткая, свабоднай будовы). У айч. музыказнаўстве прынята адрозніваць паняцці І. і ўступу (апошні менш развіты кампазіцыйна і менш самастойны ў адносінах да цэлага; у назве звычайна не пазначаецца). У класічнай музыцы лепшы ўзор І. — «Інтрадукцыя і ронда-капрычыёза» К.​Сен-Санса. У бел. музыцы І.-ўступ, І.-пралог сустракаюцца ў операх А.​Багатырова («У пушчах Палесся»), Я.​Цікоцкага (2-я рэд. «Алесі»), балеце Я.​Глебава («Тыль Уленшпігель») і інш.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУХАРО́НАК Таццяна Іванаўна (н. 7.8.1954, в. Клінок Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

бел. этнограф. Канд. гіст. н. (1988). Скончыла БДУ (1981). З 1971 працуе ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе гіст. эвалюцыю сямейнай і каляндарнай абраднасці беларусаў, яе тэрытарыяльна агульныя і лакальныя рысы, тэндэнцыі развіцця на сучасным этапе. Адзін з аўтараў кніг «Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся» (1987), «Святы і абрады ў Беларускай ССР» (1988), «Сям’я і сямейны быт беларусаў» (1990), «Славянскія культуры: гістарычны вопыт і сучасныя праблемы» і «Славянскія культуры пасля Другой сусветнай вайны» (1996) і інш.

Тв.:

Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: канец XIX—XX ст. Мн., 1993.

т. 9, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАМО́ЦЫЯ (ад лац. locus месца + motio рух), перамяшчэнне,

сукупнасць узгодненых рухаў у жывёл і чалавека, што забяспечваюць актыўнае і мэтанакіраванае перамяшчэнне ў прасторы. Адрозніваюць водную, паветраную і сухапутную Л., якія рэалізуюцца ў розных тыпах: бег (вынослівы, імклівы, скачкамі, цяжкі, таранны і інш.); лажанне; плаванне (рыбападобнае, брас, ныранне); палёт (парашутаванне, планіраванне); поўзанне; хадзьба (на 2 або 4 нагах) і інш. Тыпы Л. мяняліся і ўскладняліся ў працэсе эвалюцыі жывёл і вызначалі асаблівасці іх будовы. Паяўленне новых тыпаў Л. звязана з удасканальваннем рухальнага апарату, органаў пачуццяў і асабліва ц. н. с. Найб. складаная і разнастайная Л. ў пазваночных. Прагрэсіўныя змены Л. ў прыматаў (пераход да прамахаджэння і інш.) адыгралі важную ролю ў антрапагенезе.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДША́ФТНЫ АНА́ЛІЗ,

вывучэнне структуры і ўласцівасцей прыродных тэрытарыяльных комплексаў; адзін з метадаў ландшафтазнаўства. Разглядае марфал. структуры і прасторавую дыферэнцыяцыю працэсаў, якія працякаюць у ландшафтах, гісторыю іх развіцця і сучаснай дынамікі, прыродныя і тэхнагенныя структуры, а таксама комплексныя ўласцівасці і функцыі ландшафту як адзінага цэлага, у т. л. яго сац.-эканам. функцыі. На аснове Л.а. робяць прагназіраванне кірункаў, шляхоў і вынікаў развіцця ландшафтаў з улікам ацэнкі колькаснага і якаснага бакоў уздзеяння на іх прыродных і антрапагенных фактараў. Прагназіраванне ўключае выпрацоўку рэкамендацый па аптымізацыі ландшафтаў і больш поўнай рэалізацыі іх сац.-эканам. функцый. Улічваецца пры распрацоўцы праектаў, звязаных з арх.-планіровачнымі, інж., аграпрамысл., меліярац., рэкрэацыйнымі і інш. кірункамі пераўтварэння прыродных ландшафтаў.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 9, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)