возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Віцебскім р-нам, у бас.р. Храпаўлянка, за 7 км на Пдадг. Гарадок. Пл. 11,42 км², даўж. каля 7,1 км, найб.шыр. каля 4,9 км, найб.глыб. 20,2 м, даўж. берагавой лініі 25,6 км. Пл. вадазбору 107 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м (на ПнЗ і З да 4 м), на Пн і У стромкія, парослыя лесам, часткова разараныя. 3 вял. залівы, паўн.-зах. аддзелены ад возера пясчанай водмеллю (глыб. 0,2 м). Берагі выш. да 1,5 м, месцамі абразійныя ці зліваюцца са схіламі, на паўн.-зах. і паўд.-зах. нізкія, часткова забалочаныя. Падводная ч. катлавіны складанай будовы (упадзіны чаргуюцца са шматлікімі мелямі). Шыр. зоны мелкаводдзя да 25 м у залівах і да 250 м уздоўж паўд. і паўд.-ўсх. берагоў. Дно ў прыбярэжнай ч. да глыб. 6 м выслана пяскамі, на У і Пн пясчана-галечнымі адкладамі і валунамі. Уздоўж берагоў зарастае надводнай расліннасцю (шыр. паласы да 150 м). У возеры растуць рэдкія для флоры Беларусі ахоўныя віды: палушнік азёрны, наяды малая і марская, частуха Валенберга, гідрыла кальчаковая. У возера ўпадае р. Чарніца і 4 ручаі, на У выцякае ручай у воз. Цыганова. Уваходзіць у зону адпачынку Лосвіда. На беразе турбаза «Віцебская», спарт. база, лодачная станцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБІ́МАЎ (Юрый Міхайлавіч) (н. 18.8. 1938, г. Пашахонне-Валадарск Яраслаўскай вобл., Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча (1967). У 1969—77 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працуе ў розных тэхніках маст. апрацоўкі металу (коўка, ліццё, чаканка, эмаль) і ювелірным мастацтве. Творы вызначаюцца арыгінальнасцю маст. вырашэння, пластычнасцю і выразнасцю форм. Аўтар манум.-дэкар. работ у пансіянаце на Заслаўскім вадасх. пад Мінскам (1969—80), рэстаране «Журавінка» (1969), гасцініцы «Турыст» (1973), Доме літаратара (1976; усе ў Мінску), гасцініцы «Магілёў» (1972), Доме паляўнічага ў Бярэзінскім запаведніку (1978), флюгера і гадзінніка на будынку інж. корпуса Мінскага метрапалітэна, кампазіцыі «Спорт і чалавек» на фасадзе Палаца спорту Мінскага вытв. аб’яднання «Гарызонт» (усе 1984), гадзінніка на цэнтр. плошчы ў Светлагорску, шыльды і двух гербаў для БДУ (усе 1998), гербаў для залы пасяджэнняў Нац. сходу Рэспублікі Беларусь (1996, 1998) і для залы прыёмаў рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1998). Аформіў санаторыі «Іслач» (Мінскі р-н, 1986) і «Беларусь» (Крым, 1987), фае Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1997) і інш. Як ювелір выканаў абклады сувенірных выданняў Я.Коласа, Я.Купалы, шэраг упрыгожанняў. Іл.гл. таксама да арт.Коўка мастацкая.
Літ.:
Фатыхава Г. Ад знакаў агню, ад блакіту азёраў... // Беларусь. 1999. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ МА́СА,
маса малекулы, выражаная ў атамных адзінках масы; адна з канстантаў, якая характарызуе індывідуальнае рэчыва. М.м. роўная суме мас атамаў, што ўваходзяць у склад малекулы. М.м. (абазначаецца М або μ) уваходзіць у многія ўраўненні і суадносіны, якімі карыстаюцца пры разліках у хіміі і фізіцы. У хіміі і хім. тэхналогіі часцей карыстаюцца адноснай М.м. — безразмернай велічынёй, роўнай адносінам малярнай масы малекулы рэчыва да 712 малярнай масы атама вугляроду-12. Эксперым. вызначэнне М.м. неабходна для ідэнтыфікацыі хім. злучэнняў, а таксама пры даследаванні высокамалекулярных злучэнняў, уласцівасці якіх істотна залежаць ад іх М.м. (гл.Малекулярная маса палімера).
Асн. метадам вызначэння М.м. лятучых рэчываў з’яўляецца мас-спектраметрыя. Вызначэнне М.м. нелятучых і недысацыіруючых у растворах рэчываў заснавана на вымярэнні калігатыўных уласцівасцей (г. зн. уласцівасцей, якія залежаць ад колькасці раствораных часціц) — паніжэння ціску пары (апісваецца законам Рауля) і т-ры замярзання (гл.Крыяскапія), павышэння т-ры кіпення (гл.Эбуліяскапія) раствораў у параўнанні з чыстым растваральнікам. У асмаметрыі М.м. рэчыва (звычайна высокамалекулярнага) устанаўліваюць па значэнні асматычнага ціску, які ўзнікае пры раздзяленні кампанентаў раствору на паўпранікальнай мембране (гл.Осмас). Сярэднія значэнні М.м. палімераў устанаўліваюць па калігатыўных уласцівасцях разбаўленых раствораў, колькасці падвойных сувязей ці функцыянальных груп (метадамі функцыян. аналізу), а таксама па вязкасці, святлорассеянні іх раствораў і па рэалагічных характарыстыках для палімераў высокай ступені полімерызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЬЕРЫ́ЗМ (італьян. manierismo ад maniera манера, стыль),
плынь у еўрап. мастацтве 16 ст. Узнік каля 1520 у Італіі, пазней пашырыўся ў інш. краінах Зах. Еўропы. Прадстаўнікі М. адышлі ад рэнесансавай канцэпцыі перадачы гармоніі свету і чалавека як дасканалага тварэння прыроды, культывавалі ўяўленні пра няўстойлівасць яго лёсу пад уладай ірацыянальных сіл. Асновай творчага метаду стала перадача суб’ектыўнай «унутр. ідэі», крыніцай якой з’яўлялася фантазія, асабісты творчы пачатак мастака. Яе знешняй праявай стала «манера», заснаваная на пэўных «антыкласічных» стылістычных прыёмах у спалучэнні з кананізацыяй асобных элементаў творчасці майстроў Высокага Адраджэння. Найб. выявіўся ў жывапісе, творы якога вызначаюцца складанай алегарычнасцю, адвольнай выцягнутасцю прапорцый фігур, каларыстычнымі, святлоценявымі і прасторавымі дысанансамі, складаным змеепадобным рытмам, перабольшанай экспрэсіяй поз і матываў руху чалавека (работы Панторма, Ф.Парміджаніна, Джуліо Рамана, Дж.Вазары. А.Бранзіна і інш.). М. у скульптуры (Б.Чэліні, Джамбалонья, Б.Аманаці) і архітэктуры (Аманаці, Вазары, Джуліо Рамана) выявіўся пераважна ў імкненні да няўстойлівай, дынамічнай кампазіцыі, падкрэсленай выразнасцю дэкору і фактуры, імкненні да сцэн. эфектаў.
Літ.:
Виппер Б.Р. Борьба течений в итальянском искусстве XVI в. (1520—1590). М., 1956;
Аникст А.А. Концепция маньеризма в искусствознании XX в. // Советское искусствознание 76. М., 1977. Вып. 2.
Т.В.Пешына.
Да арт.Маньерызм. Ф.Парміджаніна. Мадонна з доўгай шыяй. 1534—40.Да арт.Маньерызм. А.Бранзіна. Алегорыя. Каля 1550.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́Р’ІНА ГО́РКА,
горад, цэнтр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Цітаўка. За 63 кмад Мінска. Чыг. ст. Пухавічы на лініі Мінск—Асіповічы, аўтадарогамі злучана з Мінскам, Бабруйскам, Чэрвенем, Уздой. 23,1 тыс.ж. (1998).
Вядома з 16 ст. Належала Радзівілам, Бужынскім, Ратынскім, Крупскім, пасля 1863 — міністру ўнутр. спраў Расіі Л.С.Макаву. Паводле падання назва паходзіць ад горкі, на якой стаяў язычніцкі храм, дзе ў Мар’ін дзень адбываліся святкаванні; пазней там пабудавана царква. З 1793 у Рас. імперыі, вёска Ігуменскага пав. Мінскай губ. Развіццю М.Г. паспрыяла пабудова ў 1873 Лібава-Роменскай чыгункі. У 1876 заснавана с.-г. школа (у 1921 ператворана ў с.-г. тэхнікум). У 1897 у вёсцы 2 тыс.ж., 2 царквы, паштовая станцыя. З 29.7.1925 цэнтр Пухавіцкага раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну з 28.6.1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў М.Г. і раёне загубілі 3145 жыхароў; дзейнічала Мар’інагорскае маладзёжнае падполле. Вызвалена 3.7.1944 у ходзе Мінскай аперацыі 1944. З 22.7.1955 горад. У 1970—11,3 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы металургічнай, пачатковай апрацоўкі лёну, прам-сці. Абутковая ф-ка. Брацкая магіла сав. воінаў; помнікі: воінам-вызваліцелям; сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам, удзельніцы Мінскага падполля Л.Г.Гайдучонак. Помнік архітэктуры — сядзібны дом (1876).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САРЫК ((Masaryk) Томаш Гарыг) (7.3.1850, г. Годанін, Чэхія — 14.9.1937),
чэшскі паліт. і дзярж. дзеяч, філосаф, сацыёлаг. Д-р філасофіі (1876). Вучыўся ў Венскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1882—1914 праф. філасофіі Пражскага ун-та. У сваіх філас. поглядах як «крытычны рэаліст» спалучаў ням. ідэалізм з зах.-еўрап. пазітывізмам, крытыкаваў чэш.паліт. рамантызм, марксізм, папства, прапагандаваў гуманізм. У 1891—93 дэп.аўстр. парламента (рэйхсрата) ад партыі младачэхаў, у 1907—14 — адчэш. партыі рэалістаў. Выступаў супраць дынастыі Габсбургаў, панавання немцаў і венграў у Аўстра-Венгрыі. У 1914—18 у эміграцыі, арыентаваўся на дзяржавы Антанты. У 1916 разам з Э.Бенешам заснаваў у Парыжы чэхаславацкі Нац. савет і арганізаваў Чэш. легіён у Расіі. У 1918 заключыў са славацкімі арг-цыямі ў ЗША Пітсбургскі дагавор аб дзярж. аб’яднанні чэхаў і славакаў. У 1918—35 першы прэзідэнт Чэхаславакіі, садзейнічаў адраджэнню чэш.нац. культуры і мовы. Аўтар кніг «Сацыяльнае пытанне», «Самазабойства як масавая сацыяльная з’ява сучаснай цывілізацыі» (абедзве 1881), «Асновы канкрэтнай логікі» (1887), «Ідэалы гуманізму» (1901), «Аб рускай гістарычнай і рэлігійнай філасофіі» (т. 1—2, 1913), «Новая Еўропа» (1918), «Сусветная рэвалюцыя ў час вайны і на вайне 1914—1918» (1925). Выступаў у друку і як літ. крытык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭМАТЫ́ЧНАЯ СГАТЫ́СТЫКА,
навука пра матэм. метады сістэматызацыі і выкарыстання статыстычных даных для навук. і практычных вывадаў. Стат. метады шырока выкарыстоўваюцца амаль ва ўсіх галінах ведаў. У сацыялогііасн. паняццямі М.с. з’яўляюцца ген. і выбарачная сукупнасці. Генеральная сукупнасць — поўнае мноства аб’ектаў, якія маюць адносіны да праблемы, што вывучаецца; выбарачная сукупнасць — частка ген. сукупнасці, якая дазваляе меркаваць пра яе ў цэлым і належыць непасрэднаму абследаванню. Выбарачны метад выкарыстоўваецца ў выпадках, калі поўнае абследаванне ген. сукупнасці немагчыма або эканамічна немэтазгодна. Асн. раздзеламі М.с. з’яўляюцца апісальная статыстыка, стат. вывад, аналіз стат. сувязей і залежнасцей. Метады апісальнай статыстыкі прызначаны для абагульнення інфармацыі, атрыманай пры поўным абследаванні сукупнасці, і ўключаюць атрыманне частотных размеркаванняў, пабудову графікаў, разлік паказчыкаў цэнтра размеркавання і ступені раскіду звестак. Статыстычны вывад абагульняе вынікі выбарачнага абследавання на ген. сукупнасць і ўключае ацэньванне яе параметраў і стат. праверку гіпотэз. Асновай стат. вываду з’яўляюцца законы тэорыі верагоднасцей, асн. паняццем — паняцце выпадковай выбаркі, якая мяркуе, што для ўсіх аб’ектаў з ген. сукупнасці верагоднасць уключэння ў выбарку павінна быць аднолькавая. Метадамі пабудовы рэпрэзентатыўных (прадстаўнічых) выбарак займаецца тэорыя выбаркі. Метады аналізу статыстычных сувязей і залежнасцей: карэляцыйны і рэгрэсіўны аналіз, аналіз табліц спалучэння, дысперсійны аналіз і інш. Выбар метаду залежыць ад мэт і задач даследавання, а таксама ад асаблівасцей звестак, што выкарыстоўваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,
абавязак аднаго з бакоў працоўнага дагавору кампенсаваць матэрыяльную шкоду, нанесеную ім другому боку гэтага дагавору ў выніку неналежнага выканання сваіх абавязкаў у сферы прац. адносін. Існуюць 2 віды М.а.: работніка перад наймальнікам і наймальніка перад работнікам. Для прыцягнення работніка да М.а. паводле норм прац. заканадаўства неабходна, каб на момант нанясення шкоды работнік быў у прац. адносінах з прадпрыемствам, установай, арг-цыяй, якім ён нанёс шкоду. Парадак прыцягнення да М.а., умовы, яе памер вызначаюцца КЗаП Рэспублікі Беларусь, пастановай Дзярж.к-та Рэспублікі Беларусь па працы і сац. абароне насельніцтва ад 8.10.1993 «Аб зацвярджэнні Узорнага пераліку пасад і работ, якія замяшчаюцца або выконваюцца работнікамі, з якімі наймальнікі могуць заключаць пісьмовыя дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці», Узорным дагаворам або поўнай індывідуальнай М.а. і Палажэннем аб калектыўнай (брыгаднай) М.а. Пытанні М.а. работніка перад наймальнікам рэгламентуюцца і інш. актамі заканадаўства. М.а. настае толькі за прамую сапраўдную шкоду, калі яна ўзнікла ад проціпраўных дзеянняў па віне работніка. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць М.а. за шкоду, нанесеную работніку пакалечаннем або інш. пашкоджаннем здароўя, звязанымі з выкананнем ім сваіх прац. абавязкаў. Абавязковай умовай прыцягнення наймальніка да М.а. з’яўляецца проціпраўнае нанясенне шкоды. Прыкмета проціпраўнасці выяўляецца ў парушэнні наймальнікам абавязкаў, ускладзеных на яго як аднаго з бакоў прац. дагавору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГЕЛІ́СЦКІЯ ВО́ЙНЫ 1823—34,
грамадзянскія войны ў Партугаліі паміж прыхільнікамі захавання канстытуцыйнай манархіі (ліберальнае дваранства, буржуазія і інтэлігенцыя, частка сялянства) і паслядоўнікамі абсалютызму (феад. вярхі, падтрыманыя каталіцкай царквой, і сяляне, якія былі пад іх уплывам). Пачаткам М.в. стаў мяцеж у Траз-уж-Монтыш (1823), узняты прыхільнікамі абсалютызму на чале з каралевай Жаакінай (жонкай караля Жуана VI) і прынцам Мігелам Браганскім. У крас. 1824 мігелісты захапілі ўладу, але не здолелі яе ўтрымаць. У 1826 пасля смерці Жуана VI (10 сак.) на трон узышоў яго сын імператар Бразіліі Педру I (у Партугаліі кароль Педру IV), які ў маі 1826 перадаў партугальскі прастол сваёй дачцэ Марыі да Глорыі, а рэгентам у ліп. 1827 прызначыў Мігела Браганскага. 30.6.1828 Мігел Браганскі дамогся ад картэсаў прызнання сябе каралём, пасля чаго картэсы распушчаны. Аднаўленне абсалютызму выклікала шэраг антыўрадавых выступленняў канстытуцыяналістаў пад кіраўніцтвам Педру, які ў крас. 1831 адрокся адбраз. прастола і выехаў у Англію, дзе фарміраваў эмігранцкія атрады. 8—9.7.1832 эмігранты-канстытуцыяналісты высадзіліся ў Порту, у пач. 1833 — у Алгарві; іх падтрымалі брыт. і франц. эскадры. 24.7.1833 канстытуцыяналісты ўзялі Лісабон; неўзабаве мігелісты здаліся. 26.5.1834 у Эвары падпісана пагадненне, паводле якога каралевай зноў стала Марыя да Глорыя. Спроба мігелістаў арганізаваць новую антыўрадавую змову ў 1837 была няўдалай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЕ́ЦКАЯ ШКО́ЛА (іанійская),
старажытнагрэчаская філасофская школа ў 6 ст. да н.э. ў г. Мілет. Аб’ядноўвала прыродазнаўцаў і філосафаў на падставе агульнай прыхільнасці да навук-філас. традыцыі. Існавала да 494 г. да н.э., калі г. Мілет разбураны персамі. У яе ўваходзілі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, вучоны-географ і гісторык Гекатэй Мілецкі. Прадстаўнікі школы прытрымліваліся матэрыяліст. поглядаў на свет і былі стыхійнымі дыялектыкамі. Яны лічылі, напр., што ў аснове бясконцага мноства прыродных з’яў знаходзіцца нешта матэрыяльнае — вада, паветра і г.д., а свет рэчаў рухаецца і змяняецца. Дзякуючы вывучэнню прыроды і ўвядзенню ва ўжытак гэтага паняцця зроблена спроба адмежавання навукі ад міфа. Вучоныя М.ш. зрабілі цікавыя адкрыцці ў галіне матэматыкі, геаграфіі, астраноміі, метэаралогіі і ў той жа час займаліся касмаграфіяй і касмалогіяй, не адмаўляючыся адтрадыц. міфалагічных структур. Міфалагічныя карані можна знайсці ў параўнанні поглядаў прадстаўнікоў М.ш. на касмалагічны пачатак і касмалагічную перыферыю з поглядамі больш стараж. перыяду, калі гэтыя аб’екты думкі атаясамліваліся, а таксама ў супастаўленні разумення працэсаў касмалагічнай, геал. і біял. эвалюцыі. Аднак, нягледзячы на існаванне некат. агульных падыходаў, касмалогія М.ш. не мае адзінай сістэмы поглядаў і стылю. Ідэі М.ш. і яе традыцыі зрабілі значны ўплыў на развіццё стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Піфагор і інш.).