МАНЬЕРЫ́ЗМ (італьян. manierismo ад maniera манера, стыль),

плынь у еўрап. мастацтве 16 ст. Узнік каля 1520 у Італіі, пазней пашырыўся ў інш. краінах Зах. Еўропы. Прадстаўнікі М. адышлі ад рэнесансавай канцэпцыі перадачы гармоніі свету і чалавека як дасканалага тварэння прыроды, культывавалі ўяўленні пра няўстойлівасць яго лёсу пад уладай ірацыянальных сіл. Асновай творчага метаду стала перадача суб’ектыўнай «унутр. ідэі», крыніцай якой з’яўлялася фантазія, асабісты творчы пачатак мастака. Яе знешняй праявай стала «манера», заснаваная на пэўных «антыкласічных» стылістычных прыёмах у спалучэнні з кананізацыяй асобных элементаў творчасці майстроў Высокага Адраджэння. Найб. выявіўся ў жывапісе, творы якога вызначаюцца складанай алегарычнасцю, адвольнай выцягнутасцю прапорцый фігур, каларыстычнымі, святлоценявымі і прасторавымі дысанансамі, складаным змеепадобным рытмам, перабольшанай экспрэсіяй поз і матываў руху чалавека (работы Панторма, Ф.Парміджаніна, Джуліо Рамана, Дж.Вазары. А.Бранзіна і інш.). М. у скульптуры (Б.Чэліні, Джамбалонья, Б.​Аманаці) і архітэктуры (Аманаці, Вазары, Джуліо Рамана) выявіўся пераважна ў імкненні да няўстойлівай, дынамічнай кампазіцыі, падкрэсленай выразнасцю дэкору і фактуры, імкненні да сцэн. эфектаў.

Літ.:

Виппер Б.Р. Борьба течений в итальянском искусстве XVI в. (1520—1590). М., 1956;

Аникст А.А. Концепция маньеризма в искусствознании XX в. // Советское искусствознание 76. М., 1977. Вып. 2.

Т.​В.​Пешына.

Да арт. Маньерызм. Ф.​Парміджаніна. Мадонна з доўгай шыяй. 1534—40.
Да арт. Маньерызм. А.​Бранзіна. Алегорыя. Каля 1550.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)