комплексная галіна права, якая рэгулюе адносіны па ўладанні, карыстанні і распараджэнні зямельнымі рэсурсамі, а таксама па іх ахове і рацыянальным выкарыстанні. Асн. крыніцамі З.п. ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі, Закон «Аб праве ўласнасці на зямлю» ад 16.6.1993, Закон «Аб плацяжах за зямлю» ад 18.12.1991, інш. законы і нарматыўныя прававыя акты, што выдаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, урадам, мін-вамі і ведамствамі, мясц. органамі дзярж. кіравання ў межах іх кампетэнцыі. Нормы З.п. рэгламентуюць: права дзярж. і прыватнай ўласнасці на зямлю, землеўладанне, землекарыстанне, у т. л.арэнду зямлі; парадак прадастаўлення і адабрання зямельных участкаў, спагнання зямельнага падатку або арэнднай платы, ажыццяўлення здзелак з зямлёй, пакрыцця страт; вядзенне дзярж.зямельнага кадастру, землеўпарадкаванне, дзярж. кантроль і маніторынг зямель, ахову зямель, а таксама вырашэнне зямельных спрэчак і адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. З.п. складаецца з агульнай і асаблівай частак. Да агульнай часткі адносяцца правы ўласнасці на зямлю, землеўладання і землекарыстання, дзярж. кіраванне ў галіне выкарыстання і аховы зямель, адказнасць за парушэнне зямельнага заканадаўства. У асаблівай частцы вызначаецца прававы рэжым асобных катэгорый зямель: зямель с.-г. прызначэння, населеных пунктаў, прам-сці, транспарту, сувязі, абароны, зямель прыродаахоўнага, аздараўленчага, рэкрэацыйнага, гісторыка-культ. і інш. прызначэння, зямель ляснога і воднага фондаў, а таксама запасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСУ́ЛЬТ (адлац. insulto ускакваю),
апаплексія, «мазгавы ўдар», хуткае мясцовае, зрэдку дыфузнае парушэнне функцый мозга, абумоўленае прычынамі сасудзістага характару. Узнікае раптоўна як цяжкае ўскладненне атэрасклерозу, гіпертанічнай хваробы, хвароб сэрца, артэрый, крыві і інш. Выяўляецца агульнамазгавымі (страта прытомнасці, галаўны боль, ірвота і інш.), ачаговымі (парэзы, парушэнне мовы і інш.), менінгіяльнымі сімптомамі.
Адрозніваюць І.: ішэмічны (інфаркт мозга), гемарагічны (кровазліццё ўнутрымазгавое), субарахнаідальны (частата выяўлення 4:1:0,1). Ішэмічны І., або інфаркт мозга — найб. частая форма І. Развіваецца востра (секунды—мінуты), падвостра (гадзіны—дні), вельмі рэдка хранічна. Прычына — закупорка склератызаваных артэрый у выніку трамбозу ці эмбаліі, або гемадынамічныя парушэнні, што памяншаюць крываток і размякчаюць мозг. Найчасцей лакалізуецца ў сярэдняй мазгавой артэрыі. Сімптомы: слабасць канечнасцей на процілеглым баку цела (лева-правабаковы гемапарэз), афазія (пры левай лакалізацыі інфаркту), пры вострым цячэнні — страта прытомнасці і інш. Пры І. настае смерць ад ацёку лёгкіх, лёгачных і сардэчна-сасудзістых ускладненняў. Гемарагічны І., або кровазліццё ўнутрымазгавое — найб. цяжкая форма І. Найчасцей бывае пры гіпертаніі; прычына — разрыў сасуда ці анеўрызмы, іншы раз — прасочванне крыві праз непашкоджаныя сасуды. Пры падвострым цячэнні — галаўны боль; іншыя сімптомы не выяўляюцца або ўзнікаюць пазней, ачаговыя закранаюць функцыі руху і мовы. Лячэнне медыкаментознае, зрэдку хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ДМІЙ (лац. Cadmium),
Cd, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 48, ат. м. 112,41. Прыродны складаецца з 8 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі: 106, 108, 110—114, 116. У зямной кары 1,3510−5% па масе, знаходзіцца пераважна ў цынкавых рудах. Адкрыты ў 1817 ням. хімікам Ф.Штромеерам, названы адгрэч. kadmeia — цынкавая руда.
Серабрыста-белы метал, мяккі і коўкі, t 321,1 °C, tкіп 766,5 °C, шчыльн. 8650 кг/м. У паветры пакрываецца тонкай плёнкай аксіду CdO, якая ахоўвае яго ад далейшага акіслення. Узаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры т-ры, вышэйшай за т-ру плаўлення, — з галагенамі і халькагенамі (сульфід CdS, селенід CdSe і тэлурыд CdTe — паўправадніковыя матэрыялы), пры сплаўленні — з фосфарам, мыш’яком і сурмой. Непасрэдна не ўзаемадзейнічае з вадародам, азотам, вугляродам, борам. крэмніем. Атрымліваюць пры перапрацоўцы цынкавых, свінцова-цынкавых і медна-цынкавых руд. Выкарыстоўваюць для кадміравання, як кампанент спец. прыпояў, сплаваў, на выраб стрыжняў для ядз. рэактараў, электродаў для акумулятараў і нармальных элементаў, для атрымання пігментаў, паўправадніковых матэрыялаў, стабілізатараў пластмас. Пара К. і яго злучэнняў таксічная, удыханне яе выклікае рвоту, сутаргі, ГДК 0,1 мг/м³. К. можа назапашвацца ў арганізме чалавека, хранічнае атручванне прыводзіць да анеміі і разбурэння касцей, ГДК у пітной вадзе 0,01 мг/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАКАРУ́М (цюрк. чорныя каменныя горы),
горная сістэма ў Цэнтр. Азіі, Індыі (штат Джаму і Кашмір) і Кітаі. Адна з самых высокіх у свеце. Размешчана паміж Памірам і Куньлунем на Пн, Гімалаямі і Гандысышанем на Пд. Даўж. каля 800 км. Шыр.ад 150 да 250 км. Сярэдняя выш. каля 6000 м, найвыш. 8611 м (г. Чагары). Складаецца з некалькіх паралельных хрыбтоў. Сфарміравана альпійскай складкавасцю. Рэльеф высакагорны, альпійскі, са скалістымі грабянямі, стромкімі схіламі, шматлікімі асыпкамі. Восевая зона складзена з гнейсаў, крышт. сланцаў, мармуру, гранітаў і інш., паўн.-ўсх. частка — з гліністых і вапняковых парод палеазою і мезазою, прарваных інтрузіямі, паўд.зах. частка — з метамарфізаваных вулканагенна-асадкавых ўтварэнняў. Радовішчы серы, праяўленні берылію, малібдэну, золата і інш.Пл. зледзянення 16,3 тыс.км²; буйныя дэндрытавыя ледавікі — Сіячэн (даўж. 75 км), Балтара, Рымо. К. — водападзел паміж бас. рэк Інд і Тарым. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Ападкаў ад 100 да 500 мм за год. На паўн. схілах халодныя пустыні і сухія стэпы, на паўд. (пад уздзеяннем мусонаў) — стэпы, лугі. На выш. 3000—3500 м лясы з хвоі, гімалайскага кедра; па далінах рэк — галерэйныя лясы з вярбы і таполі. Найб. спецыфічныя жывёлы: дзікі, як, антылопа-аронга, антылопа-ада, дзікія аслы, снежны барс і інш. Да выш. 4000 м вырошчваюць ячмень, гарох, люцэрну, у ніжняй ч. — вінаграднікі, сады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНО́ ЦЫКЛ,
абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія ператвараецца ў работу (або наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізатэрмічных і двух адыябатных працэсаў. Уведзены Н.Карно (1824) у сувязі з вызначэннем ккдз цеплавых машын.
Ператварэнне цеплавой энергіі ў работу суправаджаецца пераносам рабочым рэчывам рухавіка (пара, газ і да т.п.) пэўнай колькасці цеплыні ад больш нагрэтага цела (награвальніка) з т-рай T1, да менш нагрэтага (халадзільніка) з т-рай T2. Ккдз цыкла η не залежыць ад прыроды рабочага рэчыва і канструкцыі рухавіка і вызначаецца толькі т-рамі T1 і T2: η = (T1—T2)/T1 (тэарэма Карно). Ккдз кожнай цеплавой машыны не можа быць большым за ккдз К.ц. (пры тых жа T1 і T2). К.ц. абарачальны, і яго можна праводзіць у адваротнай паслядоўнасці (ідэальная халадзільная машына). К.ц. адыграў важную ролю ў развіцці тэрмадынамікі і цеплатэхнікі. Пры яго дапамозе даказана эквівалентнасць розных фармулёвак другога закону тэрмадынамікі, вызначана абс. тэрмадынамічная шкала т-р, выведзены многія тэрмадынамічныя суадносіны (напр., Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненне).
А.І.Болсун.
Карно цыкл на дыяграме p — V (ціск — аб’ём); AB і CD — ізатэрмы, BC і AO — адыябаты, δQл і δQ — падводзімая і адводзімая колькасць цеплаты, плошча ABCD роўная карыснай рабоце цыкла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЗІЯў тэхніцы,
1) К. металаў — разбурэнне металаў у выніку хім., эл.-хім. і біяхім. ўзаемадзеяння са знешнім асяроддзем (паветрам, вадой і інш.). К. жалеза і яго сплаваў наз. таксама ржаўленнем.
Хім. К. абумоўлена адначасовым працяканнем акісляльных і аднаўляльных рэакцый (гл.Акісленне-аднаўленне). Назіраецца пры высокай т-ры, у паветры, расплаўленых металах, нафце, бензіне і інш.Найб. пашыраным электрахім. К. ўзнікае пры ўзаемадзеянні металаў з вадкімі электралітамі. Біяхім. К. выклікаюць бактэрыі і інш. мікраарганізмы. Адрозніваюць таксама К.: пад напружаннем, блукальнымі токамі, радыехімічную, кантактную (пры кантакце двух разнародных металаў), пры кавітацыі, фрэтынг-карозію (крохкае разбурэнне пры адначасовым уздзеянні знешняга асяроддзя, трэння і цыклічных нагрузак); суцэльную (раўнамерную, нераўнамерную) і мясцовую (плямамі, язвамі, кропкамі, міжкрышталітную і інш.). Страты ад К. ў развітых краінах складаюць 5—10% аднац. даходу. Змяншаюць К. ўвядзеннем у металы інгібітараў, легіраваннем, нанясеннем ахоўных пакрыццяў, выкарыстаннем каразійнаўстойлівых матэрыялаў, у т. л.нержавеючых сталей.
2) К. бетону і жалезабетону — разбурэнне іх у выніку хім., фізіка-хім. і біял. ўзаемадзеяння з агрэсіўным знешнім асяроддзем (пры фільтрацыі водных раствораў праз бетон). Яе змяншаюць выбарам устойлівых цэментаў і запаўняльнікаў, выкарыстаннем бетонаў павышанай шчыльнасці, воданепранікальнасці і ўстойлівасці, унясеннем спец. дабавак, нанясеннем лакафарбавых пакрыццяў, абмазкай арматуры ахоўнымі саставамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІЯ,
княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ. Вялі радаслоўную адвял. князя Альгерда, які ў дакументах 1366 пазначаны як уладар г.Кобрын. Верагодна, Кобрын перайшоў да яго сына Фёдара Ратненскага, які меў сыноў Гурку, Сангушку (родапачынальнік князёў Сангушкаў) і Рамана — родапачынальніка князёў К.
Раман Фёдаравіч (? — пасля 1417) упамінаецца ў дакументах з 1387. У 1404 вял. князь Вітаўт выдаў яму грамату на валоданне Кобрынам і навакольнымі маёнткамі (Грушава, Несухаіжы і інш.; гл.Кобрынскае княства); у 1411—17 пры двары польск. караля Ягайлы. Сямён Раманавіч (7 — каля 1460), сын Рамана Фёдаравіча. У 1431 дапамагаў вял. князю Свідрыгайлу бараніць Луцк ад войск Ягайлы. Іван Сямёнавіч (? — каля 1490), сын Сямёна Раманавіча. Зрабіў шмат наданняў цэрквам Кобрыншчыны, у 1473 — царкве Божага Нараджэння ў Пружанах. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду К. Пасля яго смерці Кобрынскае княства пакінута яго ўдаве Фядоры Іванаўне з роду Рагацінскіх. Марыя Сямёнаўна (? — каля 1510), дачка Сямёна Раманавіча, жонка маскоўскага князя Івана Васілевіча Краснага. Ганна Сямёнаўна (? — люты або сак. 1519), дачка Сямёна Раманавіча. У 1481 выдадзена замуж за князя Фёдара Уладзіміравіча Бельскага, які ўцёк у Маск. дзяржаву з-за выкрыцця яго ўдзелу ў змове супраць Казіміра IV. Да 1512 трымала Кобрынскае княства, якое пасля яе смерці перайшло да мужа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКАЕ ХА́НСТВА,
татарская дзяржава на тэр. Крымскага п-ва, у нізоўях Дняпра, Прыазоўя і Прыкубання ў 15—18 ст. Вылучылася з Залатой Арды. Сталіца — г.Бахчысарай (з пач. 16 ст.). З 1239 мангола-татарамі занята стэпавая ч. Крыма, падпарадкавана мясц. насельніцтва (аланы, славяне, армяне, грэкі). З канца 13 ст. ў Крыме качавалі буйныя мангола-тат. улусы. На мяжы 13—14 ст. тут утварылася намесніцтва з рэзідэнцыяй у Салхаце (Стары Крым). Пасля міжусобнай барацьбы ў 1433 пры падтрымцы войск ВКЛ у Крыме замацаваўся Хаджы-Гірэй. З 1478 у васальнай залежнасці ад Турцыі (трапіла пры хане Менглі-Гірэю). К.х. часта выступала саюзнікам ВКЛ і Польшчы супраць Маскоўскай дзяржавы (1507, 1512, 1532, 1535, 1540, 1542, 1559). На Беларусь татары рабілі набегі ў канцы 15—1-й пал. 16 ст. (гл.Клецкая бітва 1506). У рус.-тур. вайну 1768—74 ханства занята рас. войскамі і паводле мірнага дагавору (1774) абвешчана незалежным. У 1783 апошні крымскі хан Шагін-Гірэй адрокся ад улады, ханства ліквідавана, а яго тэрыторыя далучана да Рас. імперыі.
Літ.:
Кузнецов А.Б. Дипломатическая борьба России за безопасность южных границ (первая половина XVI в.). Мн., 1986;
Санин Г. А. Отношения России и Украины с Крымским ханством в середине XVII в. М., 1987;
Возгрин В.Е. Исторические судьбы крымских татар. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁСАВАЕ ПЛАТО́, Лёсавая раўніна. У сярэдняй частцы бас.р. Хуанхэ, у Кітаі. Абмежавана хр. Тайханшань, Цыньлін і ўсх. адгор’ямі Наньшаня. Пл. каля 430 тыс.км². Пераважаюць вышыні 1200—1500 м. У межах Л.п. ёсць асобныя хрыбты (Люпаньшань, Люйляншань, Утайшань і інш.), грэбні якіх месцамі дасягаюць 2500 м. У геал. адносінах — упадзіна, запоўненая тоўшчай мезазойскіх адкладаў, перакрытых лёсамі. Магутнасць лёсаў 100—200 м, на Пн да 250 м. Л.п. амаль поўнасцю разбурана эрозіяй (сетка яроў дасягае 5—6 км на квадратны кіламетр пры глыб. 100—150 м). Клімат умераны з сухой халоднай зімой і гарачым летам. Сярэдняя т-растудз.ад -4 °C да -8 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на У да 250 мм на ПнЗ; большасць іх выпадае ў час летняга мусону (ліп.—вер.), звычайна ў выглядзе ліўняў, якія стымулююць эрозію. Рэкі цякуць у глыбокіх цяснінах і выносяць вял. колькасць наносаў. Лёсавыя глебы высокаўрадлівыя, але ў большасці змыты. Значныя тэр. ўзараны, схілы выш. да 1000 м тэрасаваныя. Вырошчваюць бавоўнік, проса, гаалян, пшаніцу. На непрыдатных землях захавалася прыродная расліннасць (стэпы і лесастэпы). Радовішчы каменнага вугалю, жалезнай руды, нафты, гаручых сланцаў, гіпсу, солі. Л.п. густа населена (асабліва даліна р. Вэйхэ). Буйныя гарады — Сіянь, Таюань, Ланьчжоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НІЯ СУ́ВЯЗІ,
сукупнасць тэхн. прылад і фіз. асяроддзя, якія забяспечваюць перадачу сігналаў ад перадатчыка да прыёмніка; састаўная частка сістэмы сувязі. Паводле фіз. прыроды сігналаў, якія перадаюцца, адрозніваюць Л.с. эл., аптычныя, акустычныя і інш.
У электрасувязінайб. выкарыстанне знайшлі эл. і аптычныя Л.с. Эл. лініі падзяляюцца на правадныя (паветраныя і кабельныя) і лініі радыёсувязі. У правадных Л.с. сігналы распаўсюджваюцца па стальных, медных або біметал. правадах, падвешаных на апорах з дапамогай ізалятараў. Кабельныя лініі сувязі пракладваюцца ў зямлі, падвешваюцца на апорах і інш. Аптычныя Л.с. бываюць адкрытыя (асяроддзе распаўсюджвання эл.-маг. ваганняў светлавога дыяпазону — паветра, касм. прастора; гл.Аптычная сувязь) і закрытая (штучнае асяроддзе. ізаляванае ад знешняга ўздзеяння). Л.с. з штучным асяроддзем са шклянога валакна наз. валаконна-аптычнымі — ВАЛС (гл.Валаконна-аптычная сувязь). Для адначасовай перадачы сігналаў выкарыстоўваюць ушчыльненне Л.с.: частотнае, пры якім сігналам кожнага канала сувязі адводзіцца пэўная, дакладна абмежаваная частка рабочага дыяпазону частот, і часавая, пры якім кожны канал перыядычна (па чарзе) падключаецца на пэўны час да Л.с. Аснову сучасных сетак электрасувязі складаюць кабельныя Л.с. і ВАЛС.
На Беларусі (1999) працягласць кабельных Л.с. складае больш за 21,5 тыс.км, ВАЛС — больш за 3 тыс.км. Паветраныя Л.с. захаваліся ў мясц. сетках сувязі, яны паступова замяняюцца кабельнымі і валаконна-аптычнымі.