ВА́НТАВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

разнавіднасць вісячых канструкцый, нясучымі элементамі якіх з’яўляюцца гнуткія расцяжкі — ванты (звычайна стальныя тросы). Вантавыя канструкцыі складаюцца з вантаў і канструкцый, якія ўспрымаюць сцісканне, — бэлек, жорсткіх формаў, арак, рамаў, абалонак і інш.

Да арт. Вантавыя канструкцыі. Каток з вантавым пакрыццём.

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕНЕБЯСПЕ́ЧНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

рэчывы, якія лёгка загараюцца пры кароткатэрміновым уздзеянні крыніцы запальвання з нізкай энергіяй (напр., полымя запалкі, іскра). Да вогненебяспечных рэчываў адносяць выбуховыя рэчывы, цэлулоід, сухую драўняную стружку, усе лёгкія на загаранне вадкасці, полістырол, каўчукі і інш. палімеры (гл. таксама Самаўзгаранне).

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДНЫЯ ВІ́ДЫ СПО́РТУ,

агульная назва відаў спорту, якія звязаны з вадой. Да іх адносяцца вадналыжны спорт, веславанне акадэмічнае, веславанне на байдарках і каноэ, віндсёрфінг, вяслярны слалам, воднае пола, водна-маторны спорт, падводны спорт, парусны спорт, скачкі ў ваду і інш.

т. 4, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНДЛЁВЫ ПАСРЭ́ДНІК,

сувязное звяно ў сістэме збыту і размеркавання прадукцыі. Гандлёвы пасрэднік выконвае спецыфічныя функцыі, якія дазваляюць рэалізаваць стратэгію фірмы на рынку. У шырокім сэнсе да гандлёвага пасрэдніка можна аднесці аптовы і рознічны гандаль, страхаванне, трансп., рэкламныя і інш. арг-цыі.

т. 5, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІЯ РАГО́ЖНЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Прадстаўлены 2 самаст. рамесніцкімі прадпрыемствамі ў Гомелі. Першае дзейнічала ў 1893—1905, у 1895 працаваў 81 чал., у 1900 — 48 чал. На другім (1894—1900) у 1900 працавала 80 чал., якія вырабілі прадукцыі на 15,3 тыс. руб.

т. 5, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗАМІНА́ЗЫ,

ферменты класа гідралаз, якія каталізуюць гідроліз C—N-сувязі, адрозныя ад пептыднай. Пашыраны ў прыродзе, многія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні канчатковых прадуктаў азоцістага абмену. У выніку рэакцый, што працякаюць з удзелам Д., утвараецца аміяк ці мачавіна, адбываецца распад кольцаў цыклічных амідзінаў.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКО́Т,

старадаўняя канструкцыя страхі сял. хат і гасп. пабудоў на Беларусі. Бярвёны тарцовай сцяны вышэй верхняга вянка зруба паступова ўкарочваліся, сцяна набывала выгляд ступеньчатага трохвугольніка. На выступы клалі падстрэшныя жэрдкі-латы, якія служылі асновай страхі.

Страха закотам: 1 — лемягі; 2 — латы.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТО́Е ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,

залогавыя каштоўнасці ў выглядзе залатога запасу, якія выкарыстоўваюцца цэнтр. банкамі для забеспячэння выканання ўзятых абавязацельстваў і пакрыцця банкнот. У сувязі з ліквідацыяй функцыі золата як грошай эканам. значэнне З.з. змяншаецца, яно адыгрывае пераважна ролю часткі золатавалютных рэзерваў краіны.

т. 6, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЖЫНЕ́РНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ ваенныя,

фартыфікацыйныя збудаванні, ваен. дарогі, масты, аэрадромы, макеты несапраўдных (падманных) аб’ектаў і інш., якія ўзводзяцца пры інж. абсталяванні мясцовасці ў розных відах бою (аперацыі). Бываюць жалезабетонныя (маналітныя і зборныя), дрэва-земляныя, бранявыя і інш. Гл. таксама Загароды ваенныя.

т. 7, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБРЫЯЛЕ́Т (франц. cabriolet),

кузаў легкавога аўтамабіля з адкідным мяккім тэнтам. Верхняя частка кузава жорсткая, з вокнамі, якія можна апускаць. Мае 2 разнавіднасці: К.-купэ з 2 бакавымі дзвярамі і 4-дзверны К.-седан. Найб. пашыраны ў месцах з гарачым кліматам.

т. 7, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)