ЗНО́СКА Ян
(1772, Гродзеншчына — 1833),
бел. філосаф, палітэканом, перакладчык. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ (Віленскі ун-т). Быў ад’юнктам філасофіі, выкладчыкам палітэканоміі, з 1810 праф. Віленскага ун-та. Аддаваў перавагу філасофіі франц. асветнікаў, найперш Э. дэ Кандыльяка, «Логіку» якога з уласнымі каментарыямі і прадмовамі З. пераклаў на польск. мову і выдаў у Вільні ў 1802. Пры распрацоўцы курса палітэканоміі З. аддаваў перавагу ліберальным эканам. ідэям А.Сміта, у 1816 надрукаваў «Даследаванне пра палітычную эканомію, яе гісторыю і сістэмы». Удзельнічаў у падрыхтоўцы да друку перакладу на рус. мову Статута Вял. кн. Літ. 1588.
Э.К.Дарашэвіч.
т. 7, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ГІСТАРЫ́ЧНЫ ЧАСО́ПІС»,
штоквартальны навуковы, навукова-метадычны ілюстраваны часопіс. Выходзіць з 1993 у Мінску на бел. мове. Асвятляе пытанні гісторыі Беларусі, усеаг. гісторыі. Друкуе навук. і метадычныя матэрыялы ў дапамогу настаўнікам, студэнтам і вучням, тэксты падручнікаў, камп’ютэрныя навуч. праграмы, паведамляе пра навук. канферэнцыі, новыя выданні кніг, падручнікаў, метадычнай л-ры па гісторыі. Садзейнічае працэсу нац. адраджэння, вывучэнню гісторыі Беларусі і прапагандзе гіст. ведаў. Асн. рубрыкі: «З аграрнай гісторыі», «З ваеннай гісторыі», «З гісторыі дыпламатыі», «Усеагульная гісторыя», «Беларусы ў свеце», «Беларусазнаўства», «Імёны вядомыя і невядомыя», «З гісторыі партый і рухаў» і інш.
В.Ф.Кушнер, С.В.Таляронак.
т. 2, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ КЛІЧ»,
грамадска-паліт., літ. і гасп. газета. Выдавалася 1 — 16.11.1930 у Вільні на бел. мове напярэдадні выбараў у польскі сейм і сенат. Асвятляла сітуацыю ў Польшчы, паведамляла пра арышт 80 дэпутатаў папярэдняга сейма, распушчанага ўрадам Бартэля — Пілсудскага, крытыкавала перадвыбарчую пазіцыю Цэнтрасаюза, які ішоў на супрацоўніцтва з польск. урадам, і кандыдатаў у сейм — прадстаўнікоў бел. нац.-сацыяліст. кірунку, давала ацэнку ўсім кірункам у бел. руху на пераломе 1920—30-х г. Агітавала галасаваць за кандыдатаў агульнага бел. выбарчага к-та «Украінска-беларускі блок». Выйшлі 4 нумары, з іх № 3 канфіскаваны па загадзе старасты Вільні.
Л.І.Збралевіч, А.С.Ліс.
т. 2, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ХАЎРУ́С у Францыі, культурна-асветная арг-цыя бел. эміграцыі. Засн. ў 1930 у Парыжы. Арганізоўваў лекцыі па эканоміцы, земляробстве, гісторыі Беларусі, знаёміў з бел. культурай і мастацтвам. Пры парыжскім аддзяленні дзейнічалі курсы па падрыхтоўцы спецыялістаў у розных галінах эканомікі, вывучэнні франц. мовы, працавала бібліятэка-чытальня. У 1937 засн. 3 філіі (Біянкур, Па-дэ-Кале, Каньяк). Выдаваў «Бюлетэнь...» (з 1937) і газ. «Рэха» (з 1938). У час 2-й сусв. вайны спыніў дзейнасць, аднавіў у 1947. Падтрымлівае сувязі з інш. бел. суполкамі ў эміграцыі, садзейнічае пашырэнню інфармацыі пра Беларусь у свеце.
Т.А.Папоўская.
т. 2, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ШЛЯХ»,
газета, неафіцыйны орган т.зв. арганізацыі «беларускіх беспартыйных актывістаў», створанай рэдактарам газеты Я.Міткевічам. Выдавалася з 22.4 да 2.8.1922 у Гродне на бел. мове. Выходзіла неперыядычна. Арыентавалася на чытачоў-сялян. Праводзіла лінію згодніцтва з уладамі Польшчы, агітавала за супрацоўніцтва з тагачасным паліт. рэжымам. Выступала з нападкамі на «беларускіх дзеячаў», увогуле інтэлігенцыю, якая, на думку рэдакцыі, імкнецца да ўлады, страціла сувязь з вёскай. Выказвалася за адкрыццё бел. прыватных школ, чытальняў, курсаў бел. мовы для дарослых і інш. Інфармавала пра падзеі ў Зах. Беларусі і за мяжой. Існавала за кошт ахвяраванняў. Перастала выходзіць з-за недахопу сродкаў.
А.М.Пяткевіч.
т. 2, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЮ́К (Beniuc) Міхай
(н. 20.11.1907, в. Себіш, павет Арад, Румынія),
румынскі пісьменнік. Акад. Румынскай АН (з 1955). У духу рэв. рамантызму напісаны зб-кі «Песні пагібелі» (1938), «Новыя песні» (1940), «Згублены горад» (1943). Філас. роздум пра новы час, гісторыю чалавецтва і яго культуру, месца чалавека ў Сусвеце, жыццё і смерць у кн. «Яблыня пры дарозе» (1954), «Матэрыя і мары» (1961), «Мазаіка» (1968), «Светачы на сутонні», «Этапы» (абедзве 1970), «Краіна ўспамінаў» (1976). Аўтар раманаў «На вастрыі нажа» (1959), «Прыглушаны выбух» (1971), п’ес, публіцыст. артыкулаў.
Тв.:
Рус. пер. — Стихи. М., 1973;
Стихи;
Проза // Аргези Т., Бенюк М. Избранное. М., 1976.
т. 3, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРТАЛУ́ЧЫ (Bertolucci) Бернарда
(н. 16.3.1940, г. Парма, Італія),
італьянскі кінарэжысёр, вядомы і як паэт. З 1961 працаваў у П.Пазаліні, уплыў якога адчувальны ў фільмах Берталучы «Перад рэвалюцыяй», «Партнёр» (паводле аповесці Ф.Дастаеўскага «Двайнік»), дзе прагучала тэма маладзёжнага бунту, якая з горыччу і пачуццём страчаных ілюзій адгукнулася ў стужках «Стратэгія павука» (1970), «Апошняе танга ў Парыжы» (1972). Разнастайнасць праблематыкі і формы сведчыць пра пастаянныя творчыя пошукі рэжысёра. У фільмах «Канфарміст» (1970) і «Месяц» (1979) — ідэя ўлады цёмных, скрытых псіхал. комплексаў над асобай; «Дваццатае стагоддзе» (1976) і «Апошні імператар» (1987, прэмія «Оскар») — матыў супраціўлення чалавека ролі марыянеткі, якую яму навязваюць.
т. 3, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЧКАВІЧ (Беħковиħ) Мація
(н. 29.11.1939, г. Сента, Сербія),
сербскі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Акад. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (1985). Адзін з самых прыкметных майстроў слова пасляваен. пакалення. Аўтар паэт. зб-каў «Вера Паўладольска» (1962), «Аблудная куля» (1963), «Так казаў Мація» (1965), «Кажа мне адзін чалавек» (1970), «Мяжа Вука Шалёнага» (1976), «Вой і куку» (1978), «Два светы» (1980), «Паэмы» (1983), «Богаяўленне» (1985), кн. публіцыстыкі «Пра міжчассе» (1969). На бел. мову яго вершы перакладалі Н.Гілевіч, М.Мятліцкі, І.Чарота.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;
Рус. пер. — у кн.: Поэзия современной Югославии. М., 1981.
І.А.Чарота.
т. 3, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЗІ́РАЎ Наджаф-бек Фаталі-бек аглы
(17.2.1854, г. Шуша, Нагорны Карабах — 9.7.1926),
азербайджанскі драматург. Адзін з заснавальнікаў нац. тэатра. Скончыў Пятроўскую с.-г. акадэмію ў Маскве (1878). Вывучаў рус. і зах.-еўрап. л-ру. Аўтар п’ес пра жыццё і норавы азерб. сялян, памешчыкаў, бурж. дзялкоў канца 19 — пач. 20 ст. (камедыі «Мяса табе, а косці мне», 1873; «З-пад дажджу ды ў лівень», 1895; «Героі нашых дзён», 1898; трагедыя «Гора Фахрэдзіна», 1896, і інш.). Вял. ўплыў на яго творчасць зрабілі п’есы А.М.Астроўскага. У фельетонах, публіцыст. артыкулах выкрываў коснасць, рэліг. фанатызм, прапагандаваў навуку і асвету.
т. 4, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЗА
(Франц. visa ад лац. visus прагледжаны),
1) зроблены службовай асобай на дакуменце надпіс, які надае яму юрыд. сілу і засведчвае яго аўтэнтычнасць.
2) Афіцыйная адзнака ў пашпарце пра дазвол на ўезд у іншую дзяржаву, праезд ці выезд з гэтай дзяржавы. Выдаюцца кампетэнтнымі органамі дзяржавы на пэўны тэрмін. Бязвізавы ўезд, выезд ці транзіт можа быць устаноўлены спец. пагадненнямі паміж дзяржавамі. Выезд з Рэспублікі Беларусь бел. грамадзян (службовы, прыватны, на пэўны тэрмін, на пастаяннае жыхарства) рэгулюецца адпаведным заканадаўствам. Уязныя візы выдаюць дыпламат. прадстаўніцтвы або консульствы за мяжой, выязныя — МЗС, органы МУС рэспублікі.
Г.А.Маслыка.
т. 4, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)