АТРАПАТЭ́НА (Atropatēnē),
старажытнагрэчаская назва вобласці Паўд. Азербайджана, якая ўключала зону Талышскіх гор, р. Аракс і воз. Урмія. Паводле ант. аўтараў, Атрапатэна — раннерабаўладальніцкая дзяржава са сталіцай у г. Газака, адзін з асн. цэнтраў зараастрыйскай рэлігіі. У 3 ст. да нашай эры Атрапатэна актыўна ўдзельнічала ў барацьбе супраць захопніцкай палітыкі Селеўкідаў, а ў апошнія стагоддзі да нашай эры — супраць рым. экспансіі. У 7 ст. Атрапатэна заваявана Араб. халіфатам.
т. 2, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФРЫГІ́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура Харэзма ў 4—8 ст. Назва ад харэзмскай дынастыі Афрыгідаў. Склалася пад уплывам навакольных стэпавых плямёнаў у перыяд крызісу рабаўладальніцкага ладу і станаўлення феадалізму. Для афрыгідскай культуры характэрны заняпад старых антычных гарадоў і ўтварэнне новага тыпу сельскіх паселішчаў — феад. сядзібаў-замкаў і абшчынных дамоў. Пераважаў керамічны посуд, зроблены на ганчарным крузе. На апошнім этапе афрыгідскай культуры пачалі ўзнікаць новыя гарады.
т. 2, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛНДПТІХЛЕБАПРАДУ́КТ», Дзяржаўнае навукова-даследчае і праектна-тэхналагічнае прадпрыемства «БелНДПТІхлебапрадукт» пры Камітэце па хлебапрадуктах Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1971 у Мінску як філіял Цэнтральнага н.-д. і праектнага ін-та «Прамзбожжапраект». З 1991 сучасная назва. Асн. кірунак работы — комплекснае праектаванне для буд-ва і рэканструкцыі прадпрыемстваў галіны (мукамольна-крупяной, камбікормавай і элеватарнай прам-сці) на тэр. Беларусі і некаторых абласцей Рас. Федэрацыі.
т. 3, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІНЫ́,
традыцыйны бел. мучны выраб; вядомы і інш. слав. народам. Лакальная назва блінцы. Пшанічную, жытнюю, ячную, грэцкую ці аўсяную муку замешваюць на малацэ або сыраквашы, сыроватцы. Бліны рабіліся кіслыя, на рошчыне, і прэсныя, на содзе. У цеста часам дадаюць яйкі, цукар. Пякуць на подмазцы. Падаюць з мачанкай, падсмажаным салам, малаком, смятанай. З пшанічнай мукі пякуць невял. тоўстыя бліны — аладкі і тонкія — наліснікі. Шырока вядомы на ўсёй Беларусі.
т. 3, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОРТ (ням. Bord),
1) сукупнасць элементаў набору (бэлек, ліставых канструкцый і інш.) і абшыўкі судна, якія складаюць бакавыя сценкі корпуса.
2) У пераносным значэнні — сценка кузава грузавога аўтамабіля, адкрытага таварнага вагона і інш.; часам назва «борт» ужываецца ў дачыненні да асобнага марскога ці паветр. судна ў цэлым («узяць на борт»).
3) Левы або правы край адзення (паліто, пінжака і інш.) з петлямі або гузікамі для зашпільвання.
т. 3, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛЬТЫ́ЗМ (ад лац. occultus патаемны, скрыты),
агульная назва ідэаліст. вучэнняў і поглядаў, што прызнаюць існаванне звышнатуральных, не даступных навук. даследаванню феноменаў і сіл у чалавеку і космасе. Да акультных вучэнняў адносяць магію, астралогію, спірытызм, тэасофію, парапсіхалогію, тэлепатыю, ёга і інш. У філас. плане блізкі да гілазаізму і пантэізму. Вядомы з часоў антычнасці. На розных этапах развіцця культуры быў у складаных узаемаадносінах з навукай, філасофіяй, рэлігіяй, мастацтвам.
т. 1, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АЛЕ́СЯ»,
штомесячны грамадска-публіцыстычны і літаратурна-мастацкі часопіс для жанчын і сям’і. Выходзіць з ліст. 1924 у Мінску на бел. мове. Спачатку называўся «Беларуская работніца і сялянка», у 1931—41 «Работніца і калгасніца Беларусі», з 1946 «Работніца і сялянка», з 1995 сучасная назва. Асвятляе пытанні жыцця, працы, грамадскай дзейнасці жанчын Беларусі, папулярызуе пед. і юрыд. веды, дае парады, расказвае пра жыццё блізкага і далёкага замежжа.
т. 1, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МАЎ МОСТ,
ланцуг скал, водмеляў, невял. каралавых астравоў у Полкскім праліве, паміж п-вам Індастан і в-вам Шры-Ланка. Даўж. каля 30 км. Належыць Індыі і Шры-Ланцы. След былой сухапутнай сувязі в-ва Шры-Ланка з мацерыком Еўропы — Азіі.
Назва звязана з паданнем пра шлях Адама, выгнанага з раю на зямлю (на в-аў Шры-Ланка), які перайшоў на Ам. на мацярык.
т. 1, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬФА,
назва першай літары грэч. алфавіта α. Паходзіць ад назвы фінікійскай літары 𐤀 («алеф»), што ўзнікла на аснове іерагліфічнага егіп. малюнка галавы быка. У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала кароткі і доўгі гук «а», мела лічбавае значэнне 1. З’явілася асновай для кірыліцкай
(«аз»), У бел. і інш. мовах слова «альфа» абазначае пачатак чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).
А.М.Булыка.
т. 1, с. 286
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКРЭАНТЫ́ЧНАЯ ПАЭ́ЗІЯ,
лёгкая жыццярадасная лірыка, пазбаўленая суму і глыбокіх перажыванняў. Назва ад імя стараж.-грэч. паэта Анакрэонта, асн. матывамі песень якога былі каханне, бестурботная весялосць, віно. Анакрэантычныя вершы ў Францыі пісалі А.Шэнье, Вальтэр, П.Беранжэ; у Германіі — І.Глейм, Г.Лесінг; у Расіі — М.Ламаносаў, Г.Дзяржавін, К.Бацюшкаў, А.Пушкін і інш. У бел. паэзіі матывы анакрэатычнай паэзіі ў лірыцы М.Багдановіча.
т. 1, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)