МЫСЛІВЕ́Ц (Валянцін Цімафеевіч) (9.5. 1937, в. Хазянінкі Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 25.6.1993),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў на з-дзе ў Мінску (1959—64). З 1967 на Бел. радыё і тэлебачанні, у час. «Полымя», Бел. фондзе культуры і інш. Друкаваўся з 1962. Аўтар дакумент. аповесцей, нарысаў, апавяданняў: зб-кі «Дубы не маўчаць» (1967), «Мае заводчыкі» (1969), «Гарачая сталь» (1971), «Крылаты канвеер» (1975), «Партрэты знаёмых» (1976), «Скрыль мёду» (1984), «Каханне на золку» (1986), «Выгнанне грэшнікаў» (1990) і інш., у якіх узнімае праблемы развіцця горада і вёскі, тэму экалогіі асэнсоўвае як комплекс вытворчых і маральна-этычных праблем па захаванні і ўзбагачэнні нац. духоўнай спадчыны.

Тв.:

Мужанцы: З хронікі сорак пятага года. Мн., 1982.

В.Ц.Мыслівец.

т. 11, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТАЛЕ́ВІЧ (Нічыпар Якаўлевіч) (17.5.1900, г. Орша Віцебскай вобл. — 28.3.1964),

дзяржаўны дзеяч Беларусі. Скончыў Ваен.-паліт. акадэмію імя Талмачова ў Ленінградзе (1934). Удзельнік грамадз. вайны. У 1919—37 у Чырв. Арміі; палітрук роты, камісар палка, нач. палітаддзела дывізіі. З ліст. 1937 да ліп. 1938 в. а. старшыні ЦВК БССР. У 1938—47 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета БССР і нам. старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР. У 1948—56 на адказных пасадах у Пензенскай вобл. У 1956—60 на гасп. рабоце ў Мінску, Баранавічах, Брэсце. Чл. ЦК КП(б)Б у 1937—47, Бюро ЦК КП(б)Б у 1938—47. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—50, Вярх. Савета БССР у 1938—51.

т. 11, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЙ БЯСПЕ́КІ ІНСТЫТУ́Т, Інстытут нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь,

вышэйшая спец. навуч. ўстанова па падрыхтоўцы аператыўнага складу КДБ, а таксама Пагранічных войск і мытных органаў. Засн. ў 1946 у г. Львове як школа па падрыхтоўцы аператыўнага складу КДБ. З 1952 сярэдняя спец. навуч. ўстанова. У 1954 пераведзена ў Магілёў; рыхтавала спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй (з 1956). З 1961 у Мінску. У 1964 ператворана ў Вышэйшыя курсы КДБ пры СМ СССР. З 1992 пад юрысдыкцыяй КДБ Рэспублікі Беларусь. У 1994 на базе курсаў створаны ін-т нац. бяспекі. Мае 3 факультэты, 11 спец. кафедраў (1999); ад’юнктура з 1994, дактарантура з 1999.

Літ.:

Шаров В.И., Князев С.Н. Фрагменты большого пути. Мн., 1996.

С.​Н.​Князеў.

т. 11, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАК (Уладзімір Лявонцьевіч) (н. 20.5.1939, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). Працуе ў манум.-дэкар. мастацтве і жывапісе. Сярод твораў: сграфіта «Вучоныя» ў будынку ўлікова-крэдытнага тэхнікума ў г. Пінск Брэсцкай вобл. (1983), «Навука» на будынку школы № 6 (1970), вітражы «Спорт» у Акадэміі фіз. выхавання і спорту (1995), «Прырода» ў Акадэміі паслядыпломнага навучання (1999; усе ў Мінску) і інш.; жывапісныя серыі «Парусны спорт», «Футбалісты», «Хакеісты», «Гімнасткі», «Стары парк» (усе 1980-я г.), «Кітайскія студэнты» (1999), партрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.​Р.​Лукашэнкі (2000), спартсменаў, а таксама пейзажы. Творам характэрны абагульненасць форм, экспрэсіўнасць малюнка, дынамізм кампазіцыі і кантрастна-колеравага спалучэння.

Г.​А.​Фатыхава.

т. 11, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАД СЦЯ́ГАМ КАМУНІ́ЗМУ»,

заходнебеларускі часопіс. Орган ЦК КПЗБ. Выдаваўся ў 1927—30 у Вільні на бел. мове (рэдакцыя часопіса знаходзілася ў Мінску). Выходзіў 1 раз у 3 месяцы. Ставіў за мэту ўзброіць камуністаў ленінскім вучэннем, распрацоўваць новыя ідэалаг. і паліт. пытанні для парт. актыву, знаёміць з дзейнасцю Камінтэрна, ВКП(б), КПП, КП(б)Б і КПЗБ Шмат увагі аддаваў сацыяліст. будаўніцтву ў БССР. Асвятляў найб. важныя праблемы пралет. рэвалюцыі, нац. пытання, расстаноўкі і суадносін класавых сіл у Зах. Беларусі. Меў рубрыку «Хроніка міжнароднага жыцця». У 1930 выдаваў серыю брашур, у іх ліку «Вынікі пленумаў ЦК КПЗБ», «Аб УКП(б)», «Аб прафсаюзах», «Аб нацыянальна-вызваленчай барацьбе», «Аб правым ухіле ў УКП(б)».

П.​І.​Зялінскі.

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКАЗА́ЛЬНЫЯ ТЭА́ТРЫ,

чырвонаармейскія т-ры і тэатр. калектывы, што існавалі ў час грамадз. вайны пры Палітаддзеле 16-й арміі Зах. фронту для культ. абслугоўвання вайск. часцей франтавых і прыфрантавых зон, шпіталяў і мясц. насельніцтва 3 восені 1919 да ліп. 1920 існавалі Першы паказальны тэатр, Другі паказальны тэатр, Трэці паказальны тэатр. У ліп. 1920 яны аб’яднаны ў адзіны калектыў з базай у Смаленску, пазней у Мінску. У трупе выступалі прафес. акцёры і чырвонаармейцы, маст. кіраўнік — М.​Дняпроў. Рэпертуар складаўся пераважна з твораў рус. і замежнай класікі, сав. драматургіі. Спыніў дзейнасць у канцы 1920. Апошні спектакль аб’яднанай трупы — «На дне» М.​Горкага (рэж. і мастак К.​Елісееў).

К.​Б.​Кузняцова.

т. 11, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУЭ́КТАЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 12.4.1952, г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар, піяніст. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1976). З 1976 выкладаў у Пскоўскім і Наваполацкім муз. вучылішчах. З 1980 у Мінску. Яго творчасці ўласціва цікавасць да разнастайных жанраў і стыляў. Сярод твораў: мюзікл «Граф Монтэ-Крыста» паводле А.​Дзюма (1985); сімф. паэма «Мцыры» паводле М.​Лермантава (1976), андантэ «Вега» (1981), Сімфаньета (1982) для сімф. арк.; санаты № 1—5 для фп. (1978—87), фп. трыо (1981), 2 сюіты для фп., «Зборнік дзіцячых п’ес» (1988—94) для фп., 90 джазавых тэм, хары на вершы М.​Багдановіча, П.​Броўкі, М.​Танка, С.​Ясеніна, І.​Нікіціна, А.​Фета, песні на ўласныя вершы і інш.

т. 12, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРСАДА́НАЎ (Георгій Арцёмавіч) (10.9.1911, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція — 15.10.1989),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1937). З 1959 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект», у 1962—73 нач. Упраўлення па справах буд-ва і архітэктуры Мінскага аблвыканкома. Асн. работы: генпланы гарадоў Мінск (1946), Слуцк Мінскай вобл. (1937—40, 1947), Рэчыца Гомельскай вобл. (1937—39, 1951), Магілёў (1947—50, 1961), Салігорск Мінскай вобл. (1958, 1971, апошнія 4 у сааўт.), карэкціроўка генплана Мінска (1959). Аўтар праектаў жылых раёнаў аўтамабільнага, падшыпнікавага з-даў, камвольнага камбіната (1945—55), мікрараёна па вул. Валгаградскай (1956, усе ў сааўт.) у Мінску; курортнай зоны воз. Нарач (1966, 1974—75).

А.​А.​Воінаў.

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА ААН У РЭСПУ́БЛІЦЫ БЕЛАРУ́СЬ.

Адкрыта 8.9.1992 у Мінску. Створана і дзейнічае ў адпаведнасці з пагадненнямі паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ААН і Праграмай развіцця ААН (ПРААН). З’яўляецца першым з 8 прадстаўніцтваў ААН, створаных па ініцыятыве ген. сакратара ААН Б.Бутраса-Галі ў краінах СНД. Аказвае дапамогу народу і ўраду Беларусі ў правядзенні праграм эканам. і сац. развіцця ў час пераходу эканомікі краіны да рыначных адносін і яе інтэгравання ў сусв. супольніцтва, спрыяе працэсам дэмакратызацыі, свабоднаму прадпрымальніцтву, каардынуе дапамогу Беларусі з боку краін-донараў і асобных міжнар. арг-цый, распаўсюджвае матэрыялы і дакументы ААН і з’яўляецца крыніцай інфармацыі пра дзейнасць ААН. Супрацоўнічае з грамадскімі арг-цыямі, аб’яднаннямі, сродкамі масавай інфармацыі Беларусі і інш.

т. 12, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПФЛЯЎМБА́ЎМ (Яўгенія Эргардаўна) (1.11.1908, Мінск — 13.1.1996),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1930). З 1930 працавала ў Кніжнай палаце пры Дзярж. б-цы Беларусі імя У.​І.​Леніна, газ. «Звязда». У 1933 выехала ў Сібір (г. Марыінск) услед за сваім рэпрэсіраваным мужам М.Лужаніным. У 1935—45 працавала ў Абаронным дзярж. выд-ве ў Маскве. З 1945 жыла ў Мінску. Друкавалася з 1925. Аўтар калект. кн. «Вершы» (з З.​Бандарынай і Н.​Вішнеўскай, 1926). Доўгі час не пісала. Да паэт. творчасці вярнулася ў 1980-я г. Паэт. зб-кі «Сувой жыцця» (1989), «На захадзе сонца» (1992) пра нялёгкі жыццёвы лёс свайго пакалення. Яе творчасці ўласцівы лірычнасць, шчырасць, непасрэднасць. Перакладала на бел. мову з рус., укр., англ. моў.

т. 13, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)