СЮІ́ТА (франц. suite літар. — рад, паслядоўнасць),
1) інструментальны муз. твор шматчасткавай цыклічнай будовы, які складаецца з адносна самаст. кантрастных частак, аб’яднаных агульнай маст. задумай. Ад санаты і сімфоніі адрозніваецца больш простай муз. драматургіяй і структурай, адсутнасцю рэгламентацыі колькасці і паслядоўнасці частак, а таксама сувяззю з песняй і танцам.
2) Харэаграфічная кампазіцыя з некалькіх танцаў, самаст. твор або ў складзе балетнага спектакля.
Вытокі С. ў супастаўленні павольнага і хуткага танцаў, вядомых са старажытнасці. С. рознага віду існуюць з 16 ст., у т. л. пад назвай дывертысмент, партыта, серэнада. У 17—18 ст. складалася з асн. (алеманды, куранты, сарабанды, жыгі) і інш. танцаў, а таксама нетанц. частак (арыя, прэлюдыя і інш.). З 19 ст. ствараюцца арк. нетанц. С. (П.Чайкоўскі), а таксама праграмныя («Шахеразада» М.Рымскага-Корсакава). Вядомы С., якія складаюцца з музыкі опер, балетаў, а таксама музыкі да тэатр. пастановак.
У бел. музыцы найб. шматлікія і разнастайныя С. для сімф. аркестра (М.Аладаў, А.Клумаў, Р.Пукст, Я.Цікоцкі), у т. л. праграмныя («Песні міру» У.Алоўнікава, «Піянерская сюіта» Г.Вагнера, «Забавы» В.Войціка, «Палеская сюіта» Я.Глебава, «Карнавальная сюіта» Я.Дзягцярыка», «Калядныя забавы» Р.Суруса, «Кірмашовыя замалёўкі» Л.Шлег і інш.); для аркестра бел. нар. інструментаў (В.Іваноў, Э.Зарыцкі, Дз.Камінскі, П.Падкавыраў, «Раёк» А.Мдывані, «Батлейка» В.Помазава, «Мінская сюіта» К.Цесакова і інш.); для асобных інструментаў з сімф. аркестрам (Мдывані, Падкавыраў і інш.) і камернага, стр. аркестра, рознага складу ансамбляў, эстр. аркестра. Значнае месца займаюць С. для хору, салістаў і аркестра (Вагнер, І.Кузняцоў, Мдывані, Ю.Семяняка, Дз.Смольскі, Сурус, Цесакоў, У.Чараднічэнка, Шлег і інш.), а таксама на аснове твораў інш. жанраў: балетаў (Вагнер, Глебаў, В.Залатароў, Кандрусевіч), аперэты (Сурус), музыкі да спектакляў драм. т-раў, кінафільмаў (Ю.Бяльзацкі, Глебаў, Дз.Лукас і інш.).
Літ.:
Попова Т.В. Сюита. М., 1963.
Т.А.Дубкова.
т. 15, с. 331