КАНТРАЦЭ́ПЦЫЯ (ад лац. contraceptio літар. процізачацце),
метады і сродкі папярэджання цяжарнасці. Адрозніваюць К. фізіял. і штучную. Фізіял. К. заснавана на палавым устрыманні ў авуляцыйны перыяд (з 12-га да 16-га дня пры 28-дзённым менструальным цыкле), калі зачацце найб. верагоднае. Тэрміны авуляцыі могуць вар’іраваць, што робіць К., заснаваную на фізіял. асаблівасцях, не вельмі надзейнай. Часовая стэрыльнасць (немагчымасць зачацця) бывае ў многіх жанчын пры кармленні грудзьмі, асабліва ў першыя месяцы пасля родаў. Штучная К. ўключае мех., хім., біял., хірург. і камбінаваныя сродкі і метады. К. мае значнае сац. значэнне як адзін з асн. метадаў прафілактыкі аборту, планавання сям’і, рэгулявання росту народанасельніцтва і інш.Гл. таксама Процізачаткавыя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕ́РНІКА І ГРЭ́ШЭМА ЗАКО́Н,
эканамічны закон аб неабходнасці строгага вызначэння колькасці грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні. У адносінах да метал. грошай гэты закон сфармуляваў М.Капернік у 1526. Ён лічыў, што лішак грошай звыш устаноўленай колькасці непазбежна вядзе да змянення рыначнай ацэнкі манет, да таго, што «за манету нельга набыць такую колькасць серабра, якую яна ў сабе заключае». Англ.дзярж. дзеяч і фінансіст 16 ст. Т.Грэшэм таксама прыйшоў да высновы, што «горшыя грошы выцясняюць з абарачэння лепшыя». Дзеянне К. і Г. з. характэрна ў асн. для біметалізму, а таксама пры інфляцыі, калі залатыя і сярэбраныя манеты свядома выводзяцца са сферы абарачэння і ў ёй звычайна застаюцца папяровыя грошы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІТА́ЛЬНЫ РАМО́НТ,
рамонт, які выконваецца для аднаўлення спраўнасці вырабу з заменай любых яго частак. Пры К.р. праводзяць поўную разборку агрэгата, замену або аднаўленне ўсіх зношаных, у т. л. базавых, дэталей, асн. элементаў канструкцыі, поўнае аднаўленне ўстаноўленай дакладнасці і працаздольнасці. К.р. выконваецца, калі далейшая эксплуатацыя машын і абсталявання немагчыма з-за зношанасці (рамонт па патрэбнасці), або раней, не чакаючы выхаду са строю (рэгламентаваны рамонт). Апошні выконваюць у адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўна-тэхн. дакументацыі. Патрэба ў К.р. ўстанаўліваецца камісіяй на аснове грунтоўнага аналізу тэхн. стану аб’екта з улікам тэрміну службы (напрацоўкі) з пачатку эксплуатацыі або апошняга К.р. Рамонт маральна ўстарэлых асн. фондаў звычайна спалучаюць з іх мадэрнізацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РТЛІ,
гістарычная вобласць ва Усх. Грузіі ў сярэднім цячэнні р. Кура. У ант. і візант. крыніцах вядома пад назвай Іберыя. З канца 4 ст. пад уладай Сасанідаў, ад якой вызвалілася (акрамя г. Тбілісі) да канца 6 ст. З пач. 7 ст. пад уплывам Візантыі, саюзнікі якой хазары ў 627 захапілі Тбілісі, дзе знаходзіўся сасанідскі гарнізон. Да 730-х г. К. заваяваны арабамі, панаванне якіх працягвалася тут да 1122, калі цар Давід Будаўнік знішчыў Тбіліскі эмірат. З канца 10 ст. К. — ядро адзінай груз. дзяржавы. Пасля распаду гэтай дзяржавы ў 2-й пал. 15 ст. К. вылучылася ў самаст.Картлійскае царства, якое аб’ядналася ў 1762 з Кахеты ў Картлійска-Кахецінскае царства (з 1801 у складзе Расіі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЛІ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,
дзяржава ва Усх. Грузіі на тэрыторыі гіст. вобласці Картлі ў 2-й пал. 15—18 ст. Узнікла ў выніку распаду адзінага Груз. царства. Сталіца — г. Тбілісі. Аснова эканомікі — натуральная гаспадарка. Падзялялася на паўсамаст. адзінкі — сатавада. У канцы 17 — пач. 18 ст. перажывала пэўны эканам. і культ. ўздым. У 16—18 ст. К.ц. пад кіраўніцтвам Луарсаба I, Георгія Саакадзе, Вахтанга VI і інш. супраціўлялася ірана-тур. агрэсіі. У 1723 К.ц. авалодалі туркі, у 1735 — іранцы. У 1744 аднавіла незалежнасць. Існавала да 1762, калі пад уладай кахецінскага цара Іраклія II было аб’яднана з Кахеты ў адзінае Картлійска-Кахецінскае царства са сталіцай у Тбілісі, якое ў 1801 далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЖА́Л (араб.),
клінковая халодная зброя блізкага бою, прызначаная для колючага ўдару. У старажытнасці выраблялі з крэменю, рогу, пазней з металу. Найб. пашыраны на Усходзе, дзе захаваўся да нашых дзён як парадная зброя. Папярэднікам К. на Беларусі быў вял. баявы нож. Атрымаў пашырэнне ў часы сярэдневякоўя, калі набыў форму 1-, 2-лязовага або штыкападобнага клінка. На Беларусі К. называўся пуйнал (ад італьян. pugnale). З 17 ст. ён паступова траціць баявое значэнне і выкарыстоўваецца ў асн. як парадная і дэкаратыўная зброя.
Літ.:
Трусаў А.А. Зброя Лідскага замка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2.
Ю.М.Бохан.
Кінжал з г. Бібл (цяпер г. Джубейль, Ліван, 2-е тысячагоддзе да н.э.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКІ РАССТРЭ́Л 1927у Заходняй Беларусі,
расстрэл польск. ўладамі дэманстрацыі працоўных у г. Косава, якія выступілі ў абарону Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Па закліку Косаўскага райкома КПЗБ 3.2.1927 у Косава на дэманстрацыю пратэсту супраць разгрому польск. ўладамі БСРГ сабралася больш за 1,5 тыс. сялян. З чырв. сцягамі і транспарантамі, на якіх былі надпісы «Вызваліць рабоча-сялянскіх дэпутатаў, вызваліць усіх палітзняволеных!», «Далоў фашысцкую дыктатуру Пілсудскага!», з рэв. песнямі дэманстранты прайшлі па вуліцах Косава, правялі мітынг. Атрады самаабароны прагналі паліцыю, якая спрабавала яго разагнаць. Калі дэманстранты зноў рушылі па горадзе, паліцыя пачала страляць. Забіта 6 чал., некалькі дзесяткаў паранена. Пахаванне забітых вылілася ў маніфестацыю пратэсту супраць самавольства паліцыі і дыктатарскага рэжыму Пілсудскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВЯНА́Я ТЛЯ (Eriosoma lanigerum),
насякомае падатр. (сям.) тлей. Пашырана ў Амерыцы, Паўд. Афрыцы, на а-вах Н. Зеландыя і Тасманія. Завезена ў Еўропу. Трапляецца ў Закаўказзі, Крыме, Малдавіі. Шкоднік яблыні.
Даўж. да 3 мм. Цела бурае, укрыта белым пушком з васковых нітак. Лапкі двухчленістыя, з кіпцюркамі. Калі тлю расціснуць, застаецца чырв. пляма (адсюль назва). Корміцца сокамі дрэва, у месцах смактання на ствалах і каранях утвараюцца жаўлакі, нарасты, шчыліны. Калоніі К.т. (накшталт снежных камякоў ці камякоў ваты) на парастках, ствалах і каранях дрэва; небяспечная для сеянцаў. Размнажаецца ў Еўропе без апладнення (партэнагенез), за лета дае да 19 пакаленняў. Зімуе на ствалах і каранях яблыні.
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт. Расіі (1969). Нар.арт.СССР (1976). Герой Сац. Працы (1984). Чл.-кар.АМ Германіі. Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1955), выкладаў у ім (з 1977 праф.). Творчасці ўласцівы лаканізм рэжысуры, камернасць сюжэтаў, паглыблены псіхааналіз характараў, лірычныя інтанацыі, дэталёвая дакладнасць, мяккі гумар. Паставіў фільмы: «Дом, у якім я жыву» (1957, з Я.А.Сегелем), «Бацькоўскі дом» (1959), «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962), «Сіні сшытак» (1964), «Злачынства і пакаранне» (1970), «Зорная хвіліна» (1975; маст.-дакумент.), тэлесерыял «Карл Маркс. Маладыя гады» (1980; Ленінская прэмія 1982), «Памерці не страшна» (1991) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛО́НА ЗАКО́Н,
адзін з асн. законаў электрастатыкі, які вызначае сілу ўзаемадзеяння паміж двума кропкавымі зарадамі (гл.Зарад электрычны). Устаноўлены ў 1785 Ш.А.Кулонам і незалежна Г.Кавендышам (яго працы апублікаваны ў 1879) і з’яўляецца эксперым. абгрунтаваннем класічнай электрадынамікі.
Паводле К.з. 2 кропкавыя задачы q1 і q2 узаемадзейнічаюць у вакууме з сілай , модуль якой прама прапарцыянальны здабытку гэтых зарадаў і адваротна прапарцыянальны квадрату адлегласці г паміж імі: F = kq1q2/r2, дзе k = 1/4πε0, ε0 — электрычная пастаянная. Сіла накіравана ўздоўж прамой, што злучае зарады, і адпавядае прыцягненню рознаіменных зарадаў і адштурхоўванню аднайменных. Калі ўзаемадзейныя зарады знаходзяцца ў аднародным дыэлектрыку з дыэлектрычнай пранікальнасцю ε, сіла іх узаемадзеяння змяншаецца ў ε разоў. Абагульненне К.з. прыводзіць да Гаўса тэарэмы.