ПАРЭ́ЦКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Гродзенскім р-не. Створаны ў 1978 з мэтай аховы прыродных запасаў лек. раслін і арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі лек. сыравіны. Пл. 2,3 тыс. га. Займае лясны масіў з хвойнікаў, ельнікаў, бярэзнікаў, чорнаалешнікаў. У фауне 20 відаў млекакормячых, у т. л. казуля, дзік, алень, лось; 91 від птушак, у т. л. арлан-белахвост, змеяед, пустальга звычайная, журавель шэры, бусел чорны, гогаль звычайны, лебедзь-шыпун, занесеныя ў Чырв. кнігу; 17 відаў амфібій і паўзуноў; рэдкія насякомыя, у т. л. жужаль бліскучы, махаон, чмель Шрэнка і інш. У складзе флоры 292 віды вышэйшых сасудзістых раслін (у асн. з групы ксерафітаў і ксерамезафітаў), у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, сон лугавы, занесеныя ў Чырв. кнігу. Лекавыя расліны: звычайныя верас, талакнянка, ядловец, чабор, маліны, брусніцы, крапіва двухдомная, цмен пясчаны, дзераза булавападобная.

П.Л.Лабанок.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦУКІ́ (Rattus),

род млекакормячых сям. мышыных атр. грызуноў. Паводле розных класіфікацый, ад 65 да 280 відаў. Найб. колькасць відаў жыве ў трапічнай Азіі і Афрыцы ў разнастайных ландшафтах; пасяляюцца ў норах, у пабудовах. З чалавекам рассяліліся па ўсім свеце. Актыўныя пераважна на змярканні і ўначы. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў многіх хвароб жывёл і чалавека, у т. л. інфекцыйных. На Беларусі 2 сінантропныя віды: П. шэры, або свірнавы (R. norvegicus), і П. чорны (R. rattus).

Даўж. цела да 30 см, хвост крыху карацейшы або даўжэйшы, укрыты лускавінкамі і рэдкімі валаскамі. Усёедныя. Нараджаюць да 23 пацучанят 2—4 разы за год. Наносяць шкоду гаспадарцы: знішчаюць значную ч. ўраджаю (асабліва збожжавых культур), псуюць і засмечваюць харч. прадукты, прамысл. тавары. вырабы, мэблю і інш. Лабараторныя жывёлы. П. наз. таксама прадстаўнікоў інш. родаў з сям. мышыных.

Э.​Р.​Самусенка.

Пацукі: 1 — чорны; 2 — шэры.

т. 12, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНАВА́ННЕ СЯМ’І́,

добраахвотнае рэгуляванне дзетараджэння ў сям’і. Дапамагае вызначыць колькасць дзяцей ў сям’і, нарадзіць жаданых дзяцей у найб. спрыяльных умовах, выбраць час дзетараджэння з улікам узросту бацькоў і сац.-эканам. умоў, рэгуляваць інтэрвалы паміж цяжарнасцямі, пазбегнуць непажаданай цяжарнасці. П.с. — важны фактар захавання здароўя маці і дзіцяці, зніжэння мацярынскай і ранняй дзіцячай смяротнасці, частаты абортаў. Уключае таксама дзейнасць арг-цый, якія ствараюць умовы для дасягнення сям’ёй пажаданай колькасці дзяцей шляхам розных адм., сац., эканам. і прапагандысцкіх сродкаў. Напр., у Еўропе найб. шырока праграму П.с. з 1, 2, 3 дзецьмі праводзіць Францыя. У Азіі, Афрыцы, Лац. Амерыцы праграмы П.с. накіраваны на зніжэнне нараджальнасці (Індыя, Кітай і інш.). На Беларусі існуе сістэма матэрыяльнай дапамогі па падтрымцы сям’і: выплачваюцца розныя віды дапамогі, у залежнасці ад колькасці і ўзросту дзяцей сем’ям дадзены розныя падатковыя льготы.

Дз.​М.​Кудзелка.

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЗНА́ННЕ ў міжнародным праве,

прызнанне існуючымі дзяржавамі новай дзяржавы або яго ўрада ці інш. органа, што дазваляе ўстанавіць з імі афіц., неафіц., поўныя, няпоўныя, пастаянныя ці часовыя адносіны. Існуюць розныя віды П.: дзяржавы, урада, паўстаўшага боку, органаў нац. вызвалення, органаў супраціўлення і інш. Найб. пашыраная форма П. ў сучаснай дыпламат. практыцы — устанаўленне або згода на ўстанаўленне ўрадамі розных краін дыпламат. адносін з новым урадам існуючай дзяржавы або з урадам новаўзнікшай дзяржавы. Традыц. з’яўляюцца П. дэ-юрэ і дэ-факта. Афіц. П. з’яўляюцца заявы: аб афіц. П. без якіх-н. агаворак, аб П. дэ-юрэ і дэ-факта, аб устанаўленні ці аб згодзе на ўстанаўленне дыпламат. адносін. Неафіц. П. азначае ўступленне ўрада адной краіны ў зносіны з непрызнаным афіцыйна ўрадам інш. краіны, супрацоўніцтва дзяржаў, якія не прызнаюць адна адну, на міжнар. канферэнцыях або ў рамках міжнар. арг-цый.

т. 13, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ПУШКІ,

рыбы сям. сіговых атр. ласосепадобных. 2 віды: Р. еўрапейская, або балтыйская, або сялява (Coregonus albula), і Р. сібірская, або зельдзь (C. sardinella). Прэснаводныя і паўпрахадныя рыбы, утвараюць мноства форм. Р. еўрап. пашырана ад Ірландыі да бас. Балт. і Баранцава м., трапляецца ў азёрах вярхоўя Волгі. Буйная Р. з Анежскага і Ладажскага азёр наз. рыпус. Р. сібірская пашырана ў рэках бас. Паўн. Ледавітага ак. ад Белага м. да Аляскі, трапляецца таксама ў вярхоўі Волгі. На Беларусі Р. еўрап. трапляецца ў азёрах бас. рэк Зах. Дзвіна і Нёман, у т. л. воз. Дрывяты, Нарач і інш.

Даўж. да 46 см, маса Р. еўрап. да 1,2 кг (на Беларусі даўж. да 25 см, маса да 200 г), сібірскай каля 0,5 кг. Цела верацёнападобнае. Кормяцца планктонам, ракападобнымі, дробнай рыбай. Аб’екты промыслу і акліматызацыі.

А.​М.​Петрыкаў.

Рапушкі: 1 — сібірская; 2 — еўрапейская.

т. 13, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАВЕ́ЖСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК,

у Польшчы, ва ўсх. ч. Падляска-Белавежскіх нізін у Падляска-Мазурскім краі; частка ляснога масіву Белавежскай пушчы. Засн. ў 1947. Пл. 5317 га, у т. л. пад лесам 4904 га (92%). 89% пл. (4747 га) пад рэзерватам — зонай абсалютнай аховы. У флоры 632 віды сасудзістых раслін (у т. л. бяроза цёмная, мнаганожка звычайная, гайнік цёмна-чырвоны, пылкагалоўнік чырвоны, тайнік сэрцападобны, каменяломнік балотны), больш за 1000 відаў грыбоў, 250 лішайнікаў, 80 імхоў, водарасці. Сярод 11 тыс. відаў жывёл, што трапляюцца ў парку, тыповыя для гэтага рэгіёна прадстаўнікі млекакормячых, у т. л. ахоўныя зубр і бабёр, каля 200 птушак, 8,5 тыс. відаў насякомых, шматлікія паўзуны і земнаводныя. Ёсць музей прыроды, стараж. прысядзібны палацавы парк, дзе створаны закрыты рэзерват гадоўлі зуброў. Па рашэнні ЮНЕСКА з 1977 Белавежскі нацыянальны парк з’яўляецца біясферным (міжнародным) рэзерватам, уключаны ў спіс аб’ектаў сусветнай культ. і прыроднай спадчыны.

Т.​А.​Сабалеўская.

т. 2, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria),

род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. 2 віды. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы: вікторыя амазонская, або каралеўская (Victoria amazonica, або Victoria regia), расце ў затоках р. Амазонка і яе прытокаў, вікторыя Круса (Victoria cruziana) — у басейне р. Парана.

Шматгадовыя водныя травяністыя расліны з круглавата-шчытападобным з падагнутымі ўверх у выглядзе борціка краямі, плаваючымі на паверхні вады вял. лісцем дыям. да 2 м, падводным сцяблом і магутным карэнішчам, якое прымацоўвае расліну да грунту. Лісце ўнізе ўкрыта сеткай тоўстых жылак, з моцна развітай паветраноснай тканкай, вытрымлівае груз да 50 кг. Чаранкі (ніжняя паверхня лісця), кветаносы і чашалісцікі ўкрыты вострымі шыпамі. Кветкі вялікія (дыям. 25—35 см), адзіночныя, пахучыя, са зменлівай ад белай да малінавай на працягу сутак афарбоўкай. Плод — шматгнездавая каробачка з ядомым насеннем памерам з гарошыну. Дэкар., прыдатныя для аквакультуры расліны (культывуюць у бат. садах, аранжарэях пры т-рах вады 25—30 °C).

Вікторыя Круса.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБІ́ЦЫЯ (Albizia),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 125 відаў. Растуць у тропіках і субтропіках, пераважна ва Усх. паўшар’і. Альбіцыя ленкаранская, або «шаўковая акацыя» (A. julibrissin) трапляецца ў талышскіх лясах на Пд Азербайджана. Як дэкар. расліну разводзяць на Пд Еўропы, у Крыме, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. Альбіцыя серпападобная (A. falcata) — адно з найб. хуткарослых дрэў у свеце (гадавы прырост больш за 5 м).

Дрэвы ці кусты з двойчыперыстаскладанымі лістамі і кветкамі з непрыкметным венчыкам і шматлікімі доўгімі ярка афарбаванымі тычынкавымі ніткамі. Суквецці галоўчатыя або коласападобныя. Некаторыя віды маюць каштоўную драўніну і кару, багатую дубільнымі рэчывамі або сапанінамі Выкарыстоўваюцца як тэхн., сідэратныя, кармавыя, лек. (лісце і кветкі ў Індыі ўжываюцца для лячэння праказы) і фарбавальныя расліны, а таксама для зацянення і ветрааховы плантацый чаю і кавы, аблясення пустэчаў, стварэння прысад, вытв-сці камедзі; з насення альбіцыі вырабляюць каштоўны алей для фарбаў.

Альбіцыя ленкаранскяя («шаўковая акацыя»).

т. 1, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮ́РЫ (франц. allure літар. хада),

віды руху каня. Адрозніваюць алюры натуральныя і штучныя. Натуральныя алюры: хада (павольныя алюры) — конь паслядоўна падымае і ставіць на зямлю адну за адной усе 4 нагі; змена ног па дыяганалі; рысь — паскораныя алюры ў 2 тэмпы: конь перастаўляе адначасова 2 нагі па дыяганалі; інахадзь — алюры ў 2 тэмпы: конь падымае і апускае то 2 левыя, то 2 правыя нагі; інахадзь шпарчэй за рысь; галоп — скачкападобныя алюры ў 3 тэмпы з безапорнай фазай; скачок — адштурхоўванне ад зямлі наперад адначасова 2 заднімі канечнасцямі. Штучныя алюры (у конным спорце і цыркавым мастацтве): парадная хада — конь ідзе рыссю, высока падымаючы і выцягваючы ногі; пасаж — скарочаная рысь; п’яфэ — пасаж на месцы; піруэт — заднія ногі на месцы, пярэднія апісваюць поўны круг.

Алюры: 1 — рысь; 2 — хуткая рысь; 3 — інахадзь (апора на правыя ногі); 4 — інахадзь (фаза свабоднага вісення); 5 — галоп; 6 — скачок.

т. 1, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕ́Н ЭНЕ́РГІІ, энергетычны абмен,

сукупнасць працэсаў утварэння, назапашвання, трансфармацыі і выкарыстання энергіі ў жывых арганізмах, а таксама працэсаў абмену паміж імі і навакольным асяроддзем. Абмен энергіі неадрыўны ад абмену рэчываў, карэліруе з яго ўзроўнем, мае фундаментальнае значэнне ў жыцці ўсіх арганізмаў. У аснове ўнутрыклетачнага абмену энергіі ляжыць акісленне біялагічнае арган. злучэнняў з назапашваннем і ператварэннем т.зв. макраэргічных сувязяў АТФ, крэацінфасфату, фосфаэнолпірувату, 3-фосфагліцэрату і інш. макраэргаў (гал. ролю пры гэтым выконвае цыкл трыкарбонавых кіслот). Зыходнымі вонкавымі крыніцамі для забеспячэння іх энергет. патрэб з’яўляецца энергія пажыўных і інш. рэчываў, што засвойваюцца арганізмам, і светлавая энергія, якая ўключаецца ў біяэнергет. абмен праз фотасінтэз. Ён забяспечвае існаванне не толькі раслін, але і ўсіх гетэратрофных арганізмаў. Гал. крыніцы энергіі ўнутры арганізма — вугляводы (даюць больш за 50% энергіі) і тлушчы. Праз ператварэнні рэчываў у арганізме ажыццяўляецца трансфармацыя хім. энергіі ў інш. відымех., цеплавую і інш.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)