КУ́РБАС Лесь

(Аляксандр Сцяпанавіч; 25.2.1887, г. Самбар Львоўскай вобл., Украіна — 15.10.1942),

украінскі рэжысёр, акцёр; адзін з заснавальнікаў укр. сав. т-ра. Нар. арт. Украіны (1925). Вучыўся ў Венскім і Львоўскім ун-тах. З 1916 арганізатар і кіраўнік тэатр. труп, у т.л. «Беразіль» (1922, з 1934 Укр. т-р імя Т.Р.Шаўчэнкі ў Харкаве). Лепшыя акцёрскія работы: Гнат («Абяздоленая» І.Карпенкі-Карага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Макбет («Макбет» У.Шэкспіра). Паставіў спектаклі «У пушчы» Лесі Украінкі, «Цар Эдып» Сафокла (абодва 1918), «Гайдамакі», «Іван Гус» паводле Т.Шаўчэнкі, «Нявольнік» М.Крапіўніцкага (усе 1920), «Джымі Хігінс» паводле Э.Сінклера (1923), «Дыктатура» І.Мікітэнкі (1930), «Маклена Граса» М.Куліша (1933) і інш. Рэжысёр-пастаноўшчык фільмаў «Вендэта», «Макдональд» (абодва 1924), «Арсенальцы» (1925).

т. 9, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́НГЕЛЬСКІ Аляксандр Сямёнавіч

(24.7.1854, г. Пенза — 24.4.1926),

рускі літаратуразнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1904). Скончыў Казанскі ун-т (1876), праф. гэтага ун-та (1882—1908). Асн. працы па стараж.-рус. л-ры, л-ры 19 ст. і тэатры 17—18 ст. У кн. «Нарысы з гісторыі заходнярускай літаратуры XVI—XVII стст.» (1888) пісаў пра бел. л-ру. Даследаваў барацьбу з каталіцызмам на бел. і ўкр. землях, гісторыю царк. брацтваў на Беларусі (у Вільні, Гродне, Магілёве, Брэсце, Мінску, Оршы, Пінску і інш.), славянскае кнігадрукаванне (ад Ш.Фіёля і Ф.Скарыны, са спісам бел. кніг 14—16 ст.), творы палемічнай л-ры («Апокрысіс» Хрыстафора Філалета, «Трэнас» М.Сматрыцкага і інш.), зах.-рус. прапаведнікаў І.Галятоўскага, Л.Барановіча і інш., «Лексіс» Л.Зізанія, «Лексікон» П.Бярынды, «Граматыку» М.Сматрыцкага і інш.

І.У.Саламевіч.

т. 1, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРБУ́ЗАЎ Аляксандр Ермінінгельдавіч

(11.9.1877, с. Арбузава-Баран Казанскай губ. — 21.1.1968),

савецкі хімік-арганік. Акад. АН СССР (1942, чл.-кар. 1932). Герой Сац. Працы (1957). Скончыў Казанскі ун-т (1900). У 1911—30 праф. гэтага ун-та, у 1930—63 — Казанскага хім.-тэхнал. ін-та. У 1946—65 старшыня прэзідыума Казанскага філіяла АН СССР. Заснавальнік хіміі фосфараарган. злучэнняў, універсальнага метаду сінтэзу гэтых злучэнняў (перагрупоўка Арбузава); адкрыў фізіял. актыўнасць фосфаразмяшчальных злучэнняў (сярод іх лекавыя сродкі і інсектыцыды), рэакцыі ўтварэння свабодных радыкалаў трыарылметылавага шэрагу, вынайшаў эталонны радыкал дывінілпікрылгідразіл. Вывучаў прыродныя крыніцы арган. злучэнняў, распрацаваў новы метад падсочкі хваёвых дрэў, тэорыю выцякання жывіцы і тэхніку яе збору, прапанаваў шэраг лабараторных прылад. Аўтар работ па гісторыі і хіміі.

Літ.:

Академик А.Е. Арбузов: [Сб. воспоминаний]. 2 изд. Казань, 1985.

т. 1, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХАНО́ВІЧ Аляксандр Антонавіч, паліт. дзеяч пач. 20 ст. Скончыў Віленскае пях. вучылішча (1897). Паручнік інжынерных войскаў. Стварыў Гродзенскі воінскі саюз для барацьбы супраць бальшавікоў. Пасля кастр. 1917 узначальваў у Петраградзе Цэнтр. к-т аб’яднаных грамадскіх арг-цый Гродзенскай губ., які ў ліп. 1918 разагнаны бальшавікамі. У снеж. 1918 у Кіеве вёў дзейнасць супраць урада БНР. У студз. 1919 у Адэсе ўступіў у Бел. нац. цэнтр (БНЦ), прапанаваў яму прыняць на сябе функцыі Часовага краёвага ўрада Беларусі (21.1.1919 прапанова адхілена). 26.1.1919 спрабаваў падмануць БНЦ: паведаміў, што ў Слоніме 13.1.1919 адбыўся Усебел. з’езд, які абраў дырэкторыю на чале з Бахановічам. Выключаны з БНЦ і высланы з Адэскай акругі. Пазней у Вене называў сябе «прэзідэнтам Беларускай Рэспублікі», прасіў дапусціць яго на мірную канферэнцыю ў Парыжы.

А.М.Сідарэвіч.

т. 2, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕКЕРЭ́ЛЬ

(Becquerel),

сям’я франц. фізікаў.

Антуан Сезар (7.3.1788, Шаціён-Каліньі, дэп. Луарэ, Францыя — 18.1.1878), член Парыжскай АН (1829). Асн. працы па люмінесцэнцыі, крышталяоптыцы, магнетызму, тэрмаэлектрычнасці. Аляксандр Эдмон (24.3.1820, Парыж — 11.5.1891), сын Антуана Сезара, член Парыжскай АН (1863), з 1880 яе прэзідэнт. Даследаваў прыроду фотагальванічнага эфекту, аўтар прац па пытаннях фосфарасцэнцыі, фотахіміі, фатаграфіі, атм. электрычнасці і інш. Антуан Анры (15.12.1852, Парыж — 25.8.1908), сын Аляксандра Эдмона, член Парыжскай АН (1889). Даследаванні па электрамагнетызме, оптыцы, фота- і электрахіміі, метэаралогіі. Адкрыў (1896) і даследаваў радыеактыўнае выпрамяненне соляў урану. Нобелеўская прэмія 1903. Яго імем названа адзінка радыеактыўнасці бекерэль. Жан (5.2.1878, Парыж — 4.7.1953), сын Антуана Анры, член Парыжскай АН (1946). Навук. працы па фоталюмінесцэнцыі, магнітаоптыцы, крышталяоптыцы.

Літ.:

Капустинская К.А. Анри Беккерель. М., 1965.

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЦІ́НСКІ Аляксандр Мікалаевіч

(21.3.1889, Кіеў — 21.5.1957),

рускі артыст эстрады, паэт, кампазітар. Выступаў з 1915 як аўтар і выканаўца ўласных песень, створаных у вытанчана-інтымным жанры муз. навелы (да 1940-х г. у грыме і касцюме П’еро). Манера яго выканання вызначалася багатай нюансіроўкай інтанацый і жэстаў. У 1919 эмігрыраваў з Расіі, канцэртаваў у ЗША, Кітаі, краінах Еўропы. У 1943 вярнуўся ў СССР. Аўтар лірычных песень на ўласныя словы, а таксама на вершы Г.Ахматавай, А.Блока, С.Ясеніна, В.Інбер і інш. Здымаўся ў кіно: «Чым людзі жывыя» (1912), «Змова асуджаных» (1950), «Ганна на шыі» (1954) і інш. Аўтар кн. «Чвэрць стагоддзя без радзімы. Старонкі мінулага» (1989), «Дарогай доўгай...» (1991). Дзярж. прэмія СССР 1951.

Літ.:

Бабенко В.Г. Артист Александр Вертинский: Материалы к биографии;

Размышления. Свердловск, 1989.

т. 4, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДУНО́Ў Аляксандр Барысавіч

(28.11.1949, г. Паўднёва-Сахалінск, Расія — 13.5.1995),

рускі артыст балета. Скончыў Рыжскае харэагр. вучылішча (1967). З 1967 саліст харэагр. ансамбля «Маскоўскі класічны балет», з 1971 — Вял. т-ра ў Маскве. Яго танец вылучаўся яркасцю, тонкай пластычнай выразнасцю, адточанасцю тэхнікі ў партыях класічнага і сучаснага рэпертуару: Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Клаўдзіо («Каханнем за каханне» Ц.Хрэннікава), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Іван Грозны («Іван Грозны» С.Пракоф’ева), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), Вронскі («Ганна Карэніна» Шчадрына). З 1979 у ЗША і Зах. Еўропе: у Амер. т-ры балета, у трупе А.Эйлі, з 1984 у антрэпрызе «Гадуноў і зоркі». Залаты медаль Міжнар. конкурсу артыстаў балета (Масква, 1973). У 1985 пакінуў сцэну. Здымаўся ў Галівудзе («Моцны арэшак-1», 1988, і інш.).

А.І.Максаў.

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВІ́НСКІ Аляксандр Кузьміч

(кастр. 1886, в. Муравілле Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — ?),

дзеяч бел. нац. руху. Скончыў Кіеўскі політэхн. ін-т (1912). Прымыкаў да партыі эсэраў. З 1918 чл. прэзідыума Кіеўскай бел. рады і заг. бюро па ўладкаванні бежанцаў, прадстаўнік урада БНР на Украіне; саветнік Мін-ва замежных спраў урада БНР. З 1921 у Літве: старшыня Бел. нац. сувязі, замежнага ЦК партыі бел. эсэраў, Бел. нац. к-та, выдаваў час. «Покліч». Адзін з арганізатараў Бел. паліт. канферэнцыі ў Празе (1921). Удзельнічаў у ліквідацыі ўрада БНР у кастр. 1925. Неаднойчы арыштаваны царскімі, румынскімі, літ. ўладамі. Пасля пераезду ў БССР працаваў у ВСНГ Беларусі, НДІ прам-сці. У 1930 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў у Ніжні Ноўгарад. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны ў 1988.

У.М.Міхнюк.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́ЦЫН Аляксандр Міхайлавіч

(29.11.1718, г. Турку, Фінляндыя — 19.10.1783),

расійскі дзярж. дзеяч, военачальнік. Ген.-фельдмаршал (1769), граф. Ваен. падрыхтоўку атрымаў у аўстр. арміі прынца Яўгенія Савойскага. З 1740 на дыпламат. службе ў Стамбуле, потым пасол у Саксоніі. Прымаў удзел у Сямігадовай вайне 1756—63, камандаваў левым крылом рус. арміі ў Кунерсдорфскай бітве (1759). З 1761 узначальваў войскі ў Ліфляндыі. З пач. рус.-тур. вайны 1768—74 галоўнакамандуючы 1-й арміяй. У 1768 разбіў пад Хоцінам 40-тысячную тур. армію Караман-пашы, але з-за адсутнасці асадных гармат не асмеліўся на штурм крэпасці, за што быў адкліканы ў Пецярбург. Да здачы камандавання нанёс паражэнне тур. войскам Малдаван-пашы і авалодаў Хоцінам і Ясамі. З 1769 губернатар Пецярбурга, сенатар.

т. 4, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЯЛЮ́К Аляксандр Пятровіч

(парт. псеўд. Эдмунд Стафанскі, Олек, Зянон; 30.11.1897, Варшава — люты 1937),

дзеяч Кампартыі Польшчы і КПЗБ. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Чугуеўскага рэўкома. З 1919 у Польшчы. У 1921—23 сакратар акр. к-та Дамброўскага басейна КПП, чл. ЦК Кампартыі Усх. Галіцыі, у 1923—29 канд. у чл. ЦК КПП. Удзельнік арганізац. афармлення КПЗБ, прадстаўнік ЦК КПП на II (1924) канферэнцыі КПЗБ. У 1924 кааптаваны ў ЦК, чл. Сакратарыята ЦК КПЗБ. Дэлегат V (1924) кангрэса Камінтэрна. За рэв. дзейнасць тройчы арыштаваны польск. ўладамі. У 1930 у апараце Выканкома Камінтэрна. У 1931—35 у Кампартыі Румыніі: чл. ЦК і Палітбюро ЦК. З канца 1935 у СССР на гасп. рабоце. У лют. 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1955.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)