мінерал класа самародных элементаў, які складаецца ў асноўным з вісмуту. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі вельмі рэдкія, звычайна слаістыя або зярністыя агрэгаты, дэндрыты. Колер серабрыста-белы, з чырванаватым адценнем на свежым зломе і карычневым — на старым. Лёгка рэжацца нажом. Бляск металічны. Цв. 2,5. Шчыльн. 9,8 г/см³. Рэдкі мінерал, трапляецца ў гідратэрмальных жылах або пегматытах, звычайна ў сувязі з рудамі серабра, кобальту, нікелю, свінцу і волава. Выкарыстоўваецца ў медыцыне. Уваходзіць у склад вісмутавых руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗАБО́Р,
1) перыядычнае або пастаяннае забіранне вады з вадаёма, вадацёку ці падземнай крыніцы ў бытавых абопрамысл. мэтах. Характарызуецца аб’ёмам і прызначэннем вады, якая забіраецца, працягласцю яе адбору. Вада высокай якасці прызначаецца пераважна на пітное водазабеспячэнне.
2) Комплекс гідратэхн. збудаванняў і абсталявання для забору вады з паверхневых ці падземных крыніц. Вакол водазаборных збудаванняў, прызначаных для цэнтралізаванага гасп.-пітнога водазабеспячэння, акрэсліваюцца зоны санітарнай аховы. Забор вады з рэк і вадаёмаў патрабуе таксама выканання правіл аховы моладзі рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНЕКАМАСТЫ́Я (ад гінека... + грэч. mastos грудзі),
павелічэнне малочных залоз у мужчын. Сапраўдная гінекамастыя адбываецца з прычыны разрастання залозістай тканкі малочнай залозы, псеўдагінекамастыя абумоўлена залішнім адкладаннем тлушчу у падскурнай клятчатцы (звычайна пры атлусценні). Сярод формаў сапраўднай гінекамастыі найб. пашырана фізіялагічная — пубертатная, або юнацкая гінекамастыя, якая ўзнікае ў перыяд палавога выспявання пры нармальным палавым развіцці. Па заканчэнні гэтага перыяду найчасцей знікае, зрэдку захоўваецца і ў дарослых. Узнікненне паталагічнай гінекамастыі звязваюць з прыроджанай або набытай зменай функцыі палавых залоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ФЫ (ад грэч. hyphē тканка, павуціна),
мікраскапічныя простыя або разгалінаваныя ніткі, якія ўтвараюць вегетатыўнае цела грыба — талом. Уся сукупнасць гіфаў грыбнога талома называецца міцэліем. Дыяметр гіфаў ад 2 да 30 мкм. Пабудаваны з адной (у ніжэйшых) або многіх (у вышэйшых грыбоў) клетак. Абалонка бясколерная, у некат. гіфах афарбаваная і яе хім. састаў (хіцін, цэлюлоза, глюкан) вар’іруецца ў розных сістэматычных групах. У выніку разбурэння гіфаў на асобныя клеткі — аідыі, а таксама шляхам утварэння хламідаспор адбываецца вегетатыўнае размнажэнне грыбоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КАЗЫ СУДО́ВЫЯ,
фактычныя звесткі пра акалічнасці, якія маюць значэнне для правільнага вырашэння крымінальнай або цывільнай справы. Такія звесткі ёсць у паказаннях сведак, пацярпелага, падазронага, абвінавачанага, у рэчавых доказах, заключэннях экспертаў, пратаколах следчых і суд. дзеянняў. Адрозніваюць Д.с.: асабістыя (зыходзяць ад людзей) і рэчавыя; прамыя (устанаўліваюць якую-н. акалічнасць) і ўскосныя (устанаўліваюць толькі прамежкавы факт); тыя, што сцвярджаюць факт або абвяргаюць яго; непасрэдныя і вытворныя. Парадак атрымання Д.с., іх замацавання і прадастаўленне суду вызначаецца працэсуальным заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎНЯ́НЫЯ ПЛА́СТЫКІ,
матэрыялы, якія атрымліваюць з лушчанай шпоны, драўнянай крошкі, трэсак або пілавіння, насычаных сінт. смоламі і склееных пад высокімі ціскам і тэмпературай. Падзяляюцца на драўнянаслаістыя пластыкі (лігнафоль, дэльта-драўніна і інш.), арміраваныя, спрасаваныя і склееныя са шпоны і тканіны, узмоцненыя метал. сеткай, фольгай і інш., драўнянапластычныя масы — профільныя (утулкі, падшыпнікі, зубчастыя колы) і плітачныя (паркетныя пліткі і інш.) вырабы, атрыманыя прасаваннем у гарачых прэс-формах са здробненай драўніны або пілавіння. Выкарыстоўваюцца як канструкцыйны, электраізаляцыйны, сценавы і вырабны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗЕРЦІ́РСТВА (ад франц. déserteur),
воінскае злачынства, якое заключаецца ў самавольным пакіданні вайск. часці абоінш. падраздзялення з мэтай ухілення ад ваен. службы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь Д. лічыцца таксама няяўка ваеннаслужачага з той жа мэтай на службу пры назначэнні, пераводзе, з камандзіроўкі, водпуску або з лячэбнай установы. Адказнасць за Д. настае незалежна ад працягласці часу, на працягу якога ваеннаслужачы знаходзіўся па-за межамі часці ці месца службы. Д. караецца пазбаўленнем волі, у ваенны час — нават пакараннем смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАЛЬКАМА́НІЯ (франц. décalcomanie),
паліграфічны спосаб вырабу пераводных відарысаў (дзіцячых малюнкаў, ярлыкоў і інш.), прызначаных для пераносу на тканіну, метал, фарфор, шкло, дрэва і інш. паверхні. Для друкавання відарысаў (у залежнасці ад метадаў іх пераносу) выкарыстоўваюцца водаўстойлівыя або тэрмапластычныя лакі і фарбы, спец. фарбы, вырабленыя на аснове смол. Друкуецца відарыс спосабам плоскага друку (літаграфіяй) на паперы са спец. пакрыццямі ці палімернай плёнцы, пад уздзеяннем вады, цяпла або ціску аддзяляецца ад падкладкі, на якой быў надрукаваны, і пераносіцца на патрэбную паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНДРЫ́Т (ад грэч. dendron дрэва),
крышталічнае ўтварэнне некат. мінералаў, металаў, сплаваў, штучных злучэнняў, якое мае дрэва-, папарце-, моха-, зоркападобную і інш. формы. Утвараецца з расплаву, раствору, пары або газу пры хуткай крышталізацыі рэчыва ва ўмовах сціснутасці росту (напр., у тонкіх трэшчынах, грыфонах — месцах выхаду газавых струменяў), у вязкім, перанасычаным або рыхлым гліністым асяроддзі, пры металургічных працэсах, штучным вырошчванні крышталёў. У прыродзе Д. звычайна — самародная медзь, золата, серабро, таксама лёд, нашатыр, піралюзіт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖГУ́ЦІКІ,
ніткападобныя рухомыя цытаплазматычныя вырасты цела ў жгуцікавых, многіх бактэрый, зааспор, сперматазоідаў раслін і жывёл. Служаць пераважна для перамяшчэння ў вадкім асяроддзі. У клетцы бывае 1—4 (зрэдку больш) Ж. Структура Ж. складаная: звонку тонкая мембрана (пелікула), за ўнутр. поласці цытаплазма. Падоўжная вось складаецца з 2 цэнтр. і 9 перыферычных (простых або падвойных) вельмі тонкіх ніцей (фібрыл). У аснове Ж. — 2 перпендыкулярныя базальныя цельцы. Рухаюцца пераважна хвалепадобна. Знаходзяцца з аднаго, абодвух бакоў або па ўсёй паверхні клеткі.