АРША́НСКА-МАГІЛЁЎСКАЯ РАЎНІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Усходне-Беларускай правінцыі. Займае тэрыторыю на ПнЗ Магілёўскай і невял. ч. на Пд Віцебскай абл. Мяжуе з Цэнтральна-бярэзінскай раўнінай на З, Аршанскім узв. на Пн, Горацка-Мсціслаўскай раўнінай на ПнУ і Чачэрскай раўнінай на Пд. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ больш як на 200 км, з З на У ад 50 да 120 км. Вышыні 150—200 м, найвыш. пункт 224 м над узр. м. каля в. Палыкавічы Шклоўскага р-на, найніжэйшы — 131 м у даліне р. Сож у Чэрыкаўскім р-не (абодва ў Магілёўскай вобл.). Адносныя перавышэнні над суседнімі раўнінамі на З і Пд 40—50 м. Пл. каля 11,5 тыс. км².

У тэктанічных адносінах раўніна прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Магутнасць антрапагенавых адкладаў у сярэднім 50—80 м, у лагчынах ледавіковага выворвання і размыву да 200 м. У будове антрапагенавага покрыва ўдзельнічаюць пераважна адклады бярэзінскага, дняпроўскага з сожскім зледзяненняў, александрыйскага і муравінскага міжледавікоўяў, галацэну. Адметная роля ў фарміраванні сучаснай паверхні належыць лёсападобным адкладам магутнасцю да 10—12 м, якія намножыліся ў час адступання апошняга, паазерскага зледзянення. Яны перакрываюць больш старажытныя марэнныя і флювіягляцыяльныя адклады. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, сілікатныя буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, цэментныя мел і мергель, фасфарыты, торф, падземныя воды.

Асн. рысы сучаснага рэльефу сфарміраваліся ў перыяд адступання сожскага ледавіка. Пераважае флювіягляцыяльная раўніна з хвалістай і спадзіста-хвалістай паверхняй, а таксама спадзіста-хвалістая і дробнаўвалістая марэнная раўніна. Водападзельныя ўчасткі ў познім плейстацэне і ў галацэне набылі платопадобны выгляд, прыдалінныя схілы былі парэзаны эрозіяй, якой садзейнічалі лёсападобныя пароды. Часта трапляюцца суфазійныя западзіны, калдобіны, прамывіны. Найдаўжэйшыя і найглыбейшыя маладыя яры і старыя спадзістыя яры і лагчыны прымеркаваны да схілаў рачных далін і дасягаюць даўж. 2—3 км, глыб. 20—30 м. Рачная сетка належыць да бас. Дняпра. Найб. рэкі Дняпро (ад Оршы да Магілёва), Проня з Басяй і Растой, Сож з Волчасам, Лабжанкай і Сянной. На Пд цякуць правыя прытокі Беседзі — Жадунька з Крупняй, Дзяражня. Т-ры студз. ад -7,5 да -8,2 °C, ліп. 17,8—18,5 °C. Ападкаў 600—645 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя (найб. урадлівыя дзярнова-палева-падзолістыя). Глебаўтваральныя пароды — лёсападобныя супынкі і супескі, радзей трапляюцца марэнныя суглінкі, супескі і пяскі. Пад лесам 20—30% тэр., пераважаюць хвоя і бяроза, значная доля елкі і дуба (раўніна ў падзоне дубова-цемнахвойных лясоў). Пад с.-г. ўгоддзямі 50—70% тэр. (пад ворнымі землямі 35—45%). У межах Аршанска-Магілёўскай раўніны Чэрыкаўскі паляўнічы заказнік.

Н.​К.​Кліцунова, І.​Э.​Паўлоўская.

т. 1, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1950—53,

баявыя дзеянні на Карэйскім п-ве паміж войскамі Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР, Паўн. Карэя) пры падтрымцы Кітая і СССР з аднаго боку і ўзбр. сіламі Рэспублікі Карэя (РК, Паўд. Карэя) пры падтрымцы ЗША і 15 інш. краін пад эгідай Савета Бяспекі ААН з другога. Падставай для вайны паслужылі пагран. канфлікты на лініі падзелу Карэі па 38-й паралелі паўн. ш., якая склалася пасля 2-й сусв. вайны. 25.6.1950 войскі КНДР (каля 10 дывізій, 250 танкаў і інш.), перайшлі дэмаркацыйную лінію, да пач. жн. разбілі паўд.-кар. часці (каля 8 дывізій), занялі да 90% тэр. Паўд. Карэі. 25.6.1950 Савет Бяспекі асудзіў дзеянні КНДР як агрэсію супраць РК і 27 чэрв. ў адсутнасць прадстаўніка СССР вырашыў (7 і 14 ліп. пацвердзіў) накіраваць для абароны Паўд. Карэі сілы ААН (пераважна з вайскоўцаў ЗША, якіх спачатку паслана каля 200 тыс., потым да 1 млн. чал.; камандуючы з 7.7.1950 да 11.4.1951 ген. Д.Макартур). 15.9.1950 ЗША і іх саюзнікі высадзілі дэсант (60 тыс. чал.) у тыле войск КНДР у раёне г. Інчхон і на наступны дзень разгарнулі паспяховае наступленне з раёна г. Пусан, у ходзе якога ў кастр. наблізіліся да межаў Кітая і СССР. У кастр. 1950 у вайну ўступілі кітайскія «добраахвотнікі» (12 дывізій, каля 200 тыс. чал.; камандуючы Пэн Дэхуай), якія разам з войскамі КНДР і партызанамі адкінулі праціўніка за 38-ю паралель, 6 снеж. занялі Пхеньян, а 4.1.1951 сталіцу РК г. Сеул (пакінулі яго 14.3.1951). З ліст. 1950 (фактычна з вясны 1951) у баях на баку КНДР удзельнічаў сав. 64-ы асобы знішчальна-авіяц. корпус пад камандаваннем ген.-лейт. Г.​А.​Лобава (22 лётчыкам, у т. л. грамадзянам Беларусі Я.М.Стэльмаху, Л.​К.​Шчукіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза). Пазней вайна ішла з пераменным поспехам і з чэрв. 1951 стала пазіцыйнай. З 10.7.1951 вяліся мірныя перагаворы, якія 27.7.1953 завяршыліся падпісаннем двухбаковага перамір’я. У асноўным была захавана даваен. дэмаркацыйная лінія, да КНДР адышоў г. Кэсон, а да РК некалькі населеных пунктаў на ўсх. узбярэжжы паўвострава. У вайне загінула ад 3 да 5 млн. чал., значна разбураны гарады і гаспадарка.

Літ.:

История Кореи. М., 1974. Т. 2. С. 223—224;

Пэн Дэхуай. Мемуары маршала: Пер. с кит. М., 1988;

Лобов Г. В небе Северной Кореи // Авиация и космонавтика. 1990. № 10—12;

1991. № 1—5;

Качук Н. Покрышкин из нашего города // Армия. 1996. № 1.

Ю.​В.​Бажэнаў.

Высадка амерыканскіх войск у Інчхоне ў пачатку Карэйскай вайны 1950—53.

т. 8, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,

1) фарміраванне ВМФ Польшчы на Прыпяці і яе прытоках у 1919—39. Гал. база — г. Пінск. Створана ў крас.—маі 1919 у час сав.-польскай вайны 1919—20. У навігацыю 1920 рухалася з баямі па Прыпяці і Дняпры да Кіева. 4.8.1920 у час наступлення Чырв. Арміі флатылія расфарміравана, судны знішчаны або затоплены. У 1921—22 адноўлена, папоўнена новымі караблямі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны налічвала 54 адзінкі (у т. л. 26 баявых: 6 манітораў, 3 кананеркі, 15 узбр. катэраў і інш.). У вер. 1939 у ходзе польскай кампаніі 1939 вяла проціпаветраную абарону Пінска і мастоў цераз Піну, Прыпяць, Ясельду. 17—21.9.1939 караблі флатыліі былі самазатоплены; да 12.11.1939 яны падняты сав. маракамі і пасля рамонту і пераўзбраення ўключаны ў склад Дняпроўскай ваеннай флатыліі.

2) Фарміраванне сав. ВМФ на Дняпры і яго прытоках (Прыпяці, Бярэзіне і інш.) у чэрв. 1940 — кастр. 1941. Гал. база — Пінск. Створана 17.6.1940 з часткі сіл расфарміраванай Дняпроўскай ваен. флатыліі. Камандуючы контр-адмірал Дз.​Дз.Рагачоў. Напярэдадні Вял. Айч. вайны складалася з 7 манітораў, 4 кананерскіх лодак, 15 бранякатэраў, авіяэскадрыллі і інш. (усяго 2300 чал.). Аператыўна падпарадкоўвалася камандуючаму войскамі Зах. асобай ваен. акругі (з 22.6.1941 Заходні фронт). З пач. вайны павялічана за кошт суднаў грамадз. рачнога флоту, а таксама ў ліп. 2 манітораў з Дунайскай ваен. флатыліі. Да канца чэрв. 1941 разам з часцямі 4-й арміі Зах. фронту абараняла Пінск, а да 9.7.1941 — Лунінец, Тураў. 11 ліп. падзелена на 3 атрады: Бярэзінскі (3 маніторы, 5 бранякатэраў), Прыпяцкі (манітор, 4 вартавыя караблі, 2 бранякатэры і інш.), Дняпроўскі (гал. сілы флатыліі, у т. л. 4 маніторы, 4 кананерскія лодкі). Бярэзінскі і Прыпяцкі атрады абстрэльвалі занятыя праціўнікам прырэчныя нас. пункты, абаранялі сав. і парушалі варожыя пераправы, цесна ўзаемадзейнічалі з сухапутнымі войскамі. У канцы жн. караблі абодвух атрадаў прарваліся з баямі да Кіева (пры гэтым частка іх загінула) і разам з Дняпроўскім атрадам удзельнічалі ў абароне Кіеўскага ўмацаванага раёна. Большасць караблёў загінула ў баях, астатнія ўзарваны 18 вер. ў сувязі з адыходам сав. войск на У ад Дняпра. Атрад маракоў ваяваў на сушы да 20—28 вер. Флатылія расфарміравана 5.10.1941. Гл. таксама Марская авіяцыя, Марская артылерыя, Марская пяхота, Мінны загараджальнік.

Літ.:

Паўловіч Р.К. Пінская флатылія // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3;

Яго ж. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;

Яго ж. Да пытання аб стварэнні і дзейнасці Пінскай рачной ваеннай флатыліі // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1999. № 1.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 12, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Кароль Станіслаў) (мянушка Пане Каханку; 27.2.1734, г. Нясвіж Мінскай вобл. — 22.14.1790),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.К.Радзівіла Рыбанькі. Вучыўся ў Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. З 1748 неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1750, яго маршалак у 1755. У 1752 падчашы ВКЛ, у 1752—62 мечнік ВКЛ, у 1762—64 і 1768—90 ваявода віленскі; ген.-маёр (1754), ген.лейтэнант войска ВКЛ (1759). З 1762 ардынат нясвіжскі і алыцкі. Для дасягнення сваіх мэт часта выкарыстоўваў ваенную сілу, вызначаўся свавольствам. Абвешчаная ў Гродне 16.4.1764 Генеральная канфедэрацыя ВКЛ выступіла супраць Р. Даведаўшыся, што канфедэраты разам з рас. войскам хочуць заняць Нясвіж, Р. са сваім атрадам рушыў туды, але быў разбіты расіянамі пад Слонімам. Р. схаваўся ў Малдове, потым пераехаў у Венгрыю і Саксонію. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ дэкрэтам ад 16.8.1764 за гвалтоўныя ўчынкі абвясціла Р. ворагам айчыны і пазбавіла пасады ваяводы; яго маёнткі падлягалі канфіскацыі. Р. звярнуўся да рас. імператрыцы Кацярыны II з просьбай узяць яго пад сваю пратэкцыю і вярнуць маёнткі. У сувязі з тым, што Кацярыне II пачала не падабацца палітыка караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Чартарыйскіх, яна вырашыла скарыстаць супраць іх Р. Пад аховай рас. войск ён пераехаў у Радам, дзе 23.6.1767 узначаліў Радамскую канфедэрацыю. На надзвычайным сейме 1767 усе абвінавачанні з Р. былі зняты. Улетку 1768 Р. далучыўся да Барскай канфедэрацыі, скіраванай супраць караля і рас. ўплыву, і пачаў збіраць у Нясвіжы сваё войска. Рас. войскі з баямі занялі Нясвіж і Слуцк; Р. выехаў у Прусію. Да 1777 знаходзіўся ў эміграцыі. Каб адцягнуць Р. ад апазіцыі, рас. дыпламатыя зноў забяспечыла яму пратэкцыю Кацярыны II і вяртанне маёнткаў. Пасля вяртання на радзіму Р. памірыўся з каралём. У час дзейнасці Чатырохгадовага сейма 1788—92 Р. зноў зблізіўся з антыкаралеўскай апазіцыяй. Сфарміраваў полк, які перадаў у склад войска ВКЛ. Р. увайшоў у гісторыю як легкадумны палітык і абмежаваны чалавек. Трымаў тэатр і аркестр у Нясвіжы, пабудаваў летнюю рэзідэнцыю ў Альбе (пад Нясвіжам), аднавіў палац у Слуцку. Аматар неверагодных баек і экстравагантных учынкаў, Р. як персанаж увайшоў у л-ру (творы Г.​Жавускага, З.​Красінскага, І.​Ходзькі, Ю.​Славацкага, Ю.​І.​Крашэўскага і інш.).

Літ.:

Sidorski D. «Panie Kochanku». Katowice, 1987;

Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII ст. Мн., 1982.

А.​П.​Грыцкевіч.

К.Радзівіл. Пярун. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІЯ АЗЁРЫ,

дзяржаўны нацыянальны парк Беларусі. Створаны ў 1995 на тэр. цэнтральнай ч. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. ў мэтах захавання тыповага для Бел. Паазер’я прыроднага комплексу Браслаўскай групы азёр. Пл. 71,5 тыс. га, працягласць з Пн на Пд 56 км, з З на У ад 7 да 29 км. Найб. азёры (басейн р. Друйка): Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Неспіш, Недрава, Богінскае воз., Воласа Паўн., Воласа Паўд., Бярэжа, Абаб’е і інш. Лясы займаюць каля 33 тыс. га (46%), с.-г. ўгоддзі і азёры — па 12 тыс. га (па 17%).

Рэльеф Браслаўскіх азёр — узгорыста-марэнны азёрны; у паўн. і сярэдняй ч. — Браслаўская града, у паўд. — Дзісенская нізіна. Марэнныя грады, пагоркі мяжуюцца з глыбокімі міжпагоркавымі паніжэннямі з азёрамі, пашыраны камы, озы. Клімат умерана цёплы, вільготны. Іхтыяфауна азёр багатая: вугор, судак, рапушка еўрапейская (сялява) — усяго 30 відаў рыб, у т. л. 27 абарыгенных. У воз. Воласа Паўд. пашыраны лімнакалянус (рэліктавы рачок), мізіда рэліктавая, понтапарэя, бакаплаў Паласа, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі, з млекакормячых распаўсюджаны дзік, казуля, лось, зайцы, ліс, янотападобны сабака, воўк, лясная куніца, вавёрка, выдра, бабёр, норка. У арнітафауне да 85% усіх птушак, якія гняздуюцца на Беларусі: беркут, арлан-белахвост, скапа, малы падворлік, каршачок, шэры журавель, чорны бусел, малая паганка, вял. бугай, чорнаваллёвая гагара, белая курапатка, сярэдні кулон, залацісты сявец, дзербнік, касматаногі сыч, няясыць даўгахвостая (уральская), трохпальцы дзяцел, уюрок і інш., з якіх 45 відаў занесены ў Чырв. кнігу. Цецеруковыя, кулікі, вадаплаўная дзічына маюць прамысл. значэнне. У флоры рэгіёна больш за 500 відаў, з якіх каля 20 рэдкія і знікаючыя: карлікавая бяроза, ворлікі звычайныя (аквілегія), гарлачык жоўты малы, званочак персікалісты, марошка прысадзістая, лінея паўночная, чараўнік зеленакветкавы, неатыянта клабучковая, першацвет веснавы, пералеска высакародная, шпажнік чарапіцавы і інш. Адасоблены некалькі лясных масіваў: Багінскі (каля 17 тыс. га), Друйская лясная дача (каля 5,6 тыс. га), Бяльмонт (каля 12 тыс. га). Выяўлены асабліва каштоўныя біягрупы раслін лістоўніцы сібірскай, бярозы павіслай і карэльскай, ліпы драбналістай.

На тэрыторыі нац. парку і ахоўнай зоны 25 помнікаў прыроды (напр., участкі ландшафтаў — а-вы Гарадзішча і Церанцейка, Ахрэмавіцкі парк «Бяльмонты», валуны, дрэвы). Тут размешчаны дзіцячы санаторый «Браслаў», турбаза «Браслаўскія азёры», лагеры адпачынку студэнтаў і выкладчыкаў Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту і Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі.

П.​І.​Лабанок.

т. 3, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́СЕН (Hessen),

зямля (адм. адзінка) у ФРГ у бас. Рэйна і верхняга Везера. Пл. 21,1 тыс. км². Нас. 6 млн. чал. (1994). Адм. ц. — г. Вісбадэн. Найб. гарады і гал. прамысл. цэнтры — Франкфуртна-Майне, Дармштат, Касель, Вісбадэн, Офенбах. На З — адгор’і Рэйнскіх Сланцавых гор, на У — сярэднягорныя масівы Рэйнгардсвальд, Габіхтсвальд, Кнюль, Фогельсберг, Рон (г. Васеркупе, 950 м), на Пд — зах. ч. Одэнвальда і нізіна ў міжрэччы Рэйна і Майна. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 18 — 20 °C, студз. каля 2 °C. Ападкаў 600 — 800 мм за год. Здабыча калійных солей, бурага вугалю. Развіта машына-, станка- і прыладабудаванне, інструментальная і эл.-тэхн. прам-сць, вытв-сць паліграф. машын, рухавікоў, радыё- і тэлеапаратуры. Нафтахім., хім.-фармацэўтычная прам-сць, вытв-сць хім. валокнаў. Каляровая металургія, цэм., папяровая, тэкст., харч., паліграф., швейная, гарбарна-абутковая, футравая прам-сць. Вытв-сць ювелірных вырабаў, мэблі, шпалераў. У сельскай гаспадарцы пераважае малочна-мясная жывёлагадоўля. Сеюць пшаніцу, жыта, авёс, кармавыя травы. Агародніцтва. На Пд у далінах рэк вінаградарства. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Суднаходства па Рэйне і Майне.

У старажытнасці тэр. Гесена насяляла герм. племя гесаў (адсюль назва). У канцы 8 — пач. 9 ст. тут утварылася графства. У 1137 яно трапіла пад уладу ландграфа Цюрынгіі, у 13 ст. вызвалілася. З 1292 ландграфства і імперскае княства (сталіца з 1277 г. Касель). У 14—15 ст. перажываў перыяд раздробленасці, аб’яднаны (з 1522) у час праўлення Філіпа Велікадушнага [1509—67]. У 1526 праведзена Рэфармацыя. У 1567 падзелены на княствы Гесен-Касель і Гесен-Дармштат. Гесен-Касель удзельнічаў у Трыццацігадовай вайне 1618—48 (на баку пратэстанцкіх князёў) і аўстра-прускай вайне 1866 (на баку Аўстрыі). У 1803—66 курфюрства. У 1866 анексіраваны Прусіяй і ўключаны ў прав. Гесен-Насаў. Гесен-Дармштат у час Трыццацігадовай вайны падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі»; у 1806—1918 — вял. герцагства (у 1866—1918 наз. Вял. герцагства Гесен), з 1828 у мытнай сістэме Прусіі, з 1871 у складзе Герм. імперыі, у 1918—45 рэспубліка (зямля) Гесен. Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе амер. і франц. акупацыйных зон. З 1949 зямля ФРГ (утворана з зямель Гесен-Насаў, Гесен-Касель і Гесен-Дармштат; рэйнская частка Гесена ўвайшла ў зямлю Рэйнланд-Пфальц.

т. 5, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁЛЬН (Köln),

горад на З Германіі, зямля Паўночны Рэйн-Вестфалія. 956 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт на Рэйне. Міжнар. аэрапорт К. — Бон. Важны прамысл., гандл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. цяжкое, с.-г., эл.-тэхн., аўтамабілебудаванне («Форд-Верке»), трактара-, лакаматыва- і суднабудаванне; нафтаперапр. і нафтахім., тэкст., швейная, парфумерная, папяровая, харчасмакавая (тытунёвая, сыраробная, мукамольная). Цэнтр буравугальнага басейна. Метрапалітэн. Кёльнскі універсітэт. Кансерваторыя. Оперны т-р, філармонія, 2 сімф. аркестры.

Узнік з рым. ваен. лагера, засн. каля 38 да н.э. (з 50 н.э. рым. калонія) на месцы паселішча герм. племя убіяў. У 3 ст. н.э. тут узніклі хрысц. абшчыны. З канца 8 ст. значны рэліг. цэнтр (рэзідэнцыя епіскапа, пазней архіепіскапа), буйны горад сярэдневяковай Германіі (12 брам, больш за 80 вежаў), адзін з вядучых гарадоў Ганзы. У 1388 засн. Кёльнскі універсітэт. У выніку паўстання гараджан 1370—96 скасавана ўлада патрыцыяту. У 1794 акупіраваны франц. войскамі. З 1815 у складзе Прусіі. У 19 ст. актывізавалася эканам. развіццё (банкі, страхавая справа, металургія, машынабудаванне, хім. прам-сць, эксплуатацыя параходаў і чыгунак). Пасля 1-й сусв. вайны акупіраваны (да 1926) брыт. войскамі. У 2-ю сусв. вайну значна разбураны, пасля вайны ў брыт. акупац. зоне. З 1949 у складзе ФРГ.

Сярод помнікаў раманскія цэрквы Санкт-Панталеон (964—980, дабудоўвалася ў 1150—1503), Санкт-Георг (1059—1188), Санкт-Марыя-ім-Капітоль (1067—1250), гатычныя Кёльнскі сабор, цэрквы Мінарытэнкірхе (пасля 1248—1408), Санкт-Урсула (асвячона ў 1287), Антанітэркірхе (14 ст.; у інтэр’еры скульптура Э.​Барлаха «Анёл смерці», 1927, 2-я адліўка 1938), Петэрскірхе (каля 1515—30, у інтэр’еры «Распяцце Пятра» П.​П.​Рубенса, 1640), ратуша (1350—70), барочныя цэрквы Узнясення Марыі (1618—27, арх. К.​Вамзер), Марыі Міру (1643—1716), Марыі-індэр-Купфергасе (1705—15). Найб. значныя пабудовы 20 ст.: фабр. і адм. будынкі на выстаўцы «Нямецкага Веркбунда» (1914, арх. В.​Гропіус, А.​Маер), Новы мост цераз р. Рэйн (1950, арх. Г.​Ломер), з-д Форда (1957, П.​Ф.​Шнайдэр), драм. т-р (1959—65, арх. В.​Рыпхан). У К. музеі: маст. рамяства, Кунстгале, усх.-азіяцкага мастацтва, рым.-германскі, Шнютгена, Вальраф-Рыхарц і інш.

Літ.:

Солодкова Л.И. Ранний Кёльн: соц.-экон. развитие и освободительная борьба горожан XI—XIII вв. Саратов, 1991.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя), Т.​Г.​Мартыненка (архітэктура).

Панарама Кёльна.

т. 8, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАВАГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана ў цэнтр. ч. Украіны, у міжрэччы Дняпра і Паўд. Буга. Утворана 10.1.1939. Пл. 24,6 тыс. км². Нас. 1224,8 тыс. чал. (1996), гарадскога 59%. Цэнтр — г. Кіраваград. Найб. гарады: Александрыя, Светлаводск, Знаменка.

Прырода. К.в. займае паўд. ч. Прыдняпроўскага ўзвышша. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. — 269 м. Паверхня хвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Карысныя выкапні: буры вугаль, нікелевыя і жал. руды, торф, графіт, гаручыя сланцы, буд. матэрыялы (граніт, лабрадарыт, кварцыт, мергель). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў 420—470 мм за год. Гал. рэкі: Дняпро (з прытокам Інгулец) і Паўд. Буг (з прытокамі Інгул і Сінюха). У межах вобласці часткі Крамянчугскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў. Глебы чарназёмныя, на ПнЗ чаргуюцца з участкамі шэрых і цёмна-шэрых ападзоленых лясных глеб. Стэпы ўзараныя. Пад лесам (дуб, граб, ясень, клён) і хмызнякамі каля 150 тыс. га.

Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, паліўная, харчовая. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці с.-г. агрэгатаў, пад’ёмна-трансп. абсталявання, дызельных рухавікоў, радыёпрылад, пішучых машынак. Каляровая металургія прадстаўлена Пабугскім нікелевым з-дам і Светлаводскімі з-дамі чыстых металаў і цвёрдых сплаваў. Здабыча і брыкетаванне бурага вугалю (Дняпроўскі вугальны басейн). На яго базе працуе хім. прам-сць (з-д горнага воску). Здабываюць жал. руду, графіт, граніт, лабрадарыт. Вытв-сць электраэнергіі на Крамянчугскай ГЭС, шэрагу ЦЭС і невял. ГЭС. Развіта харч. прам-сць, пераважна цукровая. Ёсць прадпрыемствы маслатлушчавай, мясной, малочнай, сыраварнай, мукамольнай, кандытарскай, спіртавой прам-сці. Шэраг камбікормавых з-даў, Лёгкая прам-сць (швейная, трыкат., абутковая, гарбарная). Прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці (у т. л. мэблевай). Вытв-сць буд. матэрыялаў (з-ды шчэбеневы, цагельны, жалезабетонных вырабаў). Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2050 тыс. га, у т. л. пасяўная пл. займае каля 1700 тыс. га. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза, ячмень), тэхн. культуры (цукр. буракі, сланечнік, соя, каляндра), бульбу, агародніну. Масівы арашальных зямель. Садоўніцтва. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна- і авечкагадоўля. Пчалярства. Сажалкавая рыбагадоўля. Гал. чыгункі: Кіеў—Днепрапятроўск, Масква—Адэса, Кіеў—Мікалаеў; аўтадарогі: Кіеў—Адэса, Кіраваград—Мікалаеў, Кіеў—Днепрапятроўск, Харкаў—Адэса. Суднаходства па р. Дняпро. Аэрапорт у г. Кіраваград.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 8, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЧА́НА-ВІЛЕ́ЙСКАЯ НІЗІ́НА,

фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на ПнУ Гродзенскай, Пн і ПнЗ Мінскай абласцей, у басейне верхняга і сярэдняга цячэння р. Вілія. Мяжуе са Свянцянскімі градамі на Пн, Верхнебярэзінскай нізінай на У, Мінскім і Ашмянскім узвышшамі на ПдУ і Пд, Нярыска-Жэймянскай нізінай (Літва) на 3. Выш. 155—190 м, найб. 232 м (Канапанцінаўская града), пл. 7,4 тыс. км², працягласць з 3 на У 115—145 км, з Пн на Пд 35—75 км.

Н.-В.н. прымеркавана да паўд.-зах. ч. Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы і Прыбалтыйскай монакліналі. Крышт. фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою (венд), ніжняга і сярэдняга кембрыю, ардовіку, сілуру, сярэдняга дэвону, месцамі ніжняга і верхняга мелу і антрапагену на ўсёй тэрыторыі. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць 80—100, зрэдку 120 м) вылучаны адклады бярэзінскага, дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў.

У паўн. ч. нізіны вылучаны канцовамарэнныя грады паазерскага зледзянення: Свірская, Канстанцінаўская, Паўн.- і Паўд.-Нарачанскія, якія ўтвараюць сістэму ўзгоркаў і ўвалаў даўж. 0,5—3 км, з адноснымі выш. 10—20 м. Грады складзены з супясчана-сугліністай марэны і пясчана-галечнага матэрыялу. Да ўскраін Свірскай і Паўн.-Нарачанскай град прымеркаваны озы і камы. На У нізіны канцова-марэнныя ўтварэнні сожскага зледзянення — Куранецкая і Касцяневіцкая грады. Схілы іх згладжаны і парэзаны лагчынамі. Большасць тэр. Н.-В.н. займае водна-ледавіковая раўніна, сфарміраваная расталымі водамі паазерскага ледавіка. Паверхня яе пераважна спадзіста-хвалістая, адносныя перавышэнні 3—4 м. Характэрны замкнутыя забалочаныя ўчасткі з рэліктавымі азёрамі, азёрныя катлавіны, дзюны. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, сапрапель, торф, мінер, воды. Гал. рэкі: Вілія з прытокамі Ашмянка, Уша, Ілія, Дзвінаса, Сэрвач, Нарач з Вузлянкай, Страча; Струна. Шмат азёр, з іх найбольшыя: Нарач, Мястра, Баторына, Свір, Вішнеўскае, Сарачанскія. У межах Н.-В.н. пачынаецца Вілейска-Мінская водная сістэма, у складзе якой Вілейскае вадасховішча. Сярэднія т-ры студз. -7,5 °C, ліп. 16,8 °C; ападкаў — 602 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, дзярнова-перагнойна-глеевыя. Пад лесам 36% тэрыторыі, пераважаюць хваёвыя, трапляюцца шыракаліста-яловыя лясы. Пад ворывам да 35% тэрыторыі. У межах Н.-В.н. нац. парк Нарачанскі, заказнікі: ландшафтны Блакітныя Азёры, гідралагічны Чарэмшыца, біял. Дубатоўскае, Некасецкі, Пасынкі, Рудакова. Вакол воз. Нарач курортная і водаахоўная зоны.

Я.​А.​Ільін.

Нарачана-Вілейская нізіна.

т. 11, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАГО́НЯ»,

герб, выява вершніка з занесеным над галавой мячом. На ўзнікненне «П.» і замацаванне на стараж. землях Беларусі паўплывала спалучэнне шэрагу фактараў: атаясамліванне яе з выявай абаронца Бацькаўшчыны; уплыў грэка-візантыйскіх хрысц. традыцый, культаў св. Дзмітрыя — заступніка ўсяго славянства, св. Георгія — заступніка рыцарства, а ва ўсх. славян — і земляробства; адаптацыя іх вобразаў на мясц. глебе і фарміраванне пад іх уплывам іканаграфіі ўласных пакутнікаў; спалучэнне ў адзіны вобраз язычніцкага бажаства Ярылы і св. Барыса; пэўны ўплыў праз польскую і крыжацкую геральдыку зах.-еўрап. традыцый адлюстравання коннай постаці рыцара на пячатках феад. іерархаў. Фарміраванне «П.» як герба ВКЛ адбывалася на працягу 13—16 ст. Бел.-літоўскія летапісы 16—17 ст. звязвалі ўзнікненне «П.» з князямі Нарымонтам, Віценем, Рымантам-Васілём. Упершыню ва Усх. Еўропе выява ездака сустракаецца на пячатках кн. Аляксандра Неўскага (1220—63), яна ёсць на пячатцы полацкага кн. Глеба (Нарымонта) на дагаворы 1330 з Рыгай. З 1370-х г. «П.» прысутнічае на пячатках уладароў ВКЛ. Статут ВКЛ 1566 юрыдычна замацаваў выкарыстанне герба «П.» за этнічнымі бел. землямі. Яго размяшчалі на сцягах і харугвах ВКЛ, на павятовых ваяводскіх і канцылярскіх пячатках ВКЛ.

Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. ўрад Кацярыны II надаў герб «П.» шэрагу бел. гарадоў, Бел. гусарскаму палку (1775), «П.» была адлюстравана ў гербах Гродзенскай, Віленскай і Віцебскай губ., Ашмянскага. Вілейскага, Дзісенскага і Лідскага пав. «П.» карысталіся таксама Гродзенскі лейб-гвардыі гусарскі полк, Полацкі мушкецёрскі полк і інш. «П.» выкарыстоўвалі паўстанцы 1794, 1830—31, 1863—64. Герб «П.» прысутнічаў у Вял. дзярж. гербе Рас. імперыі, дзе атаясамліваўся з Полаччынай, Віцебшчынай, Віленшчынай і Беласточчынай. Пасля абвяшчэння ў 1918 Бел. Нар. Рэспублікі была спроба яго адрадзіць. Каб падкрэсліць гіст.-юрыд пераемнасць з ВКЛ, герб «П.» ў 1918 быў абвешчаны дзярж гербам Літоўскай рэспублікі. У 1990 Літва аднавіла герб «П.» як дзяржаўны пад назвай «Віціс». У час 2-й сусв. вайны былі спробы бел. калабарантаў легітымізаваць яго.

З 19.9.1991 да 7.6.1995 «П.» была дзярж. гербам Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь. 2 выд. Мн., 1994;

Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. 2 выд. Мн., 1993;

«Пагоня» ў сэрцы — тваім і маім. Мн., 1995.

А.​К.​Цітоў.

Да арт. «Пагоня»; 1 — харугва Гродзенскага пав. 16—18 ст.; 2 — герб Віцебска 1781.

т. 11, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)