ФІЛАСО́ФІЯ ГІСТО́РЫІ,

гуманітарная дысцыпліна, якая даследуе гіст. рэальнасць і праблемы гіст. пазнання. Вывучае аб’ектыўныя заканамернасці і духоўна-маральны сэнс гіст. працэсу, прызначэнне і шляхі рэалізацыі сутнасных сіл чалавека ў гісторыі. У адрозненне ад гістарыяграфіі, Ф.г. выконвае ролю тэарэт. асэнсавання гісторыі.

Некат. даследчыкі лічаць, што Ф.г. ўзнікла ў Стараж. Грэцыі, дзе былі распрацаваны важныя для разумення гісторыі і пабудовы гіст. ведаў катэгорыі (рух, развіццё, узаемадзеянне асобы і грамадства). Але стараж.грэч. ўяўленні, паняцці і катэгорыі не склаліся ў закончаную сістэму філас. поглядаў на гіст. рэальнасць. У перыяд ранняга хрысціянства ўзнікла перыядызацыя гістарычная, сфармулявана ідэя гіст. прагрэсу (Аўгусцін), гіст. падзеі пачалі асэнсоўвацца з хрысц.-тэалагічных пазіцый: гісторыя ствараецца людзьмі, але ў яе аснове ляжыць Божая задума. Перадумовы стварэння ўласна Ф.г. ўзніклі ў 16—18 ст. (Ж.​Бадэн, Ф.​Бэкан, Т.​Гобс і інш.). Вальтэр упершыню ўжыў тэрмін «Ф.г.», пад якім разумеў універсальны агляд чалавечай культуры; у сваёй працы «Філасофія гісторыі» (1765) ён адмаўляў правідэнцыялізм і разглядаў гісторыю як творчасць людзей, а не выяўленне волі Бога. Дж.Віка прапанаваў ідэю аб’ектыўнага характару гіст. развіцця і распрацаваў гістарычнага кругавароту тэорыю. У 18—19 ст. Ф.г. развівалася пераважна ў выглядзе агульнай тэорыі гіст. развіцця.

І.​Г.​Гердэр разглядаў Ф.г. як спец. дысцыпліну, якая вывучае агульныя праблемы гісторыі і заклікана адказаць на пытанні, ці існуюць станоўчыя і нязменныя законы развіцця чалавечага грамадства і якія яны. Найвышэйшым дасягненнем традыц. Ф.г. стала тэорыя Г.Гегеля, які лічыў гал. крыніцай грамадскага развіцця аб’ектыўны розум, сусв. дух, абсалютную ідэю, што праходзілі розныя ступені свайго самаразвіцця. У 2-й пал. 19 ст. прадстаўнікі пазітывізму крытыкавалі традыц. Ф.г. і прапаноўвалі замяніць яе сацыялогіяй. Г.​Рыкерт вылучыў 3 значэнні тэрміна «Ф.г.»: усеагульная гісторыя (абагульненне гіст. працэсу і звядзенне «асобных» гісторый у адзіную сусветную); вучэнне аб прынцыпах гіст. быцця і пошуку сэнсу гісторыі; логіка гіст. пазнання. Яго трактоўку Ф.г. развівалі ў сваіх працах зах.-еўрап. і амер. філосафы, але зводзілі яе да гіст. тэорыі пазнання ці логікі і метадалогіі гісторыі (Р.​Дж.Колінгвуд, аналітычная філасофія і інш.).

У працэсе станаўлення як асобнай дысцыпліны Ф.г. набыла канцэптуальнае афармленне ў 3 асн. тэарэт. мадэлях. Метафізічная мадэль Ф.г. ўключае анталагічную праблематыку: вучэнне пра гіст. рэальнасць і гістарычны працэс, праблемы логікі гіст. развіцця, гіст. законаў і заканамернасцей, гіст. прагрэсу і рэгрэсу, свабоды і неабходнасці, сэнсу гісторыі (Гердэр, Гегель, М.А.Бярдзяеў, Ф.​Франк, М.Хайдэгер, К.Ясперс і інш.). Ідэя адзінства і разнастайнасці сусв. гіст. працэсу, пакладзеная ў аснову гэтай мадэлі, стала сістэмаўтваральнай для ўзнікнення фармацыйнай тэорыі марксізму, канцэпцыі лакальных цывілізацый (М.Я.Данілеўскі, О.Шпенглер, А.​Дж.Тойнбі), тэорый мадэрнізацый (Х.Парсанс, С.​М.​Ліпсет і інш.) і пасіянарных цыклаў (Л.М.Гумілёў) і інш. Эпістэмалагічная мадэль разглядае праблемы гіст. пазнання і ведаў, лагічнай структуры гіст. думкі, гіст. разумення і тлумачэння, метадалогіі і інтэрпрэтацыі гіст. крыніц, гіст. ісціны і навук. мадэліравання гіст. падзей (бадэнская шкала неакантыянства, неапазітывізм, К.​Г.​Гемпель, У.​Дрэй, А.С.Лапа-Данілеўскі, У.М.Хвастоў, Р.Ю.Біпер, М.М.Кавалеўскі, Г.​Г.​Шпет і інш.). Антрапалагічная мадэль сінтэзуе анталагічны і эпістэмалагічны падыходы ў Ф.г., акцэнтуе ўвагу на праблемах чалавечага быцця і свядомасці, выступае за міждысцыплінарнае даследаванне гісторыі (Г.П.Фядотаў, А.​Я.​Гурэвіч і інш.). Спалучэнне метафіз., эпістэмалагічнай і антрапал. мадэлей характэрна для тэорыі «ўсеадзінства» Л.Л.Карсавіна і тэорыі «культурнага сінтэзу» Э.​Трольча.

У сав. гуманіт. думцы Ф.г. не лічылася самаст. дысцыплінай. Філас.-гіст. праблематыка распрацоўвалася ў межах гістарычнага матэрыялізму (М.​А.​Барг, У.​Ж.​Келе, В.​І.​Мішын, Дз.​І.​Часнакоў і інш.). Да 1980-х г. у межах марксісцкай тэорыі вызначылася тэндэнцыя да абгрунтавання ўласнага статуса Ф.г. як гнасеалогіі, метадалогіі і логікі гісторыі (А.​І.​Ракітаў і інш.). У 1990-я г. на Беларусі тэарэт. праблемы Ф.г. і новыя метады гіст. даследаванняў распрацоўваюць У.​С.​Кошалеў, А.​М.​Нечухрын, У.​Н.​Сідарцоў і інш.

Літ.:

Гердер И.Г. Идеи к философии истории человечества: Пер. с нем. М., 1977;

Коллингвуд Р.​Дж. Идея истории: Автобиогр.: Пер. с англ. М., 1980;

Лооне Э.Н. Современная философия истории. Таллинн, 1980;

Бердяев Н.А. Смысл истории. М., 1990;

Гегель Г.В.Ф. Лекции по истории философии: Пер. с нем. Кн. 1—3. СПб., 1993;

Гобозов И.А. Введение в философию истории. М., 1993;

Карсавин Л.П. Философия истории. СПб., 1993;

Философия истории: Антология. М., 1995;

Арон Р. Избранное: Введение в философию истории: Пер. с фр. М.; СПб., 2000;

Русанова О.Ф. Философия и методология истории в XX в. Екатеринбург, 2000.

У.​С.​Кошалеў.

т. 16, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАД — САВЕТ МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Савет Міністраў з’яўляецца цэнтральным органам дзярж. кіравання, які ў адпаведнасці з Канстытуцыяй ажыццяўляе выканаўчую ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзярж. улады і інш. органаў выканаўчай улады. У сваёй дзейнасці падпарадкаваны Прэзідэнту і адказны перад Парламентам. Урад складаецца з Прэм’ер-міністра, намеснікаў Прэм’ер-міністра і міністраў; у яго склад могуць уваходзіць кіраўнікі інш. рэсп. органаў дзярж. кіравання. Прэм’ер-міністр назначаецца Прэзідэнтам са згоды Палаты прадстаўнікоў; ён у 2-месячны тэрмін пасля свайго прызначэння прадстаўляе Парламенту праграму дзейнасці Урада. У выпадку выказвання Палатай прадстаўнікоў вотуму недаверу Ураду Прэм’ер-міністр заяўляе Прэзідэнту аб адстаўцы. у адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь» (прыняты 24.6.1998, у рэдакцыі закона ад 31.1.2003) Урад распрацоўвае праект рэсп. бюджэту, прагнозы, дзярж. праграмы сац.-эканам. развіцця; арганізуе кіраванне дзярж. уласнасцю; рэгулюе знешнегандл. дзейнасць, стварае ўмовы для свабоднага прадпрымальніцтва на аснове раўнапраўя ўсіх форм уласнасці; ажыццяўляе інвестыцыйную дзейнасць, адзіную дзярж. палітыку ў галіне рэгулявання зямельных адносін, выкарыстання і эканоміі энергет. і матэрыяльных рэсурсаў; забяспечвае развіццё агульнадзярж. інфраструктуры (аўтамабільныя, паветраныя, водныя і чыг. шляхі зносін, сеткі сувязі, лініі электраперадач і інш.); правядзенне адзінай дзярж. палітыкі ў галіне навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, выкарыстання прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; прыняцце эфектыўных мер па сац. абароне грамадзян, ахове гісторыка-культ. спадчыны, развіцці прафес. мастацтва, л-ры, нац. кнігавыдання і перыяд. друку; забеспячэнні права грамадзян на свабоду веравызнанняў. Савет Міністраў забяспечвае гарантаваныя Канстытуцыяй, законамі і прадугледжаныя міжнар. абавязацельствамі дзяржавы правы і свабоды грамадзян, а таксама абарону грамадзян Рэспублікі Беларусь як на тэр. краіны, так і па-за яе межамі, прымае меры па абароне нац. бяспекі і абараназдольнасці, незалежнасці і тэр. цэласнасці Рэспублікі Беларусь, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю. У межах Канстытуцыі, законаў, актаў Прэзідэнта Урад распрацоўвае асн. кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі, ажыццяўляе каардынацыю дзейнасці ў галіне адносін Беларусі з інш. дзяржавамі і міжнар. арганізацыямі. Як калегіяльны орган дзярж. кіравання Урад выдае пастановы, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэр. Рэспублікі Беларусь, а Прэм’ер-міністр у межах сваёй кампетэнцыі мае права выдаваць распараджэнні. Савет Міністраў валодае правам заканадаўчай ініцыятывы. Па даручэнні Прэзідэнта, па ўласнай ініцыятыве або ў прадугледжаным законам парадку ён арганізуе распрацоўку праектаў законаў Рэспублікі Беларусь, уносіць іх на разгляд Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, прадстаўляе ў палаты Нац. сходу і іх органы дакументы і матэрыялы, звязаныя з дзейнасцю Урада.

Дзярж. кіраванне ў пэўных галінах (сферах дзейнасці) і каардынацыю работы ў гэтых галінах (сферах дзейнасці) інш. рэсп. органаў дзярж. кіравання ажыццяўляюць міністэрствы, дзярж. камітэты, камітэты пры Савеце Міністраў і дзярж. арганізацыі, падпарадкаваныя Савету Міністраў. У сістэму гэтых органаў дзярж. кіравання ўваходзяць міністэрствы: архітэктуры і будаўніцтва, унутр. спраў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, замежных спраў, інфармацыі, культуры, лясной гаспадаркі, абароны, адукацыі, па падатках і зборах, па надзвычайных сітуацыях, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прамысловасці, сувязі і інфарматызацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, спорту і турызму, статыстыкі і аналізу, гандлю, транспарту і камунікацый, працы і сац. абароны, фінансаў, эканомікі, энергетыкі, юстыцыі; Камітэт дзярж. бяспекі; дзярж. камітэты: ваенна-прамысловы, па авіяцыі, па навуцы і тэхналогіях, пагранічных войск, мытны; камітэты пры Савеце Міністраў: па архівах і справаводстве, па справах рэлігій і нацыянальнасцях, па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі, па матэрыяльных рэзервах, па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, па каштоўных паперах, па энергаэфектыўнасці. Да дзярж. арганізацый, падпарадкаваных Савету Міністраў, адносяцца Бел. дзярж. канцэрны: харчовай прамысловасці («Белдзяржхарчпрам»), па нафце і хіміі («Белнафтахім»), па вытв-сці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці («Беллегпрам»), на вытв-сці і рэалізацыі тавараў нар. спажывання («Белмясцпрам»), па вытв-сці і рэалізацыі фармацэўтычнай і мікрабіял. прадукцыі («Белбіяфарм»); Бел. вытв.-гандл. канцэрн лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці («Беллеспаперапрам»), Бел. чыгунка і Бел. рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў («Белкаапсаюз»), якія знаходзяцца ў веданні Урада па пытаннях, вызначаных заканадаўствам. Мін-вы, дзярж. к-ты па асобных пытаннях дзейнасці, прадугледжаных заканад. актамі, могуць падпарадкоўвацца выключна Прэзідэнту. Рэсп. органы дзярж. кіравання, падпарадкаваныя Савету Міністраў, іх тэр. органы ў межах сваёй кампетэнцыі прымаюць (выдаюць) прававыя акты на аснове і з мэтай выканання Канстытуцыі, законаў, актаў Прэзідэнта, пастаноў Урада, ажыццяўляюць кантроль за іх выкананнем.

Дом Урада Рэспублікі Беларусь.

т. 18, кн. 2, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭДНЕДНЯПРО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 2-й пал. 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н. э. насялялі Верхняе і Сярэдняе Падняпроўе, у т. л. тэр. сучасных Гомельскай, Магілёўскай, часткова Мінскай і Віцебскай абл. Вылучаюць ранні (26—24 ст. да н.э.), сярэдні (23—18 ст. да н.э.) і позні (18—15 ст. да н.э.) этапы. На тэр. Беларусі С.к. пашырылася на сярэднім і познім этапах. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, дадатковыя — рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва.

Паселішчы размяшчаліся на пясчаных дзюнах, узвышэннях поймы, на краях тэрас і на ўчастках карэннага берага. Жытлы наземныя слупавой канструкцыі і паўзямлянкі, унутры мелі агнішчы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным стане на баку ў авальных або прамавугольных ямах і трупаспаленне на курганных могільніках. Насельніцтва С.к. вырабляла гаршкі, кубкі, слоікі, чашы з шара- і яйцападобным тулавам, слоікападобныя пласкадонныя пасудзіны і інш. У глінянае цеста дамешвалі пясок, шамот і дробны кварц. Верхняя частка посуду звычайна ўпрыгожвалася адбіткамі шнура, лінейнага і зубчастага штампа, наразнымі лініямі, уцісканнямі, зашчыпамі і інш. элементамі, якія ўтваралі гарыз. і дыяганальныя рады арнаментаў, трохвугольныя кампазіцыі. Плямёны С.к. карысталіся крамянёвымі і касцянымі прыладамі працы (сякеры, скрабкі, скоблі, нажы, сярпы, цёслы і інш.), меднымі і бронзавымі ўпрыгожаннямі (дыядэмы, шыйныя грыўні, бранзалеты, трубчастыя пранізкі, скроневыя кольцы, бурштынавыя падвескі). Найб. вядомыя помнікі С.к. на Беларусі Ксяндзова Гара, Струмень, Рудня-Шлягіна, Сябровічы, Ходасавічы.

Літ.:

Археалогія Беларусі. Т. 1. Мн., 1997.

А.​Г.​Калечыц.

Да арт. Сярэднедняпроўская культура: посуд 2-га (верхнія 3 рады) і 3-га этапаў.

т. 15, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУ́БЫ,

пустацелыя цыліндрычныя або профільныя вырабы значнай даўжыні ў параўнанні з папярочным сячэннем. Адрозніваюць Т. метал. і неметалічныя. Злучаюцца з дапамогай зваркі, таксама раструбаў, муфтаў, фланцаў. Як асобныя элементы ці злучаныя ў трубаправоды выкарыстоўваюцца для перамяшчэння цел у газападобным (газаправоды), вадкім (вода-, нафтаправоды) або цвёрдым стане (гл. Пнеўматычны транспарт). Паводле лікавага значэння ціску вадкасці, што працякае па трубаправодзе, адрозніваюць Т. безнапорныя, маланапорныя і напорныя.

Металічныя Т. паводле спосабу вытв-сці падзяляюцца на стальныя (6 класаў) і чыгунныя; бясшвовыя, зварныя, літыя (гл. Трубазварачная вытворчасць, Трубаліцейная вытворчасць, Трубапракатная вытворчасць). Стальныя Т. выкарыстоўваюцца ў магістральных трубаправодах высокага і нізкага ціску для падачы вады, газу, нафты, таксама ў машынабудаванні, буд., хім., харч. прам-сці, ядз. тэхніцы. як стальныя канструкцыі маставых кранаў, буравых вышак і інш.; чыгунныя Т. — у асн. для водаправодных і каналізацыйных сетак, газа- і нафтаправодаў (безнапорных) і інш. Неметалічныя Т. вырабляюцца з розных тыпаў бетону (у т. л. з жалезабетону), цэменту (у т. л. з азбацэменту). палімерных матэрыялаў, цэглы, шкла, керамічных матэрыялаў і інш. Жалезабетонныя, азбацэментныя Т. выкарыстоўваюцца ў каналізацыйных, арашальных і асушальных сістэмах; жалезабетонныя і бетонныя, мураваныя Т. — таксама пад насыпнымі збудаваннямі для пастаянных вадацёкаў, пропуску ліўневых і расталых вод і інш.; Т. з палімерных матэрыялаў, шклапластыкаў, пластмас — у сістэмах водазабеспячэння, каналізацыі, электраправодкі. таксама ў газа- і нафтаправодах, для перапампоўвання розных хімікатаў; Т. з керамічных матэрыялаў (звычайна з тугаплаўкіх глін) — у каналізацыйных, дрэнажных сістэмах і інш.; шкляныя — для транспарціроўкі агрэсіўных вадкасцей і газаў у хім., нафтаперапрацоўчай, таксама харч. і фармакалагічнай прам-сцях; каменялітыя — для абразіўных матэрыялаў і пульпаў у вугальнай, металургічнай, энергет. прам-сці і інш.

т. 15, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРФЕРО́МЕТР [ад лац. inter паміж + ferens (ferentis) які нясе, пераносіць + ... метр],

вымяральная прылада, дзеянне якой заснавана на інтэрферэнцыі хваль. Існуюць аптычныя і радыёінтэрферометры для эл.-магн. хваль і акустычныя І. для гукавых.

У аптычных I. (найб. пашыраны) зыходны пучок святла раздзяляецца на 2 ці больш узаемна кагерэнтных (гл. Кагерэнтнасць) прамянёў, якія праходзяць розныя аптычныя шляхі, а потым зводзяцца разам і ствараюць інтэрферэнцыйную карціну. Аналіз яе дае неабходную інфармацыю. Шматпрамянёвыя І. выкарыстоўваюцца ў асн. як спектрометры, двухпрамянёвыя — як тэхн. прылады. Імі вымяраюць даўжыні хваль спектральных ліній, паказчыкі пераламлення празрыстых асяроддзяў, памеры і перамяшчэнні цел, вуглавыя памеры зорак, кантралююць форму, мікрарэльеф і дэфармацыю паверхняў аптычных дэталей, чысціню метал. паверхні і інш. У лазерных І. у параўнанні са звычайнымі аптычнымі дасягаецца павышаная дакладнасць вымярэння адлегласцей, скарасцей руху, розных фіз. характарыстык аб’ектаў, высокаскарасных працэсаў і з’яў. Ёсць таксама валаконна-аптычныя і галаграфічныя І. Акустычнымі I. вызначаюць скорасці распаўсюджвання гуку ў розных асяроддзях, адлегласці да выпраменьвальнікаў гуку, напрамкі прыходу хваль (напр., пры гідралакацыі) і інш. У залежнасці ад вугла паміж напрамкам на крыніцу гуку і нармаллю да базы І. зменьваецца рознасць фаз сігналаў, што прымаюцца 2 акустычнымі прыёмнікамі, і магутнасць сумарнага сігналу, па якіх ацэньваюць гэты вугал і інш. характарыстыкі крыніцы выпрамянення. Радыёінтэрферометры паводле прынцыпу дзеяння падобныя на акустычныя і найчасцей выкарыстоўваюцца для астр. назіранняў. Базы іх бываюць вельмі значныя (напр., пры антэнах, размешчаных на процілеглых баках Зямлі). Сігналы ад касм. крыніцы радыёвыпрамянення, прынятыя антэнамі, перадаюцца па лініях сувязі на агульны аналізатар, з дапамогай якога вызначаюць вуглавое становішча і памеры крыніцы, размеркаванне яе радыёяркасці.

Літ.:

Коломийцов Ю.В. Интерферометры Л., 1976;

Тарасов К.И. Спектральные приборы. 2 изд. Л., 1977;

Колесников А.Е. Ультразвуковые измерения. 2 изд. М., 1982.

В.​І.​Вараб’ёў.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУГАВО́ДСТВА,

1) галіна раслінаводства, якая займаецца вытв-сцю зялёных кармоў, сена, сенажу, сіласу і травяной мукі, паляпшэннем прыродных і стварэннем штучных сенажацей і пашы для жывёлагадоўлі; састаўная ч. кормавытворчасці. Асн. задача Л. — паляпшэнне натуральнага і сеянага травастою, што звычайна прадугледжвае поўнае знішчэнне дзярніны ў працэсе ўзворвання, унясенне ўгнаенняў, сяўбу шматгадовых траў. На Беларусі лугі даюць прыкладна ​1/3 усіх кармоў для жывёлагадоўлі. 3 агульнай плошчы сельгасугоддзяў 9,3 млн. га (1998) сенажаці займаюць 1,3 млн. га (14%), паша — 1,7 млн. га (18,3%), з іх палепшаныя адпаведна 1 і 1,2 млн. га. Найб. плошчы лугоў на Пн і Пд рэспублікі. У 20 ст. на Беларусі праведзены вял. работы па паляпшэнні натуральных лугоў і асваенні новых зямель. Найб. плошчы новых зямель асвоены ў Бел. Палессі, дзе асушаныя плошчы з мелкім заляганнем торфу пераважна выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы. На пач. 1998 у рэспубліцы на асушаных землях 814,5 тыс. га сенажацяў і 780,5 тыс. га пашы. Палепшаныя і культурныя (сеяныя) сенажаці і паша высокапрадукцыйныя, могуць даваць 7—8 т/га сена. Важнай задачай Л. з’яўляецца асваенне сенажацезваротаў — папераменнае выкарыстанне адной і той жа лугавой плошчы пад сенажаць і пашу, падтрыманне іх высокапрадукцыйнага стану. Л. развіта ў краінах, дзе лугі адыгрываюць значную ролю ў вытв-сці кармоў, найб. у ЗША, Расіі, Канадзе, Аўстраліі, Аргенціне, Новай Зеландыі, Вялікабрытаніі, Германіі.

2) Навука, якая распрацоўвае тэарэт. асновы і практычныя спосабы павышэння прадукцыйнасці прыродных і стварэння сеяных (культурных) сенажацей і пашы, спосабы рацыянальнага іх выкарыстання. Звязана з раслінаводствам, аграхіміяй, глебазнаўствам, меліярацыяй, земляробствам і інш. На Беларусі развіваецца пераважна ў Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства, у Бел. НДІ земляробства і кормавытворчасці.

Н.​І.​Жураўская.

т. 9, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГІЯНА́ЛЬНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,

раздзел геалогіі, што вывучае геал. будову і гісторыю развіцця асобных рэгіёнаў (краін, кантынентаў, акіянаў, складкавых сістэм, платформ або іх частак). Гал. задачы Р.г.: комплекснае геал. даследаванне рэгіёнаў (геал. будова, стратыграфічная паслядоўнасць і ўзрост адкладаў, іх рэчыўны састаў і ўмовы намнажэння, эфузіўныя і інтрузіўныя ўтварэнні, метамарфізм, тэктагенез, фарміраванне і размеркаванне радовішчаў карысных выкапняў і інш.) і параўнальны аналіз геал. будовы і гісторыі развіцця асобных рэгіёнаў для высвятлення будовы і эвалюцыі зямной кары кантынентаў і Зямлі, таксама заканамернасці размяшчэння ў ёй карысных выкапняў. Гал. метады Р.г.: геалагічная здымка, глыбокае і звышглыбокае свідраванне, комплекс геафіз. (электра-, траві-, магніта-, сейсмаметрыя і інш.), геахім., петраграфічных, палеанталагічных даследаванняў, розныя віды дыстанцыйнага зандзіравання (аэрафота і касм.) і інш. Вынікі рэгіянальных геал. даследаванняў выкарыстоўваюцца пры гідрагеал. і інжынерна-геал. дзейнасці, у пошуках карысных выкапняў, прадстаўляюцца ў выглядзе геалагічных карт, карт карысных выкапняў, таксама тэктанічных, геахім., палеагеаграфічных, літолага-фацыяльных і інш. карт, справаздач, тлумачальных запісак.

Першыя рэгіянальныя геал. даследаванні адносяцца да 2-й пал. 18 ст., сістэм, характар яны набылі з пач.: 19 ст. пасля распрацоўкі Агульнай стратыграфічнай шкалы фанеразойскіх адкладаў. Найб. вядомыя вучоныя ў галіне Р.г.: англ. Р.​І.​Мурчысан, франц. Ф.​Вернёйль, рус. А.​А.​Кейзерлінг, Р.​П.​Гельмерсен, А.​П.​Карпінскі, А.​Дз.​Архангельскі, У.​А.​Обручаў, М.​С.​Шацкі, М.​М.​Страхаў, В.​Я.​Хаін і інш.

На Беларусі даследаванні па Р.г. праводзяць арг-цыі ВА «Белгеалогія». Значны ўклад у развіццё Р.г. зрабілі П.​А.​Туткоўскі, Г.​Ф.​Мірчынк, А.​М.​Жырмунскі, Г.​І.​Гарэцкі, А.​С.​Махнач, А.​В.​Фурсенка, М.​М.​Цапенка, Л.​М.​Вазнячук, С.​С.​Маныкін і інш.

Літ.:

Милановский Е.Е. Геология России и ближнего зарубежья (Северной Евразии). М., 1996.

Г.​У.​Зінавенка.

т. 13, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́ДА,

здольнасць і магчымасць для індывіда або пэўнай групы ажыццяўляць сваю волю, аказваць уздзеянне на характар і кірунак дзейнасці, паводзіны інш. людзей, незалежна ад іх згоды або нязгоды. Ажыццяўляецца праз эканам., ідэалаг. і арганізацыйна-прававыя механізмы, а таксама з дапамогай прымусу, аўтарытэту, традыцый і г.д. У. забяспечвае правапарадак, прызнаны ў дадзеным грамадстве. Існуе цэлы шэраг крыніц У. Агульнапрызнанай крыніцай з’яўляецца сіла, таму ў свядомасці многіх людзей У. атаясамліваецца з насіллем. Да істотных крыніц У. адносяцца таксама здольнасці асобы канкрэтнага лідэра, багацце і грамадскае становішча носьбітаў У., іх веды і валоданне інфармацыяй. Сярод метадаў рэалізацыі У. асаблівае месца займае фізічны і псіхічны прымус. Першы заключаецца ў прамым навязванні сац. суб’ектам пэўнага кшталту паводзін, другі — гэта пагроза ім негатыўнымі вынікамі ў выпадку ўхілення ад навязваемых паводзін. Носьбіты У. выкарыстоўваюць таксама прыёмы пераканання і заахвочвання, уздзеяння аўтарытэтам і г.д. У сучасным грамадстве сярод адпаведных інструментаў і прыёмаў уладарання вылучаюць паліт., эканам., сац., бацькоўскую, культ.-інфармацыйную і інш. віды У. Найб. важная сярод іх палітычная У. як рэальная здольнасць класа, сац. групы або індывіда праводзіць сваю волю, якая вызначаецца аб’ектыўнымі патрэбнасцямі і інтарэсамі, з дапамогай прававых паліт. норм і спец. ін-та — дзяржавы. Паліт. У. выконвае толькі ўласцівыя ёй функцыі — кіраванне грамадствам, падтрыманне парадку і стабільнасці, дасягненне грамадскай згоды, рэгуляванне паводзін людзей, выяўленне, абмежаванне і вырашэнне канфліктаў і да т.п. Для ажыццяўлення гэтых функцый паліт. У. афармляецца ў пэўныя дзярж. і паліт. структуры. Найважнейшым пытаннем паліт. У. з’яўляецца раздзяленне яе на заканад., выканаўчую і судовую. Прынцып раздзялення ўлад канкрэтна аформлены ў Канстытуцыі і законах Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Монтескье Ш.Л. Избр. произв.: Пер. с фр. М., 1955.

І.​В.​Катляроў.

т. 16, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОВАЗНА́ЎСТВА, лінгвістыка,

навука пра сутнасць, будову, функцыянаванне і эвалюцыю моў. Універсальныя ўласцівасці мовы, як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, як увасабленне свядомасці, спосаб фіксацыі пазнання, як знакавую сістэму асаблівага роду, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця, вывучае агульнае мовазнаўства. Асобныя мовы (напр., беларускую мову, старажытнагрэчаскую мову і інш.) даследуе прыватнае М., а групы моў (напр., славянскія мовы, індаеўрапейскія мовы, угра-фінскія мовы і інш.), іх структуру, развіццё вывучае супастаўляльнае і тыпалагічнае М. Паводле характару вынікаў даследавання мовы адрозніваюць тэарэт. і прыкладное М. Вывучэнне моў грунтуецца на 2 падыходах: сінхранічным (гл. Сінхранія), які шырока выкарыстоўваецца для адэкватных апісанняў канкрэтных моў у пэўны перыяд іх функцыянавання, і дыяхранічным (гл. Дыяхранія), які ўжываецца для апісання змен і развіцця мовы, яе адзінак, катэгорый. Функцыянаванне і эвалюцыю мовы ў грамадстве, сувязі мовы з інш. сац. з’явамі, утварэннямі (напр., нацыяй, дзяржавай, культурай, адукацыяй, л-рай, музыкай і г.д.), суадносіны мовы з псіхічным жыццём чалавека даследуе знешняя лінгвістыка. Структуру мовы, яе адзінак, катэгорый, а таксама іх функцыі ў сінхраніі і дыяхраніі вывучае ўнутр. лінгвістыка. Структурная лінгвістыка асаблівую ўвагу надае аналізу мовы як сістэмы, што ўяўляе сабой сукупнасць узаемазвязаных элементаў, адзінак, узроўняў мовы. У межах камп’ютэрнай лінгвістыкі ажыццяўляецца аўтам. апрацоўка тэкстаў каб атрымаць дакладныя звесткі аб іх структуры, адзінках і выкарыстаць атрыманыя дадзеныя для тэарэт. і практычных патрэб (машынны пераклад, аўтам. рэферыраванне тэкстаў, складанне канкардансаў, слоўнікаў і інш.). Матэматычная лінгвістыка распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і штучных моў, іх мадэлявання. Стат. лінгвістыка выкарыстоўвае матэм. апарат для вывучэння імавернасных і градуальных з’яў у мове для іх разнастайных падлікаў, вымярэнняў, каб атрымаць больш глыбокія веды пра якасныя ўласцівасці мовы. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства шляхам супастаўлення моў у розныя перыяды іх функцыянавання ўстанаўлівае ступень роднаснасці моў, іх мінулы стан, узнаўляе прамову і яе адзінкі. Тыпалагічнае М. (гл. Тыпалогія лінгвістычная) вывучае еднасныя структурныя рысы розных моў паводле фанетычнага складу, граматычнай будовы, асаблівасцей слоўнікаў, грамадскіх функцый і інш. Супастаўляльнае мовазнаўства даследуе адметнасці канкрэтнай мовы ў параўнанні з інш. мовамі, што дазваляе выявіць некаторыя яе спецыфічныя рысы, важныя пры перакладах, а таксама пры вывучэнні і выкладанні моў і інш. Псіхалінгвістыка аналізуе працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення, звязаныя з унутр. станам, псіхікай чалавека, на аснове спец. эксперыментаў з носьбітамі мовы. Сацыялінгвістыка вывучае адносіны паміж грамадствам і мовай, асаблівасці маўлення пэўных груп насельніцтва, двухмоўе як грамадскую з’яву, магчымасці свядомага ўплыву грамадства на мову, праблемы міжнац. зносін, моўных кантактаў і інш. Этналінгвістыка вывучае адлюстраванне ў мовах адметных уласцівасцей розных этн. груп, рытуальнае выкарыстанне мовы і інш. Дыялекталогія і лінгвістычная геаграфія даследуюць асобныя рэгіянальныя гаворкі. варыянтнасць мовы ў прасторы, распрацоўваюць прынцыпы картаграфавання моўных з’яў у лінгвістычных атласах і інш. Адпаведна з вывучэннем асобных адзінак мовы вылучаюцца дысцыпліны ўнутр. лінгвістыкі: фанетыка (гукі маўлення), фаналогія (гукі мовы, што выконваюць сэнсаадрознівальную функцыю), акцэнталогія (націск), арфаэпія (правілы вымаўлення ў літ. мове), арфаграфія (правілы правапісу), марфаналогія (чаргаванне гукаў і асаблівасці іх ужывання на межах марфем), марфалогія (словазмяненне і часціны мовы), сінтаксіс (словазлучэнні, сказы), лексікалогія (словы і іх групоўкі), дэрываталогія (утварэнне слоў), лексікаграфія (тыпы і структура слоўнікаў), семасіялогія (семантыка значымых адзінак мовы), фразеалогія (устойлівыя словазлучэнні), этымалогія (паходжанне і гісторыя асобных слоў), анамастыка (уласныя назвы), стылістыка (функцыян. дыферэнцыяцыя мовы і яе адзінак паводле сферы ўжывання) і інш. М. цесна звязана з літаратуразнаўствам, гісторыяй, логікай, філасофіяй, сацыялогіяй, этнаграфіяй, псіхалогіяй, семіётыкай, геаграфіяй, кібернетыкай, матэматыкай і інш. навукамі.

М. ўзнікае ў сувязі з вынаходніцтвам, станаўленнем і развіццём пісьма і з патрэб вывучэння няродных моў. Ужо ў 3-м тыс. да н.э. ў стараж. Эбле (Паўн. Сірыя) ствараліся спісы слоў з мэтай навучання грамаце. У 5 ст. да н.э. ў Індыі Паніні распрацаваў першую ў свеце падрабязную граматыку стараж.-інд. сакральнай мовы санскрыту. У стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э. Геракліт, Платон, Сакрат і інш. абмяркоўвалі філас. праблемы паходжання і сутнасці мовы. У сваіх творах «Паэтыка» і «Рыторыка» Арыстоцель вызначыў найперш лагічныя падыходы да аналізу мовы, якія пазней былі выкарыстаны пры апісанні мовы ў вучэнні стоікаў, Ф.​Бэкана, а таксама ў сучасных працах Н.​Хомскага і інш. У 2 ст. да н.э. т.зв. Александрыйскай школай распрацаваны многія паняцці фанетыкі і граматыкі стараж.-грэч. мовы. У 1 ст. да н.э. грэч. лінгвістычныя традыцыі пераняты рымскім М., у нетрах якога створаны граматыкі Варона, Даната і Прысцыяна. Вызначаныя ў гэтых працах адзінкі і катэгорыі мовы паслужылі асновай для стварэння граматык многіх еўрап. моў. У Кітаі ў 3—2 ст. да н.э. былі падрыхтаваны слоўнікі састарэлых і дыялектных слоў, завершаны слоўнік «Шо вэнь» («Тлумачэнне пісьмёнаў»). У 2-й пал. 1-га тыс. н.э. распрацоўваліся граматычныя апісанні на матэрыяле семіцкіх моў у араб. і яўр. лінгвістычных працах. У 1072—83 Махмуд Кашгарскі ў сваім «Слоўніку цюркскіх моў» апісаў фанетыку, граматыку цюркскіх моў, даў звесткі пра гісторыю, этнаграфію, геаграфію, паэзію, фальклор цюркаў і зрабіў класіфікацыю гэтых моў. І.​Ю.​Скалігер у 1599 вызначыў 4 асн. групы еўрап. моў (лац., грэч., слав. і герм.). У сярэднія вякі ў Еўропе паступова ўдасканальваліся граматыкі, рыторыкі, паляпшаліся слоўнікі. У 14—16 ст. ва ўсх. славян з’явіліся пераклады і кампіляцыі грэч. і лац. граматык. У 1664 франц. тэолагі А.​Арно і К.​Лансло выдалі «Агульную і рацыянальную граматыку», якая працягвала лагічныя традыцыі Арыстоцеля і паўплывала на далейшае развіццё граматычнай навукі. У 18 ст. ням. філосаф Г.​Лейбіц на аснове прыродазнаўчых навук распрацоўваў аб’ектыўныя падыходы да вывучэння і развіцця моў, звярнуў увагу на супастаўленне розных моў і інш. знакавых сістэм. У сярэдзіне 18 ст. М.​В.​Ламаносаў напісаў першую навук. граматыку рус. мовы, хоць яго працы папярэднічала стварэнне больш за 10 граматычных трактатаў па рус. мове, напісаных пераважна на замежных мовах. У сувязі са станаўленнем гіст. лінгвістыкі ў 19 ст. М. вылучылася ў самаст. навук. дысцыпліну. З’явілася ідэя пра заканамерны характар гукавых адпаведнасцей у роднасных мовах як аснова параўнальна-гіст. метаду ў М. (Ф.​Боп, А.​Х.​Вастокаў, Я.​Грым, І.​Добраўскі, Р.​К.​Раск і інш.). Ствараліся працы па тэарэт. асэнсаванні сутнасці, функцыянавання, развіцця моў, іх класіфікацыі на падмурку граматычных прыкмет (В.​Гумбальт), выдадзены вял. слоўнікі еўрап. моў, у т. л. бел. (Вастокаў, Н.​Уэбстэр, браты Я. і В.​Грым, У.​І.​Даль, С.​Б.​Ліндэ, І.​І.​Насовіч і інш.), параўнальна-гіст. граматыкі моў (К.​Бругман, Ф.​Міклашыч, А.​Шляйхер і інш.). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся псіхал. кірунак у М. (А.​А.​Патабня, Г.​Штайнталь і інш.), дзе адзінства моў тлумачылася адзінствам чалавечага мыслення і падкрэслівалася роля псіхічных працэсаў у развіцці мовы; узніклі лінгвістычныя школы: натуралізм (Шляйхер і інш.), эстэтызм (К.​Фослер і інш.), «Словы і рэчы» (Р.​Мерынгер, Г.​Шухарт і інш.), лінгвагеаграфія (Г.​Венкер, Ж.​Жыльерон і інш.), младаграматызм (Бругман, Б.​Дэльбрук, А.​Лескін, Г.​Остгаф, Г.​Пауль і інш.). У 20 ст. пашырыліся ідэі пра сац. абумоўленасць моўных з’яў (Ш.​Балі, Ж.​Вандрыес, Я.​Дз.​Паліванаў, А.​Сешэ і інш.), вядзецца пошук больш аб’ектыўных спосабаў вывучэння моўных з’яў праз іх фармальнае апісанне (П.​Ф.​Фартунатаў і інш.). У міжваенны перыяд у Еўропе і ЗША сфарміравалася магутная лінгвістычная школа — структуралізм (Л.​Ельмслеў, В.​Матэзіус, Э.​Сепір, Ф. дэ Сасюр, М.​С.​Трубяцкой, Р.​В.​Якабсон і інш.), які ў пасляваен. час пашырыўся і спрыяў станаўленню кібернетычнай, а таксама прыкладной і матэм. лінгвістыкі (Ю.​Д.​Алрэсян, В.​У.​Мартынаў, І.​А.​Мяльчук, Р.​Г.​Піятроўскі і інш.) і лінгвасеміётыкі (Р.​Барт, К.​Леві-Строс, Ч.​Морыс, дэ Сасюр, Ю.​С.​Сцяпанаў і інш.). У сувязі з вывучэннем новых моў, што не мелі сваёй пісьменнасці, усталявалася школа структуралізму — дэскрыптыўная лінгвістыка (Ф.​Боас, Л.​Блумфілд, З.​Харыс і інш.). У параўнальна-гіст. і апісальным М. пашырыліся ідэі падыходу да моўных з’яў з пазіцый іх сістэмнай арганізацыі, што вядзе сваю традыцыю ад вучэння І.​А.​Бадуэна дэ Куртэнэ аб мове (В.​У.​Іванаў, В.​М.​Сонцаў, У.​М.​Тапароў і інш.). У 1980—90-я г. ўсталёўваюцца функцыянальная лінгвістыка, лінгвістыка тэксту, кагнітыўная лінгвістыка і інш., дзе асаблівая ўвага аддаецца зместу моўнай інфармацыі, спосабам яго перадачы і ўспрымання.

У стараж. Беларусі перапісваліся старажытнаслав. лінгвістычныя трактаты (напр., «О письменах» Чарнарызца Храбра, 9—10 ст., бел. копіі 16—17 ст.). У 16—17 ст. створаны рукапісны «Лексис съ толкованіем словенских мов просто» (канец 16 ст.), друкаваныя працы «Лексис, сирчь речен і ...» Л.​Зізанія (1596, Вільня), «Лексиконъ славеноросскій...» П.​Бярынды (1627, Кіеў; 2-е выд. 1653, Куцейна, пад рэд. І.​Труцэвіча), дзе тлумачыліся лексіка і выразы царк.слав. помнікаў. Выдаваліся таксама азбукі, буквары, граматыкі: «Буквар» І.​Фёдарава (1574, Львоў), ананімная «Кграматыка словеньска языка...» (1586, Вільня), «Грамматіка Словенска...» Л.​Зізанія і яго ж «Лексис», дзе тлумачыцца 1061 стараслав. слова з дапамогай больш як 2 тыс. старабел. слоў (абедзве кнігі 1596, Вільня), «Грамматики Словенския правилная синтагма» М.​Сматрыцкага (1619, Еўе), «Буквар» (1631, Куцейна) і «Буквар языка славенска» (1636, Буйнічы) С.​Собаля і інш. У гэтых працах апісвалася царк.слав. мова, якая ўжывалася ў сферах культу і навукі; бел. («простая») мова выкарыстоўвалася толькі як матэрыял для «вырозуменья» царк.-слав. мовы. Першая граматыка «простой» мовы («Граматыка словенская») напісана на лац. мове ў 1643 студэнтам Сарбоны І.​Ужэвічам (захоўвалася ў рукапісах, выд. ў 1970 у Кіеве, у 1996 у Мінску). У 1-й чвэрці 19 ст. пачалося навук. вывучэнне бел. мовы, што было звязана з павышанай цікавасцю грамадскасці да этнаграфіі, вусна-паэт. творчасці бел. народа. Найб. раннія пісьмовыя звесткі пра сучасную бел. мову (у працах А.​К.​Кіркора, Я.​Чачота, П.​М.​Шпілеўскага і інш.) падаваліся ў плане агульнага азнаямлення з бел. этнаграфіяй і фальклорам. Бел. мове прысвячаліся і спец. працы (напр., артыкул К.​Ф.​Калайдовіча «Пра беларускую гаворку», 1822). Грунтоўнае вывучэнне бел. мовы пачалося з сярэдзіны 19 ст. Этнографы і фалькларысты П.​А.​Бяссонаў, У.​М.​Дабравольскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, Я.​Карловіч, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, А.​К.​Сержпутоўскі, М.​Федароўскі, П.​В.​Шэйн, М.​А.​Янчук і інш. сабралі і апублікавалі багаты матэрыял пра асаблівасці бел. гаворак. У гэты ж час створаны слоўнікі нар. лексікі і фразеалогіі, найб. буйныя з іх «Збор слоў літоўска-рускай (беларускай мовы)» Ф.​С.​Шымкевіча (1840, выд. 1995), «Слоўнік беларускай мовы» І.​Насовіча (1870). Факты бел. мовы выкарыстоўвалі ў сваіх працах рус. і польскія лінгвісты (К.​Ю.​Апель, Ф.​І.​Буслаеў, М.​М.​Дурнаво, М.​А.​Коласаў, Ліндэ, Патабня, А.​І.​Сабалеўскі, І.​І.​Сразнеўскі, Шахматаў і інш.). Пасля выдання помнікаў бел. пісьменнасці разгарнулася даследаванне іх мовы (летапісаў — Шахматавым, твораў Ф.​Скарыны — П.​У.​Уладзіміравым, перакладных рыцарскіх аповесцей — А.​Брукнерам, інтэрмедый — У.​М.​Перацам). Надрукаваны працы па гіст. граматыцы бел. мовы («Гістарычны агляд важнейшых гукавых і марфалагічных асаблівасцей беларускіх гаворак» І.​А.​Нядзёшава, 1884, і інш.). Але многія рус. і польск. вучоныя трактавалі бел. мову як дыялект велікарус. або польск. мовы, адмаўлялі яе права на ўжыванне ў грамадска-культ. сферах жыцця беларусаў, вызначалі месца яе выкарыстання толькі ў быт. сферы. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. філалогіі Я.​Ф.​Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры яе кнігі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. У пач. 20 ст. з пашырэннем літ. творчасці і кнігавыдання на бел. мове ўзнікла неабходнасць вызначыць характэрныя рысы бел. мовы і замацаваць іх у якасці літ. норм, што ўпершыню зроблена ў «Беларускай граматыцы для школ» Б.​А.​Тарашкевіча (1918). У 1920-я г. створаны Інбелкульт, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі, што ўключала ў свой склад Ін-т мовы, л-ры і мастацтва. У гэты ж час адкрыты БДУ і шэраг пед. ін-таў, дзе рыхтаваліся лінгвістычныя кадры і вяліся даследаванні ў галіне бел. М. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССР беларусізацыі. У 1926 адбылася акад. канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, скіраваная на збліжэнне з правіламі рус. мовы. У выніку збору і сістэматызацыі бел. лексікі створаны 24 тэрміналагічныя зборнікі, апублікаваны «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.​Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928) М.​Я.​Байкова і С.​М.​Некрашэвіча. Выдаваліся і дыялектныя («краёвыя») слоўнікі: «Віцебскі краёвы слоўнік» М.​І.​Каспяровіча (1927), «Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны» М.​В.​Шатэрніка (1929). Абагульняльную працу пра гаворкі цэнтр. і ўсх. Беларусі «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» ў 1928 апублікаваў П.​А.​Бузук. Дыялектны матэрыял, назапашаны Ін-там мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі, загінуў у Вял. Айч. вайну. Некаторыя даваен. запісы пазней выкарыстаны ў выданнях «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны» І.​К.​Бялькевіча (1970), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» П.​А.​Растаргуева (1973). Гісторыю бел. мовы вывучалі Бузук, І.​В.​Воўк-Левановіч, М.​І.​Карнеева-Петрулан, Карскі, Растаргуеў і інш., фанетыку — Я.​Лёсік, Воўк-Левановіч і інш. Выйшлі працы па гіст. сінтаксісе «Выражэнне галоўных членаў сказа ў беларускай мове» (1940) і «Даследаванні ў галіне гісторыі беларускага сінтаксісу» (1941) Ц.​П.​Ломцева, аўтара і рэдактара выдадзенай раней акад. працы «Беларуская граматыка. Фанетыка і правапіс» (1935). Ін-т мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі выдаў даследаванні «Беларуская граматыка. Марфалогія» (1936), «Сінтаксіс беларускай мовы» (1939) і «Курс сучаснай беларускай мовы. Фанетыка, марфалогія, лексіка» (1940), у якіх падагульнены дасягненні бел. М. У пасляваен. час усталяваліся новыя кірункі даследаванняў, створаны новыя падручнікі па бел. мове для школ, тэхнікумаў, ВНУ. Выдадзены «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. Я.​Коласа, К.​Крапівы, П.​Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэд. К.​Крапівы, «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.​Абрэмбскай-Яблонскай і М.​В.​Бірылы (абодва 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.​П.​Лемцюговай (1980), «Беларуска-расійскі слоўнік» Я.​Станкевіча (1990, Нью-Йорк) і інш. Выйшла з друку фундаментальная акад. «Граматыка беларускай мовы» пад рэд. К.​Крапівы, М.​Г.​Булахава, П.​П.​Шубы (т. 1—2, 1962—66), распрацоўваліся гісторыя бел. мовы і гіст. граматыка (А.​Я.​Баханькоў, А.​М.​Булыка, А.​І.​Жураўскі, І.​І.​Крамко, Л.​М.​Шакун, Ф.​М.​Янкоўскі, А.​Л.​Яновіч, А.​А.​Яскевіч і інш.). Апублікавана некалькі агульных курсаў сучаснай бел. мовы, манаграфіі, прысвечаныя актуальным пытанням бел. граматыкі (Л.​А.​Антанюк, М.​А.​Аўласевіч, Булахаў, Л.​І.​Бурак, М.​С.​Васілеўскі, А.​П.​Груца, М.​І.​Гурскі, М.​А.​Жыдовіч, Ю.​Ф.​Мацкевіч, А.​Я.​Міхневіч, А.​І.​Наркевіч, Л.​П.​Падгайскі, П.​У.​Сцяцко, Шуба, П.​Я.​Юргелевіч, М.​С.​Яўневіч і інш.) і фанетыкі (Н.​Т.​Вайтовіч, Л.​Ц.​Выгонная, А.​А.​Крывіцкі, А.​І.​Падлужны, Э.​Смулкова, В.​М.​Чэкман і інш.), стылістыкі бел. мовы (А.​А.​Каўрус, Г.​М.​Малажай, Лепешаў, Т.​І.​Тамашэвіч, М.​Я.​Цікоцкі, А.​К.​Юрэвіч і інш.), дыялекталогіі (Э.​Д.​Блінава, Я.​М.​Камароўскі, Ф.​Д.​Клімчук, Е.​С.​Мяцельская, А.​А.​Станкевіч, І.Я.Я́шкін і інш.), методыкі выкладання бел. мовы (З.​Б.​Варановіч, В.​У.​Протчанка, В.​І.​Рагаўцоў, М.​Г.​Яленскі і інш.). Вывучаліся бел. лексіка і словаўтварэнне (Антанюк, А.​Я.​Баханькоў, Бірыла, Булыка, М.​Ф.​Гуліцкі, В.​П.​Красней, У.​М.​Лазоўскі, Лемцюгова, А.​А.​Лукашанец, Г.​М.​Мезенка, М.​А.​Паўленка, М.​Р.​Прыгодзіч, А.​Ф.​Рогалеў, В.​Д.​Старычонак, М.​Р.​Суднік, Сцяцко, Шакун, В.​К.​Шчэрбін, Г.​Ф.​Юрчанка і інш.), фразеалогія (А.​С.​Аксамітаў, М.​А.​Даніловіч, У.​І.​Коваль, І.​Я.​Лепешаў, Янкоўскі і інш.). Выдадзены акад. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.​М.​Бардовіча, Шакуна (1975), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.​К.​Клышкі (1976), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.​М.​Грабчыкава (1994), «Слоўнік іншамоўных слоў» Булыкі (т. 1—2, 1999). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—18, 1982—99). Выдадзены «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.​Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» (т. 1, 1997), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.​П.​Пазнякова (1988), Н.​В.​Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы Скарыны» У.​В.​Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), частотны слоўнік бел. мовы Н.​С.​Мажэйкі, Супруна (т. 1—5, 1976—92). Апублікавана шмат слоўнікаў асобных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), першы сярод слав. моў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963; Дзярж. прэмія СССР 1968). Да найбуйнейшых прац належаць акад. «Беларуская граматыка» пад рэд. Бірылы і Шубы (ч. 1—2, 1985—86), «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» пад рэд. Падлужнага (1989), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» пад рэд. Бірылы і Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98), энцыклапедыя «Беларуская мова» (1994; Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1998).

З 1960-х г. на Беларусі даследуюцца і інш. слав. мовы, часам у плане іх супастаўлення з бел. мовай. Выйшлі працы апісальнага і супастаўляльнага характару па праблемах рус. мовы (Булахаў, Т.​М.​Валынец, А.​А.​Гіруцкі, Гурскі, М.​І.​Канюшкевіч, І.​І.​Козыраў, А.​Ф.​Манаенкава, В.​А.​Маслава, Мезенка, Міхневіч, В.​М.​Нікіцевіч, С.​М.​Прохарава, І.​С.​Роўда, Л.​М.​Чумак, Шуба і інш.). Вядуцца параўнальна-гіст. і супастаўляльна-тыпалагічныя даследаванні слав. моў (Р.​М.​Казлова, А.​А.​Кожынава, Мартынаў, Супрун, Г.​А.​Цыхун, Чэкман і інш.), вывучэнне старасл. мовы, паўд. і зах.-слав. моў, укр. мовы, часта ў параўнанні з бел. (Анічэнка, В.​Л.​Вярэніч, У.​А.​Карпаў, В.​Ф.​Крыўчык, Лемцюгова, Мажэйка, Мячкоўская, Б.​Ю.​Норман, Б.​А.​Плотнікаў, Супрун, Г.​У.​Ярмоленка і інш.). З германскіх моў вывучаецца нямецкая (С.​М.​Гайдучык, Т.​С.​Глушак, П.​І.​Копанеў, Г.​Я.​Панкрац, Ю.​У.​Папоў, А.​М.​Шаранда і інш.) і англійская (Дз.​Г.​Багушэвіч, Ю.​Б.​Барысаў, Я.​М.​Воўшын, Г.​П.​Кліменка, Л.​М.​Ляшчова, Я.​А.​Маслыка, В.​А.​Няхай, Ю.​Г.​Панкрац, Т.​В.​Паплаўская, Т.​М.​Суша, І.​Ф.​Ухванава, Л.​У.​Хвядчэня, З.​А.​Харытончык і інш.) мовы. З раманскіх моў найб. даследуецца французская (Л.​Ф.​Кістанава, З.​Н.​Лявіт, М.​І.​Лешчанка, У.​В.​Макараў, Л.​М.​Скрэліна, А.​М.​Сцяпанава, С.​А.​Шашкова і інш.). Распачалося вывучэнне класічных моў, пераважна лацінскай (Н.​А.​Ганчарова, А.​В.​Гарнік, Г.​І.​Шаўчэнка і інш.), моў Усходу (А.​М.​Гардзей, М.​У.​Тарэлка і інш.). У галіне агульнага М. даследаваліся праблемы сутнасці і функцыянавання мовы (Гіруцкі, Б.​І.​Касоўскі, Кіклевіч, Мартынаў, Міхневіч, Мячкоўская, Норман, Плотнікаў, Супрун і інш.), псіхалінгвістыкі (Кліменка, Супрун і інш.), праблемы рыторыкі і кампрэсіі моўнай інфармацыі (А.​А.​Вейзэ, Міхневіч, Л.​А.​Мурына і інш.), аспекты сацыялінгвістыкі (Міхневіч, Мячкоўская, Падлужны, Токарава і інш.), праблемы эксперыментальнай фанетыкі (К.​К.​Барышнікава, Выгонная, Гайдучык, А.​Б.​Карнеўская, Г.​А.​Мятлюк, Падлужны, Паплаўская і інш.), культуралагічных сувязей мовы (Маслава, Прохарава і інш.), тэорыі перакладу (Копанеў, В.​П.​Рагойша і інш.). У галіне матэм. і прыкладной лінгвістыкі вывучаюцца пытанні лінгвастатыстыкі (М.​М.​Лесохін, К.​Ф.​Лук’яненкаў, В.​В.​Нешытой, Плотнікаў і інш.), семіялагічных аспектаў моў (В.​В.​Грыб, Мартынаў, Плотнікаў і інш.), камп’ютэрнага прадстаўлення моўных фактаў (А.​В.​Зубаў, Карпаў, Мартынаў і інш.). Лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нац. АН Беларусі, БДУ, Гомельскім, Гродзенскім, Мінскім лінгвістычным ун-тах, іншых навук. і навуч. установах. Дзейнічае Беларуская асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навук. штогоднік Ін-та мовазнаўства імя Я.​Коласа «Беларуская лінгвістыка» і інш.

Літ.:

Амирова Т.А., Ольховиков Б.А., Рождественский Ю.В. Очерки по истории лингвистики. М., 1975;

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 1—3. Мн., 1976—78;

Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;

История лингвистических учений. [Вып. 1—4]. Л., 1980—1991;

Плотнікаў Б.А. Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;

Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;

Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. паказ. [Вып. 1—3]. Мн., 1967—1993.

А.​Я.​Супрун, Б.​А.​Плотнікаў.

т. 10, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕРГАЛО́ГІЯ (ад алергія + ...логія),

раздзел імуналогіі, навука аб прычынах узнікнення, механізмах развіцця, выяўленні, дыягностыцы і лячэнні алергічных рэакцый і алергічных хвароб. Падзяляецца на клінічную і эксперыментальную алергалогію. Асн. задачы алергалогіі — вывучэнне тыпаў алергічных рэакцый, аўтаалергій і распаўсюджвання розных алергенаў (пылавых, хім., бактэрыяльных і інш.) у навакольным асяроддзі і г.д.

Як навука ўзнікла ў рамках тэарэт. (паталаг. фізіялогія, мікрабіялогія) і клінічных (тэрапія, інфекцыйныя хваробы і інш.) дысцыплін. Першыя працы па алергалогіі з’явіліся на пач. 20 ст. Змену рэактыўнасці арганізма вывучалі франц. фізіёлагі Ш.​Рышэ (увёў паняцце анафілаксія; 1902), М.​Арцюс (упершыню атрымаў мясцовую анафілактычную рэакцыю; 1903), рус. вучоны Г.​П.​Сахараў (прапанаваў класічную мадэль вывучэння анафілаксіі; 1905), аўстр. ўрач К.​Пірке (увёў паняцце алергія, 1906). У Расіі праблему даследавалі В.​І.​Малчанаў, П.​С.​Мядоўнікаў, А.​М.​Бязрэдка і інш.

На Беларусі ў галіне алергалогіі ў 1920—60-я г. працавалі А.​Я.​Пракапчук, І.​І.​Багдановіч, А.​П.​Комаў і інш. (механізмы парушэнняў аўтаімунных працэсаў у арганізме), Я.​Х.​Кацман, А.​С.​Левін (алергічныя змены пры рэўматызме, гельмінтозах), Г.​А.​Калюжын (алергічныя рэакцыі ў дзяцей). Даследаванні па алергалогіі вядуцца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, НДІ гематалогіі і пералівання крыві, сан.-гігіенічным ін-це, мед. ін-тах. Распрацаваны некаторыя пытанні прафілактыкі і лячэння сываратачнай хваробы і анафілактычнага шоку, анафілаксіі і дэсенсібілізацыі (В.​В.​Касмачэўскі), алергічныя дыягнастычныя рэакцыі для вызначэння цыстыцэркозу галаўнога мозга (І.​П.​Антонаў). У 1970—90-я г. вывучаюцца праблемы алергозаў прыроднага паходжання, бранхіяльнай астмы (Т.​М.​Сукаватых), медыкаментознай алергіі (Ю.​Ф.​Каралёў, С.​А.​Федаровіч), поствакцынальных алергічных энцэфалітаў і полірадыкуланеўрытаў (Д.​А.​Маркаў, А.​Л.​Леановіч), прафес. алергозаў хім. этыялогіі (асабліва звязаных з вытворчасцю шкловалакна, ільновалакна і калійных угнаенняў). Распрацоўваюцца метады алергадыягностыкі і экспертызы алергеннай актыўнасці гаптэнаў.

Літ.:

Адо А.Д. Общая аллергология. 2 изд. М., 1978;

Фрадкин В.А. Аллергены. М., 1978;

Новиков Д.К. Клиническая аллергология: Справ. пособие. Мн., 1991.

т. 1, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)