гарадскі пасёлак у Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. За 22 км ад г. Шчучын, 90 км ад Гродна, 12 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы на лініі Масты—Ліда. 1,4 тыс.ж. (1997).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне. З 1486 мястэчка, да 1567 цэнтр павета Віленскага ваяв. У 16—17 ст. належаў Лацкім, Сапегам, Францкевічам. У лют. 1706 гал. кватэра шведскага караля Карла XII. У 18—1-й чвэрці 19 ст. ўласнасць Тызенгаўзаў. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. З 1830-х г. уладанне Урускіх, з пач. 20 ст. — Святаполк-Чацвярцінскіх. У 1897—1860 ж., нар. вучылішча, касцёл, сінагога, мясц.прам-сць. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр раёна. З 27.6.1941 да 12.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, разбураны. 9.5.1942 гітлераўцы расстралялі ў Ж. 2 тыс.сав. грамадзян. З 17.4.1962 у Шчучынскім р-не. У 1971—2,1 тыс. ж.
Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — касцёл Ушэсця (1854) і сядзіба (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БІН,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. Прыстань на р. Дняпро. За 83 км ад Гомеля. Вузел чыгунак на Мінск, Магілёў, Гомель, Калінкавічы і аўтадарог на Бабруйск, Гомель, Рагачоў, Светлагорск. 69,8 тыс.ж. (1997).
Вядомы з 15 ст. ў ВКЛ, належаў Хадкевічам. З сярэдзіны 16 ст. ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. У 15—17 ст. існаваў Жлобінскі замак. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. У канцы 19 ст. праз Ж. пракладзена Лібава-Роменская чыг., у 1902 чыг. Пецярбург—Адэса. У 1880 і 1909 амаль поўнасцю знішчаны пажарам. У 1897—2100 ж. Дзейнічалі цагельнае, гарбарнае, крупадзёрнае прадпрыемствы. З 17.7.1924 цэнтр раёна, з 3.7.1925 горад. У 1939—19,3 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 14.8.1941 па 26.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія ў горадзе і раёне загубілі 3091 чал. Дзейнічала Жлобінскае патрыятычнае падполле. У 1959—19,2 тыс.ж., у 1970—25,4 тыс. ж.
Прадпрыемствы лёгкай (Жлобінская фабрыка штучнага футра), металургічнай (Беларускі металургічны завод), харч., буд. матэрыялаў прам-сці; Жлобінская фабрыка інкрустацыі. Дзейнічае Жлобінскі гісторыка-краязнаўчы музей. Вайсковыя могілкі, магілы ахвяр фашызму і падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛО́БІНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 у Жлобіне і раёне Гомельскай вобл. Групы дзейнічалі ў Жлобіне: у паравозным дэпо (кіраўнік М.І.Елісееў, І.М.Казлоў, Г.В.Канаплянікава, Ц.П.Міненкаў, АП.Цямінская), друкарні (Р.П.Баранаў, М.П.Калеснічэнка), раённай б-цы (У.М.Лабанаў), у вёсках Антонаўка (А.І.Севасцьянчык), Бабоўка (Н.А.Дражын), Кабанаўка (М.Дз.Антуськоў), Мормаль (І.А.Лебедзеў), Святое (А.І.Карунчык), Шчадрын (Л.М.Жураўлёва); у Малевіцкім сельсавеце (І.М.Шаўцоў). У 1942 узніклі новыя групы ў Жлобіне (Гарбатаў, С.А.Казлоў, Дз.В.Ніжнікаў, Т.І.Раміська, І.І.Цыркуноў), у вёсках Адраджэнне (П.Б.Кіраў), Папаратнае (В.З.Фамянок), Сельнае (П.С.Дзегцяроў), Старая Рудня (А.П.Капусцін, М.Г.Маршын), Шапарня (У.Б.Паўлаў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю і перадавалі яе партызанам, з якімі сумесна праводзілі дыверсіі па знішчэнні транспарту, баявой тэхнікі і жывой сілы акупантаў, знішчалі паравозы, на некалькі дзён паралізавалі дзейнасць чыг. вузла. У гонар баявых дзеянняў падпольшчыкаў і партызан на развілцы дарог каля в. Лугавая Вірня Жлобінскага р-на пастаўлены абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ДЗІНА,
горад абл. падпарадкавання ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Пліса. За 55 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 59,9 тыс.ж. (1997).
Упершыню ўпамінаецца пад 1688 як в. Жодзіна Слабада Барысаўскага староства Мінскага ваяв., уласнасць Радзівілаў. Пасля 1793 у Рас. імперыі ў Барысаўскім пав. Мінскай губ. У 1871 праз Ж. прайшла чыгунка Масква—Брэст. У 1897—697 ж, 97 гаспадарак, царква (пабудавана ў 1864), нар. вучылішча, вадзяны млын, кузня, карчма, крама 3 1924 цэнтр сельсавета ў Смалявіцкім р-не. 21.1.1958 пасёлкі Смалявіцкай ДРЭС, з-да дарожных і меліярац. машын і суседнія вёскі Зарэчча і Крушынікі аб’яднаны з Ж. ў гар. пасёлак. У 1958 створаны Бел.аўтамаб.з-д (БелАЗ). З 7.3.1963 горад. У 1962—65 у складае Барысаўскага р-на. У 1970—22,1 тыс. ж.
Смалявіцкая ДРЭС, Беларускі аўтамабільны завод, з-ды дарожных і меліярац. машын, цяжкіх кавальскіх штамповак. Прадпрыемствы харч., лёгкай (швейна-трыкат.ф-ка і інш.), дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сці. Жывёлагадоўлі Беларускі НДІ, Земляробства і кармоў Беларускі НДІ. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, Манумент у гонар маці-патрыёткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК (Алесь) (Аляксандр Аляксандравіч; н. 1.4.1948, в. Клешаў Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1970). Працаваў у выд-ве «Мастацкая літаратура», час. «Маладосць», у апараце ЦККПБ, гал.рэд.газ. «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя». З 1997 гал.рэд.час. «Нёман». Друкуецца з 1965. Аўтар кніг прозы «Асеннія халады» (1972), «Паляванне на старых азёрах» (1975), «Зоркі над палігонам» (1977, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978), «Не забывай мяне» (1978), «Па саннай дарозе» (1979), «Паўстанак вяртання» (1981, Літ. прэмія імя І.Мележа 1982), «Паляванне на Апошняга Жураўля» (1982), «Чорны павой» (1986), «На дазорнай сцяжыне» (1990), «Помста матылькоў» (1991), «Праклятая любоў» (1991, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1992). Раскрывае праблемы сучаснасці ва ўсёй іх вастрыні і складанасці. Творы Ж. адметныя апісаннем багатага спектра чалавечых характараў і ўзаемаадносін, роздумам над пытаннямі жыцця і лёсу, неспакоем за стан навакольнага асяроддзя, лірычна-спавядальнай манерай перадачы некаторых аўтабіяграф. фактаў, выкарыстаннем міфічна-казачнай сімволікі. На бел. мову пераклаў аповесці і апавяданні М.Кацюбінскага, А.Упіта, Г.Траяпольскага, В.Астаф’ева і інш., раманы Ж.Жубера, Н.Сафарава, Т.Джумагельдыева, раман М.Булгакава «Майстар і Маргарыта» (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЎСКІ (Васіль Андрэевіч) (9.2.1783, с. Мішанскае Тульскай вобл., Расія — 24.4.1852),
рускі паэт, адзін з заснавальнікаў рус. рамантызму. Акад. Пецярбургскай АН (з 1841). Выхавальнік пры царскім двары (1815—41). Бараніў ад урадавай рэакцыі А.Пушкіна, М.Лермантава, дзекабрыстаў, садзейнічаў выкупу з прыгонніцкай няволі Т.Шаўчэнкі. Удзельнік групы «Арзамас». Выступіў у л-ры як паэт-сентыменталіст (элегіі «Сельскія могілкі», 1802, «Вечар», 1806). Аўтар рамант. балад «Людміла» (1808), «Касандра» (1809), «Святлана» (1808—12), «Вадзім» (1814—17), «Іванаў вечар» (1822) і інш., оды «Пясняр у стане рускіх воінаў» (1812). Паэзіі Ж. ўласцівы інтанацыйна-рытмічнае багацце, эмац. выразнасць, музыкальнасць. Шырока вядомы яго пераклады балад і драмы Ф.Шылера «Арлеанская дзева» (1817—21), «Адысеі» Гамера (1842—49), часткі паэмы Фірдаўсі «Шахнамэ» і інш. Аўтар вершаваных апрацовак нар. казак, якія трапілі ў бел. фальклор (зб. А.Глінскага). На бел. мову творы Ж. перакладалі В.Зуёнак, Э.Валасевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПРУ́ДНІК (Янка) (сапр.Вільчыцкі Сяргей Мікалаевіч; н. 9.8.1926, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык, палітолаг, паэт, літ.-знавец, публіцыст. Д-ргіст.н. (1969). З 1944 у эміграцыі. Вучыўся ў бел. гімназіі імя Я.Купалы ў Міхельсдорфе (Германія). Скончыў Лувенскі ун-т (Бельгія, 1954). У 1947 дэбютаваў вершамі (пад псеўд. Сяргей Ясень). З 1948 працаваў шахцёрам у Англіі, браў удзел у выданні час. «Наперад» (1948—53), дзе друкаваліся і яго творы. У 1954—91 супрацоўнік бел. рэдакцыі радыё «Свабода» (у 1970—75 адначасова выкладаў гісторыю ў Куінсі-каледжы гарадскога ун-та Нью-Йорка). Публікаваўся і ўваходзіў у склад рэдкалегіі час. «Беларуская моладзь» (1959—64), рэдагаваў бюлетэнь «Навіны з Беларусі» (1964—69), быў гал. рэдактарам газ. «Беларус» (1970—80, з 1980 папераменна з З.Кіпель). У 1969 абараніў доктарскую дысертацыю «Палітычная барацьба за Беларусь у царскай Дзяржаўнай Думе. 1906—1917». Аўтар кн. «Спадчына бацькоў: «Агледзіны»: (Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа)» (Нью-Йорк, 1982). Яго манаграфія «Беларусь на гістарычных скрыжаваннях» (1993, на англ. мове) знаёміць заходняга чытача з шматвяковай гісторыяй і сучасным станам Беларусі.
Тв.:
Бел.пер. — Беларусь на гістарычных скрыжаваннях. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НАВА, Янава,
горад, цэнтр Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Самароўка. За 132 км ад Брэста, 2 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі на лініі Брэст—Лунінец. 16,2 тыс.ж. (1998).
Вядома з 14 ст. як в. Порхава. У 1423 падаравана Луцкаму кафедральнаму касцёлу. У 1465 Порхава перайменавана ў Янава ў гонар луцкага епіскапа Яна Ласковіча. У 15 ст. мястэчка належала Шуйскім, Ажэшкам. Да канца 18 ст. ў ВКЛ, з 1795 — у Рас. імперыі, мястэчка Кобрынскага пав. У 1897—3041 ж., 2768 будынкаў, нар. вучылішча, царк.-прыходская школа, сукнавальная ф-ка, гарбарны і цагельны з-ды, маслабойня, 5 млыноў. У 1914 было 11 дробных прадпрыемстваў. У 1921—39 у Польшчы, у Пінскім пав. Палескага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Іванаўскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 27.6.1941 да 16.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў І. і раёне 8,8 тыс.чал. У 1962—65 І. ў Драгічынскім р-не. З 11.3.1971 горад, 7,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч., буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, могілкі ваеннапалонных, партызан і ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (рубеж 19—20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАКО́ЎСКІ (Міхаіл Васілевіч) (19.1.1900, в. Глотаўка Ельнінскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 20.7.1973),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1970). Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Друкаваўся з 1914. Зб-кі вершаў «Па ступенях часу» (1921), «Правады ў саломе» (1927), «Правінцыя» (1930), «Майстры зямлі» (1931), «Наказ сыну» (1943), «Вершы і песні» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш., паэмы «Чатырыста мільёнаў» (1921), «Чатыры жаданні» (1936). За вершы папулярных песень «Кацюша», «І хто яго знае...» і інш.Дзярж. прэмія СССР 1943. Яго паэзіі, прасякнутай мудрай і трапяткой любоўю да роднага краю і яго людзей, уласцівы напеўнасць і меладычнасць. Аўтар кніг «Пра паэтычнае майстэрства» (1952), «Пра паэтаў, пра вершы, пра песні» (1968), аўтабіягр. кнігі «На Ельнінскай зямлі» (1971—72). На рус. мову пераклаў зб-кі «Выбраныя вершы» (1937) і «Хлопчык і лётчык» (1951) Я.Купалы, «Тры паэмы» (1946), «Вершы» (1947), «Выбранае» (1948), «Граніца: Беларуская хроніка» (1955) А.Куляшова, паэму «Шчаслівая дарога» (1935) А.Александровіча, паэму «Тарас на Парнасе» і інш. Шэраг вершаў прысвяціў Беларусі.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1981—82;
Бел.пер. — Выбраныя творы Мн., 1952.
Літ.:
Твардовский А.Т. Поэзия Михаила Исаковского. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛЬ (сапр.Кавалёў) Васіль Пятровіч
(17.8.1907, в. Сава Горацкага р-на Магілёўскай вобл. — 29.10.1937),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1926—27, 1928—1929). З 1928 працаваў у час. «Маладняк». У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1925. Дэбютаваў вершамі і лірычнымі замалёўкамі. У ранніх апавяданнях (зб. «Як вясну гукалі», 1927) рамантычна-ўзнёслая вобразнасць, паэтычна-эмацыянальны арнаментальны стыль. Гал. тэмы твораў — адвечны побыт і праца бел. вёскі (зб-кі «На загонах», 1928, «Крыніца», 1929). Пазбаўляючыся метафарычнасці, фальклорна-паэт. стылізацыі, ішоў да паглыбленага псіхалагізму, рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці, канкрэтнарэаліст. лепкі характараў (апавяданні «Шчасце Сілівея Зязюлі», «Ноч на моры», аповесць пра вайскоўцаў «Дзень палымнее», 1931—32). Для дзяцей напісаў аповесці «Санька-сігналіст» (1934), «Следапыты» (1936). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Чэхава, М.Горкага, Б.Лаўранёва, К.Станюковіча, І.Мікітэнкі, І.Лэ, М.Канапніцкай і інш.
Тв.:
Выбранае. Мн., 1959;
Следапыты;
Санька-сігналіст. Мн., 1961.
Літ.:
Пальчэўскі А. Васіль Каваль // Пальчэўскі А. Выбр.тв.Мн., 1975. Т. 2;
Казека Я. Васіль Каваль // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984;
Грамадчанка Т. Васіль Каваль // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.Мн., 1985.