НАРО́ДНЫ РУХ ЗА ВЫЗВАЛЕ́ННЕ АНГО́ЛЫ (партуг. Movimento Popular de Libertacão de Angola; МПЛА),

ангольская паліт. партыя. Створана ў 1956. З лют. 1961 вяла ўзбр. барацьбу супраць партуг. панавання ў Анголе. З моманту абвяшчэння ў 1975 незалежнасці Анголы — кіруючая партыя, лідэры МПЛА займаюць пасаду прэзідэнта краіны (у 1975—79 — А.Нета, з 1979 — Ж.​Э.​Душ Сантуш). На 1-м з’ездзе ў 1977 перайменавана ў Партыю працы, ідэалогіяй якой быў марксізм-ленінізм. У 1990 афіцыйна адмовілася ад марксізму-ленінізму, з 1992 адноўлена б. назва.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЦЫ́С, Наркіс,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі юнак-прыгажун, сын беатыйскага рачнога бога Кефіса і німфы Лірыёпы. Паводле пашыранага міфа, Н. не прыняў кахання німфы Эха, за што быў пакараны Афрадытай: закахаўся ва ўласнае адлюстраванне ў вадзе і памёр ад непадзеленага кахання. Ператвораны багамі ў аднайм. кветку. Вобраз Н. ўвасоблены ў скульптурах Паліклета Старэйшага і Б.Чэліні, карцінах Я.Тынтарэта і М.Караваджа, п’есах П.Кальдэрона дэ ла Баркі і Ж.Ж.Русо, операх Д.Скарлаці, К.В.Глюка і Ж.Маснэ, інш. творах мастацтва і л-ры. У пераносным сэнсе Н. — самаўлюбёны чалавек.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́КАЛАЧ,

старажытны горад Полацкай зямлі. Упамінаецца ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1127, у Іпацьеўскім — пад 1128: «Новгородци придоша со Мстиславичем со Всеволодом к Неколочю» (у Іпацьеўскім летапісе к Неклочю). Да гэтага часу Н. не лакалізаваны. На мысе Гарадзішча на воз. Некалач (у Лепельскім р-не Віцебскай вобл. каля в. Бор) рэшткаў стараж. населенага месца не выяўлена. Мяркуюць, што названы ў летапісах геагр. пункт — воз. Некалач, на Пн ад Полацка, адкуль бярэ пачатак р. Палата (Невельскі р-н Пскоўскай вобл. Расіі).

Г.​М.​Семянчук.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕНАПАДЗЕ́ННЯ ПРЫ́НЦЫП,

адзін з асноўных прынцыпаў міжнар. права, які азначае недапушчальнасць развязвання вайны або інш. выкарыстання ўзбр. сіл адной дзяржавы супраць другой па якіх бы то ні было меркаваннях эканам. або паліт. характару. Прытрымліваючыся Н.п., дзяржава практычна праводзіць палітыку мірнага суіснавання. Н.п. замацаваны Статутам ААН, які абавязвае ўсе дзяржавы — члены ААН устрымлівацца ў міжнар. адносінах ад пагрозы сілай або яе прымянення супраць тэр. недатыкальнасці або паліт. незалежнасці любой дзяржавы, так і якім-н. іншым спосабам, несумяшчальным з мэтамі міжнар. супольнасці.

І.​М.​Таніева.

т. 11, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРАЎНАВА́ЖНЫ СТАН у тэрмадынаміцы,

стан сістэмы, выведзенай з раўнавагі тэрмадынамічнай (у стат. фізіцы — з стану статыстычнай раўнавагі). Вывучаецца ў тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў і фіз. кінетыцы.

У сістэме, што знаходзіцца ў Н.с., адбываюцца неабарачальныя працэсы пераносу, якія імкнуцца вярнуць яе ў стан раўнавагі пры адсутнасці перашкаджальных фактараў, напр., адвядзення (ці падвядзення) энергіі або рэчыва з сістэмы. У процілеглым выпадку магчымы стацыянарны стан, калі павелічэнне энтрапіі ў сістэме кампенсуецца яе адвядзеннем ад сістэмы. Н.с. з часам існавання, многа большым за час рэлаксацыі, наз. метастабільным станам.

т. 11, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́РЧЫНСКІ ДАГАВО́Р 1689,

мірны дагавор паміж Рас. дзяржавай і маньчжурскім Кітаем (Цынскай імперыяй), які завяршыў рас.-маньчжурскі ваен. канфлікт 1680-х г. з-за прыналежнасці Прыамур’я. Падпісаны 6 вер. каля Нерчынскага астрога (цяпер г. Нерчынск Чыцінскай вобл., Расія). Вызначыў умовы развіцця мірных паліт., дыпламат. і гандл. адносін паміж Расіяй і Кітаем. Расія была вымушана адмовіцца на карысць маньчжураў ад тэр. Албазінскага ваяв.бас. р. Амур), але замацавала за сабой Усх. Сібір. Н.д. заменены Айгунскім дагаворам 1858 і Пекінскім трактатам 1860.

т. 11, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КІЕЎ МІР (ад імя правадыра партыі міру ў Афінах Нікія),

мірны дагавор, заключаны ў 421 да н.э. паміж Афінскім марскім саюзам і Пелапанескім саюзам на чале са Спартай. Завяршыў 1-ы этап Пелапанескай вайны. Быў заключаны на 50 гадоў на ўмовах вяртання палонных і захопленых тэрыторый. Н.м. не ліквідаваў асн. прычын вайны, выклікаў незадаволенасць спартанскіх саюзнікаў і афінскай партыі вайны на чале з Алківіядам і пастаянна парушаўся. Поўнамаштабныя баявыя дзеянні аднавіліся ў 415 з пачаткам афінскай экспедыцыі на Сіцылію.

Я.​У.​Новікаў.

т. 11, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІМРУ́Д (стараж. Кальху, бібл. Калах),

адна са сталіц Асірыі. Знаходзіцца непадалёк ад г. Масул (Ірак). Засн. Салманасарам I (1274—45 да н.э.), перажыў перыяд заняпаду, адноўлены і пашыраны Ашурнасірпалам ІІ (883—859 да н.э.), у 612 да н.э. захоплены мідыйцамі. Археал. раскопкі праводзіліся ў 1845—51 і 1949—63. Выяўлены цытадэль з храмамі, зікуратам і палацамі. Знойдзены вял. крылатыя быкі з каменю, рэльефы і пліткі са слановай косці, якія ўпрыгожвалі царскую мэблю, дробная касцяная скульптура 8 ст. да н.э.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУЛЬ (ад лац. nullus ніякі),

лік, які мае такую ўласцівасць, што любы іншы лік пры складанні з Н. не змяняецца. Абазначаецца сімвалам 0. Здабытак любога ліку на Н. роўны Н. Калі здабытак двух сапраўдных ці камплексных лікаў роўны Н., то абавязкова адзін з іх роўны Н. Дзяленне на Н. немагчыма. Н. функцыі — пункт, у якім функцыя роўная нулю; тое, што корань адпаведнага алг. ўраўнення. Графічна Н. функцыі адной пераменнай адпавядаюць пунктам перасячэння графіка зададзенай функцыі з воссю Ox ці інш. іх агульным пунктам.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛТУШСКАЕ ВО́ЗЕРА, Олтуш,

у Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Маларыта, за 13 км на ПдЗ ад г. Маларыта. Пл. 2,19 км², даўж. 2,6 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 3 м, даўж. берагавой лініі 8,3 км. Пл. вадазбору 302 км². Схілы і берагі катлавіны нізкія, забалочаныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем, на У у прыбярэжнай ч. — пяскамі і апясчаненымі адкладамі. Моцна зарастае падводнай расліннасцю. Меліярац. каналам злучана з Арэхаўскім возерам. У сувязі з меліярацыяй узровень возера панізіўся на 1,3 м.

т. 11, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)