ВЛТА́ВА (Vltava),

рака ў Чэхіі, левы прыток р. Лаба (Эльба). Даўж. 446 км, пл. бас. 28 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Шумава; пасля прарыву цераз цясніну «Чортавы сцены» (каля г. Вішы-Брод), цячэ па Будзеёвіцкай раўніне, потым па ўзвышшах Сярэдняй Чэхіі. Сярэдні расход вады каля г. Прага 142 м³/с. Веснавая паводка. Суднаходная (з дапамогай шлюзаў) у ніжнім цячэнні на 84 км. Вадасховішча. ГЭС. На Влтаве гарады Прага, Чэске-Будзеёвіцы.

т. 4, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛІ ІБН АБІ́ ТА́ЛІБ (604 ?, Мекка — 24.1.661),

чацвёрты праведны халіф [656—661], стрыечны брат і зяць прарока Мухамеда, адзін з першых паслядоўнікаў і сакратар прарока; духоўны галава шыітаў. Абвешчаны халіфам у Медыне пасля забойства яго папярэдніка Асмана. У «вярблюджай бітве» пад Басрай (снеж. 656) разбіў асн. сілы праціўніка. У 657 з-за нерашучасці ў барацьбе з сірыйскім намеснікам Муавіяй 12 тыс. воінаў, якія сталі звацца харыджытамі, пакінулі, а пазней забілі Алі.

т. 1, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАМЕ́МНАН (грэч. Agamemnōn),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі цар Мікен (ці Аргаса), правадыр Тахейскага войска ў час Траянскай вайны. Сварка Агамемнана з Ахілам пад Трояй — зыходны пункт развіцця сюжэта ў гамераўскай «Іліядзе». Пасля ўзяцця Троі Агамемнам вярнуўся дамоў, дзе быў забіты жонкай Клітэмнестрай і яе каханкам Эгісфам. Забойству Агамемна прысвечаны трагедыі Эсхіла і Сенекі.

Залатая пахавальная маска, т. зв. маска Агамемнана, з грабніцы. 2-я пал. 16 ст. да н.э.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРШАКІ́ДЫ (Аршакуні) армянскія, царская дынастыя ў Арменіі ў 62—428. Роднасная Аршакідам парфянскім. Заснавальнік Тырыдат I (з 62, афіцыйна ў 66—80). Пры Хасрове I Вялікім [217—238] улада Аршакідаў стала спадчынная. З часу царавання Тырыдата III Вялікага [287—332] хрысціянства стала (каля 301) дзярж. рэлігіяй Арменіі. Аршакіды змагаліся за незалежнасць дзяржавы, але беспаспяхова. Пасля падзелу Арменіі Вялікай у 387 паміж Іранам і Рымам Аршакіды трапілі да іх у залежнасць. У 428 дынастыя Аршакідаў спынілася.

т. 1, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у 1636—32 у Оршы. Засн. Андрэем і Крысцінай Млоцкімі, якія выдзелілі пад кляштар пляц і 6 маргоў зямлі. Мураваныя будынкі касцёла і 2-павярховага жылога корпуса пастаўлены ў 2-й пал. 18 ст. на ахвяраванні жыхароў. Касцёл, пашкоджаны паводкай 1760, пазней заняты пад ваенны склад, у 1817—19 адрамантаваны і вернуты духавенству. Пасля закрыцця кляштара жылы корпус заняты пад шпіталь. Касцёл не ўцалеў.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 1, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́НІ,

дынастыя балг. цароў у перыяд Другога Балг. царства (1187—1280). Засн. балярамі (баярамі) Асенем і Пятром, якія кіравалі паўстаннем 1185—87 супраць візант. панавання ў Балгарыі.

Прадстаўнікі Асеняў: Асень I [1187—96], яго брат, цар-суправіцель, Пётр I [1187—97], Калаян [1197—1207], Борыл [1207—18], Іван Асень II [1218—41], Каліман I [1241—46], Міхаіл I Асень [1246—56], Каліман II [1256—57], Канстанцін Асень Ціх [1257—77], Міхаіл II Асень [1277—79], Іван Асень III (1279—80; уцёк у Візантыю, пасля гэтага дынастыя Асеняў перастала існаваць).

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГРЫФ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім у Беларусі, Украіне, Літве і Польшчы карысталася больш за 220 родаў, у т. л. Асоўскія, Бяліцкія, Браніцкія, Быкоўскія, Закрэўскія, Канарскія, Квяткоўскія, Путкамеры. На чырвоным полі выява стаячага на задніх лапах сярэбранага грыфа — фантаст. істоты з тулавам ільва, галавой і крыламі арла, дзюба і капцюры залатыя. Клейнод — верхняя палавіна грыфа без лап і залатая труба. Вядомы з 13 ст., у ВКЛпасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 5, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСАГО́РАЦ (Міхаіл Амосавіч) (н. 19.11.1920, в. Стрыжава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Віцебскі настаўніцкі ін-т (1940), Маскоўскае ваенна-інж. вучылішча (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір сапёрных узвода, роты капітан Высагорац вызначыўся ў 1944 пры інж. разведцы і буд-ве паромнай пераправы цераз р. Днестр, мастоў цераз р. Прут, Зах. Буг, Сан, Віслу. Пасля вайны на гасп. рабоце.

М.А.Высагорац.

т. 4, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАБДА́НК», «Абданк»,

прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся каля 280 родаў, у т. л. Гарабурды, Гаштольды, Скарбкі, Халецкія. У чырвоным полі сярэбраны знак у выглядзе літары W; клейнод — над прылбіцай з каронай такі самы знак (герб «Габданк I») або палова залатога льва, які трымае ў лапах такі знак («Габданк II»). Існуюць шматлікія варыянты герба. Вядомы з пач. 13 ст., у ВКЛ распаўсюдзіўся пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 4, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯДО́ХІ (ад грэч. diadochos пераемнік, нашчадак),

палкаводцы Аляксандра Македонскага (Пердыка, Антыпатр, Антыгон I Аднавокі, Яўмен, Касандр, Пталамей, Лісімах, Селеўк I, Нікатар і інш.), якія пасля смерці Аляксандра (323 да н.э.) падзялілі паміж сабой яго імперыю. У выніку працяглай барацьбы паміж імі (т. зв. войны дыядохаў), а таксама паміж іх нашчадкамі (т. зв. эпігонамі) узніклі 3 буйныя дзяржавы: Егіпет (пад уладай Пталамеяў), Македонія (на чале з Антаганідамі), дзяржава Селеўкідаў. Гл. таксама Элінізм.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)