археалагічная культура позняга бронзавага веку (апошняя чвэрць 2-га тыс. да н.э.) у Румыніі, Малдове і на ПнЗ Украіны. Назва ад могільніка каля в. Ноўа непадалёку ад г. Брашоў у Румыніі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. Для Н. характэрны неўмацаваныя паселішчы са слупавымі наземнымі прамавугольнымі дамамі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, сустракаюцца трупаспаленні. Гліняны посуд 2 тыпаў — грубаапрацаваны «мехападобны» з адцягнутым валікам і танкасценны з чорнай або шэрай глянцаванай паверхняй з 2 ручкамі. Знойдзены бронз. наканечнікі дзідаў, утульчатыя кельты, люстэркі, шпількі, касцяныя наканечнікі стрэл і псаліі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЬМЕ́ЛА,
археалагічная культура эпохі энеаліту (3000—2500 да н.э.) у Цэнтр. Партугаліі. Назва ад аднайменнага найб. даследаванага могільніка (каля Лісабона). Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на неўмацаваных паселішчах. З медзі вырабляла пляскатыя сякеры, а таксама тыповыя для П. наканечнікі стрэл з доўгім дзяржаннем і амаль круглым пяром. Керамічны посуд вырабляўся ў мясц. неалітычных традыцыях, сярод каменных вырабаў сустракаюцца амулеты — плоскавыпуклыя і цыліндрычныя чалавечыя фігуркі і паўмесяцы. Нябожчыкаў хавалі ў грабніцах, у бобападобных камерах, куды можна было трапіць праз доўгі калідор ці праз адтуліну ў даху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫКАЗА́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку (16—9 ст. да н.э.), пашыраная на ранніх этапах у Прыказанскім Паволжы і суседніх раёнах Ніжняга Прыкам’я, пазней на велізарных абшарах у бас. рэк Кама, Белая, Вятка, Вятлуга. Склалася на падставе валасоўскай культуры пад уплывам зрубнай культуры; яе змяніла ананьінская культуражал. веку. Плямёны П.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, была развіта апрацоўка медзі і бронзы. Іх паселішчы з паўзямлянкавымі жытламі, могільнікі грунтавыя і курганныя з абрадам трупапалажэння (нябожчыкаў хавалі ў выцягнутым ці скурчаным становішчы). Для керамікі характэрны пласкадонныя (пазней кругладонныя) гаршкі з геам. арнаментам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЛА,
старажытная ворыўная прылада, папярэдніца сахі і плуга. Пашырана ва ўсіх земляробчых народаў. Складалася з рабочай часткі — ральніка, на канец якога насаджваўся жал. наральнік, градыля (дышля) і ручак для кіравання. Паводле канструкцыі падзяляліся на Р. з полазам і без яго, прама- і крываградзільнае, якія ў сваю чаргу мелі шэраг варыянтаў. Ва Усх. Еўропе Р. паявілася ў 1-й пал. 1-га тыс.н.э. Самае стараж. на Беларусі Р. знойдзена каля в. Капланавічы Клецкага р-на Мінскай вобл., якое належала плямёнам зарубінецкай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ,
від метрычнага вершаскладання, заснаваны на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у радках. Узнікла ў 8 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі, у 3 ст. да н.э. перайшло ў Рым.Асн. рытмічная адзінка антычнага верша — стапа з пэўным чаргаваннем доўгіх (-) і кароткіх (◡) складоў. Адзінка часу, неабходная для вымаўлення аднаго кароткага склада, наз. морай (у доўгім складзе былі 2 моры). Раўнамернае чаргаванне пэўных стоп стварала выразны метрычны малюнак, або метр; паўтарэнне той ці іншай колькасці аднолькавых стоп утварала памер вершаваны. Часам у вершаваных радках у строгай паслядоўнасці чаргаваліся розныя стопы (такія вершы наз.лагаэдамі).
Найб. пашыраныя вершаваныя памеры антычнага вершаскладання — гекзаметр і пентаметр. Антычныя аўтары не ведалі рыфмы, аднак строга вытрымлівалі ў радках чаргаванне аднатыпных клаўзул. Асобныя радкі ядналіся ў строфы (алкеева страфа, сапфічная страфа, элегічны двуверш). Антычнае вершаскладанне зрабіла вял. ўплыў на ўсю еўрап. паэзію. У сілаба-танічным вершаскладанні захаваліся асн. прынцыпы метрычнай арганізацыі стапы, радка і страфы (толькі замест доўгіх складоў — націскныя, а замест кароткіх — ненаціскныя). У бел. сярэдневяковай паэзіі на лац. мове сістэмай антычнага вершаскладання карысталіся Я.Вісліцкі, І.Іяўлевіч, антычным вершам напісана паэма М.Гусоўскага «Песня пра зубра».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЫ́ЙСКІЯ ШКО́ЛЫ,
філасофскія школы будызму, розныя па кірунку, арганізацыі і назвах. У будызме існуе каля 30 філас. школ; найб. пашыраны: тхеравада (школа старой мудрасці), самая ранняя, найб. артадаксальная. Арганізавана паслядоўнікамі Буды пасля яго смерці (544 да н.э.), не арыентавалася на асоб недухоўнага звання. Дасягненне прасвятлення бачыла ў літаральным прытрымліванні ладу жыцця і характару медытацыі Сідхартха Гаўтамы (заснавальнік будызму). Пашырана ў Шры-Ланцы; Бірме, Тайландзе, Лаосе, Камбоджы, Індыі, Бангладэш, В’етнаме, Малайзіі, Непале; хінаяна (санскр. малая калясніца), сістэма школ Паўднёвага будызму, аднаго з асн. кірункаў будызму. Паводле хінаяны, гал. ўвага канцэнтруецца на вывучэнні прыроды дхарм (элементы, што ляжаць у аснове матэрыяльных і духоўных рэчаў і з’яў) і дасягненні нірваны (адсутнасць жаданняў, абс. адарванасць ад навакольнага свету) этычным шляхам; махаяна (вялікая калясніца), распрацавала тэорыю боскай субстанцыі і сляпой веры ў яе стваральныя магчымасці. Гэта прывяло да стварэння пантэона будаў, багоў, ускладнення культавых элементаў і дактрынальнай часткі вучэння. Арыентавана на адмаўленне ад асабістага выратавання дзеля дапамогі іншым істотам і агульнага выратавання. Больш простая і дасягальная для асоб недухоўнага звання. Пашырана ў Тыбеце, Карэі, Манголіі, Кітаі, Японіі; ваджраяна (алмазная калясніца) — эзатэрычнае вучэнне са спецыфічнай рытуальнай практыкай, звязана з традыцыяй тантры (свяшчэнныя тэксты; магія). Аддзялілася ад махаяны ў 1-м тыс.н.э. Пашырана ў Шры-Ланцы, Інданезіі, Кітаі, Японіі, Тыбеце, Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР МАКЕДО́НСКІ, Аляксандр III Вялікі (Alexandros ho Megas; 21.7.356 да н.э., г. Пела — 10.6.323 да н.э.),
цар Македоніі [336—323], славуты палкаводзец і дзярж. дзеяч стараж. свету. Сын Філіпа II. Выхавальнікам яго быў Арыстоцель. Упершыню вызначыўся ў бітве пры Херанеі (338). У 336—335 расправіўся з прэтэндэнтамі на трон і аднавіў макед. панаванне ў Грэцыі. У 334 — пач. 327, каб пераадолець эканам. і сац. крызіс грэч. гарадоў-дзяржаў (полісаў), здзейсніў паходы супраць перс. дзяржавы. Пасля перамог на р. Гранік (334), пры Ісе (333), Гаўгамелах (331) і інш. падпарадкаваў сабе царства Ахеменідаў, захапіўшы велізарныя багацці. У 329—328 заваяваў Сярэднюю Азію. З вясны 327 да 325 ажыццявіў інд. паход, заняў Пенджаб (бітва каля р. Гідасп у 326), імкнуўся дасягнуць даліны р. Ганг, але, змушаны войскам, вярнуўся ў заваяваны раней Вавілон, зрабіў яго сталіцай сваёй дзяржавы. Раптоўна памёр. Паходы Аляксандра Македонскага спрыялі ажыўленню гандл. абмену паміж Усходам і Захадам, станаўленню эліністычнай матэрыяльнай і духоўнай культуры (заснаваны больш за 70 гарадоў, у т. л.Александрыя, Герат, Кандагар). Створаная ім самая вялікая стараж. дзяржава (ад Балкан у Еўропе да Індыі і паўд. граніц Егіпта), пазбаўленая цесных унутр. сувязяў, развалілася пасля яго смерці. На яе тэр. ўзнік шэраг эліністычных дзяржаў.
Літ.:
Шифман И.Ш. Александр Македонский. Л., 1988;
Бойназаров Ф.А. Проблемы традиции и современности: Образ и личность Александра Македонского. М., 1990;
Маринович Л.П. Греки и Александр Македонский: К проблеме кризиса полиса. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́ІКА (ад грэч. archaïkos старадаўні, старажытны),
ранні этап у гіст. развіцці якой-небудзь з’явы. У мастацтвазнаўстве тэрмін выкарыстоўваецца гал. чынам для вызначэння ранняга перыяду развіцця архітэктуры і выяўл. мастацтва Старажытнай Грэцыі (7—6 ст. да н.э.), калі выпрацоўваліся найважнейшыя арх.-маст. прыёмы, традыцыйныя для грэч.класікі.
Архітэктура развівалася на аснове стоечна-бэлечнай канструкцыйнай сістэмы, выяўл. мастацтва — вобразаў ант. міфалогіі. Найважнейшымі дасягненнямі мастацтва перыяду архаікі была выпрацоўка прапарцыянальных канонаў і дэкар. формаў арх.ордэра (у т. л. дарычнага і іанічнага), асн. тыпажу манум. скульптуры, чорна- і чырвонафігурнага стыляў вазапісу; з’явіліся і новыя тыпы манум. скульптуры — статуі юнакоў-атлетаў (курас) і дзяўчат (кора). У больш шырокім значэнні архаіка — мастацтва стараж.гіст. эпох, якое вызначаецца прымітывізмам формаў. У мастацтвазнаўстве тэрмін «архаіка» выкарыстоўваецца ў дачыненні да твораў, у якіх ёсць рэтраспектыўныя формы старажытнасці (пераважна антычнасці).
На Беларусі зварот да формаў архаікі найб. выявіўся ў познім класіцызме ў інтэр’еры палацаў (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль) і пры трактоўцы малых арх. формаў у палацава-паркавым мастацтве (сфінксы на варотах Новага замка ў Гродне, фантан Нараўлянскага сядзібна-паркавага ансамбля і мемарыяльнай архітэктуры (капліца-пахавальня сядзібы ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага р-на).
А.М.Кулагін.
Да арт.Архаіка. Фрагмент вазапісу. Майстар Эксекій. 6 ст. да н.э.Да арт.Архаіка. Капліца-пахавальня ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага раёна Мінскай вобл. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЁН (Lyon),
горад на ПдУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Рона і гал. горад гіст. вобласці Ліянэ. 415 тыс.ж., з прыгарадамі 1,2 млн.ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт пры ўпадзенні р. Сона ў р. Рона. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Старадаўні еўрап. цэнтр вытв-сці вырабаў з натуральнага шоўку (з 15 ст.), тканін з штучнага шоўку і сінт. валакна, трыкатажу, фарбавальнікаў. У Л. і прыгарадах буйное станкабудаванне, эл.-тэхн., аўтамаб., хім. (серная кіслата, угнаенні, сінт. каўчук), нафтаперапр., паліграф., фармацэўтычная прам-сць. Метрапалітэн. АН, 4 ун-ты. Музеі: тканін, дэкарацыйнага мастацтва, Ліянэ, выяўл. мастацтваў, архітэктуры. Арх. помнікі: 2 стараж.-рым. т-ры, раманска-гатычныя і гатычныя цэрквы. Штогадовыя еўрап.гандл.-фін. кірмашы (з 15 ст.).
Узнік на месцы паселішчаў галаў. З 43 да н.э.рым. калонія Лугдунум, з 16 да н.э.адм. цэнтр прав. Лугдунская Галія. З 476 сталіца Бургундскага каралеўства. У 534 заваяваны франкамі. У 11—13 ст. у складзе «Свяшчэннай Рымскай імперыі», цэнтр графства Ліянэ, з 1173 — архіепіскапства; у 1245 і 1274 тут праходзілі ўсяленскія саборы. У 1312 горад далучаны да дамена франц. караля. У 16 ст. буйны цэнтр еўрап. гандлю і крэдыту, шаўкаткацтва і кнігадрукавання. У 19 ст. цэнтр рабочага руху, у т. л.Ліёнскіх паўстанняў 1831 і 1834. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням. войскамі (1942—44), цэнтр Руху Супраціўлення на Пд Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́СТВА (грэч. monachos адзінокі, пустэльнік),
лад жыцця рэліг. асобы або суполкі аднаверцаў (група, абшчына, брацтва), заснаваны на прынцыпах аскетызму (адрачэнне ад маёмасці, шлюбу, свецкіх уцех), на свядомым падпарадкаванні суровай дысцыпліне, а таксама дуалістычным супрацьпастаўленні зямнога і нябеснага, духоўнага і цялеснага, добрага і злога пачаткаў. Ідэя М. бярэ пачатак у брахманізме, будызме, егіпецкім кульце Серапіса і інш. у сярэдзіне 1-га тыс. да н.э., але адметнае ўвасабленне назіраецца ў хрысціянстве, дзе выпадкі манаскага служэння пачаліся ў 2 ст.н.э. Шырокае распаўсюджанне хрысц. М. пачалося з 4 ст. Прынцыпы ўстрымання і самаадрачэння пераняты ад секты эсеяў; неаплатанізм узбагаціў М. ідэяй ачышчэння духа праз адмову ад цялесных асалод. На працягу стагоддзяў М., апрача рэліг., выконвала і свецкія функцыі: стварала летапісныя і літ. фонды, займалася навук. дзейнасцю, пашырала пісьменства. М. мае адметнасці ў розных канфесіях. Правасл. М. з’яўляецца наследнікам традыцый і ідэалаў першапачатковага хрысціянства. Прыняцце ў манахі суправаджаецца абрадам «пастрыжэння»: пры гэтым неафіт атрымлівае новае імя і спецыфічнае адзенне чорнага колеру (сімвал стрыманасці і смутку). Існуе іерархія М.: расафор, маласхімнік і велікасхімнік; з М. складаецца кіраўніцтва царквы — епіскапат. Каталіцкая царква пайшла па лініі стварэння ордэнаў манаскіх. Пратэстантызм не мае М. У будызме існуе інстытут М. ў выглядзе мноства буйных манастыроў (віхара). У ісламе ў межах містычнай плыні — суфізму, дзейнічаюць т.зв. тэке (манастыры, дзе жыве частка дэрвішаў).
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.