горад у Расіі, цэнтр Краснаярскага края, на берагах р. Енісей. 874 тыс.ж. (1997). Чыг. вузел. Аэрапорт. Рачны порт. Буйны прамысл. цэнтр Усх. Сібіры. Асн. галіны прам-сці: машынабуд. і металаапр. (збожжаўборачныя камбайны, лясное машынабудаванне, суднабудаванне, радыётэхніка, тэлевізары і інш.), хім. (хімвалакно, хімбытпрылады, сінт. каўчук, шыны, медпрэпараты, гумава-тэхн. вырабы і інш.), металургічная (алюмініевая, каляровых і каштоўных металаў і інш.), дрэваапр. (цэлюлозна-папяровы камбінат), буд. матэрыялаў, лёгкая і харчовая. ГЭС. Навук. цэнтр Сіб. аддзялення Рас.АН, Сіб.-Далёкаўсходняе аддзяленне Рас. Акадэміі мастацтваў. 13 ВНУ, у т. л. 2 ун-ты і Сіб. аэракасм. акадэмія. 5 т-раў, у т. л. оперы і балета. 4 канцэртныя залы. Філармонія. Цырк. Музеі: краязнаўчы, культ.-гіст. цэнтр, музей-сядзіба В.І.Сурыкава, маст. імя В.І.Сурыкава, карцінная галерэя. Каля К. — запаведнік «Сталбы».
Засн. ў 1628 як астрог Красны Яр ваяводам А.Дубенскім для абароны ад набегаў татар. У пач. 18 ст. цэнтр рамёстваў (цяслярскага, кавальскага, медзеплавільнага, гарбарнага і інш.). Развіццё паскорылася пасля буд-ва (1735—41) Маскоўскага тракту (Ачынск—Канск). З 1822 цэнтр Енісейскай губ. У 19 ст. цэнтр сібірскага казацтва, месца ссылкі дзекабрыстаў, народнікаў, сацыял-дэмакратаў, перасыльны пункт асуджаных у Туруханскі край, Іркуцкую вобл., Якуцію, на Сахалін. У канцы 19 ст. праз К. прайшла Транссібірская чыгунка. З 1934 цэнтр Краснаярскага краю. У 1941—42 у К. эвакуіравана шмат заводаў з зах. раёнаў СССР, у т. л. з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОДЗЬ (Łódź),
горад у цэнтр.ч. Польшчы, адм. ц. Лодзінскага ваяв., на водападзеле рэк Вісла і Одра. Вузел чыгунак і аўтадарог. 1 млн. 41 тыс.ж. з прыгарадамі (1993). Буйны цэнтр тэкст. прам-сці; электратэхн., маш.-буд., металаапр., хім. (штучнае валакно, гумавая), швейная, харч., мэблевая, папяровая, паліграф., абутковая прам-сць. Буйнейшы кінематаграфічны цэнтр Польшчы. 8 ВНУ, у т. л.ун-т, мед. акадэмія, Вышэйшая школа кінематаграфіі, тэлебачання і тэатра, Вышэйшая духоўная семінарыя; аддзяленне АН. Філармонія, тэатры. Музеі: маст., археал. і этнагр., гісторыі тэкст. вытв-сці. Арх. помнікі 18—19 ст.
Першапачаткова вёска Лодзя, уласнасць біскупаў куяўскіх; упершыню згадваецца ў 1332. У 1387 атрымала ням.гар. права, у 1423 кароль Польшчы Ягайла надаў Л. магдэбургскае права. Месцазнаходжанне Л. сярод пушчаў, далёка ад гандл. шляхоў не спрыяла развіццю горада, і да пачатку 19 ст. ён захоўваў агр. характар. У 1820-я г. створаны першыя мануфактуры, у 2-й пал. 19 ст. Л. — цэнтр буйнога тэкст. раёна, пачалося яго хуткае дэмаграфічнае развіццё. З 1870-х г. Л. — важны цэнтр рабочага руху. Тут адбылося першае ў Рас. імперыі рабочае паўстанне (гл.Лодзінскае паўстанне 1905). У 1-ю сусв. вайну ў ліст. 1914 пад Л. адбылася бітва, у выніку якой герм. войскі спынілі наступленне рас. войск. У 2-ю сусв. вайну акупіравана ням. фашыстамі (1939—45; наз. Ліцманштат). Вызвалена войскамі 1-га Бел. фронту. У 1971 адзін з цэнтраў забастовачнага руху ў Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛЬВІЯ (грэч. Olbia),
антычны горад-дзяржава ў Паўн. Прычарнамор’і, паблізу вусцяў Дняпра і Паўд. Буга. Рэшткі О. знаходзяцца каля с. Паруціна Ачакаўскага р-на Мікалаеўскай вобл. (Украіна). Засн. ў пач. 6 ст. да н.э. выхадцамі з Мілета (другая назва О. — Барысфен). Сфарміравалася як дэмакр. поліс; росквіт прыпадае на 5—4 ст. да н.э. Гораду належалі землі на абодвух берагах Бугскага лімана са шматлікімі паселішчамі. У цэнтры верх. ч.горада знаходзіліся агора (гандл. плошча) і тэменас (храмы і алтары), у ніжняй — порт і рамесніцкія кварталы. Горад быў абнесены абарончай сцяной. Развіваліся рамёствы, гандаль (пшаніцай і рабамі), рыбалоўства. О. мела сувязі са скіфамі. У 331 да н.э. жыхары О. (разам са скіфамі) адбілі нападзенне Запірыёна (палкаводца Аляксандра Македонскага). У 3 ст. да н.э. плаціла даніну скіфскаму цару Сайтафарну, у 2 ст. да н.э. падпарадкавана скіфскім царом Скілурам. У канцы 2 ст. да н.э. пасля разгрому скіфаў войскам Мітрыдата VI Еўпатара О. ў складзе яго дзяржавы. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. зруйнавана племем гетаў. У 2 ст.н.э. ў О. стаяў рым. гарнізон. У пач. 3 ст.н.э. ўвайшла ў склад рым. правінцыі Ніжняя Мёзія. Жыццё ў О., верагодна, прыпынілася ў 4 ст.Археал. раскопкі вядуцца з 1901.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЕК (Lübeck),
горад на Пн Германіі, на р. Траве, каля ўпадзення яе ў Любекскую бухту Балтыйскага м., зямля Шлезвіг-Гольштэйн. 214 тыс.ж. (1994). Марскі і рачны порт на канале Эльба—Траве. Паромная сувязь з г. Ханка (Фінляндыя) і інш. Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. цяжкае, суднабудаванне, чорная і каляровая (выплаўка медзі) металургія, дрэваапр., харчовая. Музеі: мастацтва і гісторыі культуры, св. Ганны (сярэдневяковае мастацтва), Дом Бена (мастацтва 19—20 ст.), Гольстэнтар (гісторыя горада). Арх. помнікі 12—18 ст. (раманска-гатычны кафедральны сабор, гатычныя цэрквы, ратуша, брама і інш.), многія з іх знішчаны ў 2-ю сусв. вайну, рэканструяваны; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Засн. ў 1143 каля разбуранага ў 1138 слав. паселішча Любеч. У 1163 атрымаў гар. права, з 1226 імперскі горад. З 13 ст. зыходны пункт ням. каланізацыі ўзбярэжжа Балт.м., адыгрываў вядучую ролю ў паўн.-герм., паўн.-еўрап. гандлі і Ганзе. У 1530-я г. праведзена Рэфармацыя Пасля заняпаду Ганзы страціў ключавое эканам. становішча ў Балт. рэгіёне. У 1806—13 акупіраваны франц. войскамі. З 1815 вольны горад у складзе Герм. саюза, у 1867—70 — Паўн.-Герм. саюза, у 1871—1918 — Герм. імперыі. У 1937 уключаны ў прускую прав. Шлезвіг-Гольштэйн. Пасля 2-й сусв. вайны ў 1945—49 у брыт.акупац. зоне.
Літ.:
Никулина Т.С. Социально-политическая борьба в Ганзейском городе в XIV—XVI вв.: По материалам Любека. Куйбышев, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІ́БАКІНалібокі,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., на скрыжаванні аўтадарог г.п. Івянец — в. Шчорсы і г. Стоўбцы — в. Налібакі. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 45 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 83 км ад Мінска. 691 ж., 254 двары (1999).
Вядома з 1447. Належала Гедыголдавічам, Кезгайлам, Завішам, Шэметам, Радзівілам, якія пабудавалі тут касцёл (1636); з сярэдзіны 19 ст. — Вітгенштэйнам, Гогенлое. У 16 ст. цэнтр воласці Навагрудскага пав. У 17—18 ст. вакол двара сфарміравалася вёска (у 1727 у Н. 62 двары), уваходзіла ў Ашмянскі пав. Віленскага ваяв. У 1720-я г. каля Н. заснавана гута (гл.Налібоцкая шкляная мануфактура). З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ашмянскага пав. У 2-й пал. 19 ст. — мястэчка. У 1897 у ім 270 ж., 42 двары, у вёсцы 1519 ж., 224 двары, касцёл, малітоўны дом, 2 школы, бальніца, валасны суд, карчма. З пач. 20 ст. Н. — вёска, 1789 ж., нар. вучылішча, касцёл. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, у 1940—54 і з 1963 цэнтр сельсавета, у 1940—54 у Івянецкім р-не Баранавіцкай вобл., з 1963 у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. У Вял.Айч. вайну партызаны правялі тут Налібоцкія баі 1942, 1943; ням.-фашысты ў ліп. 1943 спалілі вёску і загубілі 109 яе жыхароў.
Аграфірма «Налібокі». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Касцёл. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСАВА ПО́ЛЕў С.-Пецярбургу,
плошча, адзін з найб.манум. ансамбляў горада. У пач. 18 ст, на месцы М.п. быў «Вялікі луг» для правядзення ўрачыстасцей, у т. л.ваен. парадаў. З 2-й пал. 18 ст. плошча мела назву «Царыцынскі луг», з 1818 М.п. (па аналогіі з М.п. у ант. Рыме). На М.п. помнікі П.А.Румянцаву («Румянцаўскі абеліск»; 1798—99, арх. В.Ф.Брэна, з 1818 — на Васільеўскім востраве) і А.В.Сувораву (1799—1801, скульпт. М.І.Казлоўскі). У крас. 1917 у цэнтры М.п. ў брацкай магіле пахавана 180 удзельнікаў Лют. рэвалюцыі, у чэрвені яно стала цэнтрам дэманстрацыі рабочых і салдат. У 1919 тут пахаваны ўдзельнікі грамадз. вайны. У 1917—19 на месцы пахаванняў пастаўлены помнік «Змагарам рэвалюцыі» (арх. Л.У.Руднеў, аўтар надпісаў А.В.Луначарскі). У ансамбль М.п. ўваходзяць; Мармуровы палац (1768—85, арх. А.Рынальдзі, перабудаваны ў 1844—51, арх. А.П.Брулоў, класіцызм), Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. Брэна, В.І.Бажэнаў, класіцызм) з коннай статуяй Пятра I перад ім (1743—44, скульпт. Б.К.Растрэлі; у замку ў 1801 забіты імператар Павел I), б. Паўлаўскія казармы (1817—20, арх. В.П.Стасаў, ампір), а таксама прылеглыя да яго Летні сад і Міхайлаўскі сад. У 1920—23 на тэр. М.п. разбіты партэрны сад (арх. І.А.Фамін), у 1957 запалены Вечны агонь. Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛІ́ЦЫЯ (ад лац. militia войска),
1) апалчэнне ў магнацкіх гарадах ВКЛ у 16—18 ст. Прызначалася для абароны горада пры аблозе.
2) Апалчэнне ў Рас. імперыі ў 1806—07, скліканае ў сувязі з пачаткам вайны -з Францыяй і пагрозай уварвання напалеонаўскіх войск у межы краіны.
3) М. ў Рэспубліцы Беларусь — дзярж. ўзброены праваахоўны орган, прызначаны абараняць жыццё, здароўе, правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, грамадства і дзяржавы ад злачынных і інш. проціпраўных замахаў. Як афіц. орган створана ў студз. 1919 [першы атрад М. створаны ў Мінску 4(17)3.1917; узначальваў М.В.Фрунзе]. Арг-цыя, парадак дзейнасці, правы і абавязкі М. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб міліцыі» ад 26.2.1991. Задачы М.: ахова грамадскага парадку; забеспячэнне асабістай і маёмаснай бяспекі грамадзян і грамадскай бяспекі; прадухіленне і спыненне злачынстваў і інш. правапарушэнняў; выяўленне і раскрыццё злачынстваў, вышук асоб, якія іх учынілі; абарона ўсіх форм уласнасці ад проціпраўных замахаў; аказанне дапамогі грамадзянам, дзярж. органам і юрыд. асобам у абароне іх правоў і рэалізацыі ўскладзеных на іх абавязкаў; выкананне крымін. пакаранняў і адм. спагнанняў у межах сваёй кампетэнцыі. Дзейнасць М. заснавана на прынцыпах законнасці, гуманізму, павагі да правоў чалавека, галоснасці, цеснай сувязі з насельніцтвам. Складаецца з крымінальнай ’М., М. грамадскай бяспекі і спец. М. Арганізац. структура, штатная колькасць і пералік пасад М. вызначаюцца ў парадку, што ўстанаўліваецца ўрадам. М. ўваходзіць у сістэму органаў МУС. Кантроль за дзейнасцю М. ажыццяўляюць органы, якія ўтварылі яе, і вышэйстаячыя органы МУС. Нагляд за законнасцю ў дзейнасці М. ажыццяўляе Пракурор Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваныя яму пракуроры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КАЛЕ́ГІУМ ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока 17 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Размешчаны ў гіст. цэнтры горада. Калегіум разам з мураваным касцёлам св. Станіслава (пабудаваны ў 1636—46, у 1956 разбураны) уваходзіў у ансамбль кляштара езуітаў. Узведзены ў 1651—1738 з цэглы. Яго трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак паўд. фасадам арыентаваны да набярэжнай р. Піна. Тут размяшчаліся вучэбныя класы, трапезная, службовыя памяшканні. Фасады члянёны аконнымі праёмамі з ляпнымі абрамленнямі. Паўд.-зах. вугал фланкіруе 6-гранная вежа-контрфорс. Будынак завершаны 2-схільным дахам з заломам. Яго тарцы ўпрыгожаны складанымі франтонамі з дэкар. валютамі. З 1638 у калегіуме знаходзілася філас.-тэалагічная школа; у 1645 адкрыта муз. бурса, у 1694 — аптэка; увесь час дзейнічаў т-р, у 1727—35 — друкарня, меліся б-ка, шпіталь для бедных. У 1773 калегіум закрыты. Касцёл у 1786 перададзены уніятам і стаў кафедральным саборам Пінска-Тураўскай уніяцкай епархіі, у 1800 належаў правасл.Пінскаму Богаяўленскаму манастыру. У 1848 сюды пераведзена з Лядаў духоўнае вучылішча. У 1919 касцёл вернуты езуітам, у 1923 аднавілася навуч. дзейнасць калегіума. З 1925 пры калегіуме працавала духоўная семінарыя, з 1937 — навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). У 1939 калегіум закрыты. У будынку размяшчаліся адм. ўстанова і карцінная галерэя, з 1995 пасля рэстаўрацыі — Музей Беларускага Палесся.
Літ.:
Адамовіч С. Комплекс Пінскага езуіцкага кляштара // Наша вера. 1999. № 3.
Ю.А.Якімовіч, А.А.Ярашэвіч.
Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Будынак былога калегіума. Здымак 2000.Пінскі касцёл і калегіум езуітаў. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ,
комплекс абарончых збудаванняў у Бабруйску 1-й пал. 19 ст. Пабудавана ў 1807—36 у гіст. цэнтры горада на месцы Бабруйскага замка ў сутоках рэк Бярэзіна і Бабруйка. Будаўніцтва вялося ў 2 этапы. 1-ы (1807—12) ажыццяўляўся ва ўмовах набліжэння вайны 1812. Крэпасць будавалася паводле праекта ўпраўляючага інж. экспедыцыяй Ваеннага мін-ваген. К.І.Опермана, яе ўзводзілі тысячы салдатаў і прыгонных сялян Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губ. Да пач. вайны пабудаваны 5 асн. бастыёнаў, частка ўнутр. збудаванняў, насыпаны валы, выкапаны глыбокія равы. У вайну 1812 крэпасць вытрымала 4-месячную аблогу (гл.Бабруйская абарона 1812). На 2-м этапе буд-ва (1812—36) тэр. крэпасці павялічана, узведзены 17 дадатковых бастыёнаў (да 1820), вежы, форт «Фрыдрых Вільгельм» (1822). У арх. аздабленні будынкаў крэпасці выкарыстаны элементы стылю класіцызм (арх. А.Штаўберт). У Бабруйскай крэпасці распрацаваны Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823. У лют. 1826 прапаршчык С.І.Трусаў спрабаваў узняць паўстанне раскватараванага тут Палтаўскага палка. Пасля задушэння дзекабрысцкага руху крэпасць ператворана ў катаржную турму. Пасля паражэння нац.-вызв. паўстання 1863—64 тут было зняволена каля 2 тыс. яго ўдзельнікаў. У рэв. 1905—07 у крэпасці размяшчаўся дысцыплінарны батальён, адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У час акупацыі Бабруйска польскімі войскамі (жн. 1919 — ліп. 1920) на тэр. крэпасці знаходзіўся лагер ваеннапалонных. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты ператварылі крэпасць у Бабруйскі лагер смерці. У чэрв. 1944 сав. войскі акружылі і знішчылі тут варожы гарнізон (гл.Бабруйская аперацыя 1944).
Літ.:
Ненадавец А.М. Крэпасць на Бярэзіне. Мн., 1993.
Бабруйская крэпасць у 1811. З карціны Б.Залескага.Адзін з фортаў Бабруйскай крэпасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБЕ́Й, Вялікі Бамбей,
горад у Індыі. Адм. ц. штата Махараштра. 12,9 млн.ж. (з прыгарадамі, 1992; самы вял. горад краіны). Порт на Аравійскім м. («вароты» Індыі; каля чвэрці марскога знешнегандл. абароту). Міжнар. аэрапорт. Адзін з асноўных прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтраў краіны. Буйнейшы цэнтр баваўнянай прам-сці (больш за чвэрць агульнаіндыйскай вытв-сці). Судна-, аўтамабіле-, станкабудаванне, сярэдняе, дакладнае, энергет., эл.-тэхн. і інш. машынабудаванне, хім., тэкст., нафтахім., фармацэўтычная, нафтаперапр., гарбарна-абутковая, паліграф.прам-сць. Прадпрыемствы харчасмакавай, у т. л. цукровай прам-сці. 2 ун-ты. Цэнтр атамных даследаванняў. Кінематаграфічны цэнтр.Політэхн.ін-т. Ін-т фундаментальных даследаванняў. Паблізу горадаАЭС.
Прыбярэжная зона каля Бамбея — асн. раён нафтаздабычы ў краіне.
Горад пабудаваны ў 13 ст., належаў мусульманам з Гуджарату. У 1534 захоплены партугальцамі, у 1661 перададзены англ. каралю Карлу II як частка пасагу яго жонкі. У 1668 здадзены ў арэнду Ост-Індскай кампаніі. У 1672 пабудаваны новы горад, з 1708 адм. сядзіба Ост-Індскай кампаніі. Росквіту дасягнуў у канцы 19 ст. ў выніку буд-ва чыгункі (першая лінія Бамбей — Тхана, 1853), адкрыцця Суэцкага канала (1869) і развіцця тэкст. вытв-сці (з 1860).
Асн. будынкі канца 19 ст.: ун-т (засн. ў 1857, новыя будынкі пастаўлены ў 1923), вакзал Вікторыя, муніцыпалітэт, суд, крыты рынак у псеўдакласічным і псеўдагатычным стылях; будынкі 20 ст.: «Вароты Індыі», гасцініца «Тадж-Махал», паштамт, музей прынца Уэльскага ў псеўданац. стылі. Культавыя будынкі: цэрквы, мячэці, храмы індуісцкія і парсаў. У раёне Малабар Хіл багатыя асабнякі, сады, паркі, кінастудыі, 5 «Вежаў Маўчання» для пахавальнага абраду парсаў. Мані Бхаван (Мемарыял Гандзі).