КААРДЫНА́ТЫ (адлац. co разам, сумесна + ordinatus упарадкаваны, вызначаны) у матэматыцы, сістэма лікаў ці інш. сімвалаў, якія вызначаюць становішча матэм. аб’екта (пункта) на зададзенай лініі, паверхні, у трохмернай прасторы ці ў абагульненай геам. прасторы. Паміж сістэмамі лікаў і пунктамі прасторы ўстанаўліваецца ўзаемна адназначная адпаведнасць, якая можа быць зададзена мноствам спосабаў. Правіла задання адпаведнасці наз. сістэмай каардынат. Гл.Дэкартава сістэма каардынат, Сферычная сістэма каардынат, Цыліндрычная сістэма каардынат, Палярная сістэма каардынат. К. выкарыстоўваюцца ў геадэзіі (гл.Геадэзічныя каардынаты) і ў геаграфіі (гл.Геаграфічныя каардынаты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КААРДЫНА́ЦЫЯ (адлац. co сумесна, разам + ordinatio упарадкаванне) у фізіялогіі. узгадненне дзейнасці розных органаў і сістэм арганізма, абумоўленае спалучэннем працэсаў узбуджэння і тармажэння ў цэнтральнай нервовай сістэме. Напр., пры згінанні канечнасці. ўзбуджэнне нерв. клетак, якія пасылаюць імпульсы да мышцаў-згінальнікаў, выклікае адначасова тармажэнне клетак, звязаных з мышцамі-разгінальнікамі. Расслабленне разгінальнікаў палягчае згінанне канечнасці. Безумоўнарэфлекторная К. ажыццяўляецца на ўзроўні спіннога мозга (простыя рэфлексы — згінальны, чухальны і інш.). Умоўнарэфлекторная К. злучае амаль усе аддзелы галаўнога мозга і сістэмы арганізма (сардэчную, мышачную, крывяносную і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЯРО́ВІЧ ((Kawalerowicz) Ежы) (н. 19.1.1922, г.п. Гваздзец Івана-Франкоўскай вобл., Украіна),
польскі кінарэжысёр і сцэнарыст. Скончыў кінаінстытут (1946) і Акадэмію прыгожых мастацтваў (1948) у Кракаве. Дэбютаваў у кіно ў 1952. Сярод фільмаў: кінадылогія «Цэлюлоза» (у сав. пракаце «Дарогі жыцця») і «Пад фрыгійскай зоркай» (1954, паводле І.Неверлі), «Маці Іаана ад анёлаў» (1961, паводле Я.Івашкевіча), «Фараон» (1965, паводле Б.Пруса), «Смерць прэзідэнта» (1977), «Карчма» (1982, паводле Ю.Стрыйкоўскага), «Палоннік Еўропы» (1989, паводле Ю.Данкоўскага). Дзярж. прэміі Польшчы 1954, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАКАДУ́ (Kakatoeinae),
падсямейства гладкаязычных папугаяў. 5 родаў, 17 відаў. Пашыраны ад Калімантана і Філіпін да Аўстраліі і Тасманіі. Жывуць чародамі ў лясах і лесастэпах.
Даўж. цела 60—95 см. Характэрная адзнака — чуб на галаве. Апярэнне пераважна белае ці чорнае. Гняздуюцца ў дуплах дрэў або ў шчылінах скал. У кладцы 2—6 яец Кормяцца фруктамі, арэхамі, костачкамі і пладамі, зрэдку насякомымі. Добра імітуюць розныя гукі, у т. л. голас чалавека. У няволі жывуць да 70 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ГУЛА (Гай Юлій Цэзар) (Gaius Julius Caesar Caligula; 31.8.12, Анціум, цяпер г. Анцыо, Італія — 24.1.41),
старажытнарымскі імператар [37—41]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў, пераемнік Тыберыя. Выхоўваўся ў ваен. лагеры свайго бацькі Германіка; мянушку Калігула атрымаў ад салдацкага абутку (лац. caligula літар. боцік), які насіў з дзяцінства. Праўленне К. вызначалася дэспатызмам, імкненнем да неабмежаванай улады, марнаваннем дзярж. сродкаў на гульні і відовішчы, што вяло да непамерных падаткаў і выклікала хваляванні сярод яўрэяў у г. Александрыя і ў Палесціне. Забіты ў выніку змовы трыбунаў прэтарыянскай гвардыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬВА́РЫЯ (адлац. calva чэрап),
у католікаў Беларусі, Літвы і Польшчы святое месца, куды збіраліся натоўпы набожных, хворых, калек, старцаў на пакаянне. Пачалі засноўвацца як апорныя пункты каталіцызму ў 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. на ўзгорках і ў лесе, часта на месцах б. язычніцкіх капішчаў. Найстарэйшая К. каля Вільні вядома з 1564. У цэнтры К. звычайна ставілі капліцу, будавалі касцёл або кляштар. К. былі ў Мінскім, Барысаўскім, Вілейскім і інш. паветах. У Мінску пад гэтай назвай захаваліся могілкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯІ́НА,
1) адлегласць паміж коламі кожнай восі або паміж цэнтр. лініямі гусеніц трансп. сродку.
2) След, утвораны ў мяккім грунце або снезе пры руху трансп. сродку.
3) К. чыгуначная — 2 рэйкавыя ніці, размешчаныя на пэўнай адлегласці адна ад адной і прымацаваныя да шпалаў, брусоў або пліт. У краінах СНД прыняты К. нармальная (шырокая) —1520 мм, вузкая—750 мм і прамысл. транспарту — 1000 мм; у інш. краінах свету — пераважна 1435 мм, а таксама 1067, 1600 і 1676 мм. Гл. таксама Чыгуначны пуць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАШЫ́,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 16 км на Пдадг. Полацк. Пл. 0,6 км², даўж. каля 1,1 км, найб.шыр. 880 м, найб.глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі каля 4,2 км. Пл. вадазбору 18,5 км². Схілы катлавіны выш. 6—14 м, разараныя, на Пд параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, у залівах сплавінныя. Дно да глыб. 2 м пясчанае, ніжэй выслана сапрапелем. Упадае ручай з воз. Усомля, выцякае ручай у воз. Гомель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІБАЛІ́ЗМ (франц. cannibalisme адісп. canibal людаед) у жывёл, форма жывёльнага жыўлення, пры якой з’ядаюцца асобіны таго ж віду; крайняя форма ўнутрыпапуляцыйных узаемаадносін. Вядомы больш чым у 1300 відаў жывёл. Назіраецца, калі папуляцыя не забяспечана кормам або пры звышвысокай шчыльнасці (драпежныя клапы, насякомыя, павукі, драпежныя рыбы і інш.). У гэтых выпадках К. — своеасаблівы рэгулятар, які дапамагае папуляцыі выжыць за кошт змяншэння колькасці. К. у людзей быў пашыраны ў мінулым у некат. плямён і народаў у бытавой і рэлігійна-магічнай формах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́Э (адісп. canoa човен; запазычанне з мовы карыбскіх індзейцаў),
вёславая лодка без уключын, у якой вясляр дзейнічае адналопасцевым вяслом. Адрозніваюць К. спартыўныя, вучэбныя, слаламныя, турысцкія, для аднаго, двух і некалькіх весляроў. Вясляр стаіць на адным калене (у спартыўных) ці сядзіць (у слаламных і турысцкіх) тварам да напрамку руху. Вырабляюць К. са спец. водаўстойлівай фанеры, шпоны і пластычных матэрыялаў. К. таксама наз. лодка індзейцаў Паўн. Амерыкі; выраблялі з цэлага ствала дрэва выпальваннем і выдзёўбваннем або будавалі каркас і абцягвалі яго карой.