РУ́ДНЫ АЛТА́Й,

паўднёва-заходняя частка Алтая ў Расіі і Казахстане, у якой сканцэнтраваны значныя радовішчы поліметал. руд. Размешчаны паміж рэкамі Чарыш і Іртыш. Уключае хрыбты Убінскі, Калыванскі, Калбінскі і адгор’і Тыгірэцкага, Іванаўскага, Ульбінскага, Холзун (выш. 1200—2000 м) хрыбтоў. Даўж. больш за 400 км. Характэрны сярэднягор’і (выш. да 2776 м), на З — нізкагор’і. Рудныя целы складзены з суцэльных і ўкрапаных руд. Радовішчы поліметал. руд утвараюць 2 паласы: медна-свінцова-цынкавых руд (Арлоўскае, Залатушынскае, Нікалаеўскае, Белавусаўскае, Бярозаўскае і інш.) і свінцова-цынкавых руд (Рубцоўскае, Сцяпное, Талаўскае, Сярэдняе, Зарэчанскае, Карбаліхінскае, Стрыжкоўскае, Гуслякоўскае, Ленінагорскае, Зыранаўскае, Цішынскае і інш.). Радовішчы рэдкіх металаў, золата.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЧА́Й,

невялікі пастаянны або часовы вадацёк, які ўтвараецца ад сцёку снегавых, дажджавых і грунтавых вод. Характарызуецца звілістым рэчышчам, вузкай поймай, слабавыразнай далінай; звычайна даўж. 3—5 км. Часта з’яўляецца вытокам ракі або прытокам вадаёмаў. Выразнай мяжы паміж Р. і малой ракой няма, але Р. звычайна не мае прытокаў. Найб. расход вады на Р. назіраецца пры летніх паводках, радзей у веснавое разводдзе. У засушлівую пару часта мялее і перасыхае, у моцныя маразы прамярзае. На Беларусі найчасцей да Р. адносяць вадацёкі даўж. да 10 км. У выніку меліярац. работ частка Р. ператворана ў меліярац. канавы і каналы.

т. 13, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫМАНЦЕ́НЕ (дзявочае Ябланскіце) Рымуце

(н. 25.10.1920, г. Каўнас, Літва),

літоўскі археолаг. Д-р гіст. н. (1972). Скончыла Вільнюскі ун-т (1946), працавала ў Каўнаскім і Вільнюскім ун-тах, з 1960 у Ін-це гісторыі АН Літвы. Даследуе каменны і бронзавы вякі Літвы і суседніх тэрыторый, у т. л. паўн.-зах. Беларусі, старажытнасці свідэрскай, яніславіцкай, нёманскай мезалітычнай і нёманскай неалітычнай, нарвенскай і шнуравой керамікі культур, у арэалы якіх уваходзіла і значная частка тэр. Беларусі. Прымала ўдзел у падрыхтоўцы маладых спецыялістаў-археолагаў Беларусі.

Тв.:

Палеолит и мезолит Литвы. Вильнюс, 1971;

Стоянки раннего неолита в юго-восточной Литве // Древности Белоруссии. Мн., 1986.

т. 13, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́ЛЬНАЯ ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,

эканамічны паказчык, што вызначае аб’ём прадметаў спажывання і паслуг, які работнік можа набыць на свае грошы, атрыманыя ў форме аплаты працы; састаўная частка рэальных даходаў насельніцтва. Яе велічыня залежыць ад памеру аплаты ў адпаведнасці з колькасцю і якасцю працы і ад цэн на тавары і паслугі, падаткаў і інш. Вылічваецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і вызначае суадносіны паміж намінальнай (грашовай) заработнай платай і індэксам цэн на тавары і паслугі ў дадзены перыяд за вылікам спагнаных падаткаў і ўзносаў. Памяншэнне Р.з.п. звязана з інфляцыяй, калі яна не кампенсуецца павелічэннем, індэксацыяй заработнай платы.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБІ́НЫ (Sabini),

старажытнаіталійскія плямёны (гл. Італікі) умбра-оскска-сабельскай галіны. Рассяляліся паміж рэкамі Тыбр, Атэрнус і Аніо. Асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. Сучасныя гісторыкі лічаць, што С. адыгралі вял. ролю ва ўтварэнні рым. народнасці. У 5—4 ст. да н.э. частка С., якая не ўвайшла ў склад Рым. дзяржавы, вяла барацьбу супраць Рыма і заваявана ім у 290 да н.э. У 268 да н.э. С. атрымалі рым. грамадзянства (без права голасу).

Рана страцілі сваю мову, раманізаваны. На тэр., дзе жылі С., знаходзіўся Сабунім, маёнтак Гарацыя. Стараж. паданне пра выкраданне сабінянак атрымала распаўсюджанне ў творах мастацтва.

А.​Г.​Зельскі.

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАДУ́ХА,

у беларусаў кісла-салодкая мучная страва. Наз. таксама путра. Жыта замочвалі на суткі, потым сушылі і малолі ў жорнах; разводзілі вадой у гаршку, прыварвалі і вылівалі ў дзежку закісаць. Як укісне, елі з бульбай. Часцей С. рабілі з жытняй нясоладавай мукі. Тады яе даўжэй парылі, каб лепш усаладжала, або дадавалі мёд, цукар. С. разводзілі таксама з грэцкай або з сумесі жытняй (2 часткі) і грэцкай (1 частка) мукі. З С. рабілі квас, на ёй некат. рашчынялі хлеб. На Мядзельшчыне, Пастаўшчыне С. наз. ўсаладжалую закалоту з жытняй мукі, з якой разводзілі раўгеню.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 14, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНІТА́РНАЯ АСВЕ́ТА,

пашырэнне гігіенічных і мед. ведаў сярод насельніцтва пра фарміраванне свядомага і здаровага ладу жыцця; частка дзярж. сістэмы аховы здароўя. Грунтуецца на мед. дысцыплінах: педагогіцы, псіхалогіі, сацыялогіі і інш. Асн. ролю ў арганізацыі С.а. адыгрываюць установы санітарна-эпідэміялагічнай службы. С.а. ўключае: дзярж. фінансаванне, падрыхтоўку кадраў, развіццё матэрыяльна-тэхн. базы, навуковасць, масавасць і г.д. У канцы 1990 — пач. 2000-х г. набыла актуальнасць барацьба з курэннем, злоўжываннем алкаголю, гіпадынаміяй, нерацыянальным харчаваннем і г.д. Барацьба са СНІДам патрабуе растлумачальнай работы сярод насельніцтва пра фактары рызыкі перадачы віруса імунадэфіцыту чалавека і інш.

М.​В.​Шчавелева.

т. 14, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́ТКА,

верхняе мужчынскае і жаночае адзенне з сукна. Бытавала ў беларусаў, рускіх, украінцаў да 1930-х г. На Пн Беларусі насілі С. прамога халатападобнага крою (спінка і пярэдняе крыссе прамыя), у цэнтр. раёнах — з адразной спінкай (ніжняя частка ў зборкі, пярэдняе крыссе прамое) і з неадразной спінкай, звужанай у таліі (ад проймы рукавоў зашывалі вытачкі, якія ніжэй таліі ўтваралі фальбоны альбо фалды). Для Палесся характэрны С. з «вусамі» — вял. клінамі, ушытымі па баках ад таліі і ўпрыгожанымі каляровым шнурам, пярэстымі пампонамі, вышыўкай.

М.​Ф.​Раманюк.

Дзяўчаты ў світках Вёска Вугляны Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. Пач. 20 ст.

т. 14, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНТ-ЛУ́ІС (Saint Louis),

горад у цэнтр. ч. ЗША, у штаце Місуры. Засн. ў 1764. 339,3 тыс. ж., з прыгарадамі каля 2,5 млн. ж. (2000, частка прыгарадаў у штаце Ілінойс). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Місісіпі, ніжэй за ўпадзенне ў яе р. Місуры. Буйны прамысл., гандл.-фін. цэнтр і трансп. вузел Сярэдняга Захаду ЗША. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: авіяц., ракетна-касм., радыёэлектронная, эл.-тэхн., металаапр., аўтазборачная, нафтаперапр., хім., харчасмакавая, гарбарна-абутковая, паліграф., ваенная. Чорная і каляровая металургія, вытв-сць чыг. вагонаў. 7 ун-таў. Маст. музей. У С.-Л. адбыліся III летнія Алімп. гульні (1904).

т. 14, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАПІ́Н-ШУ́ЙСКІ (Міхаіл Васілевіч) (18.11.1586—3.5.1610),

рускі дзярж. і ваен. дзеяч, князь. У 1604 стольнік пры цару Барысе Гадунове. З прыходам да ўлады свайго сваяка Васіля Іванавіча Шуйскага ў 1606 прызначаны ваяводаю. Удзельнік задушэння Балотнікава паўстання 1606—07. У 1608 вёў перагаворы са шведамі аб саюзе супраць Ілжэдзмітрыя II, які аблажыў Маскву. У 1609—10 на чале рус.-швед. войска атрымаў шэраг перамог над войскам Ілжэдзмітрыя II, зняў аблогу Масквы і пераможцам увайшоў у сталіцу.

...СКАПІЯ (ад грэч. skopeō назіраю, разглядваю), другая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны да назірання, візуальнага даследавання чаго-н. (напр., рэнтгенаскапія, эндаскапія).

т. 14, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)