сукупнасць відаў рыб пэўнага вадаёма, басейна, зоагеагр. вобласці і інш. або пэўнага адрэзка часу ў гісторыі Зямлі. І. большасці басейнаў складаецца з відаў, якія адрозніваюцца па геагр. паходжанні і групуюцца ў асобныя фауністычныя комплексы. Па колькасці відаў самая багатая І. экватарыяльных вод зах.ч. Ціхага ак., найбольш бедная І. высокаарктычных вод. На працягу развіцця рыб сфарміравалася больш за 25 тыс. відаў, з якіх засталося каля 20,9 тыс. На Беларусі ў вадаёмах 58 відаў рыб з 18 сям. (46 абарыгенных і 12 завезеных з інш.геагр. абласцей для акліматызацыі і гадоўлі); знікла 12 відаў каштоўных прахадных рыб з прычыны абмялення асн. рэк і зарэгулявання іх сцёку плацінамі электрастанцый. У Чырв. кнігу Беларусі занесены вусач, рыбец, стронга ручаёвая (гл.Стронгі), сцерлядзь, харыус звычайны. І. вывучае іхтыялогія.
расійскі біёлаг, эмбрыёлаг-эвалюцыяніст, адзін з заснавальнікаў параўнальнай эмбрыялогіі і фізіялогіі беспазваночных жывёл, эвалюцыйнай і эксперым. гісталогіі. Акад. Пецярбургскай АН (1890). Брат У.А.Кавалеўскага. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1863). Праф. Казанскага (з 1868), Кіеўскага (з 1869), Новарасійскага ў Адэсе (з 1874) і Пецярбургскага (у 1891—94) ун-таў; дырэктар Севастопальскай біястанцыі (у 1892—1901). Навук. працы пра агульныя заканамернасці развіцця пазваночных і беспазваночных жывёл: пашырыў на беспазваночных вучэнне пра зародкавыя лісткі і залажыў асновы адзінай тэорыі зародкавых лісткоў для ўсіх прадстаўнікоў жывёльнага свету, адзначыў іх эвалюц. падабенства. Адкрыў фагацытарныя органы ў беспазваночных і вызначыў іх ролю ў метамарфозе насякомых. Працы К. і І.Л.Мечнікава леглі ў аснову філагенетычнага кірунку ў эмбрыялогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́Ў (ад лац. collectivus зборны),
адносна кампактная група людзей, аб’яднаных вырашэннем канкрэтнай грамадскай задачы. Для К. характэрна высокая згуртаванасць яго членаў, адносіны супрацоўніцтва, узаемадапамогі і ўзаемаадказнасці, агульнасць інтарэсаў, каштоўнасных арыентацый, норм паводзін. Асн. функцыі — прадметная (непасрэднае ажыццяўленне той дзейнасці, дзеля якой ён узнік і існуе) і сац.-выхаваўчая (стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы на аснове спалучэння індывід. інтарэсаў з грамадскімі). Адрозніваюць К. працоўныя (у т. л. вытворчыя), вучэбныя, спартыўныя, маст. самадзейнасці і інш. Задачы і мэты К. абумоўліваюць яго арганізац. структуру, якая можа быць адна-, двух-, шматступеньчатай (напр., брыгада, цэх, завод). К. мае фармальную і нефармальную структуру, што складаецца на аснове асабістых сімпатый і антыпатый. К. стымулюе працоўную і грамадскую актыўнасць чалавека, заахвочвае яго да ўдасканалення сваіх здольнасцей і садзейнічае развіццю калектывізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́ЧНАЕ (ад грэч. kōmikos смешны, вясёлы),
катэгорыя эстэтыкі, якая адлюстроўвае неадпаведнасць паміж недасканалым, нежыццёвым зместам з’явы або прадмета і яго вонкавым выяўленнем, што прэтэндуе на паўнацэннасць, значнасць або маскіруецца пад іх. Вытокі К. ў гульнёвым, калектыўным самадзейным смеху, напр. у карнавальных гульнях. У ходзе развіцця культуры адасабляюцца віды К. — іронія, гумар, сатыра. Мае сац. характар, яго вытокі ў аб’ектыўных супярэчнасцях грамадскага жыцця. Суадносіцца з прыгожым, агідным, нізкім, процілеглае трагічнаму і ўзнёсламу, але здольнае да сінтэзу з імі (трагікамічнае, камічны аспект узнёслага). Для К., дзе адлюстроўваюцца супярэчнасці рэальнасці, важна гульня на ўтрыроўцы велічы прадметаў (карыкатура), на фантаст. спалучэннях (гратэск), збліжэнні далёкіх паняццяў (досціп). Разнастайнасць смешнага ў жыцці абумоўлівае шматграннасць выяўлення К. ў мастацтве. На К. заснаваны адзін з гал. відаў драмы — камедыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФЕРЭ́НЦЫЯ ААН ПА ГА́НДЛІ І РАЗВІЦЦІ́,
(United Nations Conference on Trade and Development; ЮНКТАД), адзін з пастаянных органаў Генеральнай Асамблеі ААН. Засн. ў 1964. Асн. мэты: спрыянне развіццю міжнар. гандлю, каардынацыя дзейнасці інш. устаноў сістэмы ААН у галіне гандлю і эканам.развіцця, распрацоўка юрыд. базы міжнар. гандлю. У склад ЮНКТАД уваходзяць усе дзяржавы — чл.ААН, яе спец. устаноў і Міжнар. агенцтва па атамнай энергетыцы. Вышэйшы орган — сесія (праходзіць не радзей як раз у 4 гады), паміж сесіямі працуюць Савет па гандлі і развіцці (збіраецца 2 разы на год, пры ім існуе 7 асн. к-таў), і сакратарыят на чале з ген. сакратаром. У межах канферэнцыі дзейнічаюць к-ты па сыравіннай прадукцыі, спец. па прэферэнцыях, па прамысл. гандлі. Штаб-кватэра ў Жэневе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНЕ́ВІЧ ((Kieniewicz) Стафан) (20.9.1907, в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1992),
польскі гісторык. Акад. Польскай АН (1969). Скончыў Пазнанскі ун-т. З 1937 працаваў у Скарбовым архіве ў Варшаве. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у падп. барацьбе Арміі Краёвай. У час Варшаўскага паўстання 1944 паранены, зняволены ў канцлагеры Дахаў. У 1946—77 выкладаў у Варшаўскім ун-це.
Даследаваў гісторыю барацьбы Польшчы за незалежнасць у канцы 18—19 ст., грамадскіх рухаў 19 ст., развіцця польск. нац. самасвядомасці, гісторыю Варшавы. Аўтар манаграфій «Адам Сапега (1828—1903)» (1939), «Польская рэвалюцыя 1846 г.» (1950), «Легіён Міцкевіча, 1848—1849» (1957), «Брусельскі самотнік: Аповесць пра Іаахіма Лялевеля» (2-е выд., 1960). Паўстанню 1863—64 прысвечаны кнігі «Студзеньскае паўстанне» (2-е выд., 1983), «Дарашэвічы 1863» (1986) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАВІ́ЦЭПС, спарыння (Claviceps),
род сумчатых грыбоў пірэнаміцэтаў парадку спарыннёвых. Каля 30 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі найб. вядомы К. пурпуровы (C. purpurea). Паразіт злакавых і асаковых раслін.
Цыкл развіцця — 3 стадыі: канідыяльная, склероцыі і галоўчатыя стромы. Чорна-фіялетавыя склероцыі (рожкі) даўж. 1—5 см утвараюцца ў завязі заражаных раслін. Пасля перазімоўкі ў глебе яны прарастаюць у выглядзе стром чырв. ці жоўтага колеру з перытэцыямі. Спелыя аскаспоры выкідваюцца ў час цвіцення злакаў і распаўсюджваюцца ветрам. На заражаных раслінах развіваюцца канідыі; яны паглыблены ў кроплі цукрыстай вадкасці для прываблівання насякомых. Пры пападанні на кветку з канідый развіваюцца склероцыі. Прымесь склероцыяў у муцэ або кармах выклікае хваробу эргатызм. Алкалоіды спарынні ўплываюць на ц. н. с., гладкую мускулатуру, выкарыстоўваюцца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ІТУС (ад лац. coitus савакупленне),
генітальны кантакт двух індывідуумаў з мэтай прадаўжэння роду і палавога задавальнення. Мае 4 стадыі: псіхічную (палавая дамінанта, узбуджэнне), высокага палавога ўзбуджэння, нарастання вастрыні сексуальнага ўзбуджэння, спаду нерв. ўзбуджэння з рэфрактарным перыядам у мужчын (перыяд абсалютнай — поўная адсутнасць эрэкцыі — і адноснай няўзбудлівасці). Кожная наступная стадыя ўзнікае і падключаецца, калі папярэдняя дасягнула пэўнай вышыні развіцця. Вышэйшая ступень палавога акта — аргазм. К. выклікае ўзмацненне кровазвароту, змены ў сардэчна-сасудзістай, дыхальнай, эндакрыннай і інш. сістэмах мужчыны і жанчыны. Асн. крытэрыі цыкла К. — нейрагумаральная гатоўнасць, палавое ўзбуджэнне, эрэкцыя, перабудова ўсіх сістэм арганізма; значна меншае значэнне маюць частата палавых актаў, іх працягласць і інш. колькасныя паказчыкі. Адрозніваюць К. гетэрасексуальны, гомасексуальны, перапынены, пралангіраваны (адвольна зацягнуты), няпоўны (адсутнасць эякуляцыі і аргазму). Пры парушэнні ў палавым акце неабходна кансультацыя ўрача-сексапатолага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы канца 15—20 ст. з г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 16—18 ст. рабілі гасп. посуд, кафлю (гл.Копыская кафля). Асаблівага развіцця К.к. дасягнула ў 19—1-й пал. 20 ст. У Копысі працавала каля 20 ганчарных заводаў, дзе выраблялі белагліняны паліваны посуд (збаны, гаршкі, слоікі, міскі і інш.) мяккіх акруглых форм. Вырабы аздаблялі прамымі і хвалістымі ціснёнымі паяскамі на плечуках пасудзін, налепамі, зашчыпамі па краях, падцёкамі карычневай або зялёнай палівы. Выраблялі таксама талеркі, вазы, кубкі, хлебніцы, чарніліцы, шкатулкі, пісьмовыя прылады, попельніцы з фігурамі львоў, мядзведзяў і інш., якія ўпрыгожвалі рэльефным раслінным і анімаліст. дэкорам, пажадальнымі надпісамі, пакрывалі рознакаляровай палівай. У 1920—30-я г. была пашырана вытв-сць настольнай дробнай пластыкі. Сярод майстроў А.Верамееў, В.Чабатароў, А.Чорцікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМЯНКО́Ў (Віктар Паўлавіч) (н. 27.5.1937, пас. Гарадок Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. філосаф. Канд.філас.н. (1969), праф. (1988). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1959) і Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1969). З 1959 на камсамольскай і парт, рабоце (у 1977—87 нам.заг. аддзела навукі і навуч. устаноў ЦККПБ). З 1987 дырэктар Ін-та павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў грамадскіх навук пры БДУ (прарэктар БДУ), з 1994 — першы прарэктар гэтага ін-та (цяпер Рэсп.ін-т вышэйшай школы БДУ). Даследуе тэарэт. праблемы навук.-тэхн. прагрэсу, выхавання і сацыялізацыі асобы, сац.-філас. аспекты развіцця і гуманітарызацыі сістэмы нар. адукацыі.
Тв.:
Кибернетика и труд. Мн., 1972;
Гуманітарызацыя адукацыі: сучасныя канцэпцыі і практыка. Мн., 1994 (у сааўт.);
Концепция гуманитаризации высшего образования в Республике Беларусь. Мн., 1995 (у сааўт.).