філасофская катэгорыя, якая адлюстроўвае існаванне адносна асобных у прасторы і часе рэчаў, з’яў, працэсаў з індывід. якаснай і колькаснай акрэсленасцю. Выяўляе тое, што ўласціва толькі гэтаму аб’екту і адрознівае яго ад іншых. У якасці адзінкавага можа разглядацца не толькі асобны прадмет, яго ўласцівасці ці прыкмета, але і цэлы іх клас, калі яны бяруцца як нешта адзінае. Адзінкавае непарыўна звязана з агульным. Любая рэч індывідуальная ў параўнанні з іншымі, разам з тым у пэўных адносінах валодае агульнымі з імі ўласцівасцямі. Улік катэгорыі адзінкавага ў метадалогіі пазнання праяўляецца ў пераходзе ад адзінкавага празасаблівае да агульнага, заканамернага.
значэнне свабоднай энергіі дынамічна ўраўнаважанай акісляльна-аднаўляльнай сістэмы ў электрахім. Працэсе; раўнаважны электродны патэнцыял. Характарызуе пэўнае электралітычнае асяроддзе. Напр., у водным растворы хлорнага жалеза іоны Fe3+ захопліваюць свабодныя электроны з электрода з неакісляльнага металу (плаціна, золата) і аднаўляюцца да іонаў Fe2+. Пасля дасягнення пэўнай канцэнтрацыі Fe2+ у растворы пачынаецца адваротны працэс. Праз пэўны час скорасці рэакцый акіслення-аднаўлення ўраўнаважваюцца і на электродзе ўстанаўліваецца акісляльна-аднаўляльны патэнцыял, які вызначаецца ў вольтах. Чым большая акісляльная здольнасць асяроддзя, тым вышэйшы акісляльна-аднаўляльны патэнцыял. Карыстаюцца ў электрахім. метадах сінтэзу рэчываў, пры даследаваннях у біял. і аналітычнай хіміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЁНА ІВА́НАЎНА (19.5.1476, Масква — 20.1.1513),
дачка вял. князя маскоўскага Івана III, жонка вял. князя ВКЛАляксандра. Праз шлюб Алёны Іванаўны (1495) Іван III разлічваў атрымаць доступ у ВКЛ, вял.кн. Аляксандр — спыніць паліт. і ваенны наступ Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ. Насуперак намаганням акружэння мужа Алёна Іванаўна засталася праваслаўная, падтрымлівала правасл. царкву ў ВКЛ, асуджала агрэсіўную палітыку Івана III у дачыненні да ВКЛ. Падтрымлівала мужа ў яго барацьбе са шляхтай за цэнтралізацыю ўлады, пасля яго смерці (1506) падтрымала Жыгімонта I. Валодала землямі ў Віленскім і Трокскім ваяв., каля Менска, Гародні, у памежжы з Маскоўскай дзяржавай, замкамі ў Магілёве, каля Мсціслава, у Чачэрску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЁБІЯЗ, амёбная дызентэрыя,
хвароба чалавека, якая выклікаецца паразітаваннем у яго арганізме дызентэрыйнай амёбы (Entamoeda histolytica) і характарызуецца язвавым пашкоджаннем тоўстага кішэчніка. Цысты ўзбуджальніка выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе з калам, у вадзе могуць захоўваць жыццяздольнасць да 8 месяцаў; трапляюць у арганізм праз брудныя рукі, прадметы ўжытку, забруджаную агародніну, ваду. Інкубацыйны перыяд да 1,5 месяца. Хвароба пачынаецца слабасцю, зніжэннем апетыту, болямі ў жываце. Надворак пачашчаецца да 5—15 разоў за суткі, вадкі, са сліззю і крывёй. Развіваюцца з’явы інтаксікацыі. Без лячэння магчымы пераход у хранічную форму з ускладненнямі (разрывы кішак і абсцэсы ў печані і мозгу). Лячэнне толькі ў стацыянары з наступным наглядам урача.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., у бас р. Свольна, за 38 км на ПнУ ад г. Верхнядзвінск, на З ад воз. Лісна. Пл. 5,52 км², даўж. 3 км, найб.шыр. 2,73 км, найб.глыб. 6,1 м, даўж. берагавой лініі 9 км. Пл. вадазбору 41,2 км².
Катлавіна рэшткавага тыпу, круглаватая, схілы спадзістыя, пад лесам. Берагі нізкія, тарфяністыя. Мелкаводдзе ўздоўж берагоў пясчанае. Дно плоскае, складзенае з высокаарган. тонкадэтрытавых сапрапеляў (магутнасць да 8 м). Значна зарастае да глыб. 3—4 м. Праз возера працякае рэчка без назвы, якая злучае яго з воз. Лісна. На паўн. беразе археал. помнік — курганны могільнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ Ў АЎСТРА́ЛІІ (БАА),
арганізацыя бел. эміграцыі. Засн. ў кастр. 1950 у г. Сідней, першая бел.арг-цыя, афіцыйна прызнаная аўстрал. ўладамі. Займаецца культ.-асв., прапагандысцкай і дабрачыннай дзейнасцю. БАА — член Асацыяцыі па справах Аб’яднаных нацый, уваходзіла ў склад Камітэта тыдня заняволеных народаў. Па прапанове БАА у 1974 Кангрэс сусв. антыкамуніст. лігі прыняў «Рэзалюцыю па незалежнасці Беларусі». Пры БАА дзейнічаюць бел. хор, гурток маст. самадзейнасці. Праз супрацоўніцтва з аўстрал. арг-цыямі па справах Аб’яднаных нацый БАА прымала ўдзел у штогоднім Міжнар.дыпламат. балі. Выдавала інфарм.час. «Новае жыццё» (№ 1—9, 1950-я г.). Ген. сакратар БАА А.Алехнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б,
другая літара беларускага і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай («букі»), утворанай графічным відазмяненнем візантыйскай літары B. Рознае напісанне лац. B і слав. Б абумоўлена тым, што лац. алфавіт узнік на асн. грэчаскага (праз пасрэдніцтва этрускага) у 7—6 ст. да нашай эры, калі β перадавала гук «б», у перыяд станаўлення слав. алфавіта ў 9 ст. β вымаўлялася грэкамі як «в» і замацавалася ў кірыліцы для перадачы гэтага гуку. Не мела лікавага значэння. У сучаснай бел. мове абазначае выбухныя звонкія губна-губныя фанемы («б») і («б’»), што рэалізуюцца па-рознаму ў залежнасці ад якасці суседніх гукаў ці пазіцыі ў слове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Major),
незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл.Зорнае неба.
Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАКАМПРЭ́САРНАЯ СТА́НЦЫЯ,
станцыя павышэння ціску прыроднага газу пры яго здабычы, транспарціроўцы, захоўванні і перапрацоўцы. Бываюць: галаўныя, або даціскальныя (павышаюць ціск газу, што паступае з радовішча, у 1,2—10 разоў, магутнасць да 100 МВт і болей), лінейныя магістральных газаправодаў (будуюцца праз 100—150 км, ступень сціскання 1,6—2,5, магутнасць да 200 МВт), станцыі для падземных газасховішчаў (магутнасць да 50 МВт) і для зваротнага запампоўвання газу ў пласт (на газакандэнсатных радовішчах). Абсталяванне: кампрэсарныя ўстаноўкі (цэнтрабежныя нагнятальнікі з прыводам ад газавай турбіны або электрарухавіка і газамотакампрэсары), устаноўкі для ачысткі, асушкі і ахаладжэння газу і інш. Аўтаматызаванымі газакампрэсарнымі станцыямі кіруюць з цэнтр. дыспетчарскага пункта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́Я КАМЕ́ТА,
яркая камета, якая рухаецца па эліптычнай арбіце вакол Сонца з перыядам абарачэння каля 76 гадоў. Названа ў гонар Э.Галея.
Вылічыўшы арбіты 24 камет, Галей першы ўстанавіў (1705), што арбіты камет, якія назіраліся ў 1531, 1607 і 1682, маюць блізкія параметры. Ён выказаў меркаванне, што гэта арбіты адной і той жа каметы, і прадказаў наступнае яе набліжэнне да Сонца ў 1758, што і пацвердзілася. У 1910 Зямля прайшла праз хвост каметы Галея.
У час чарговага збліжэння з Сонцам (да 0,587 а.а. 9.2.1986) камета Галея даследавалася міжпланетнымі станцыямі «Вега», «Джота» і 2 японскімі (праляцелі 8 і 11.3.1986 на вял. адлегласці ад каметы).