ПЕНА́ТЫ,

у старажытнарымскай міфалогіі багі-захавальнікі і апекуны хатняга ачага, пазней — усяго рым. народа. Разам з ларамі (з якімі іх часам атаясамлівалі) П. былі сімваламі роднага дому. Кожная сям’я мела звычайна двух П., іх выявы змяшчалі каля ачага. Месцам знаходжання агульнадзярж. П. лічыўся храм Весты ў Рыме, дзе вярх. жрэц прыносіў ім ахвяры. У пераносным сэнсе П. — хатні ачаг, родны дом (адсюль выраз «вярнуцца да сваіх пенатаў»).

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РПЛІШЧА,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Докшыцы—Глыбокае, чыг. раз’езд на лініі Маладзечна—Полацк. Цэнтр сельсавета і племзавода «Порплішча». За 10 км на ПнЗ ад г. Докшыцы, 197 км ад Віцебска. 784 ж., 279 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 12, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУДО́К,

вёска ў Мазырскім р-не Гомельскай вобл., на левым беразе р. Тур, на аўтадарозе Мазыр—Петрыкаў. Цэнтр сельсавета і Мазырскай занальнай дзярж. сортавыпрабавальнай станцыі. За 9 км на З ад горада і чыг. ст. Мазыр, 142 км ад Гомеля. 812 ж., 312 двароў (2000). Т-вы з абмежаванай адказнасцю «Лотас» і «Крыніца». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 13, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМА́ЦТВА,

шлюб, пры якім мужчыну прымалі ў дом і ў сям’ю жонкі і цесця, калі іх двор не меў свайго сына-наследніка. Пашыраная сац.-эканам. з’ява дарэв. побыту бел. сялянства. У прымы звычайна ішлі беззямельныя або тыя сыны, якім не ставала зямельнага надзелу. Прававое становішча зяця-прымака залежала ад галавы сям’і. Прымак мог стаць сапраўдным гаспадаром, калі яго брала да сябе ўдава, у якой не было сына.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ЎШЧЫНА,

вёска ва Узрэцкім с/с Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл., на беразе Пятроўскага воз., на аўтадарозе Глыбокае—Шаркаўшчына. Цэнтр калгаса. За 15 км на ПнЗ ад горада і 17 км ад чыг. ст. Глыбокае, 215 км ад Віцебска. 247 ж., 104 двары (2001). Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Культ.-рэліг. цэнтр. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГІ́НЬ,

вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Чачора. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Буда-Кашалёва, 55 км ад Гомеля. 890 ж., 362 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЎБІЦК,

вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 38 км на ПнЗ ад г. Пружаны, 123 км ад Брэста, 50 км ад чыг. ст. Аранчыцы. 692 ж., 343 двары (2001). Лясніцтва, цагельны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква-капліца. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НКАВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Беседзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПдУ ад г. Касцюковічы, 174 км ад Магілёва, 2 км ад чыг. ст. Бялынкавічы, 606 ж., 214 двароў (1995), лясніцтва.

У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаюцца ў 1613 як вёска ў Крычаўскім старостве Мсціслаўскага ваяв. ВКЛ. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у Рас. імперыі, падаравана Р.​А.​Пацёмкіну. З 1784 — мястэчка ў Клімавіцкім пав. У 1880 — цэнтр воласці; 339 ж., 76 дамоў, правасл. царква, яўр. малітоўная школа, карчма, у фальварку — бровар. У 1886 у Бялынкавічах 292 ж., 51 двор; штогод праводзіўся кірмаш. З 1924 у Калінінскім пав. З 17.7.1924 да 4.8.1927 цэнтр Бялынкавіцкага раёна. З 1927 цэнтр сельсавета Касцюковіцкага р-на, з 1938 у Магілёўскай вобл. У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 да 27.9.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 у Бялынкавічах 725 ж., 197 двароў.

У Бялынкавічах сярэдняя школа, вучэбна-вытв. камбінат, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, дом-інтэрнат, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

У.​Р.​Ламінскі (гісторыя).

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОБР,

гарадскі пасёлак у Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. За 10 км ад Крупак, 2 км ад чыг. ст. Бобр на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 1509 ж., 740 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі.

Вядомы з 1516. З 1559 уласнасць Хадкевічаў, Гаштольдаў, Пацаў, Камароў, Сапегаў, Агінскіх і інш. У 1573 мястэчка Аршанскага пав. У 1614 — 172 дамы, млын. У 1762 атрымаў магдэбургскае права, герб. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У 1863 у Бабры 1113 ж., у 1885 — 2 царквы, касцёл, капліца, сінагога, лячэбніца, нар. вучылішчы, 4 школы, 2 млыны, 22 крамы, 3 кірмашы на год, у 1904 — 2 цагельні. З 1919 у РСФСР, з 1924 у БССР, мястэчка ў Крупскім р-не. З 1938 вёска, з 17.2.1941 гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну гітлераўцы расстралялі 961 ж. У 1969 — 3 тыс. жыхароў.

Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., харч. прам-сці. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяраў фашызму (за 1,5 км ад пасёлка).

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БРСКІ,

гар. пасёлак у Беларусі, цэнтр Акцябрскага р-на Гомельскай вобл., на р. Нератоўка (прыток Пцічы). За 190 км ад Гомеля, 7 км ад чыг. ст. Рабкор на лініі Бабруйск—Рабкор, на аўтадарозе Глуск—Азарычы. 8,4 тыс. ж.

Утвораны 31.8.1954 у выніку аб’яднання вёсак Карпілаўка, Рудобелка і Рудня. Сяло Рудобелка (Рудыя Белкі) вядома з сярэдзіны 15 ст. як велікакняжацкае ўладанне, здавалася ў часовае трыманне ці арэнду Радзівілам, Вішнявецкім і інш. З 1661 прыватнае ўладанне. У канцы 18 ст. належала памешчыку Д.​Лапе, які заснаваў маёнтак Карпілаўка. У 1918—20 існавала Рудабельская рэспубліка. У студз. 1920 Рудобелка спалена польск. войскамі, пасля вызвалення воласць перайменавана ў Акцябрскую. У 1939 утвораны Акцябрскі р-н з цэнтрам у в. Карпілаўка. У 1962—66 Акцябрскі ў Светлагорскім р-не.

Завод сухога абястлушчанага малака, спіртзавод, хлебазавод, камбінат быт. абслугоўвання, райаграпрамтэхніка, лясгас, лесапункт Бабруйскага леспрамгаса, метэастанцыя. Сярэдняе ПТВ механізацыі, 3 сярэднія, дзіцяча-юнацкія спарт. і муз. школы, 3 дашкольныя ўстановы, Дом піянераў і школьнікаў, Дом культуры, Акцябрскі музей народнай славы, 2 б-кі, кінатэатр, бальніца. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяр фашызму.

т. 1, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)