КРЫЯСФЕ́РА (ад крыя...+ сфера),

перарывістая абалонка Зямлі ў вобласці ўзаемадзеяння атмасферы, гідрасферы і літасферы. Тэрмін «К.» прапанаваны польскім вучоным А.​Дабравольскім (1923). Характарызуецца адмоўнай або нулявой т-рай і наяўнасцю вады ў цвёрдай фазе або ў пераахалоджаным стане; для яе ўласцівы шматлікія крыягенныя ўтварэнні: сістэмы ледзяных воблакаў, снегавое, ледзяное і ледавіковае покрыва, наледзі, ледавікі гор, сезоннамёрзлыя глебы і горныя пароды з падземным лёдам. Ніжняя мяжа К. праходзіць па падэшве мёрзлых і ахалоджаных горных парод (да 4—5 км пад зямной паверхняй у Антарктыдзе, да 1,5—2 км у прыпалярных абласцях); у нізкіх шыротах К. выкліньваецца. Верхняя мяжа К. дасягае 100 км, уключае моцна ахалоджаную мезапаўзу.

т. 8, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВУ́А, Лувуа (Lovua, Luvua),

рака ў Замбіі (верхняе цячэнне) і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, правы прыток р. Луалаба (бас. р. Конга). Некаторыя даследчыкі лічаць яе гал. вытокам р. Конга. Даўж. больш за 1500 км, пл. бас. 265,3 тыс. км². Пачынаецца (пад назвай Чамбешы) на плато на Пд ад воз. Танганьіка, працякае праз балота на Пд ад воз. Бангвеулу, ніжэй (на мяжы Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга) наз. Луапула, утварае парогі і вадаспады. Упадае ў воз. Мверу, ніжэй якога наз. ўласна Л. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 600 м³/с. ГЭС. Суднаходная на 145 км ад вусця і вышэй воз. Мверу.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПА,

рака ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 577 км². Пачынаецца за 1 км на ПдУ ад в. Вуглы Рагачоўскага р-на. Асн. прытокі: р. Гліна і р. Прудоўка (злева). Цячэ ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 1—3,5 км. Схілы адкрытыя, выш. 6—10 м. Пойма ў вярхоўі перарывістая, у сярэднім і ніжнім цячэнні двухбаковая, шыр. да 3 км. Рэчышча на 36 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, шыр. 8—10 м. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,4 м³/с.

Ліпа.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯВА́,

рака ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл. і Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 80 км. Пл. вадазбору 498 км². Пачынаецца з воз. Заазерскае ў Бялыніцкім р-не. Асн. прыток — р. Клявіца (справа). Цячэ па паўд.-ўсх. схілах Бярэзінскай грады і па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Даліна трапецападобная, шыр. 600—800 м, у нізоўях невыразная. Схілы сярэдне стромкія, слабапарэзаныя, выш. да 8 м. Пойма пераважна двухбаковая, шыр. 200—300 м. Рэчышча каналізаванае на працягу 17 км. Шыр. ракі ў межань 6—8 м. Берагі вельмі стромкія і абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с.

т. 8, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́МВЕЛА ЦЯЧЭ́ННЕ, экватарыяльнае падпаверхневае проціцячэнне Ціхага акіяна. Рухаецца на У пад Паўднёвым Пасатным цячэннем ад раёна Новай Гвінеі да а-воў Галапагас; даўж. 15 тыс. км, шыр. каля 300 км. Ядро К.ц. з хуткасцю да 5—6 км/гадз рухаецца ўздоўж экватара або адхіляецца ад яго на адлегласць да 100 км. На З акіяна ядро знаходзіцца на глыб. 200 м, на У —50 м і пры аслабленні пасатных вятроў выходзіць на паверхню. Расход вады 25—40 млн. м³/сек. К.ц. з’яўляецца кампенсацыйным і важным у цыркуляцыі водных мас Ціхага ак. ў экватарыяльных шыротах. Адкрыта ў 1952 экспедыцыяй ЗША пад кіраўніцтвам акіянографа Т.​Кромвела, названа яго імем.

т. 8, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЧО́РНАЕ ВО́ЗЕРА,

у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Шэвінка, за 8 км на ПнУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,29 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 240 м, найб. глыб. 7,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 4,3 км². Схілы катлавіны выш. 5—8 м, пераважна разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, каля ўрэзу вады параслі хмызняком, на У і З сплавінныя. У паўд. ч. востраў пл. 0,1 га. Дно да глыб. 2 м (вакол вострава да 4—5 м) пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае слаба. Упадаюць 2 ручаі, на У выцякае ручай у воз. Філіпенскае.

т. 7, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНО́МЕТР (ад грэч. manos рэдкі, няшчыльны + ...метр),

прылада для вымярэння ціску газаў ці вадкасцей. М. для вымярэння атм. ціску наз. барометрам, для вымярэння ціску газаў, ніжэйшага за атмасферны, — вакуумметрам.

Адрозніваюць М. вадкасныя. механічныя, электрычныя, іанізацыйныя і інш. У вадкасных ціск вымяраецца вышынёю слупка вадкасці (ртуці, вады, спірту), які ўраўнаважвае гэты ціск, у механічных — значэннем пругкай дэфармацыі спружыны або мембраны ці вагою грузу, у электрычных — зменаю эл. параметраў (эрс, току, супраціўлення, індуктыўнасці), прапарцыянальнай ціску. Эл. М. зручныя для вымярэння ціску на адлегласці. Дзеянне іанізацыйных М. заснавана на выкарыстанні ўплыву ціску газаў на іх іанізацыю. Для вымярэння рознасці ціскаў карыстаюцца дыферэнцыяльным манометрам.

т. 10, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я ЖАЛУДЫ́ (Balanomorpha і Venucomorpha),

2 надсямействы вусаногіх ракападобных жывёл падатр. тарацыкавых. Больш за 400 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 160 м. Жывуць на дне, прымацоўваюцца да цвёрдага субстрату (скалы, канструкцыі) або да прадметаў ці жывёл (кіты, чарапахі і інш.), днішчаў суднаў (адмоўна ўплываюць на іх мараходныя якасці). Устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя, могуць некаторы час абыходзіцца без вады.

Вышыня вапністага пласціністага доміка-ракавіны, што ўкрывае цела, да 25 см, шыр. да 10 см. Кормяцца планктонам, водарасцямі, якія фільтруюць праз ракавіну з дапамогай 6 пар двухгалінастых ножак. Пераважна гермафрадыты, развіццё з лічынкай. Некат, ядомыя. Гл. таксама Вусаногія.

Марскія жалуды.

т. 10, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКІ́Я КА́ЧАЧКІ (Lepadomorpha),

надсямейства вусаногіх ракападобных жывёл падатр. тарацыкавых. 3 сям., больш за 450 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных морах, трапляюцца да глыб. 8 км. Жывуць на дне, прымацоўваюцца да скал, камянёў або прадметаў ці жывёл (кіты, чарапахі і інш.), некат. ўтвараюць своеасаблівы паплавок і трымаюцца пад паверхняй вады.

Даўж. цела да. 6 см, укрыта вапністымі пласцінкамі; пярэдняя ч. галавы ператворана ў падоўжаную (да 75 см) голую або лускаватую сцяблінку, якой М.к. прымацоўваюцца да субстрату. Кормяцца пераважна планктонам, водарасцямі. адфільтроўваюць іх з дапамогай 6 пар двухгалінастых ножак. Гермафрадыты і раздзельнаполыя. Некат. ядомыя. Гл. таксама Вусаногія.

Л.​Л.​Нагорская.

Марскія качачкі.

т. 10, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁЎДА, Нявода, Палужанка,

рака ў Навагрудскім і Карэліцкім р-нах Гродзенскай вобл., левы прыток р. Сэрвач (бас. р. Нёман). Даўж. 39 км. Пл. вадазбору 240 км². Пачынаецца каля в. Нёўда Навагрудскага р-на, цячэ ў межах Навагрудскага ўзв. па ўзгорыстай мясцовасці, перасечанай глыбокімі лагчынамі і ярамі. Упадае ў р. Сэрвач на Пн ад в. Беразавец. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 2—3 км, са стромкімі схіламі, выш. да 30 м. Пойма роўная, месцамі забалочаная, пад хмызняком, шыр. 100—500 м. Рэчышча моцна звілістае, ад в. Аколіца да вусця каналізаванае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 1,7 м³/с. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 11, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)