ЛЯПІДЗЕ́ЎСКІ (Анатоль Васілевіч) (23.3.1908, с. Белая Гліна Краснадарскага краю, Расія — 29.4.1983),

савецкі лётчык. Герой Сав. Саюза (1934). Ген.маёр авіяцыі (1946). Скончыў Севастопальскую школу марскіх лётчыкаў (1928), Ваенна-паветр. акадэмію імя М.​Жукоўскага (1939). У Чырв. Арміі ў 1926—33 і з 1935. За ўдзел у выратаванні людзей з парахода «Чэлюскін», які затануў у Чукоцкім м. (крас. 1934), яму ўручана «Залатая Зорка» нумар адзін. З 1935 працаваў у НДІ ВПС, у 1939—42 нам. нач. гал. інспекцыі і дырэктар авіяц. з-да. У Вял. Айч. вайну ў 1942—43 на Карэльскім фронце, нам. камандуючага ВПС 19-й арміі і нач. палявога рамонту 7-й паветр. арміі. Пасля вайны да 1961 нам. міністра авіяц. прам-сці, на інш. пасадах. Дэп. Вярх. Савета СССР 1937-46. У 1935—37 чл. ЦВК СССР.

А.В.Ляпідзеўскі.

т. 9, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПУНО́Ў (Сяргей Міхайлавіч) (30.11. 1859, г. Яраслаўль, Расія — 8.11.1924),

расійскі кампазітар, піяніст, дырыжор.

Брат А.М.Ляпунова і Б.М.Ляпунова. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1883). З 1885 у Пецярбургу: у Прыдворнай пеўчай капэле, дырэктар Бясплатнай муз. школы, у 1910—23 праф. кансерваторыі, з 1919 Ін-та гісторыі мастацтваў. У творчасці прадаўжаў традыцыі «Магутнай кучкі». Сярод твораў: 2 сімфоніі (1887, 1917), Канцэртная уверцюра (1883), Урачыстая уверцюра на рус. тэмы (1896), сімф. паэмы і інш. для арк.; 2 канцэрты, Рапсодыя на ўкр. тэмы для фп. з арк.; камерна-інстр. ансамблі; саната, 12 эцюдаў вышэйшага выканальніцкага майстэрства, прэлюдыі, вальсы, мазуркі для фп.; хары, рамансы, песні; аркестроўкі. Запісваў і вывучаў нар. песні (зб. «Песні рускага народа», 1899). Разам з М.​Балакіравым удзельнічаў у выданні найб. поўнага збору твораў М.​Глінкі. Завяршыў і інструментаваў шэраг твораў Балакірава.

т. 9, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЕР, Меер (Meyer) Эдуард (25.1.1855, г. Гамбург, Германія — 31.8.1930), нямецкі гісторык антычнасці. Праф. стараж. гісторыі ва ун-тах Лейпцыга (з 1884), Брэслаў (з 1885; цяпер г. Вроцлаў, Польшча), Гале (з 1889), Берліна (1902—23). Даследаваў гісторыю Стараж. Усходу, Грэцыі і Рыма з пазіцый мадэрнізму і цыклічнасці тэорыі, увёў у гіст. навуку паняцце «культ. комплекс», якое разумеў як вынік узаемадзеяння матэрыяльнай і духоўнай культуры народаў. Аўтар прац «Гісторыя Троі» (1877), «Гісторыя Пантыйскага царства» (1879), «Гісторыя старажытнасці» (т. 1—5, 1884—1902; асн. праца, у якой гіст. падзеі даведзены прыбл. да 336 да н.э.), «Гісторыя Старажытнага Егіпта» (1887), «Даследаванні па гісторыі Гракхаў» (1894), «Узнікненне іудзейства» (1896), «Да тэорыі і методыкі гісторыі» (1902), «Егіпецкая храналогія» (1904), «Манархія Цэзара і прынцыпат Пампея» (1918), «Паходжанне і пачаткі хрысціянства» (т. 1—3, 1921—23) і інш.

т. 9, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖА́ЕЎ (Барыс Андрэевіч) (1.6.1923, г.п. Піцеліна Разанскай вобл., Расія — 2.3.1996),

расійскі пісьменнік. Скончыў Вышэйшае інж.-тэхн. вучылішча ВМС у Ленінградзе (1948). Друкаваўся з 1953. Аповесці «Наледзь» (1956), «Саня», «Танкамер» (абедзве 1959) з жыцця далёкаўсходнікаў. Пісаў пра вясковае жыццё: аповесць «З жыцця Фёдара Кузькіна» (1966, наст. выд. «Жывы»), раман «Мужыкі і бабы» (кн. 1—2, 1976—87; Дзярж. прэмія СССР 1989), у якіх паказаны моцныя нар. характары, вострая канфліктнасць спалучаецца з гумарам. Аўтар рамана «Ізгой» (ч. 1, 1993), кніг нарысаў «Самастойнасць» (1972), публіцыстыкі «Пах мяты і хлеб надзённы» (1982), п’ес, кінааповесці «Дзень без канца і без краю» (1973), сцэнарыяў і інш. Склаў і апрацаваў «Удэгейскія казкі» (1955).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4 М., 1989—90;

Русские детективные истории, не похожие ни на что. Пушкино, 1993.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАВЕ́ЦКІ ((Mazowiecki) Тадэвуш) (н. 18.4.1927, г. Плоцк, Польшча),

польскі дзярж. і паліт. дзеяч. Юрыст. У 1946—55 чл. грамадска-паліт. арг-цыі свецкіх каталіцкіх дзеячаў «Рах» (з лац. «Мір»), У 1953—55 гал. рэдактар штотыднёвіка «WTK» («ВТК»). Адзін з заснавальнікаў (1957) варшаўскага Клуба каталіцкай інтэлігенцыі і штомесячніка «Więź» («Сувязь»; у 1958—81 яго гал. рэд.). У 1961—71 дэпутат Сейма ад каталіцкай групы «Знак». У 1981 і 1989 гал. рэд. «Tygodnika Solidamość» («Штотыднёвіка Салідарнасць»). У 1981 інтэрніраваны. З 1982 дарадчык Л.Валенсы, з 1987 — Краёвай выканаўчай камісіі прафсаюза «Салідарнасць». У 1989—90 прэм’ер-міністр Польшчы. У 1992—95 спец. пасланнік Камісіі па правах чалавека ААН у б. Югаславіі. Аўтар успамінаў «Інтэрніраванне» (1982), публіцыст. нарысаў «Раздарожжы і вартасці» (1970), «Другі твар Еўропы» (1990).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗДАКІ́ЦКІ РУХ,

народны рух у дзяржаве Сасанідаў у 490 — канцы 520-х г. Ідэалогіяй М.р. было рэліг.-філас. вучэнне маздакізм, якое ўзнікла ў канцы 3 ст. Гал. змест вучэння — ідэі барацьбы Святла (Дабра) і Цемры (Зла), усеагульнай роўнасці, падзелу маёмасці. Рух узнік ва ўмовах эканам. і паліт. крызісу, росту ўплыву арыстакратыі і аслаблення царскай улады, разарэння іранскіх сялян, многія з якіх з-за жорсткага шлюбнага заканадаўства не маглі стварыць сям’ю. Быў падтрыманы царом Кавадам I [488—496, 499—531]. Прыхільнікі маздакізму занялі важныя дзярж. пасады, кіраўнік М.р. Маздак стаў адной з першых асоб дзяржавы. Маздакісты захоплівалі маёмасць знаці і аддавалі яе бедным, было палегчана шлюбнае заканадаўства. Аслабіўшы арыстакратыю, Кавад I у канцы 520-х г. парваў з маздакізмам, а яго сын Хасроў задушыў М.р. Маздак быў пакараны смерцю.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛДА́ЎСКІЯ ПАХО́ДЫ ХМЯЛЬНІ́ЦКАГА Б. 1650 І 1652,

паходы ўкр. сял.-казацкага войска на чале з Б.Хмяльніцкім супраць Малдаўскага княства як саюзніка Рэчы Паспалітай у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Улетку 1650 войска Б.​Хмяльніцкага перайшло граніцу Малдовы і заняло яе сталіцу г. Ясы, што прымусіла малд. гаспадара (князя) В.Лупу разарваць саюзныя адносіны з Рэччу Паспалітай і заключыць саюз з Украінай. Пасля паражэння ўкр. войска ў бітве пад Берасцечкам (1651) Лупу адмовіўся ад сваіх абавязацельстваў. У адказ Б.​Хмяльніцкі вясной 1652 арганізаваў другі паход на Малдову. 1—2.6.1652 у бітве ва ўрочышчы Батог ён знішчыў накіраванае на дапамогу Лупу польскае войска (20 тыс. чал.), пасля чаго ўкр.

войскі ўвайшлі ў Малдову. Лупу быў вымушаны заключыць з Б.​Хмяльніцкім новае пагадненне аб саюзе на ўмовах 1650.

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬЦАЎ (Анатоль Іванавіч) (27.11. 1909, г.п. Мішаронскі Шатурскага р-на Маскоўскай вобл. — 7.7.1967),

расійскі матэматык; адзін са стваральнікаў агульнай тэорыі мадэлей. Акад. АН СССР (1958; чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (1931). З 1932 у Іванаўскім пед. ін-це (з 1943 праф.), адначасова з 1942 у Матэм. ін-це АН СССР; з 1960 у Ін-це матэматыкі Сібірскага аддз. АН СССР і Новасібірскім ун-це. Навук. працы па матэм. логіцы, тэорыі груп, тэорыі кольцаў і лінейнай алгебры, тэорыі алгарытмаў. Даследаванні М. далі пачатак сістэматычнаму выкарыстанню метадаў матэм. логікі ў алгебры. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1976;

Алгоритмы и рекурсивные функции. 2 изд. М., 1986.

Літ.:

А.И. Мальцев // Успехи мат. наук. 1968. Т. 23, вып. 3.

А.І.Мальцаў.

т. 10, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІФЕ́СТ ЛІТО́ЎСКАГА ПРАВІНЦЫЯ́ЛЬНАГА КАМІТЭ́ТА 1863,

праграмны дакумент паўстання 1863—64. Выдадзены 1.2.1863 у выглядзе друкаванага лістка на польск. мове з пячаткай Літ. правінцыяльнага к-та (ЛПК), які абвяшчаў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі і салідарызаваўся з маніфестам варшаўскага Цэнтр. нац. к-та (ЦНК) ад 22.1.1863. Складаўся з 6 пунктаў, абвяшчаў усіх жыхароў Літвы і Беларусі «свабоднымі, як старапольская шляхта», панскім і дзярж. сялянам абяцаў «на вечныя часы ў поўнае ўладанне, без чыншаў і выкупаў тую зямлю, якую яны мелі да гэтага часу» (п. 2). «За гэта сяляне павінны, як шляхта, бараніць польскі край, грамадзянамі якога з’яўляюцца з сённяшняга дня» (п. 3). Беззямельным за ўдзел у паўстанні абяцаліся надзелы не менш як 3 маргі. Мелася і папярэджанне аб суровым пакаранні тых, хто будзе процідзейнічаць маніфесту.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАЛЁЎ (Алег Міхайлавіч) (22.12.1923, Масква — 4.2.1984),

бел. і расійскі рэжысёр оперы. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя Луначарскага (1952). З 1952 рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1960 гал. рэжысёр Горкаўскага т-ра оперы і балета, з 1965 рэжысёр Вял. т-ра ў Маскве. Яго пастаноўкі вызначаліся псіхал. выразнасцю ў трактоўцы вобразаў, дынамічнасцю масавых сцэн. Сярод пастановак на бел. сцэне: «Іаланта» (1952), «Яўген Анегін» (1954), «Чарадзейка» (1958) П.​Чайкоўскага, «Лакмэ» Л.​Дэліба і «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні (абедзве 1953), «Маладая гвардыя» Ю.​Мейтуса (1954), «Марынка» Р.​Пукста і «Фра-Д’ябала» Ф.​Абера (абедзве 1955), «Садко» М.​Рымскага-Корсакава (1957), «Дзіця радасці» К.​Карчмарова (1959), «Андрэй Касценя» М.​Аладава (1970, з Ю.​Ужанцавым).

Б.​С.​Смольскі.

т. 10, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)