Сірыйская Арабская Рэспубліка (Аль-Джумхурыя аль-Арабія ас-Сурыя), дзяржава ў Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Турцыяй, на У з Іракам, на Пд з Іарданіяй, на З з Ізраілем, Ліванам і абмываецца Міжземным морам. Пл. 185,2 тыс.км², у т. л. 1370 км² акупіравана ў 1967 Ізраілем (Галанскія вышыні). Нас. 16,3 млн.чал. (2000). Афіц. мова — арабская. Сталіца — г.Дамаск. Падзяляецца на 18 мухафаз. Нац. свята — Дзень эвакуацыі (17 крас.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1973. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае парламент і зацвярджае ўсенародны рэферэндум на 7 гадоў. Вышэйшы орган заканад. ўлады — аднапалатны парламент (250 дэпутатаў), які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады, выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Большая частка тэр. С. раўнінная ці платопадобная (верхняя частка Месапатамскай нізіны на У, Сірыйская пустыня на ПдУ). На З невял. горныя хрыбты: Эд-Друз (да 1800 м), Антыліван з масівам Эш-Шэйх, або Хермон (выш. 2814 м), Эль-Гарбі (да 1830 м), Ансарыя і інш. Паміж хрыбтом Ансарыя (на З) і гарамі Эз-Завія (на У) тэктанічная ўпадзіна Эль-Габ. Уздоўж Міжземнага м. вузкая нізінная і раўнінная паласа. Карысныя выкапні: нафта, газ, марганцавыя і поліметал. руды, фасфарыты і інш. Клімат на З субтрапічны, міжземнаморскі; на Укантынент., засушлівы. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы 12 °C, на У 4 °C, ліп. адпаведна 26 і 34 °C. Ападкаў на большай частцы тэр. 100—200 мм, на зах. схілах гор да 1000 мм і больш за год (выпадаюць з ліст. да крас.). Рэк мала. Найб. рэкі: на У — Еўфрат з прытокамі і Тыгр, на З — Эль-Асі. Расліннасць пераважна паўпустынная і пустынная, на З у гарах хмызнякі, лясы (3% тэр.) з вечназялёнага дубу, алепскай хвоі і інш. Жывёльны свет пустынь і паўпустынь. З драпежнікаў звычайныя паласатая гіена, воўк, шакал, каракал, ліс-фенек; з капытных — антылопы і дзікі асёл. Шмат грызуноў і паўзуноў. Ёсць запаведнікі і заказнікі.
Насельніцтва. Каля 90% складаюць сірыйскія арабы (сірыйцы). Жывуць таксама курды (каля 6,5%, пераважна на У), армяне (каля 3%, у гарадах), выхадцы з суседніх краін, чэркесы, туркмены, цыганы і інш. Мусульман 83% (з іх 82% суніты, 18% шыіты), хрысціян каля 14% (правасл., католікі, мараніты і інш). Сярэдняя шчыльн. 88 чал. на 1 км². На ўзбярэжжы і ў далінах рэк, у перадгорных аазісах шчыльн. перавышае 300 чал. на 1 км², у пустынях і паўпустынях каля 10 чал. на 1 км² і менш, ёсць качэўнікі і паўкачэўнікі. Натуральны прырост каля 3% за год. У гарадах жыве 52% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Дамаск — 1550, Халеб — 1591, Хомс — 644, Латакія — 307, Хама — 229. У сельскай гаспадарцы занята 40% працаздольных, у прам-сці —20%, у абслуговых галінах — 40%. Шмат сірыйцаў працуе ў нафтаздабыўных краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. С. — асяродак стараж. цывілізацый. У паняцце «гістарычная С.», т.зв. Вял. С., да пач. 20 ст. ўключаліся тэр. сучасных С., Лівана, Іарданіі і Ізраіля. Прыналежнасць найб.стараж. яе насельніцтва не вызначана. У сярэдзіне 4-га тыс. да н.э.тэр. С. засялілі народы семіцкага паходжання. Яны заснавалі гарады-дзяржавы, найб. значны з якіх — Эбла — дасягнуў росквіту ў 26—23 ст. да н.э. Каля 2000 да н.э. ў паўд.-зах.ч. С. пасяліліся ханаанеі, на ўзбярэжжы — фінікійцы; каля 1700 да н.э. на тэр. С. з’явіліся амарыты, каля 1500 да н.э. — арамеі, у 12 ст. да н.э. — яўрэі. У 16—13 ст. да н.э. С. — аб’ект барацьбы паміж Стараж. Егіптам, Хецкім царствам і Мітані. У 11—8 ст. да н.э. існавала Дамаскае царства, якое ў 732 да н.э. заваявана Асірыяй, у 612 да н.э. Вавілоніяй. З 539 да н.э. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы. У 333 да н.э. С. заваяваў Аляксандр Македонскі. Яго пераемнікі Селеўкіды кіравалі С. ў 312—64 да н.э. На працягу наступных 700 гадоў С. была ў складзе Рымскай, потым Візант. імперый. Палесцінская частка Вял. С. — радзіма хрысціянства, якое ў 4 ст.н.э. стала дзярж. рэлігіяй. У 630-я г. С. заваявалі арабы (гл. Арабскія заваяванні). З гэтага часу іслам прыняты большасцю насельніцтва, а араб. мова стала адзінай мовай народа С. У 661—750 С. — паліт. і культ. цэнтр Амеядаў халіфата, пасля ўсталявання ў 750 Абасідаў халіфата цэнтр дзяржавы перамясціўся ў Ірак. У 10—11 ст. С. пад уладай розных мусульм. дынастый. У канцы 11 ст. ў С. ўварваліся крыжакі, якія захапілі прыбярэжныя р-ны. У канцы 12 ст. егіпецкі султан Салах-ад-дзін нанёс крыжакам паражэнне і стаў правіцелем б.ч.тэр. С. У 1260—1516 С. пад уладай егіпецкіх мамлюкаў. У 1516 С. заваявалі туркі-асманы, і яна на 400 гадоў увайшла ў склад Асманскай імперыі. Вял.геагр. адкрыцці і новыя марскія шляхі ў краіны Усходу паменшылі значэнне С. як цэнтра транзітнага гандлю. У 2-й пал. 19 ст. ў С. ўзнік культ.-асветніцкі рух «Нахда» («Адраджэнне»), да пач. 20 ст. яна была адным з цэнтраў барацьбы за араб. незалежнасць. У 1-ю сусв. вайну сірыйцы разам з інш.араб. народамі ўзнялі паўстанне супраць туркаў і падтрымалі Вялікабрытанію ў абмен на яе падтрымку ідэі араб. незалежнасці. Але пасля вайны Ліга Нацый падзяліла ў 1920 Вял. С. на мандатныя тэрыторыі паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; да Францыі адышла тэр. сучаснай С. Франц. панаванне, палітыка яе адміністрацыі, скіраваныя на поўнае падпарадкаванне С., выклікалі шэраг паўстанняў. Найб. з іх — Сірыйскае нацыянальнае паўстанне 1925—27 — прымусіла франц. ўлады да ўступак. У маі 1930 выдадзена канстытуцыя, якая абвясціла С. рэспублікай пры захаванні вярх. улады Францыі. Ва ўмовах 2-й сусв. вайны (у чэрв. 1941 брыт. войскі і часткі «Свабоднай Францыі» ген. Ш. дэ Голя выбілі з тэр. С. армію рэжыму «Вішы»), франц. адміністрацыя 27.9.1941 заявіла аб прызнанні незалежнасці С., 23.12.1943 падпісана адпаведнае франка-сірыйскае пагадненне. У жн. 1943 выбраны першы прэзідэнт незалежнай С. — Ш.Куатлі. Суверэннай дзяржавай С. стала пасля вываду франц. і брыт. войск 17.4.1946 — гэты дзень адзначаецца ў С. як нац. свята.
Як і інш.араб. краіны, С. выступіла супраць рашэння ААН пра падзел Палесціны і ўтварэнне дзяржавы Ізраіль, сумесна з імі прыняла ўдзел у араба-ізраільскай вайне 1948—49: Ваен. няўдачы пахіснулі аўтарытэт урада С. У сак. 1949 група афіцэраў здзейсніла дзярж. пераварот, паклаўшы пачатак 20-гадоваму перыяду ваен. пераваротаў. Імкнучыся рэалізаваць ідэю адзінства ўсіх арабаў, С. ў лют. 1958 аб’ядналася з Егіптам у Аб’яднаную Араб. Рэспубліку (ААР). Спробы кіруючых колаў Егіпта ўсталяваць кантроль над адзінай дзяржавай прывялі ў вер. 1961 да выхаду С. з ААР і абвяшчэнні яе Сірыйскай Араб. Рэспублікай. Ваен. пераварот 8.3.1963 прывёў да ўлады Партыю арабскага сацыялістычнага адраджэння (Баас). Баасісцкі ўрад перадаў пад кантроль дзяржавы б.ч. прам-сці і знешняга гандлю. У выніку паражэння С. ў араба-ізраільскай вайне 1967 ч. сірыйскай тэр., у т. л. Галанскія вышыні, захоплена Ізраілем. У ліст. 1970 да ўлады ў партыі і краіне прыйшоў ген. Х.Асад (у сак. 1971 ён абраны прэзідэнтам С.). Пасля араба-ізраільскай вайны 1973 С. вярнула ч. акупіраваных тэрыторый, але большая ч. Галанскіх вышынь засталася пад кантролем Ізраіля, які ў 1981 афіцыйна іх анексіраваў. З 1976 С. ажыццяўляе ваен. прысутнасць у Ліване, у 1982 удзельнічала на яготэр. ў вайне супраць Ізраіля. У 1979 С. асудзіла мірныя дагаворы паміж Егіптам і Ізраілем (гл.Кэмп-Дэвідскія пагадненні 1978). У час ірана-іракскай вайны 1980—88 урад С. падтрымаў Іран, а ў час Кувейцкага крызісу 1990—91 сірыйскія войскі ўдзельнічалі ў антыіракскай кааліцыі. Гал. мэта знешняй палітыкі С. — вяртанне Галанскіх вышынь і ўрэгуляванне блізкаўсходняга канфлікту. Аднак сірыйска-ізраільскія перамовы 1990-х г. па гэтых пытаннях скончыліся безвынікова. Пасля смерці ў чэрв. 2000 Асада прэзідэнтам стаў яго сын Б.Асад. С. — чл.ААН (з 1945), Лігі араб. дзяржаў (з 1945). Дыпламат. адносіны С. з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў жн. 1993.
Паліт. партыі: Партыя араб.сацыяліст. адраджэння, узначальвае Прагрэс.нац. фронт (ПНФ), у які таксама ўваходзяць Араб.сацыяліст. саюз, Рух араб. сацыялістаў, Сірыйская камуніст. партыя і інш.; усе арг-цыі, якія не ўваходзяць у ПНФ, забаронены.
Гаспадарка. С. — аграрна-індустр. дзяржава сярэдняга ўзроўню развіцця. Валавы ўнутр. прадукт 41,7 млрд.дол. (1998), каля 2600 дол. на душу насельніцтва; на сельскую гаспадарку прыпадае каля 28%, на прам-сць — каля 20%, на сферу паслуг — каля 52%. У эканоміцы вядучая роля дзярж. сектара, на долю якога прыпадае каля 50% нац. даходу, 75% кошту прамысл. прадукцыі і 70% асн. сродкаў вытворчасці. Дзяржава цалкам кантралюе сферу фінансаў, Горназдабыўную прам-сць, энергетыку, чыг. і авіяц. транспарт. Прыватны сектар дамінуе ў сельскай гаспадарцы, рознічным гандлі, сферы паслуг, аўтатранспарце, жыллёвым будаўніцтве. Сельская гаспадарка — асн. галіна эканомікі. Характэрны сялянскія гаспадаркі, ёсць кааператывы і буйныя дзярж. гаспадаркі. У выніку агр. рэформы буйное землеўладанне абмежавана, памешчыцкія землі выкуплены і размеркаваны за плату сярод сялян. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 6 млн.га, у т. л. каля 1 млн.га арашаецца; каля 8 млн.га (тэр. пустынь і паўпустынь) выкарыстоўваецца пад пашу. Штогод збіраюць 4—5 млн.т пшаніцы, каля 2 млн.т ячменю, 200 тыс.т кукурузы, 300 тыс.т сачавіцы, 1,5 млн.тцукр. буракоў, 400 тыс.т вінаграду, 350 тыс.т апельсінаў, 430 тыс.т памідораў. Асн. земляробчыя раёны на ўзбярэжжы, у далінах рэк, перадгор’ях. Тэхн. культуры (бавоўнік, цукр. буракі і трыснёг, тытунь) вырошчваюць на арашальных землях. Асн. раён пладаводства (абрыкосы, інжыр, цытрусавыя), агародніцтва, вінаградарства, бахчаводства — на ПнЗ. Там жа аліўкавыя гаі. Жывёлагадоўля пераважна экстэнсіўная, у значнай ступені качавая і паўкачавая. У 1997 пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 905, авечак — 15 000, коз — 1200. Гадуюць таксама вярблюдаў, коней, аслоў і мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—21 млн. курэй). Марское і рачное рыбалоўства. У прам-сці пераважаюць сярэднія і дробныя прадпрыемствы. Гарнарудная прам-сць прадстаўлена здабычай нафты і прыроднага газу, фасфарытаў, жал. руды, серы, каменнай солі, буд. матэрыялаў. Штогод здабываюць каля 30 млн.т нафты і 5 млрд.м³ газу. Асн. раёны здабычы на ПнУ (Тэль-Румайлан, Карачук, Сувайдзія і інш.). Электраэнергія (у 1998—17,5 млрд.кВт∙гадз) прыкладна пароўну выпрацоўваецца на ГЭС (буйнейшы Еўфрацкі гідраэнергетычны комплекс) і ЦЭС на нафце і газе. Найбольш прадпрыемстваў харч. і лёгкай прам-сці працуюць на ўласнай сыравіне. Развіты бавоўнаачышчальная, тэкст. і швейная (Дамаск, Халеб, Латакія, Хама, Хомс і інш.), харч. (мукамольная, мясаперапрацоўчая, алейная, вінаробная, цукр., кансервавая, безалкагольных напіткаў; Дамаск, Халеб, Латакія і інш.), гарбарна-абутковая, тытунёвая галіны. Важнае значэнне маюць нафтаперапр. (Баніяс, Хомс, Эль-Камышлы), хім. (Хомс), металургічная (Хама, Хомс), цэм. (Дамаск, Халеб, Хама, Хомс) галіны прам-сці. Ёсць з-ды трактаразборачны (Халеб) і электраматораў (Латакія), ф-кі мінер. угнаенняў (Хомс) і дываноў (Халеб), прадпрыемствы ваен. прам-сці. У Дамаску электракабельны з-д, прадпрыемствы электроннай, фармацэўтычнай і шкляной прам-сці. Шырока развіты саматужны выраб парчы, біжутэрыі, маст. рэчаў з медзі, золата, серабра, дрэва і інш.; апрацоўка скур і ручное дыванаткацтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі, трубаправодны. Даўж. чыгунак 1998 км, аўтадарог 41,4 тыс.км, унутр. водных шляхоў (рэкі Еўфрат і Эль-Асі) 970 км, нафтаправодаў 1304 км (у т. л. транзітныя з Ірака і Саудаўскай Аравіі), прадуктаправодаў 515 км. У краіне 134 тыс. легкавых, 219 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў, 5 буйных аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Дамаску і Халебе. Гал. марскія парты Латакія, Баніяс, Тартус. Выкарыстоўваюцца таксама парты Лівана. У 1998 экспарт склаў 4,2 млрд.дол., імпарт 5,7 млрд.дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (каля 40% па кошце), тэкстыль, адзенне і скураныя вырабы (каля 30%), некат. харч. тавары, тытунь і інш.; у імпарце — машыны, абсталяванне, трансп. сродкі, металы, хімікаты, драўніна. Гал.гандл. партнёры: Італія, Германія, Францыя, Турцыя, Ліван, інш. арабскія краіны. С. — краіна развітога турызму. Штогод наведвае каля 2 млн. турыстаў пераважна з Турцыі і арабскіх краін. Асн. аб’екты — узбярэжжа Міжземнага м., Дамаск, Халеб, рэшткі ант.г. Тадмар (Пальміра). У 1998 турызм прынёс даход у 1,36 млрд.дол. Грашовая адзінка — сірыйскі фунт.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС; каля 320 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (жандармерыя) — 8 тыс.чал. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках 215 тыс.чал., 4650 танкаў, каля 4,7 тыс. баявых машын пяхоты і інш. браніраваных машын, больш за 1,9 тыс. самаходных гармат і гармат на буксірнай цязе, 480 рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС і ППА каля 100 тыс.чал., у т. л. ў ППА каля 60 тыс.чал., 589 баявых самалётаў, 72 баявыя верталёты, каля 450 зенітных ракетных комплексаў. У ВМС 6 тыс.чал., 10 баявых караблёў, 18 катэраў, у т. л. 10 ракетных, 24 верталёты.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту вядомы наскальныя выявы ў Дэмір-Капу, каменныя і гліняныя антрапаморфныя статуэткі, ляпная размаляваная кераміка, паселішчы 5—4-га тыс. да н.э. (Угарыт, Тэль-Халаф). На тэр. С. развіваліся стараж.маст. культуры Б. Усходу: вавілона-асірыйская, фінікійская, хецкая і інш. Іх спалучэнне з мясц. традыцыямі надало своеасаблівасць мастацтву стараж. С. — сір. перыяду эліністычнага, рым. [Дура-Еўрапас, Тадмар (Пальміра), Бусра] і ранневізант. (Русафа, Кальб-Лузех) мастацтва. У 4—6 ст. склалася мясц. ранневізант. маст. традыцыя. Культавая архітэктура адметная наватарскімі манум. формамі (манастырскі комплекс Кал’ат-Семан, створаны вакол калоны св. Сімяона Слупніка), дамінуючай стала 3-нефавая базіліка з высокім сярэднім нефам, з аркадамі на нізкіх слупах (Кальб-Лузех), купальныя базілікі розных тыпаў (царква ў Русафе). Выяўл. мастацтва таго часу прадстаўлена разьбой па камені і косці, мазаікамі падлог, экспрэсіўнай кніжнай мініяцюрай (Евангелле Рабулы). Пасля араб. заваявання (7 ст.) С. — адзін з цэнтраў станаўлення арабскай культуры. У часы праўлення Амеядаў пачалася стылістычная адаптацыя стараж. мастацтва і дойлідства да сярэдневяковай маст. стылістыкі ісламу. У архітэктуры на аснове стараж.-рым. і візант.буд. вопыту распрацаваны тып шматкалоннай мячэці, перабудаванай з хрысц. базілікі. Захоўваліся запазычанні з ордэрнай сістэмы, канструкцыі арачных і купальных перакрыццяў. У інтэр’еры храма цэнтр. месца заняў вял. двор, завершаны з супрацьлеглага боку галерэяй на аркадах; у гал. сцяне рабілася свяшчэнная ніша — міхраб. Узорнай стала Амеядаў мячэць у Дамаску. Свецкая рэзідэнцыя халіфа (палац у пустыні) мела выгляд крэпасці, абнесенай абарончымі сценамі, з квадратным дваром пасярэдзіне. Фасад палаца меў брамы, завершаныя зубчастымі байніцамі, машыкулямі (замак у Каср аль-Хейр аль-Гарбі). У аздабленні будынкаў захаваліся элініст. і ранневізант. традыцыі (мазаікі мячэці Амеядаў), зарадзілася сістэма арнаменту — арабескі. У 10 ст. сфарміравалася аблічча сярэдневяковага араб. горада з падзелам на ўмацаваныя кварталы. З’явіліся кварталы-кірмашы з крытымі вуліцамі, караван-сараі, медрэсэ (ан-Нурыя ў Дамаску), марыстаны (бальніцы; Нур-ад-дзіна ў Дамаску), лазні з купаламі. На тэр. С. захаваліся руіны крыжацкіх замкаў (Крак-дэ-Шэвалье). Пры Айюбідах (з 1187) высокага тэхн. ўзроўню дасягнулі і фартыфікацыйныя збудаванні (цытадэлі ў Дамаску, Халебе). Пашырыліся формы ярусных мінарэтаў, аздабленне сцен нішамі, арнаментальнымі рамамі. У пластычных мастацтвах развіваліся арнамент і каліграфія. У 13—14 ст. дасягнула росквіту кніжная мініяцюра (рукапісы «Каліла і Дымна» і інш.). У дэкар.-прыкладным мастацтве вылучаліся кераміка з размалёўкай люстрам, маст. вырабы са шкла (з эмалевымі размалёўкамі) і металу, аздобленыя чаканкай, сярэбранай інкрустацыяй і гравіроўкай, разьба па дрэве (міхрабы, мінбары), маст. тканіны. У асманскі перыяд (1516—1918) мастацтва развівалася пад уплывам тур. дойлідства: мячэці квадратныя ў плане, з вял. сферычным купалам, 4 мінарэтамі па вуглах (мячэць Такія Сулейманія ў Дамаску, 16 ст., арх. Сінан), паліхромная кераміка з буйным кветкавым узорам. Асабліва пышным стаў арх. дэкор. Набылі пашырэнне 1-камерныя маўзалеі «цюрбе». Для традыц.нар. жылля на Пд ужывалі блокі з вулканічнай лавы, на Пн будавалі купальныя жытлы з цэглы-сырцу. У нар. мастацтве пашыраны натуралізаваны расл. арнамент на кераміцы, тканінах, метале, ткацтва бязворсавых дываноў з характэрнымі для пэўнай мясцовасці арнаментам і колеравай гамай. Узнікла інкрустацыя па дрэве серабром, перламутрам і вярблюджай косцю (мінбары, столікі, скрынкі і інш.). У 1920—30-я г. будавалі ў духу еўрап. стыляў, ішла мэтанакіраваная рэканструкцыя гарадоў. У 1950-я г. ўзмацніліся пошукі аб’яднання сучасных канструкцый з нац. формамі (арх. Вахбі аль-Харыры і інш.). Мастакі С. (Т.Тарык, М.Кірша, М.Джалаль) успрынялі традыцыі еўрап.рэаліст. мастацтва, франц.акад. школы і імпрэсіянізму. Адзін з вядучых манументалістаў С. — А.М.Шама (вучань рас. мастака А.Дайнекі). Сярод найб. значных мастакоў 2-й пал. 20 ст.: Л.Каялі, А.Катраміз, Х.Замрык, Н.Набаа, А.Нашваці, І.Хімат, Н.Шаўра і інш. Развіваюцца традыц. віды нар. мастацтва: вышыўка шоўкам, серабром, золатам па аксаміце, воўне і бавоўне, пляценне з каляровай саломы, апрацоўка металу, дрэва, інкрустацыя перламутрам, косцю, каляровымі пародамі дрэва, кераміка.
Літ.:
Новейшая история арабских стран Азии, 1917—1985. М., 1988;
Сирийская Арабская Республика. М., 1997;
Корнилов В. Секретная война: Хроника сирийской кампании 1941 г. // Крылья Родины. 1994. № 7—8;
Яшкин Г.П. Под жарким солнцем Сирии // Воен.-ист. журн. 1998. № 4;
Сидорова Н.А., Стародуб Т.Х. Города Сирии. М., 1979;
Богданов А.А. Художники Сирии. М., 1981.
М.С.Вайтовіч, Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), І.Г.Елісееў (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Сірыі.Да арт.Сірыя. Міжземнаморскае ўзбярэжжа.Да арт.Сірыя. Ландшафт на захадзе краіны.Да арт.Сірыя. Старая крэпасць у г. Хомс.Да арт.Сірыя. Мініяцюра «Ушэсце святой Марыі» з Евангелля Рабулы. 586.Сірыя. Мячэць Амеядаў у Дамаску.Да арт.Сірыя. Керамічныя ваза і збанок з Ракі. 13 ст.Сірыя. Цытадэль у г. Халеб. 13—16 ст.Сірыя. Традыцыйныя жытлы ў г. Халеб.Да арт.Сірыя. Т.Тарык. Савет халіфа аль-Мамуна. 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́ДА (франц. ballade ад позналац. ballo танцую),
1) у фальклоры раманскіх, германскіх, англа-сакскіх, скандынаўскіх народаў напачатку танц., лірычная або драм. сюжэтная песня з харавым прыпевам.
2) Паняцце, якое ў розных краінах выкарыстоўваюць для абазначэння разнастайных па змесце, часе ўзнікнення, формах існавання відаў і з’яў нар. (песеннай) і прафес. (паэтычнай, літаратурнай, музычнай) творчасці. Тэрмін балада замацаваны ў навук. фалькларыстычнай практыцы з канца 19 ст.
У славянскім, у т. л. беларускім, фальклоры балада належыць да сферы песеннай ліраэпікі. Яна не мае адзінай жанравай прыроды меласу, вылучаецца спецыфічнай тэматыкай і арыгінальным тыпам сюжэтаў. У яе аснове — апавяданне пра трагічнае, драматычна напружанае, абвострана канфліктнае. Бел.нар. балада адзначана гіст. шматслойнасцю, маштабнасцю сюжэтнага фонду, поліфункцыянальнасцю, муз.-жанравай разгрупаванасцю, існаваннем у розных стылявых пластах песеннага фальклору — раннетрадыцыйным (балады каляндарна-земляробчага, сямейна-абрадавага і сямейна-быт. цыклаў), познатрадыцыйным (бяседныя, рэкруцкія, салдацкія, чумацкія, батрацкія і інш. балады), сучаснага фарміравання (рэв., партызанскія балады-песні і інш.). Асн. частка бел. балад належыць да каляндарнага песеннага цыкла (асабліва ў традыцыі Бел. Паазер’я). Паводле функцыянальнага зместу і напеваў гэта масленічныя, валачобныя, юраўскія, траецкія, купальскія, жніўныя, восеньскія, піліпаўскія і інш. песні (гл. адпаведныя артыкулы). На Бел. Палессі (паводле назіранняў З.Эвальд, З.Мажэйкі ў Тураўскім краі) баладныя песні па меры прыстасавання іх да спеву «за калыскай», «зімой» (раней за «кудзеляй»), «у пост» склаліся ў асаблівы стылявы тып. У паэт. тэкстах раннетрадыц. пласта нямала міфал., казачных, легендарных, гераічных, прыгодніцкіх, фантаст. фантаст. матываў (пра лёс дзяўчыны-бяглянкі, пра нараджэнне дзіцяці па-за шлюбам і яго забойства, пра дзяўчыну-ваяра, пра змеяборца Юрая і інш.). Познатрадыц. балады, непрымеркаваныя па часе выканання, — тыповыя апавяданні пра добрага малайца, які схаваўся ў лесе ад набору ў войска; пра малайца, што начаваў на каранях маці-бярозы і забіты маланкай; пра Чарнаморца, які ўтапіўся; пра вальналюбную Бандароўну і інш. Паказальныя для іх і сюжэты з «маці-атрутніцай», «нявернай жонкай», «шынкаркай-здрадніцай», «брат брата забіў» і інш. Напевы познатрадыц. балад апіраюцца на інш., чым у каляндарных, заканамернасці мелодыка-рытмічнай арганізацыі, яны тэрытарыяльна рухомыя і схільныя да міграцыі і запазычання. Выкарыстанне класічных старадаўніх баладных сюжэтаў і матываў у баладах сучаснага паходжання абмежаванае. Як і ў напевах, сувязі тут ускосныя і апасродкаваныя, выступаюць як паэт., муз.-рытмічныя, інтанацыйна-меладычныя «цытаты», уключаныя ў іншы фабульны, сюжэтны, муз.-стылістычны кантэкст.
3) У французскай паэзіі 14—15 ст. верш з 3 строфамі, рэфрэнам і заключнай паўстрафой (зваротам да адрасата). Яркія ўзоры балады — у паэзіі Ф.Віёна.
4) У літаратуры — ліра-эпічны жанр з легендарна-гіст. ці казачна-фантаст. сюжэтам. Узнік у англа-шатландскай нар. паэзіі 14—16 ст. (балады пра легендарнага героя Робін Гуда і інш.). Цікавасць да нар. балады ў эпоху рамантызму выклікала з’яўленне аналагічнага жанру літаратурнай балады (В.Скот, Ф.Шылер, І.В.Гётэ, А.Міцкевіч, В.Жукоўскі, А.Пушкін, М.Лермантаў). Для яе характэрны драматычна напружаны сюжэт са сціслым і цэласным разгортваннем падзей, шырокае выкарыстанне фалькл. прыёмаў і сродкаў (адухаўленне прыроды, матывы непазбежнай адплаты, неўміручасці герояў, элементы чарадзейнага з закляццямі і прадказаннямі). Першыя бел. балады з’явіліся ў сярэдзіне 19 ст. і былі напісаны па матывах нар. паэзіі («Нячысцік» А.Рыпінскага, «Травіца брат-сястрыца» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Хцівец і скарб на святога Яна» Ф.Багушэвіча). У творчасці Я.Купалы («Забытая карчма», «Братка і сястрыца»), Я.Коласа («Няшчасная маці»), М.Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.Бядулі («У калядную ноч») жанр набыў вызначальныя рысы менавіта літаратурнай балады. Вяршыняй у развіцці жанру стала балада перыяду Вял.Айч. вайны, якая ўвасобіла трагізм і героіку вайны, подзвігі вядомых і малавядомых нар. герояў (Я.Коласа «Над магілай партызана», П.Броўкі «Кастусь Каліноўскі», А.Куляшова «Балада аб чатырох заложніках» і інш.). Балады, прысвечаныя мінуламу, гіст. лёсу народа, стваралі У.Караткевіч, Я.Янішчыц, А.Пысін, Р.Барадулін, Н.Гілевіч, А.Лойка, Ю.Свірка, Я.Сіпакоў (кн. «Веча славянскіх балад»).
5) У прафесійнай музыцы балада — твор ліра-эпічнага ці эпіка-гераічнага характару. Вядома некалькі жанрава акрэсленых гіст. тыпаў балады: эпохі Адраджэння — вакальная поліфанічная балада (Гільём дэ Машо), эпохі рамантызму — сольная вакальная (Ф.Шуберт, К.Лёве, І.Брамс, Х.Вольф) і інструментальная (балады Ф.Шапэна). У сучаснай музыцы тэрмін «балада» выкарыстоўваецца даволі шырока ў дачыненні да розных паводле выканальніцкага складу і будовы твораў і паказвае хутчэй на характар зместу, чым на наяўнасць пэўных муз.-стылістычных рысаў, часта ён спалучаецца з інш. жанравым вызначэннем (сімфонія-балада, канцэрт-балада). У бел. музыцы балады створаны М.Аладавым (сімфонія-балада «У суровыя дні»), Я.Цікоцкім (балада-маналог «Помнік» для баса і арк. на сл. А.Пушкіна), А.Багатыровым (харавая балада «Шумелі бярозы», балада з фп. трыо), П.Падкавыравым (кантата «Балада пра чатырох заложнікаў» на сл. А.Куляшова), Я.Глебавым («Альпійская сімфонія-балада»), Л.Абеліёвічам (вак. цыклы «Партызанскія балады» і «Ваенныя балады»), І.Лучанком («Балада пра салдацкае сэрца» і цыкл песень-балад для салістаў, хору і арк.), І.Кузняцовым (хор «Балада пра маці») і інш. Шэраг твораў непасрэдна звязаны з тэматыкай і сюжэтамі фальклорных балад: сімф. паэма «Бандароўна» Г.Гарэлавай, кантата «Надзя-Надзейка» Э.Наско, кантата «Не сячы, мой татухна, пры дарозе бярозы» М.Васючкова (для нар. хору і ансамбля ўдарных інструментаў на тэксты бел.нар. балад).
Публ.:
Балады. Кн. 1—2. Мн., 1977—78;
Беларуская балада. Мн., 1978.
Літ.:
Салавей Л.М. Беларуская народная балада. Мн., 1978;
Мухаринская Л.С., Якименко Т.С. К изучению музыкальной типологии народных баллад // Памяти К.Квитки, 1880—1953: Сб. ст.М., 1983;
Народные баллады. М.; Л., 1963;
European Folk Ballads: Edited by Erich Seemann, Dag Strömbäck, Bengt R.Jonsson. Copenhagen, 1967 (European folklore series. Vol. 2);
Kumer Zmaga. Vsebinski tipi slovenskih pripovednih pesmi. Ljubljana, 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРУ́НДЗІ (Burundi),
Рэспубліка Бурундзі (République du Burundi), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Руандай, на У і Пд з Танзаніяй, на З з Заірам, на ПдЗ абмываецца водамі воз. Танганьіка. Падзяляецца на 15 правінцый. Пл. 27,8 тыс.км². Нас. 6,026 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Бужумбура. Афіц. мова кірундзі і франц., пашырана мова суахілі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Бурундзі — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1992 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Нац. асамблея), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які фарміруе прэзідэнт.
Прырода. Амаль уся краіна занята пласкагор’ем (выш. 1500—200 м), падзеленым некалькімі глыбокімі далінамі, складзеным гал.ч. з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод. Зах. край яго — мерыдыянальны хрыбет выш. 2000—2600 м. Асобныя невысокія горы ёсць на У. На крайнім Зтэр. Бурундзі ўваходзіць ва Усх.-Афр. рыфтавую зону. Карысныя выкапні: золата, уран, волава, кобальт, медзь, вальфрам, берыліевая руда, касітэрыт, торф і інш. Клімат субэкватарыяльны, умерана вільготны, акрамя сухога сезона (чэрв.—вер.), у паніжаных раёнах гарачы (у Бужумбуры на выш. каля 780—800 м над узр. м. сярэднямесячныя т-ры паветра 23—25 °C), на выш. 1500—2000 м (б.ч. краіны) умерана цёплы (сярэднямесячныя т-ры паветра 15—20 ºС). Ападкаў ад 800—1000 мм да 1400—1600 мм за год. Больш як палавіна тэр. краіны належыць да бас. вытокаў р. Ніл (рэкі Рувуву і Аканьяру), на З рэкі ўпадаюць у воз. Танганьіка (бас.р. Конга). Прыродныя трапічныя лясы амаль усе вынішчаны (займаюць 2% тэр.), пераважаюць паўторныя саванны і культ. расліннасць. Нац. паркі: Ківіра, Рузізі, Рувуву; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Больш за 98% складае народнасць барундзі, належыць да групы паўн. банту. Этнасацыяльна яна падзяляецца на групы жывёлаводаў-тутсі (каля 14%), земляробаў-хуту (каля 85%) і пігмеяў-тва (каля 1%). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна бельгійцы), выхадцы з Паўд. Азіі (у асн. індыйцы). Каля 67% вернікаў — хрысціяне, у т. л. 62% католікаў, 5% пратэстантаў, 32% прытрымліваюцца мясц.традыц. вераванняў, ёсць мусульмане (каля 1%). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва адна з самых высокіх у Афрыцы — 216,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 15% насельніцтва. Найб. з іх (1993, тыс.ж.): Бужумбура — 300, Гітэга — 101,8, Муінга — 79,3, Нгозі — 74,2.
Гісторыя. Тэр. Бурундзі заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У пач. 1-га тыс.н.э. тут з’явіліся земляробчыя бантумоўныя плямёны хуту, у 12—13 ст. — качэўнікі-жывёлаводы тутсі. Заснаваная ў 17 ст. тутсі-бурундзійская дзяржава на чале з мвамі (каралём) пасля заключэння Гельгаландскага дагавора 1890 паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй аб падзеле сфер уплыву ва Усх. Афрыцы стала аб’ектам герм. каланізацыі. Разам з суседняй Руандай Бурундзі, кароль якой супраціўляўся каланізацыі да 1903, у 1908—12 аб’яднаны ў адзіную калан.тэр. пад назвай Руанда-Урундзі. Апошняя ў 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Бельгіі (1916), у 1923 паводле рашэння Лігі Нацый перададзена ёй у падмандатнае кіраванне, у 1946 прызнана ААН падапечнай тэр. Бельгіі. З канца 1950-х г. узмацніўся нац.-вызв. рух бурундзійцаў, якім кіравала Партыя адзінства і нац. прагрэсу на чале з Л.Рвагасорэ (забіты ў 1961). 27.6.1962 спец. сесія ААН ліквідавала бельг. апеку над Руанда-Урундзі. 1.7.1962 абвешчана незалежнасць Каралеўства Бурундзі. Пасля ваен. перавароту 1966, які прывёў да звяржэння манархіі і ўстанаўлення рэспублікі, краінай кіравалі ваенныя (перавароты 1976, 1987). Паліт. і сац. нераўнапраўе этнічна пераважных хугу ў параўнанні з кіруючай меншасцю тутсі выклікала крывавыя сутыкненні паміж імі (1972, 1988). У 1991 прэзідэнт маёр П.Буёя распачаў працэс дэмакратызацыі краіны. У 1993 прэзідэнтам рэспублікі ўпершыню выбраны хуту М.Ндадзье (забіты афіцэрамі-тутсі ў кастр. 1993). Этн. канфлікты спарадзілі праблему бежанцаў (каля 700 тыс.чал. у 1994). З 1994 прэзідэнт рэспублікі хуту С.Нтыбантунганья, кіраўнік урада тутсі А.Ндуваё. У выніку перавароту 1996 кіраўніком дзяржавы зноў стаў П.Буёя. Дзейнічаюць Фронт за дэмакратыю ў Бурундзі, Партыя адзінства за нац. прагрэс, Партыя народа, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац.-эканам. развіццё, Канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў Бурундзі і інш. Бурундзі — член ААН з 1962, Арг-цыі афр. адзінства і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята 93% насельніцтва (у прам-сці і гандлі 1,5%). Апрацоўваецца 43% тэр. краіны, у т. л. 2,6% арашаецца, пад лугамі і пашай 35%. Пераважае матычнае земляробства. Вырошчваюць бананы, маніёк, батат, бульбу, фасолю, кукурузу, сорга, проса, рыс, арахіс, тытунь. Пасадкі алейнай пальмы. Гал. экспартныя прадукты: высакаякасная кава гатунку арабіка (збор 30—45 тыс.т штогод), бавоўна (6—7 тыс.т), чай (2—3 тыс.т), кара хіннага дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўнага кірунку, адсталая. Гадуюць буйн. раг. жывёлу — каля 1 млн. галоў (1990), авечак, козаў. Рыбалоўства ў воз. Танганьіка (каля 10 тыс.т штогод). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (кавы, чаю, бавоўны, рысу і інш.). Прадпрыемствы: піваварныя, безалкагольных напіткаў, цукр., малочныя, мукамольныя, алейныя, мылаварныя, гарбарныя; цэментныя, цагельныя, лесапільныя з-ды, тэкст., сеткавязальная, коўдравая і абутковая ф-кі. Дробныя ЦЭС і ГЭС, б.ч. электраэнергіі Бурундзі атрымлівае з Заіра. Невял. здабыча золата, алавянай і танталаніобіевых руд. Традыц. рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 5,9 тыс.км, у т. л. 400 км з цвёрдым пакрыццём. Знешні гандаль ідзе пераважна па воз. Танганьіка паміж партамі Бужумбура і Кігома (Танзанія). 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Бужумбуры. Экспарт: кава (больш за 80% па кошце), бавоўна, чай, скуры. Імпарт: прамысл., харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Бельгія, ФРГ, Японія. Некат. ролю ў гандл. балансе краіны адыгрываюць грашовыя пераводы бурундзійцаў, якія працуюць у суседніх краінах, найб. у горнай прам-сці Заіра. Грашовая адзінка — бурундзійскі франк.
Літ.:
Соколова Р.Б. Республика Бурунди: Справ. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗЕ́ТА,
друкаванае перыядычнае выданне, якое публікуе матэрыялы пра падзеі ў паліт.эканам. і духоўным жыцці грамадства; адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Вызначаецца аператыўнасцю, фарматам, перыядычнасцю. Змяшчае афіц. і паліт. дакументы, карэспандэнцыі і каментарыі, хранікальныя паведамленні і маст. творы. Першыя газеты з’явіліся ў Зах. Еўропе ў пач. 17 ст., у Расіі — у 1702 пад назвай «Ведомости». Папярэднікамі бел. газет былі аднадзёнкі, першая з іх «Новіны грозные а жалостлівые...» выйшла ў пач. 1563 у Нясвіжскай друкарні. Першай у ВКЛ была «Газэта літэрацка Віленьска» (засн. ў 1760, выдавалася Віленскай езуіцкай акадэміяй). На тэр. сучаснай Беларусі былі «Газэта Гродзеньска» (1776—83) і «Вядомосьці Гродзеньске» (1792). З канца 1830-х г.афіц. друкаваным выданнем Паўд.-Зах. краю стаў «Виленский вестник» (з 1841 выходзіў на польск. і рус., з 1865 — на рус. мове). З 1838 выдаваліся афіц. газеты губернскіх праўленняў: «Виленские губернские ведомости», «Витебские губернские ведомости», «Гродненские губернские ведомости», «Минские губернские ведомости», «Могилевские губернские ведомости». З канца 1860-х г. выходзілі афіц.царк.«Епархиальные ведомости». У Вільні выдавалася грамадска-паліт., літ. і эканам. газета «Северо-Западное слово» (1898—1905). Першым нац. перыядычным органам была газета «Мужыцкая праўда», якую выдавалі нелегальна ў 1862—63 К.Каліноўскі і яго паплечнікі. У 1886 у Мінску выйшла першая прыватная грамадска-паліт. і літ. Газета «Минский листок» (з 1902 «Северо-Западный край»).
У пач. 20 ст. на Беларусі ў многіх губ. і павятовых цэнтрах выдаваліся газеты розных кірункаў: «Белорусский вестник», «Северо-Западный голос», «Северо-Западное слово», «Бобруйская жизнь», «Витебский вестник», «Голос провинции», «Окраина», «Полоцкий листок» і інш. Вялікім дасягненнем бел. журналістыкі быў выхад першых масавых газет на бел. мове «Наша доля» і «Наша ніва», якія сталі цэнтрамі нац.-вызв. руху. За 1817—1916 на Беларусі выдадзена 249 выданняў, з іх беларускамоўных (кірыліцай ці лацінкай) 13.
У час 1-й сусв. вайны і пасля Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917 у Беларусі быў наладжаны выпуск афіц., парт., салдацкіх і інш. газет: «Фронт», «Гоман», «Вольная Беларусь», «Звезда» (гл.«Звязда»), «Вестник Минского губернского комиссариата» і інш. (усяго больш за 80 выданняў на бел., рус., польскай і яўр. мовах). У грамадз. вайну выходзілі толькі тыя газеты, якія падтрымлівалі сав. ўладу: «Дзянніца» (Петраград, Масква), «Революционная ставка», «Набат», «Белорусская правда», «Минский пролетарий» і інш. У 1920-я г. створаны шэраг газет, якія былі афіц. органамі Саветаў і парт. к-таў усіх узроўняў, што вызначала іх змест і задачы. Выходзілі газеты: «Беларуская вёска», «Рабочий» (гл.«Советская Белоруссия»), «Красная смена» (гл.«Чырвоная змена»), «Заря запада» (гл.«Віцебскі рабочы»), «Полесская правда» (гл.«Гомельская праўда») і інш. У 1924 утвораны акруговыя газеты. У пач. 1930-х г. на базе акруговых, шматтыражных калгасна-саўгасных і некат. фабрычных газет пачалі выходзіць раённыя; з 1932 — «Літаратура і мастацтва». У 1933—34 створана каля 100 шматтыражных газет — органаў палітаддзелаў МТС і саўгасаў. З 1938 пачалі выдавацца абл. газеты. У 1940 выходзілі 252 газеты гадавым тыражом 192,7 тыс.экз.
У 1921—39 у Зах. Беларусі ў легальных і нелегальных умовах выходзілі газеты «Беларускія ведамасці», «Беларуская справа», «Наша праўда», «Народны звон», «Наша воля», «Родны край», «Беларуская крыніца», «Барацьба», «Малады камуніст» і інш. Многія з іх вялі барацьбу за сац. і нац. вызваленне бел. народа, нешматлікія выступалі ў падтрымку ідэй БНР, а некат. адкрыта падтрымлівалі паланізатарскую палітыку ўлад, прапаведавалі нацыянал-сацыялізм (гл.Заходнебеларускі друк).
У гады Вял.Айч. вайны на акупіраванай тэр. Беларусі падпольна выдавалася больш за 170 рэсп., абл. і раённых газет, распаўсюджваліся газеты, што выдаваліся ў сав. тыле: «За Савецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», «Раздавім фашысцкую гадзіну» і інш. (гл.Падпольны і партызанскі друк на Беларусі ў гады Вял Айч. вайны). Калабарацыяністы выдавалі «Беларускую газэту» і інш. (гл.Друк акупацыйны ў гады Вял.Айч. вайны).
Пасля вайны на Беларусі адноўлена сетка абл., раённых, гар. і аб’яднаных газет, створаны новыя выданні: «Мінская праўда», «Савецкі селянін», «За вяртанне на Радзіму» (гл.«Голас Радзімы») і інш. У 1950—53 у зах. абласцях Беларусі выходзілі 124 шматтыражныя газеты — органы палітаддзелаў МТС. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя (раённыя і гар.) газеты. У 1955 на Беларусі выдавалася 218 газет гадавым тыражом 233,2 млн.экз. У 1962 выдаваліся міжраённыя газеты. У 1965 раённыя газеты былі адноўлены. У 1967 выйшла першая вячэрняя газета на Беларусі «Вячэрні Мінск». У 1980 выходзілі 193 газеты, у т. л. 11 рэспубліканскіх, 6 абл., 11 аб’яднаных, 3 гар., 106 раённых, 54 шматтыражныя. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі (1991) акрамя афіц. сталі выходзіць газеты шматлікіх партый і рухаў, грамадскіх, культ. і інш. аб’яднанняў, творчых і прафес. саюзаў, калектываў, прыватных асоб: «Народная газета», «Рэспубліка», «Беларускі час», «Свабода», «Народная воля», «Товарищ», «Мы и время», «Цэнтральная газета», «Набат» і інш. У 1993 выдавалася 491 газета, у т. л. 120 раённых і аб’яднаных. У 1990-я г. пашырылі выдавецкую дзейнасць прадстаўнікі бел. дыяспары ў ЗША, Канадзе і інш. краінах. На 1.1.1997 у Беларусі зарэгістравана 579 газет. Інфармацыю пра замежныя газеты гл. ў раздзеле Друк, радыё, тэлебачанне ў артыкулах пра краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЕБЕЛАРУ́СКІ ДРУ́К Развіваўся ў 1920—30-я г. ў Заходняй Беларусі, якая знаходзілася пад уладай Польшчы. Розныя партыі і рухі выпускалі свае перыяд. (легальныя і нелегальныя) выданні, а таксама звароты, пракламацыі і інш.Перыяд. выданні падзяляліся на літ.-грамадскія, канфесійныя, сатырычныя і інш.; прызначаліся для сялян, рабочых, вучняў, студэнтаў, салдат, жанчын; выходзілі на бел., рус., польск., літ., яўр. мовах. У сувязі з цэнзурным уціскам газеты і часопісы часта мянялі назву, часам выходзілі як аднадзёнкі. Легальная перыёдыка, як правіла, друкавалася ў прыватных друкарнях, нелегальная — у падпольных, якія былі створаны ў многіх гарадах Зах. Беларусі і Польшчы (Беластоку, Брэсце, Вільні, Гродне, Варшаве), у 1930-я г. — Берліне і інш. месцах. Выдавецкая дзейнасць пачалася выданнямі Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (1922—23); газеты «Вольны сцяг» (выходзіла пад рознымі назвамі), «Змаганне» і інш. адстойвалі сац. і нац. інтарэсы бел. народа, заклікалі да барацьбы за вызваленне і ўз’яднанне з БССР. Беларускі пасольскі клуб (1922—28 і 1928—30) выдаваў газеты «Голас беларуса», «Сын беларуса», «Сялянская праўда», «Беларуская доля», «Іскра», «Бюлетэнь пасольскага клуба Беларускай сялянска-работніцкай грамады» і інш. Партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (1917—40) выдавала газеты «Беларуская крыніца» «Хрысціянская думка», Бел.нацыяналіст. сябрына — «Беларусь працы». Выдавецкая дзейнасць актывізавалася ў 2-й пал. 1920—1-й пал. 1930-х г. Масавая Беларуская сялянска-работніцкая грамада (1925—27) выдавала газеты «Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Наша праўда», «Народны звон», сатыр.час.«Маланка». Выданні рэв.-дэмакр. і нац.вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30) — «Свет», «Світанне», «Да працы», «На варце», «Наша газета» і інш. неаднаразова былі канфіскаваны. У змаганні за сац. вызваленне працоўных Зах. Беларусі значную ролю адыгралі выданні Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (1923—38): нелегальныя газ.«Чырвоны сцяг» і час.«Бальшавік». У розны час КПЗБ і Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі выдавалі газеты «Пад сцягам камунізму», «До валькі», «Беларуская газета», «Жанчына на барыкадах», «Партыйнік», «Наперад да барацьбы». «Турмы клічуць да барацьбы», «Kujmy broń» («Куйце зброю»), «Zołnierze, do walki» («Салдаты, да барацьбы»), «Barikada» («Барыкада»), «Голас салдата», «Барацьба» (Берлін), «Ройтэ фон» («Чырвоны сцяг»), «Весткі з СССР», «Бюлетэнь ЦККПЗБ» (1927—36), «Biułetyn informacyiny КС KPZB» («Інфармацыйны бюлетэнь ЦККПЗБ»), «Информационный бюллетень представительства КПЗБ при представительстве КПП в ИККИ», «Антивоенный бюллетень», «Бюлетэнь цэнтра нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі».
У 1930-я г. выдавецкай дзейнасцю займаліся акр. і некат. раённыя к-ты КПЗБ: Беластоцкі выдаваў газ. «Włókniarz Białostocki» («Беластоцкі тэкстыльшчык»), «Robotnik leśny w strajku» («Лясны работнік у забастоўцы»), «Лясны работнік»; Віленскі — «На барикады»; Навагрудскі — «На акупанта!»; Любчанскі — «Змаганне Навагрудчыны»; Белавежскі — «Чырвоная Гайнаўка», «Лесаруб у барацьбе»; Воўчынскі — «Наперад». Сярод камсамольскіх і выданняў для юнацтва вылучаліся газеты «Малады камуніст» (асобныя нумары на польск. і яўр. мовах), «Малады змагар», «Маладая гвардыя», «Сцяг піянера», «Голас акцябронка», часопісы «Пралом», «Часопіс для ўсіх», «Камсамолец» (Беласток), Міжнар.арг-цыя дапамогі рэвалюцыянерам (МАДР) выдавала газеты «Палітычны вязень», «Чырвоная дапамога». Культурна-асв. дзейнасцю займалася Таварыства беларускай школы. Яго выданні («Весткі», газеты «Наш палетак», «Шлях», час.«Беларускі летапіс», а таксама «Інфармацыйны бюлетэнь ТБШ», «Бюлетэнь ТБШ» і інш.) выступалі за развіццё бел. мовы, культуры, мастацтва, арганізацыю школ на роднай мове.
У 2-й пал. 1920-х — пач. 1930-х г. у Зах. Беларусі было створана шмат новых партый і арг-цый, якія актыўна займаліся выдавецкай дзейнасцю: Беларускі сялянскі саюз выдаваў газ.«Сялянская ніва», Беларуская сялянская партыя — газ.«Народ»; Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз) — газеты «Наперад», «Беларускі звон», «Народны звон», час.«Саха»; Т-вабел. асветы — газ.«Родны край»\ Часовая бел. рада (Бел.нац. рада) — газ. «Беларускае слова»; левая фракцыя Бел.сацыяліст. грамады — газ.«Грамадзянін»; група Бел. фронту — газ.«Беларускі фронт»; бел. нацыянал-сацыялісты — газ. «Голас праўды», час.«Новы шлях». Канфесійныя выданні: часопісы «Праваслаўны беларус», «Беларуская зарніца», «Светач Беларусі», «Голас праваслаўнага беларуса», «Царква і народ», «Светач хрыстовае навукі»; уніяцкая царква выдавала час. «Do złuczenia» («Да злучэння»). Выходзілі часопісы сатыр.«Авадзень», «Асва»; літ. — «Родныя гоні», «Неман»; студэнцкія — «Маладое жыццё», «Наш шлях», «Студэнцкая думка», «Золак», «Наш золак», «Шлях моладзі», газеты «25 сакавіка», «Шлях беларускага студэнта»; вучнёўскія і дзіцячыя выданні — часопісы «Пралескі», «Маладая Беларусь». Кааператыўныя арг-цыі выдавалі час.«Беларуская борць», Бел. аб’яднанне жанчын імя Цёткі — час.«Жаноцкая справа»; Бел.ін-т гаспадаркі і культуры — час.«Калоссе». Усе гэтыя выданні імкнуліся данесці да чытачоў праграмныя і тактычныя ўстаноўкі партый і рухаў, адмяжоўваліся ад іншадумных і вялі з імі палеміку.
У 2-й пал. 1930-х г. у Зах. Беларусі адзначалася кансалідацыя працоўных у змаганні супраць пагрозы фашызму і вайны. Польскімі ўладамі былі забаронены амаль усе формы дэмакр. работы. Спынілі сваю дзейнасць КПЗБ і КСМЗБ. Легальныя дэмакр. выданні «Беларуская газета», «Наша воля», час.«Літаратурная старонка», а таксама выданні віленскіх арг-цый. «Фронт», «Карта», «Папросту» заклікалі да згуртаванасці і рашучага адпору фашызму. Дзякуючы дэмакр.зах.-бел. перыёдыцы стварылася прафес.маст.л-ра (М.Васілёк, М.Танк, В.Таўлай, П.Пестрак, Л.Родзевіч, А.Салагуб, М.Машара, К.Сваяк, М.Засім, І.Дварчанін, Г.Леўчык, А.Іверс, С.Новік-Пяюн, Н.Арсеннева, Хв.Ільяшэвіч, Я.Чабор, П.Граніт, С.Крывец, А.Мілюць, Н.Тарас і інш.). За 1921—39 зах.-бел. друк налічваў каля 270 перыяд. выданняў, у т. л. каля 70 газет-аднадзёнак.
Літ.:
Говін С.В. Друк Заходняй Беларусі (1921—1939 іт.). Мн., 1974;
Зелинский П.И., Ракевич Н.А. Печать КПЗБ в борьбе за свободу. Мн., 1977.
С.В.Говін.
Да арт.Заходнебеларускі друк. Падпольныя перыядычныя выданні КПЗБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТАР, Дзяржава Катар, дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на п-ве Катар. На З, Пн і У абмываецца Персідскім зал., на Пд мяжуе з Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Пл. 11,4 тыс.км². Нас. 665,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Доха. Падзяляецца на 9 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 вер.).
Дзяржаўны лад. К. — абсалютная манархія. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1970. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Функцыі выканаўчай улады ажыццяўляе ўрад, пасаду прэм’ер-міністра займае эмір. Парламент адсутнічае. Для аказання дапамогі ўраду створаны кансультатыўны савет (35 членаў).
Прырода. Паверхня нізінная (выш. да 56 м). На Пн — пясчаныя дзюны, сярэдняя частка — камяністая галечнікавая пустыня з саланчакамі, на Пд — пясчаныя ўзгоркі. Радовішчы нафты (на сушы і ў тэр. моры, больш за 500 млн.т) і прыроднага газу (каля 20 трлн. м³). Есць паклады буд. матэрыялаў, цэм. сыравіны, серы. Клімат кантынентальны, трапічны. Сярэдняя т-растудз. каля 16 °C, ліп. каля 32 °C. Гадавая сума ападкаў ад 55 мм (на Пд) да 125 мм (на Пн), выпадаюць у ліст.—маі. Пастаянных рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Пераважаюць пустынныя ландшафты, месцамі зараснікі пустынных хмызнякоў і паўхмызнякоў: акацый, тамарыскаў, астрагалаў. З жывёл трапляюцца дробныя пустынныя паўзуны і грызуны. Зімой з Аравіі заходзяць газелі. Мора багатае рыбай, крэветкамі, жамчужнымі ракавінамі.
Насельніцтва. Катарскія арабы складаюць каля 20%, арабы (выхадцы з інш.араб. краін) — 20%, пакістанцы і індыйцы — па 18%, іранцы — 10%. Ёсць групы еўрапейцаў (найб. англічан), амерыканцаў, афрыканцаў (пераважна нашчадкаў неграў-рабоў) і інш. У карэнных жыхароў захаваўся падзел на плямёны. Ва ўнутр. раёнах качуюць групы бедуінаў. Сярэднегадавы прырост каля 1,7%. Сярэдняя шчыльн. каля 58 чал. на 1 км². Каля 90% насельніцтва сканцэнтравана ў г. Доха і яе прыгарадах. Гар. насельніцтва складае каля 80%. Найб. гарады: Доха — 313,6 тыс.ж. (1992), Духан, Ум-Саід. У прам-сці і буд-ве занята 25% рабочай сілы, у абслугоўванні — 51%, астатнія — у сельскай гаспадарцы, транспарце, марскіх промыслах і інш.
Гісторыя. Першае ўпамінанне пра К. адносіцца да 1 ст.н.э. (рым. пісьменнік Пліній Старэйшы). К. неаднаразова заваёўваўся Сасанідамі, у 7 ст. ўключаны ў склад Араб. халіфата. Пасля яго распаду (10 ст.) у складзе дзяржавы карматаў. У 13—14 ст. пад уладай эміраў Бахрэйна, у пач. 16 ст. разам з Бахрэйнам захоплены партугальцамі, пазней — туркамі-асманамі. З 17 ст. К. — аб’ект барацьбы паміж Іранам, Турцыяй, правадырамі араб. плямён, правіцелямі Амана і Саўдыдамі. У канцы 19 ст. ўвесь К. аб’яднаўся пад уладай дынастыі Тані. У 1868 К. навязала нераўнапраўны дагавор Вялікабрытанія. У 1871 акупіраваны войскамі Асманскай імперыі. У 1914 Турцыя адмовілася ад улады над К. на карысць Вялікабрытаніі. Апошняя ў 1916 навязала К. пагадненне, паводле якога ён абвешчаны пад брыт. пратэктаратам. Тут уладарыў род Тані, пытанні знешняй палітыкі і абароны вырашаў брыт. ўрад. У 1968 К. разам з Бахрэйнам і інш. эміратамі намагаўся стварыць Федэрацыю араб. эміратаў Перс. заліва. У 1970 прынята часовая канстытуцыя К., 1.9.1971 ён абвешчаны незалежнай дзяржавай. У 1979 К. разарваў дыпламат. адносіны з Егіптам (пасля заключэння егіп.-ізраільскага мірнага дагавора), якія былі адноўлены ў 1987. К. аказаў дапамогу Іраку ў час ірана-іракскай вайны 1980—88, але ў 1990 асудзіў іракскую анексію Кувейта. У 1992 урэгуляваны тэр. спрэчкі з Саудаўскай Аравіяй, аднак застаюцца нявырашанымі супярэчнасці з Бахрэйнам па пытанні 14 астравоў каля катарскага ўзбярэжжа. К. — чл.ААН і Лігі араб. дзяржаў (з 1971), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты (АПЕК). Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і прыроднага газу (да 95% даходаў краіны). Валавы ўнутр. прадукт 10,7 млрд.дол. (1994), каля 20 тыс.дол. на 1 чал. Здабычу (каля 20 млн.т штогод) і збыт нафты праводзіць дзярж.Ген. нафтавая карпарацыя. Асн. цэнтр здабычы — г. Духан. Агульныя магутнасці прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты складаюць 3,5 млн.т нафтапрадуктаў за год. Здабыча прыроднага газу складае 0,7% ад сусветнай. Вытв-сць электраэнергіі — 5,8 млрд.кВт∙гадз (1995). Працуюць буйныя ЦЭС на прыродным газе ў г. Духан і Доха. Асн. цэнтр нафтаперапрацоўкі, нафтахіміі, звадкавання газу — г. Ум-Саід. Там жа металургічны і сталепракатны (вытв-сць труб для транспартавання нафты і газу) з-ды. У г. Доха вытв-сць угнаенняў і пластмас, прадпрыемствы цэм., металаапр., харч. прам-сці, саматужныя промыслы (вытв-сць тканін, дываноў, мэблі, лодак), аўтарамонтныя майстэрні, з-ды безалкагольных напіткаў, ф-кі па кансерваванні крэветак, мукамольны камбінат, халадзільнікі; паблізу здабыча цэм. сыравіны. Для забеспячэння насельніцтва і гаспадаркі прэснай вадой у гарадах Доха, Духан, Ум-Саід пабудаваны апрасняльныя з-ды. Каля г. Доха створана свабодная эканам. зона Мусаід. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 5 тыс.га для земляробства і садоўніцтва (у аазісах) і каля 400 тыс.га для качавой жывёлагадоўлі (пераважна на Пн). Вырошчваюць фінікавую і какосавую пальмы, агародніну (памідоры, капуста, дыні), кукурузу, проса, сорга, канюшыну і люцэрну, траву альфа. Жывёлагадоўляй заняты качавыя і паўкачавыя плямёны. Разводзяць вярблюдаў, авечак, коз. Прамысл. птушкагадоўля, вытв-сць бройлераў. Традыцыйны занятак — рыбалоўства, здабыча крэветак, жамчужны промысел, збор каралаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 2,5 тыс.км, палавіна з іх з цвёрдым пакрыццём. Гал. парты Доха (разнастайныя грузы) і Ум-Саід (экспарт нафты, нафтапрадуктаў, звадкаванага газу). Сетка нафта- і газаправодаў злучае промыслы з партамі. Каля г. Доха міжнар. аэрапорт. У 1994 экспарт склаў 2,9 млрд.дол., імпарт — 2 млрд. долараў. Экспартуюцца пераважна нафта, нафтапрадукты, звадкаваны газ, меншае значэнне маюць штучныя ўгнаенні, сталь, цэмент, крэветкі, жэмчуг, фінікі, сушаная рыба. Імпартуюцца разнастайныя прамысл. і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: Японія, Германія, Францыя, Італія, Бразілія. Уклады К. ў замежныя банкі і кампаніі больш за 14 млрд.дол. Грашовая адзінка — катарскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎКА́З (паходжанне слова, магчыма, звязана з хецкім «каз-каз» — назва народа, які жыў на паўд. беразе Чорнага м),
тэрыторыя паміж Чорным, Азоўскім і Каспійскім морамі ад Кума-Маныцкай упадзіны да паўд. часткі Армянскага нагор’я. У межах К. частка Расіі, Азербайджан, Арменія, Грузія, частка Турцыі і Ірана. Пл. больш за 500 тыс.км². Вылучаюць Паўн. К., Перадкаўказзе і Закаўказзе. У цэнтры — горная сістэма Вял. К., якая падзяляецца на Зах. К. (да Эльбруса), Цэнтр. К. (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усх. К. (на У ад Казбека). Вял. К. цягнецца ад Таманскага п-ва да Апшэронскага на 1500 км, шыр. 160—180 км. Восевую частку К. складаюць Галоўны, або Водападзельны, і Бакавы хрыбты, з вяршынямі больш за 5000 м (г. Эльбрус — 5642 м, Дыхтау — 5203 м, Шхара — 5068 м, Казбек — 5033 м). На Пн ад восевай зоны перадавыя хрыбты — Скалісты, Пашавы, Церскі, на Пд — Бзыбскі, Кадорскі, Рачынскі. Хрыбты Вял. К. вызначаюцца альпійскімі формамі рэльефу або маюць характар куэстаў. Рэльеф Перадкаўказзя раўнінны; у ягозах.ч. Кубана-Прыазоўская нізіна, ва ўсходняй — Прыкаспійская нізіна, паміж імі Стаўрапольскае ўзв. з выш. да 831 м. У цэнтры і на З Закаўказзя — сярэднягорны рэльеф; горныя хрыбты Малога К. (выш. да 3724 м, г. Гямыш) і Армянскае нагор’е (выш. да 5165 м, г.Вял. Арарат). На ПнЗ размешчана Калхідская, на У — Кура-Араксінская нізіны, на ПдУ — Ленкаранская нізіна і складкавыя Талышскія горы (выш. да 2492 м). Тэр. К. знаходзіцца ў межах Альпійскай складкавай вобласці. Утварэнне горнай сістэмы пачалося ў мезазоі, у кайназоі адбылося падняцце і фарміраванне горнага рэльефу, у антрапагене ў выніку амаладжэння гор склалася сучасная араграфічная структура К. Горныя хрыбты Вял. К. і масівы Малога К. складзены пераважна з палеазойскіх гранітоідаў. Пашыраны таксама юрскія, мелавыя, палеагенавыя адклады. Армянскае нагор’е ўкрыта вулканічнымі пародамі неагенавага і чацвярцічнага часу. Нізіны Перадкаўказзя і Калхідская нізіна характарызуюцца шырокім развіццём неагенавых і палеагенавых кантынентальных і марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта (Баку, Грозны, Майкоп), газ (Краснадарскі і Стаўрапольскі краі), жалеза (Дашкесан), вальфрам і малібдэн (Тырныауз), цынк, свінцовыя руды (Садон), буд. матэрыялы (граніт, габра, мармур, туф, базальт, андэзіт, вапняк). Шмат мінер. крыніц. К. размешчаны на мяжы ўмеранага і субтрапічнага кліматычных паясоў. Хрыбты Вял. К. перашкаджаюць пранікненню халодных паветр. мас у Закаўказзе і цёплых субтрапічных у Перадкаўказзе. Сярэдняя т-растудз. ў Перадкаўказзі ад -2 °C да -5 °C, у Закаўказзі 3—6 °C. Летам на Зах. К. уплываюць вільготныя паветр. масы Атлантыкі і Міжземнамор’я, на Усх. К. — сухія кантынентальныя масы ўнутр. абласцей Еўразіі. Сярэдняя т-раліп. ад 23—24 °C на З да 25—29 °C на У. На схілах Вял. К. вышынная кліматычная пояснасць. Сярэдняя т-растудз. на выш. 2000 м каля -8 °C, жн. (самы цёплы месяц) 13 °C. Вышэй — высакагорны клімат з вял. вільгаццю і нівальны клімат вяршынь. Гадавая колькасць ападкаў у Перадкаўказзі 200—800 мм, на ЗВял. К. і Калхідскай нізіне больш за 1500 мм, у хрыбтах Малога К. і Армянскім нагор’і 400—800 мм, на Кура-Араксінскай нізіне 200—400 мм. У гарах Вял. К. каля 2000 ледавікоў (агульная пл. 1428 км²); буйнейшыя — Дыхсу, Безенгі, Караугом, Цанер. Рэкі належаць да бас. Чорнага (Рыёні, Інгуры), Каспійскага (Церак, Кура, Самур) і Азоўскага (Кубань) мораў. Рэкі парожыстыя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння, суднаходныя ў ніжнім цячэнні. Шмат невял. азёр; буйныя — Ван, Севан, Урмія. Глебава-расліннае покрыва і жывёльны свет К. разнастайныя. На З Перадкаўказзя стэпавыя і лесастэпавыя ландшафты, на У — паўпустынныя, кавыльныя і ціпчаковыя стэпы на чарназёмах і палыновыя групоўкі на светла-каштанавых глебах. У межах Вял. К. выразная вышынная занальнасць, дзе вылучаюцца горна-лясная, горна-лугавая і гляцыяльна-нівальная зоны. Унізе схілаў Зах. К. дубовыя лясы на шэрых лясных глебах (на Пн) і рэліктавыя шыракалістыя на дзярнова-карбанатных глебах (на Пд) пераходзяць у грабава-букава-дубовыя лясы на бурых лясных глебах; на выш. 1200—1500 м ялова-піхтавыя лясы на дзярнова-карбанатных глебах. На выш. 2200 м — субальпійскія і альпійскія лугі на горна-лугавых тарфяністых глебах, вышэй 2750—3200 м — ледавікі. Ніжнюю ч. гор Усх. К. займаюць стэпы на горна-лугавых глебах, у лясной зоне арыднае рэдкалессе або хмызняковыя субтрапічныя зараснікі на горных карбанатных глебах, потым грабава-дубовыя лясы, вышэй хваёвыя лясы і горныя стэпы, якія пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі і снежнікі на выш. 3700—4200 м. У Закаўказзі субтрапічнае глебава-расліннае покрыва. На Калхідскай нізіне пашыраны балоты і альховыя лясы на забалочаных падзолістых і тарфяна-балотных глебах. Каля перадгор’яў іх змяняюць рэліктавыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У цэнтры Кура-Араксінскай нізіны палыновыя і салянкавыя паўпустыні на шэразёмах, у перадгор’ях стэпавыя групоўкі і арыднае рэдкалессе на шэра-карычневых і карычневых глебах. На Армянскім нагор’і расліннасць горна-Стэпавая і горна-лугавая на чарназёмах і каштанавых глебах. Схілы Малога К. і Талышскіх гор маюць вышынную пояснасць, блізкую да паўд. схілаў Вял. К., толькі ў Талышскіх тарах горна-лясны пояс гірканскага (азіяцкага) тыпу. Жывёльны свет Перадкаўказзя прадстаўлены пераважна грызунамі (суслік, палёўка, тушканчык, пясчанка). Вял. К. населены ляснымі і высакагорнымі жывёламі (алень, дзік, зубр, буры мядзведзь, куніца, вавёрка, муфлон); ёсць эндэмічныя віды (тур, каўказскі цецярук, улар). Фауна Кура-Араксінскай нізіны блізкая да сярэднеазіяцкай (джэйран, дзікабраз, тушканчык, пясчанка), на Армянскім нагор’і — заходнеазіяцкага тыпу (малаазіяцкі суслік, хамяк, сляпыш, горная курапатка). На тэр. К. 20 запаведнікаў, у т. л. Каўказскі, Тэбердзінскі, Рыцынскі, Дыліжанскі. К. — адзін з найб. курортных раёнаў (Каўказскія Мінеральныя Воды, група курортаў на Чарнаморскім узбярэжжы ад Анапы да Батумі). Цэнтр турызму і альпінізму, горналыжнага спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМ, Аўтаномная Рэспубліка Крым. Размешчана на Крымскім п-ве, у складзе Украіны. Пл. 27 тыс.км². Нас. 2192,6 тыс.чал. (1995), гарадскога 70%. Сярэдняя шчыльн. 81 чал. на 1 км², найб. густа заселены ўзбярэжная і перадгорная часткі рэспублікі. Жывуць рускія (63,9%), украінцы (24,6%), крымскія татары, беларусы, яўрэі і інш. Сталіца — г.Сімферопаль. Найб. гарады: Севастопаль, Керч, Еўпаторыя, Ялта, Феадосія, Джанкой. Аб прыродзе гл. ў арт.Крымскі паўвостраў, Крымскія горы, Паўднёвы бераг Крыма.
Гісторыя. К. — адзін з найб.стараж. раёнаў засялення чалавекам Усх. Еўропы, тут выяўлены палеалітычныя стаянкі Кіік-Каба, Стараселле. З канца 2-га тыс. да н.э. ён заселены кімерыйцамі, у 1-м тыс. да н.э. — і таўрамі (адсюль ягостараж. назва Таўрыя), з 8—7 ст. да н.э. — скіфамі. У 6—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы К. стараж. грэкі заснавалі калоніі Феадосія, Керкінітыда (цяпер г.Еўпаторыя), Пантыкапей, Херсанес Таўрычаскі. Каля 480 да н.э. — 4 ст.н.э. ў раёне Керчанскага п-ва існавала Баспорская дзяржава. У 1-й пал. 3 ст.н.э. ў К. урываліся готы, у 375 — гуны. З 4—5 ст. адбывалася экспансія Візантыі. У 12—13 ст. населены грэкамі, армянамі, нашчадкамі аланаў, печанегаў і інш. У 13 ст. заваяваны манголамі і ўключаны ў Залатую Арду. З 1440-х г. існавала самаст.Крымскае ханства (з 1475 васал і саюзнік Асманскай імперыі). У 1687 і 1689 адбыліся паходы ў К. рас. войска на чале з кн. В.В.Галіцыным (яму дапамагалі ўкр. казакі пад кіраўніцтвам гетмана І.Самайловіча, потым І.С.Мазепы). Правал паходаў стаў адной з гал. прычын падзення ў Расіі ўрада Соф ’і Аляксееўны — Галіцына. У ходзе рус.-тур. вайны 1768—74 заняты рас. войскамі. У 1783 далучаны да Расіі, тут засн. яе Чарнаморскі флот (з 19 ст.гал. база — г.Севастопаль). Асн. месца баёў у Крымскую вайну 1853—56. З 2-й пал. 19 ст.паўд. ўзбярэжжа К. выкарыстоўваецца як курортная зона. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на з’ездзе мясц. татараў у Сімферопалі створаны пастаянны орган іх аўтаноміі — Цэнтр. выканаўчы к-т, падпарадкаваны Часоваму ўраду. Потым была створана Крымская рэспубліка, у снеж. 1917 у Бахчысараі на курултаі (з’ездзе) крымскіх татараў прынята канстытуцыя. Пасля заключэння Брэсцкага міру 1918 бальшавікі абвясцілі тут Таўрычаскую сав. рэспубліку, не прызнаную Германіяй. Яе войскі акупіравалі К. і ўтварылі крымскі ўрад на чале з ген. М.Сулейманам Сулькевічам. У 1919—20 адзін з цэнтраў белагвардзейскага руху на чале з генераламі А.І.Дзянікіным, П.М.Урангелем. З 1921 у складзе РСФСР існавала Крымская аўтаномная сав.сацыяліст. рэспубліка. У 1941—44 К. акупіраваны ням.-фаш. і рум. войскамі, вызвалены ў выніку Крымскай аперацыі 1944. 20.5—1.7.1944 крымскія татары, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з немцамі, прымусова дэпартаваны ў Сярэднюю Азію (Узбекістан). У 1945 скасавана аўтаномія, К. стаў вобласцю РСФСР. У 1954 перададзены ў склад Украіны. Паводле канстытуцыі Украіны 1996 атрымаў статус аўт. рэспублікі. У студз. 1999 уступіла ў дзеянне канстытуцыя К.
Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — харчасмакавая (вінаробная, плодаагароднінакансервавая, эфіраалейная і інш.). Вінаробства (вытв-сць высакаякасных марачных і шампанскіх він) на прадпрыемствах у Ялце, Севастопалі, Алушце, Судаку, Феадосіі, Сімферопалі. Развіты перапрацоўка рыбы (Керч, Ялта, Еўпаторыя, Севастопаль), садавіны і агародніны (Сімферопаль, Джанкой, Бахчысарай, Севастопаль), вытв-сць ружавага, лавандавага, шалфейнага алеяў (Сімферопаль, Бахчысарай, Алушта, Судак, Ніжнягорскі), тытуню (Ялта, Сімферопаль, Феадосія), мясная, малочная і мукамольная галіны прам-сці. Камбікормавая прам-сць. Здабыча жал. руды (Камыш-Бурунскі жалезарудны камбінат у раёне г. Керч), прыроднага газу (п-аў Тарханкуцкі, Джанкой). На базе мясц.жал. руд працуе Керчанскі металургічны камбінат. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці буйнатанажных марскіх танкераў, суднарамонце (Керч, Севастопаль), вытв-сці абсталявання для харч. прам-сці, прылад (Севастопаль), тэлевізараў (Сімферопаль), трактарных прычэпаў (Джанкой), пад’ёмна-трансп. абсталявання (Феадосія). Хім.прам-сць працуе на солях Сіваша і ліманных азёр (Сакскі хім., Краснаперакопскі бромавы, Крымскі двухвокісу тытану і содавы з-ды). У Сімферопалі з-д пластмас і быт. хіміі. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці вырабляюць трыкатаж, тканіны, абутак, скургалантарэю (Сімферопаль, Севастопаль, Феадосія, Керч, Бахчысарай). Вытв-сць сувеніраў. Пераважна на мясц. сыравіне працуе прам-сцьбуд. матэрыялаў (Феадосія, Севастопаль, Керч, Белагорск). Дрэваапр. з-ды ў Севастопалі, Бахчысараі. мэблевая ф-ка ў Феадосіі. Сімферопальская, Севастопальская і Камыш-Бурунская ДРЭС. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, вінаграду, садавіны, ягад, агародніны, малочна-мясной жывёлагадоўлі. Пасяўная пл, каля 0,5 млн.га, пераважна ў Стэпавым К., дзе значныя масівы арашальных зямель (гл.Паўночна-Крымскі канал). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, кукуруза, рыс), тэхн. (сланечнік, соя), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Збор (тыс.т, 1995): збожжа — 1505, агародніны — 225, бульбы — 332. Асн. плошчы вінаграднікаў і садоў у перадгорнай і цэнтр. частках К. Эфіраалейныя культуры і тытунь вырошчваюць на паўд. узбярэжжы і ў перадгор’ях. У стэпавых раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, у перадгор’ях — малочна-мяснога. Развіты птушкагадоўля, авечкагадоўля, свінагадоўля. Вытв-сць мяса ў 1995—93 тыс.т. Даўж. чыгунак 644 км. Гал. чыгункі Севастопаль—Сімферопаль—Джанкой, Краснаперакопск—Джанкой—Феадосія—Керч. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 7 тыс.км. Тралейбусная лінія Сімферопаль—Ялта. Паромная пераправа звязвае Керч з Паўн. Каўказам. Марскія парты: Феадосія, Керч, Севастопаль, Ялта, Еўпаторыя. К. — адзін з буйнейшых курортных раёнаў Украіны. Курорты: Ялта, Алупка, Алушта, Гурзуф (Паўд. бераг К.), Феадосія, Еўпаторыя, Сакі; буйны цэнтр турызму.
Літ.:
Лукша У. Непаўторныя вобразы Крыма: Замалёўкі з натуры. [Маладзечна]. 1997;
Якобсон А.Л. Крым в средние века. М., 1973;
Кессельбреннер Г.Л. Крым: Страницы истории. М., 1994;
Крымская АССР (1921—1945). Симферополь, 1990;
Басов А.В. Крым в Великой Отечественной войне, 1941—1945. М., 1987;
Канапацкі І. 50-я ўгодкі гвалтоўнага выгнання татар з Крыма // Байрам. 1994. № 2;
Старченков Г. Превратности судьбы (Крым) // Азия и Африка сегодня. 1997. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РТЫЯ ПАЛІТЫ́ЧНАЯ,
палітычная арг-цыя, якая выражае інтарэсы сац. груп і аб’ядноўвае іх найб. актыўных прадстаўнікоў. Асн. прыкметы П.п. — актыўны ўдзел у барацьбе за заваяванне і ўтрыманне ўлады; наяўнасць паліт. праграмы, статута, членства, пэўнай сац. базы, агульных інтарэсаў і блізкіх ідэалаг. поглядаў яе членаў; наяўнасць цэнтр. органа кіраўніцтва, арганізац. структур, аднаго ці некалькіх лідэраў. Паліт. рух, у адрозненне ад П.п., не мае арганізац. структуры і дэталёва распрацаванай паліт. праграмы, не імкнецца да заваявання паліт. улады, а толькі да ўплыву на тых, хто яе ажыццяўляе. Паводле характару і задач дзейнасці П.п. падзяляецца на рэв., рэфармісцкія, кансерватыўныя, рэакцыйныя; паводле ідэйна-тэарэтычных установак — на камуніст., сацыяліст., сац.-дэмакр., ліберальныя, кансерватыўныя, аўтарытарна-фашысцкія, канфесійныя, лева- і праварадыкальныя; у адносінах да ўлады — на кіруючыя і апазіцыйныя; па шкале паліт. спектра — на правыя, цэнтрысцкія, левыя; паводле ўмоў дзейнасці — на легальныя, паўлегальныя, нелегальныя; паводле прынцыпаў арг-цыі — на кадравыя (аб’ядноўваюць невял. колькасць прафес. палітыкаў), якія маюць жорстка замацаванае статутам членства, і масавыя, якія не маюць ін-та афіцыйнага членства, а галасуюць на выбарах за кандыдатаў сваёй партыі. П.п. ствараюць парт. сістэму.
Зародкі П.п. (паліт. саюзы) вядомы са стараж. часоў (Атыка — 6 ст. да н.э., Стараж. Грэцыя — 4 ст. да н.э., Стараж. Рым — 2—1 ст. да н.э.). Адносна малалікія і вузкія паводле сац. складу саюзы і групоўкі існавалі ў сярэднія вякі (гвельфы і гібеліны ў Італіі). Тыповы прыклад вузкіх парт. груповак — торы, вігі ў Англіі (2-я пал. 17 ст.). Больш акрэсленыя рысы набываюць П.п. ў перыяд бурж. рэвалюцый, калі ўзнікалі бурж., ліберальныя і кансерватыўныя партыі розных кірункаў. П.п. ў сучасным разуменні ўзнікалі ў Еўропе ў сярэдзіне — 2-й пал. 19 ст. Адна з першых паліт. арг-цый пралетарыяту — «Саюз камуністаў» (1847), створаны К.Марксам і Ф.Энгельсам. Яго праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі» (1848). Першая масавая П.п. парламенцкага тыпу «Ліберальнае таварыства рэгістрацыі выбараў у Англіі» створана ў 1861. У 1863 Ф Ласаль стварыў першую масавую рабочую П.п. «Усеагульны германскі саюз рабочых». Вял. ролю ў стварэнні П.п. адыгралі 1-ы (1864—76) і 2-і (1889—1914) Інтэрнацыяналы. У Рас. імперыі П.п. пачыналі стварацца як рэвалюцыйныя. Іх папярэднікамі былі дзекабрысцкія і народніцкія арг-цыі. Больш акрэсленыя рысы мелі «Зямля і воля», «Народная воля», «Чорны перадзел», «Група вызвалення працы». Выразныя рысы П.п. набылі Рабочая партыя вызвалення Расіі (1897; з 1901 Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў), Бунд (1897), Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (1898). У 1905 узніклі ліберальныя партыі — Партыя нар. свабоды (кадэты), Саюз 17 кастрычніка (акцябрысты). На рэакцыйных пазіцыях стаялі «Саюз рускага народа», Рус. манархічная партыя і інш. Буйнейшыя агульнарас. партыі мелі свае арг-цыі на Беларусі.
Першая бел. П.п. — Бел.рэв. грамада (БРГ), створаная ў 1902, з 1903 — Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ). Яе заснавальнікі і актыўныя дзеячы: І. і А. Луцкевічы, А.Бурбіс, К.Кастравіцкі (Каганец), В.Іваноўскі і інш. Дзейнічалі Сацыялістычная партыя Белай Русі (1904—1905), Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі (1905—1907). У час Кастр. рэвалюцыі і пасля яе дзейнічалі Беларуская народная партыя сацыялістаў, Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (у Петраградзе), Бунд, Яўр.с.-д. партыя (Паалей Цыён), Аб’яднаная яўрэйская сацыялістычная рабочая партыя, некаторыя польскія і літоўскія П.п. У 1-й пал. 1920-х г. шматпартыйнасць у БССР ліквідавана. Адзінай П.п. засталася Камуніст. партыя (бальшавікоў) Беларусі. Яна не мела сваёй праграмы, статута, членскіх білетаў і з’яўлялася састаўной часткай РКП(б), ВКП(б), КПСС. У Зах. Беларусі, якая з 1921 знаходзілася пад уладай Польшчы, захавалася шматпартыйнасць. Дзейнічалі Бел. партыя незалежных сацыялістаў, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, Беларуская хрысціянская дэмакратыя (Беларуская хрысціянска-дэмакратычная злучнасць, з 1936 Бел. нацыянальнае аб’яднанне), Камуністычная партыя Заходняй Беларусі і інш. Пасля Вял.Айч. вайны ў БССР, як і ва ўсім СССР, захоўвалася аднапарт. сістэма. У канцы 1980-х г. у сувязі з паглыбленнем ідэйнага крызісу КПСС, КП(б)Б, пачалі ўзнікаць апазіцыйныя ёй арганізацыі, у т. л. Беларускі народны фронт «Адраджэньне» і інш. У выніку распаду СССР і зыходу з паліт. арэны КПСС як кіруючай партыі ў пач. 1990-х г. аднаўляецца шматпартыйнасць. У 1991 на Беларусі сфарміраваліся: Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ), Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Беларуская сялянская партыя, Нацыянальна-дэмакратычная партыя беларусаў Беларусі, Хрысціянска-дэмакратычны саюз. 5.10.1994 прыняты закон «Аб палітычных партыях». На пач. 1998 на Беларусі Мін-вам юстыцыі афіцыйна зарэгістравана 35 партый. У 1998 паводле рашэння Вярх. суда ў адпаведнасці з законам «Аб палітычных партыях» 9 П.п. ліквідаваны. На 1.1.1999 у Рэспубліцы Беларусь 28 П.п. У 2-й пал. 1999 праведзена перарэгістрацыя П.п. У выніку на 1.1.2001 у Рэспубліцы Беларусь налічвалася 18 П.п.: «Аб’яднаная грамадзянская партыя; Аграрная партыя; Беларуская партыя жанчын «Надзея»; Беларуская партыя зялёных, Беларуская партыя працы, Беларуская патрыят. партыя, Беларуская с.-д. партыя (Народная грамада), Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская экалагічная партыя зялёных «БЭЗ», Камуністычная партыя Беларусі, Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада», Партыя Беларускага народнага фронту, Партыя камуністаў беларуская, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Сацыял -дэмакратычная партыя народнай згоды. Асн. мэта, якую ставяць усе П.п. Беларусі, — пабудова цывілізаванай прававой дзяржавы, правядзенне рэформ, накіраваных на павышэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Партыі камуніст. арыентацыі ставяць задачу пабудовы бяскласавага грамадства, аднаўленне дзярж. саюза народаў былога СССР.
Літ.:
Марченко М.Н., Фарукшин М.Х. Буржуазные политические партии. М., 1987;
Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Мн., 1991;
Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;
Становление и крушение однопартийной системы в СССР. 1917—1991. Гомель, 1995;
Бобков В.А., Кузнецов Н.В., Осмоловский В.П. Политические партии Беларуси. Мн., 1997;
Программные документы современных политических партий Беларуси. Вып. 2. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАМО́НАВЫ АСТРАВЫ́ (Solomon Islands),
дзяржава на ПдЗ Ціхага ак. Займае паўд.-ўсх.ч.Саламонавых астравоў, а-вы Санта-Крус і інш.Пл. 28,4 тыс.км². Нас. 466,2 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — англійская, шырока выкарыстоўваецца англа-меланезійскі піджын (спрошчаная мова). Сталіца — г.Ханіяра на в-ве Гуадалканал. Краіна падзяляецца на 9 правінцый і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 чэрв.).
Дзяржаўны лад. С.А. — канстытуцыйная манархія, чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1978, паводле якой кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы орган заканад. улады — аднапалатны Нац. парламент (з 50 чл., якіх насельніцтва выбірае на 4 гады). Урад краіны (Нац. кабінет) складаецца з 15 міністраў на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. На астравах (Гуадалканал, пл. 5,3 тыс.км², Малаіта, пл. 4,1 тыс.км²; Санта-Ісабель, пл. 3,7 тыс.км², Сан-Крыстобаль, пл. 3 тыс.км²; Шуазёль, пл. 2,6 тыс.км²; Нью-Джорджыя, пл. 1,8 тыс.км²) горы вышэй за 1000 м, на ўзбярэжжах — вузкія нізіны. Ёсць дзеючыя вулканы, участкі вапняковых плато і раўнін. Радовішчы баксітаў, золата, фасфарытаў, руд медзі, цынку, свінцу, нікелю. Клімат субэкватарыяльны, вельмі вільготны. Сярэднямесячныя т-ры паветра 26—28 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 2000—4300 мм. Шмат кароткіх горных рэк. Зімой бываюць моцныя ўраганы. Пад лесам (сандалавае дрэва, пальмы, фікусы і інш.) 88% тэр., на в-ве Гуадалканал участкі саваннаў, па берагах астравоў мангры. Жывёльны свет бедны. Мора багатае рыбай і малюскамі. Нац. парк Куін-Элізабет на в-ве Гуадалканал, некалькі рэзерватаў Астравы Нью-Джорджыя і Рэнел уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва (93%) — меланезійцы Саламонавых а-воў, падзяляюцца на дробныя народы і плямёны. Жывуць таксама папуасы, палінезійцы, мікранезійцы, невял. групы еўрапейцаў і кітайцаў. Мясц. насельніцтва размаўляе на 120 мовах і дыялектах. Вернікі пераважна англікане (34%), католікі (19%), баптысты (17%), прэсвітэрыяне (11%) і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 16 чал. на 1 км², больш шчыльна заселены прыбярэжныя раёны (50—100 чал. на 1 км²). У гарадах 19% насельніцтва. У г. Ханіяра каля 45 тыс.ж. (2000). У сельскай і лясной гаспадарцы і рыбалоўстве занята 24% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і будаўніцтве — 13%, у камерцыі, на транспарце і ў фінансах — 22%, у інш. абслуговых галінах —41%.
Гісторыя. С.А. заселены ў 2-м тыс. да н.э. продкамі меланезійцаў. Адкрыты ў 1568 ісп. мараплаўцам А.Менданьям дэ Нейра, зноў у 1767 англ. капітанам Ф.Картэрэтам. У 19 ст. насельніцтва С.А. моцна пацярпела ад еўрап. гандляроў рабамі, якія вывезлі многіх іх жыхароў для працы на плантацыях Аўстраліі і астравах Ціхага акіяна. З 1893—1900 б. частка С.А. — пратэктарат Вялікабрытаніі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны Японіяй, у 1942—43 на в-ве Гуадалканал і на моры вакол яго адбылася адна з найб. бітваў паміж яп. і амер. войскамі і флатамі. У 1960 прынята канстытуцыя, паводле якой створаны заканад. і выканаўчы саветы. Новая канстытуцыя 1976 дала астравам унутр. самакіраванне. 7.7.1978 абвешчана незалежнасць С.А. Вострай праблемай краіны застаюцца этнічныя супярэчнасці. У маі 2000 у сталіцы С.А. адбыліся буйныя сутыкненні на этнічнай глебе. У краіне дзейнічаюць паліт. партыі і арг-цыі: Кааліцыя сіл за нац. прымірэнне, Нар. саюзная партыя, Партыя нац. дзеяння С.А.
Гаспадарка. С.А. — слабаразвітая с.-г. краіна. Валавы ўнутр. прадукт складае каля 1,15 млрд.дол. (1998), каля 2600 дол. на чалавека. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 90 тыс.га зямлі, у т. л. 60 тыс.га пад ворывам і шматгадовымі культурамі, 30 тыс.га пад пашай і лугамі. Пераважаюць дробныя сялянскія гаспадаркі, ёсць плантацыі экспартных культур, якія належаць замежным кампаніям. Экспартныя культуры: какосавая і алейная пальмы, какава, імбір, карычнае і гваздзіковае дрэвы. Штогадовая вытв-сць копры каля 50 тыс.т, пальмавага алею каля 20 тыс.т. На свае патрэбы вырошчваюць ямс, тара, батат, бананы, арахіс, тытунь, сою, рыс, перац, фасолю, агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля развіта слаба. Мясц. жыхары гадуюць свіней і птушак (у 2000—185 тыс. курэй). Ёсць некалькі буйных жывёлагадоўчых прадпрыемстваў, дзе трымаюць каля 25 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы. Рыбалоўства і промысел малюскаў. У 2000 вылаўлена 53,4 тыс.т рыбы (пераважна тунец і баніта). Прам-сць занята ў асн. перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Вытв-сць электраэнергіі 30 млн.кВт∙гадз (1998). Ёсць прадпрыемствы рыбамаразільныя і рыбакансервавыя, па вытв-сці пальмавага алею, першаснай перапрацоўцы тытуню, апрацоўцы трэпангаў і спецый, швейныя, мукамольныя, хлебапякарныя, безалкагольных напіткаў. Развіты лесанарыхтоўка, лесапільная і дрэваапр.прам-сць. Мэблевыя ф-кі працуюць пераважна на ўнутр. рынак. Невял. здабыча баксітаў, фасфарытаў, медных і нікелевых руд. З рамёстваў найб. развіты разьбярства па дрэве, выраб сувеніраў з перламутру, цыновак, кошыкаў і лодак. Важнае месца займае замежны турызм (каля 20—25 тыс.чал. штогод, пераважна з Аўстраліі, ЗША, Новай Зеландыі, даход у 1998 склаў 13 млн.дол.). Транспарт пераважна марскі, гал. порт — г. Ханіяра. На астравах 1360 км аўтадарог, з іх толькі 34 км з цвёрдым пакрыццём. Для пасаж. сувязей выкарыстоўваецца авіятранспарт, у краіне 33 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля г. Ханіяра. У 1996 экспарт склаў 184 млн.дол., імпарт — 151 млн. долараў. У экспарце пераважаюць копра, драўніна, пальмавы алей, рыба і рыбапрадукты; у імпарце — паліва, прамысл. і спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Японія (50% экспарту, 10% імпарту) і Аўстралія (42% імпарту). Краіна атрымлівае пастаянную эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый, а таксама ад Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Японіі, Новай Зеландыі. Грашовая адзінка — долар С.А.
Літ.:
Малаховский К.В. Соломоновы острова. М., 1978.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).