сістэма поглядаў, якая ўзнікла ў стараж. Індыі на падставе рэлігіі індаарыйскіх плямён і ў канцы 2-га — 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. аформілася ў кананічных тэкстах — Ведах, ранняя стадыя фарміравання індуізму. Для ведычнай рэлігіі характэрны культы агню і продкаў, выкарыстанне пры значных ахвярапрынашэннях св. наркатычнага напою — сомы. Жыццё і светапогляд звязваліся з абрадамі і рытуаламі, ад выканання якіх гаспадаром ці жрацом залежалі адносіны з багамі, дабрабыт асобы, сям’і, грамады, дзяржавы. У ведычнай рэлігіі адсутнічала іерархія багоў. Найб. старэйшымі лічыліся багі Неба і Зямлі (Д’яўс і Прытхіві). Найб. папулярны Бог Індра — цар багоў і наладжвальнік свету. Бог агню Агні шанаваўся як пасрэднік паміж людзьмі і багамі, ахвярадаўца. Багам надаваліся чалавечыя рысы, кожны з іх суадносіўся з пэўнай часткай Сусвету — зямной, паветранай, нябеснай. У ведычнай рэлігіі бяруць пачатак уяўленні пра карму, мэтапсіхоз, тапас (аскеза) і інш.З ведычнай рэлігіі развіўся брахманізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЗАВЕ́Ц,
вёска ў Беларусі, у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на ПдЗ ад г.п. Дзятлава, 172 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Наваельня, на шашы Слонім—Ліда. 588 ж., 215 двароў (1995).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. У 16—17 ст. маёнтак Вензавец належаў кн. Ф.І.Заслаўскаму, Г.Сіняўскаму, Сапегам, Палубенскім. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка. У 18 ст. ў Слонімскім пав. Наваградскага ваяв.З 1795 у Рас. імперыі, у Дзятлаўскай вол. Слонімскага пав. У 1885 у Вензаўцы 718 ж., царква, школа, праводзіліся кірмашы. З 1921 у складзе Польшчы, у Дзятлаўскай гміне Слонімскага пав. Навагрудскага ваяв.З 1939 у БССР, у Юравіцкім с/с Дзятлаўскага р-на Баранавіцкай вобл. У 1962—65 у Слонімскім р-не. З 1973 цэнтр сельсавета. У 1970 — 485 жыхароў.
Вензавецкае лясніцтва, лесацэх Дзятлаўскага лясніцтва, сумеснае бел.-герм. прадпрыемства «Белхольц». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХАЯ́НСКА-ЧУКО́ЦКАЯ СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
вобласць мезазойскай складкавасці ў Паўн.-Усх. Азіі на стыку Ціхаакіянскага і Арктычнага геасінклінальных паясоў. Уключае тэр.Усх. Сібіры на У ад р. Лена і р. Алдан да Каракскага нагор’я і ўзбярэжжа Ахоцкага м. Мяжуе на З і Пдз Сібірскай платформай, на У — з Ахоцка-Чукоцкім вулканічным поясам. На Пн прадаўжаецца ў Паўночным Ледавітым ак. Большая ч. тэрыторыі мае горны рэльеф, створаны скляпенна-глыбавымі рухамі ў неагенавы і чацвярцічны перыяды. Складкавая вобласць падзяляецца на 2 сегменты: зах. (Яна-Калымскі) і ўсх. (Чукоцкі), якія адрозніваюцца паводле характару фармацый, структуры, магматызму, стылю тэктанічнага развіцця. У геал. разрэзе вылучаюцца структурныя комплексы: архей-ніжнепратэразойскі, рыфей-сярэднепалеазойскі, сярэднекаменнавугальны-сярэдняюрскі (геасінклінальны), верхняюрскі-ніжнемелавы (арагенны), верхнемелавы-антрапагенавы (платформавы). Геасінклінальныя фармацыі складзены з тэрыгенных асадкаў, ва ўсх. сегменце развіты крамяністыя і крамяніста-вулканагенныя тоўшчы, арагенныя фармацыі — з гранітных і маласавых тоўшчаў. Асн. карысныя выкапні: золата, волава, вальфрам, ртуць, сурма, поліметалы, каменны вугаль, нафта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЕ́Я,
гарадскі пасёлак у Нясвіжскім р-не Мінскай вобл., на р. Гарадзейка. Чыг. ст. на лініі Мінск—Баранавічы, на аўтадарозе Нясвіж—Навагрудак. За 14 км ад г. Нясвіж. 4,9 тыс.ж. (1996).
У 19 ст. вёска пад назвай Горная Гарадзея, цэнтр Гарадзейскай вол. Навагрудскага пав. Мінскай губ. Тут выраблялі галандскія сыры і прадавалі ў Маскву і Пецярбург. З 1869 працавала нар. вучылішча. У 1871 за паўвярсты ад вёскі на Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы пабудавана станцыя Гарадзея. У 1886 у Гарадзеі 532 ж., 48 двароў, валасная ўправа, школа, крама, карчма. У 1897 — 719 ж., 17 крам, цукр. і піўныя склады, малітоўны дом. З 1920 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Нясвіжскага пав.З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак у Нясвіжскім р-не, зліўся зчыг. станцыяй. У 1969 — 4,2 тыс. жыхароў.
Ільнозавод, цукр. камбінат, 2 сярэднія, муз. школы, 2 дамы культуры, 3 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, 2 аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКАЯ КЕРА́МІКА,
1) ганчарныя вырабы зг. Гарадок Віцебскай вобл.Найб. развіцця ганчарны промысел дасягнуў у 19 — 1-й пал. 20 ст. Чырвонагліняная паліваная і непаліваная гарадоцкая кераміка гасп. прызначэння (гаршкі, збанкі, гладышы, вазонніцы, міскі, а таксама стараж. амфарападобныя пасудзіны з 2 ручкамі — карчагамі) вызначаецца простымі пластычнымі формамі з мякка апрацаванай паверхняй, светлы тэракотавы колер якой падкрэсліваецца маляўнічымі падцёкамі палівы фіялетава-карычневых колераў. Цяпер традыц. асартымент посуду вырабляе У.Татарыс.
2) Ганчарныя вырабы зв. Гарадок Глускага р-на Магілёўскай вобл. Промысел вядомы з старажытнасці. У 1930—70-я г. працавала ганчарная арцель, дзе выраблялі посуд традыцыйна быт. прызначэння (гаршкі, збаны, гладышы, слоікі, макатры, міскі, глякі; асобныя майстры выраблялі таксама фігурны посуд і цацкі). Посуд вызначаўся характэрнымі для Падняпроўя зграбнымі формамі, яго глазуравалі пераважна празрыстай палівай, часам дэкаравалі тыповымі для ганчарства гэтага рэгіёна выціснутымі хвалістымі паяскамі (стараж. сімвал вады).
Я.М.Сахута.
Да арт.Гарадоцкая кераміка. У.Татарыс. Слоік, гладыш і міска. 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДЗІ, Хардзі (Hardy) Томас (2.6.1840, Апер-Бакхэмптан, графства Дорсет, Вялікабрытанія — 11.1.1928), англійскі пісьменнік. Вывучаў архітэктуру ў Лонданскім ун-це. Працаваў пам. архітэктара ў Лондане (1862—67). З 1880 прафесійны літаратар. У яго раманах, напісаных у рэчышчы крытычнага рэалізму з элементамі натуралізму, дзейнічаюць сяляне і мяшчане з выдуманай мясцовасці Уэсекс («Пад дрэвам Грынвуда», 1872; «Далёка ад шаленства натоўпу», 1874; «Вяртанне сваяка», 1878; «Гарадскі галава Кэстэрбрыджа», 1886; «Тэс, сапраўдная жанчына з д’Эрбервіляў», 1891, і інш.). З імі тэматычна звязаны зб-кі вершаў «Вершы пра Уэсекс і іншыя» (1898) і навел «Грымасы лёсу» (1904). У эпічнай драме «Дынасты» (ч. 1—3, 1903—08), прасякнутай духам фаталізму, паўстае Еўропа напалеонаўскіх войнаў. У апошнія гады жыцця Гардзі сімпатызаваў пісьменнікам левага кірунку (зб. вершаў «Пазнейшая і ранейшая лірыка», 1922).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКУНО́Ў Генадзь Рыгоравіч (н. 27.5.1939, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). Працуе ў галіне пластычнай дэкар. керамікі, манум. габелена, афармлення інтэр’ераў. Арганізатар і кіраўнік габеленавага цэха (1971—73, 1976—77), гал. Мастак (1973—76) Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Зрабіў наборы дэкар. ваз (1968). Работы ў манум. мастацтве: сграфіта «Маяк» у кінатэатры «Кіеў» (1969, з А.Кішчанкам), габелены «Чалавек пазнае свет» у інтэр’еры гасцініцы «Турыст» (1970, з А.Бельцюковай, Кішчанкам), «Музыка» ў муз. вучылішчы (1975, з Бельцюковай, Кішчанкам), «Напярэдадні» (1996) — усе ў Мінску, «Залаты сад» (1979, з В.Грыгарышынай; у пасольстве СССР у Індыі), «Песня» ў кавярні «Бярозка» (1974) і габелен-заслона «Натхненне» ў гар. Палацы культуры (1982, з Грыгарышынай) у Барысаве. Аформіў экспазіцыі музеяў К.Заслонава ў Оршы (1964) і Мінскага абл. краязнаўчага (Маладзечна, 1966), інтэр’еры гасцініцы «Турыст» (1970), рэстарана «Юбілейны» (1980; абодва ў Мінску) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭХНАЛО́ГІЯ (ад геа... + тэхналогія),
хімічныя, фіз.-хім., біяхім. і мікрабіял. метады здабычы карысных выкапняў на месцы іх залягання. Звязаны з выкарыстаннем буравых свідравін. Ажыццяўляюцца пад зямлёй без прысутнасці людзей.
Метадамі геатэхналогіі ператвараюць вугаль у гаручыя газы няпоўным спальваннем яго пад зямлёй (гл.Падземная газіфікацыя вугалю); здабываюць цвёрдыя карысныя выкапні іх гідрамех. разбурэннем і перамяшчэннем на паверхню здробненых часціц разам з вадой, што запампоўваецца ў радовішча; атрымліваюць серу расплаўленнем яе гарачай вадой або газіфікацыяй токамі высокай частаты; ажыццяўляюць тэрмічную здабычу нафты (нафтаносныя пласты награюць эл. токам, парай, гарачай вадой або спальваннем часткі нафты); здабываюць кухонную соль (па адной трубе ў свідравіну запампоўваюць ваду, па другой адпампоўваюць расол). Асобны від геатэхналогіі — бактэрыяльнае вышчалочванне, пры якім з дапамогай мікраарганізмаў вылучаюць з шматкампанентных злучэнняў пэўныя хім. элементы (пераважна медзі, урану). Метады геатэхналогіі выкарыстоўваюцца на радовішчах з невялікай колькасцю карысных выкапняў і рассеянымі элементамі.
Да арт.Геатэхналогія: 1 —здабыча солі падземным растварэннем; 2 — здабыча карысных выкапняў гідраўлічным спосабам; 3 — здабыча серы падземнай выплаўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БЕЛЕЎ Міхаіл (Міхель) Лейбавіч (падп. мянушкі Бясстрашны Герман, Іваноў, Русінаў, Фадзееў; 1905, в. Вузляны Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — вер. 1942),
удзельнік Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну. Вучыўся ў Рэспубліканскай школе прапагандыстаў пры ЦККП(б)Б (1938—39). У 1920-я г. працаваў сталяром, потым на парт. рабоце. Зліп. 1941 вязень Мінскага гета. Зкастр. 1941 чл. кіруючага цэнтра падп.парт. арг-цыі гета, зліст. 1941 упаўнаважаны па гета Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, з мая 1942 сакратар Тэльманаўскага падп. райкома КП(б)Б (дзейнічаў у гета). Адзін з арганізатараў першай падп. друкарні гаркома, наладжваў прыём і распаўсюджванне зводак Саўінфармбюро, кіраваў вывадам вязняў гета ў партыз. атрады. У ліп. 1942 арыштаваны і павешаны ў мінскай турме.
Літ.:
Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Купрэева Г. Мінскае гета: Схаваная праўда // Бел. мінуўшчына. 1993. № 2—4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬФАНД Аляксандр Лазаравіч (псеўд.Парвус; 1869, г. Беразіно Мінскай вобл. — 1924),
дзеяч рас. і герм.рэв. руху. Скончыў Базельскі ун-т (1891). З 1886 у эміграцыі ў Германіі і Швейцарыі. Прымыкаў да левага крыла герм. сацыял-дэмакратыі, крытыкаваў погляды Э.Бернштэйна. З 1900 прымаў удзел у выданні газ.«Искра». З 1903 меншавік. У 1905 прыбыў у Расію, быў адным з кіраўнікоў Пецярбургскага Савета рабочых дэпутатаў, асуджаны на 3 гады высылкі. Пасля ўцёкаў жыў у Германіі, Турцыі. У 1-ю сусв. вайну выступаў за перамогу Германіі, падтрымліваў сувязі згерм.Ген. штабам. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 не атрымаў дазволу вярнуцца ў Расію. Пасля 1918 адышоў ад паліт. дзейнасці, арганізаваў у Германіі Ін-т па вывучэнні сусв. вайны. Адзін са стваральнікаў тэорыі «перманентнай рэвалюцыі». Адмоўную характарыстыку Гельфанда як паліт. авантурыста і махінатара даў М.Горкі ў нарысе «У.І.Ленін» і А.І.Салжаніцын у рамане «Ленін у Цюрыху».