РУ́ЦКІ (Іосіф Вельямін) (свецкае Іван Феліксавіч; 1574, маёнтак Рута, Навагрудчына — 5.2.1637),
бел. царкоўны дзеяч, пісьменнік, педагог, філосаф. У Віленскай кальвінскай школе вывучаў латынь, грэч. мову, іўрыт. Вучыўся ў Празе, скончыў Вюрцбургскі ун-т. Каля 1600 паступіў у Грэчаскі калегіум у Рыме. Каля 1601 вярнуўся на радзіму. З 1602 рэктар Віленскай уніяцкай семінарыі, у якой правёў рэформы ў сістэме адукацыі, напісаў навукова-пед. трактат «Дыскурсус» (каля 1605). У Вільні зблізіўся з І.Кунцэвічам. У 1607 стаў манахам уніяцкага манастыра, выкладаў багаслоўе, лац. і царк.-слав. мовы. З 1608 мітрапаліт І.Пацей прызначыў яго сваім намеснікам. Намаганнямі Р. засн. манастыры ў Быцені, Жыровічах, Навагрудку. З 1609 архімандрыт, з 1613 уніяцкі мітрапаліт. Вёў палеміку з М.Сматрыцкім, праваслаўнымі. У палемічных творах «Падвойная віна», «Экзамен абароны» (абодва 1621), «Дадатак да экзамена абароны» (1622) і інш. выявіўся як майстар мастацка-публіцыст. слова, пісьменнік-аналітык. Схіляўся на бок дактрыны аб прыярытэтнасці свецкіх улад у краіне.
Літ.:
Турук Ф. Униатский митрополит Иосиф Вельямин Рутский (1613—1617) и его значение в истории униатской Западной русской церкви. Пг., 1916;
Прокошина Е.С.Мелетий Смотрицкий. Мн., 1966;
Саверчанка І.В. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРО́КІНА (Ніна Іванаўна) (н. 13.5.1942, г. Электрасталь Маскоўскай вобл.),
руская артыстка балета. Нар.арт. Расіі (1975). Нар.арг.СССР (1987). Скончыла Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча (1961, кл. С.Галоўкінай). У 1961—88 у трупе Вял.т-ра ў Маскве. З 1989 педагог-рэпетытар гастрольна-канцэртнай групы «Зоркі Вялікага балета». Яе талент і творчая індывідуальнасць найб. ярка раскрыліся ў балетах, вырашаных мовай сучаснай харэаграфіі. Першая выканаўца партый: Дзяўчына («Геолагі» М.Карэтнікава, 1964), Выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага, 1965), Дзяўчына («Ікар» С.Сланімскага, 1971), Кіці («Ганна Карэніна» Р.Шчадрына, 1972), Каханая («Азоранасць» А.Пахмутавай, 1973), Радысачка («Чыпаліна» К.Хачатурана, 1977). Сярод партый класічнага і сучаснага рэпертуару: Маша, Аўрора, прынцэса Фларына («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Жанна («Полымя Парыжа» Б.Асаф’ева), Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Гаспадыня Меднай гары, Анастасія («Каменная кветка», «Іван Грозны» С.Пракоф’ева), Муза («Паганіні» С.Рахманінава), Асель («Асель» У.Уласава), Геро, Шура Азарава («Каханнем за каханне», «Гусарская балада» Ц.Хрэннікава) і інш. Знялася ў тэлебалеце «Гарэзлівыя частушкі» (1970), у тэлефільмах-канцэртах «Харэаграфічныя навелы» (1973), «Танцуюць Ніна Сарокіна і Міхаіл Лаўроўскі» (1982). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНІ́ЦКІ (Іван Францавіч) (1856 або 1861, Смаргоншчына, Гродзенская вобл. — 2.5.1939),
бел. мемуарыст, падарожнік. Юнацтва правёў на Украіне. У 1893 вярнуўся ў г. Смаргонь, уключыўся ў рэв. барацьбу, арганізаваў б-ку, прапагандаваў творы Л.Талстога і М.Горкага, пісаў карэспандэнцыі ў віленскія газеты. З 1901 падарожнічаў за мяжою, напісаў кнігу «Новая Зеландыя — Еўропа» — першае на рус. мове апісанне Новай Зеландыі (забаронена цэнзурай, карэктурны адбітак зберагаецца ў Гродзенскім гіст.-археал. музеі). Перад рэвалюцыяй 1905—07 вярнуўся на радзіму. За актыўны ўдзел у рэв. падзеях арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ. У турме і ссылцы напісаў па просьбе М.Рубакіна ўспаміны «З майго жыцця ў вёсцы», прысвечаныя рэв. падзеям у Смаргоні ў канцы 19 — пач. 20 ст. (рукапіс зберагаецца ў Дзярж. б-цы Расіі, Масква). З ссылкі ўцёк у Фінляндыю. Вярнуўшыся на радзіму, устанавіў сувязі з газ. «Наша ніва», пісаў у яе карэспандэнцыі (магчыма, пад псеўданімам Смаргонец). У 1920—30-я г. падтрымліваў сувязь з Т-вам бел. школы.
Літ.:
Дридзо А. Путешественник из Сморгони // Нёман. 1984. №4;
Каранеўскі А. Па слядах рэвалюцыянера і публіцыста // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЭ́МЧЫК (Іван Восіпавіч) (16.12.1903, Мінск — 9.3.1971),
бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1949). Праф. (1964). Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Маскве (1930). Вучыўся ў А.Архіпава, К.Істоміна, А.Шаўчэнкі. З 1931 на пед. рабоце, з 1963 у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у галіне партрэта, тэматычнай карціны, пейзажа, манум. жывапісу. Карціны: «Падпісанне маніфеста пра ўтварэнне БССР» (1929), «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск» (1935), «Гідраторф Асінбуд» (1937), «Твар ворага» (1942), «Пасяджэнне ЦК КП(б) Беларусі 3 ліпеня 1941 г.» (1944). Адна з лепшых яго работ «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1958). Стварыў шэраг партрэтаў сучаснікаў: У.І.Уладамірскага (1948), Е.А.Міровіча (1952), П.С.Пестрака (1968), С.Б.Баткоўскага (1971) і інш.; пейзажы «Сонечны дзень» (1952), «Бэз цвіце» (1958), «Квітнеючая вясна» (1963), «З акна майстэрні» (1971) і інш. Творы манум. жывапісу: 2 пано для Усебел. выстаўкі сельскай гаспадаркі і прам-сці (1930), дэкар. фрыз «Свята беларускага народа» для бел. павільёна Усесаюзнай с.-г. выстаўкі ў Маскве (1939), плафон «Дружба народаў» у Тэатры юнага гледача ў Мінску (1955), пано «Беларускія народныя майстры» ў канферэнц-зале Бел.т-ва дружбы з замежнымі краінамі (1956, з І.Давідовічам). Імя Ахрэмчыка прысвоена Бел. ліцэю мастацтва.
Літ.:
Аладова Е.В. И.О.Ахремчик. М., 1960.
І.В.Ахрэмчык.І.Ахрэмчык. Абаронцы Брэсцкай крэпасці. 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ХАД СЯЛЯ́НСКІ,
права сялян на выхад з маёнтка аднаго феадала і пераход у маёнтак другога. Шырока выкарыстоўваўся сялянамі як адзін з асн. сродкаў барацьбы супраць узмацнення феад. прыгнёту. 1) У Расіі ў 11—15 ст. выхад сялянскі абмяжоўваўся для асобных катэгорый сялян (закупы, сярэбранікі і інш.). Пачатак заканад. афармленню прыгоннага права паклаў Судзебнік 1497, які ўстанавіў для выхаду сялянскага адзіны тэрмін — тыдзень да і тыдзень пасля Юр’евага дня (26 ліст.), пры ўмове выплаты феадалу т.зв.пажылога. Судзебнік 1550 пацвердзіў тэрмін выхаду сялянскага, але павялічыў памер пажылога. У 1581 Іван IV увёў Запаведныя гады, у якія выхад сялянскі забараняўся. Цар Фёдар Іванавіч у 1592—93 забараніў выхад сялянскі на ўсёй тэр. дзяржавы. Гэта пацверджана Саборнымі ўлажэннямі 1607 і 1649.
2) На Беларусі ва ўмовах развіцця таварна-грашовых адносін выхад сялянскі стаў гал. перашкодай для феадалаў у павелічэнні іх даходаў. З сярэдзіны 15 ст. ў ВКЛ вядомы абмежаванні выхаду сялянскага (плата за выхад, вяртанне даўгоў, рознай маёмасці і інш., дазвол феадала), што паступова вяло да запрыгоньвання сялян. Нівеліроўка феад. павіннасцей у выніку агр. рэформы ў ВКЛ з сярэдзіны 16 ст. (гл.Валочная памера) вяла да звужэння магчымасцей выхаду сялянскага. Заканадаўча абмежаванні выхаду сялянскага аформлены Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. Гл. таксама Прыгоннае права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЕ КНЯ́СТВА (да канца 15 ст. — Гарадзецкае княства),
феадальная адм.-тэр. адзінка ў 14—16 ст. у ВКЛ у нізоўях р. Гарынь. Цэнтр — Давыд-Гарадок (Гарадок). Вядома з 1382, калі дачка вял.кн.літ. Альгерда Марыя выйшла замуж за князя Давыда Дзмітрыевіча Гарадзецкага. Каля 1390 у дакументах згадваюцца кн.Іван і Юрый Гарадзецкія, верагодна, мясц. Рурыкавічы, нашчадкі Ізяславічаў. Да 1440 княствам валодаў кн. Мітка Давыдавіч, сын Давыда Дзмітрыевіча. Потым вял.кн. Казімір аддаў яго кн. Свідрыгайлу, а пасля яго смерці ў 1452 — ўдаве Ганне Іванаўне з роду цвярскіх князёў (памерла да 1486). Каля 1492 Казімір падараваў Давыд-Гарадоцкае княства выхадцу з Расіі кн. Івану Васілевічу Яраславічу, а пасля яго смерці (1507) яно адышло да сына Фёдара (памёр у 1521 або 1522). Як вымарачнае ўладанне належала вял.кн. Жыгімонту Старому, які ў 1522 перадаў яго сваёй жонцы Боне Сфорцы. З таго часу Давыд-Гарадоцкае княства — састаўная частка Пінскага княства. У 1554 у Давыд-Гарадоцкім княстве праведзена валочная памера. З 1556 яно пад кіраваннем велікакняжацкай адміністрацыі. У 1558 вял.кн. Жыгімонт Аўгуст перадаў яго кн. Радзівілам (адпаведная грамата выдадзена ў 1551), якія замест Давыд-Гарадоцкага княства і Клецкага княства ўтварылі ў 1586 Клецкую ардынацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІ́Н (Іван Аляксандравіч) (28.3.1882, Масква — 21.12.1954),
рускі філосаф, тэарэтык і гісторык рэлігіі і культуры, прадстаўнік неагегельянства. Скончыў юрыд. і гіст.-філал. ф-ты Маскоўскага ун-та. Прыват-дацэнт (з 1912), праф. (з 1918) Маскоўскага ун-та. З 1922 у эміграцыі. Да 1934 жыў і выкладаў у Берліне, з 1938 — у Швейцарыі. Даследаваў стараж.-грэч. і класічную ням. філасофію. Аўтар найб. значнай у гісторыі рус. ідэалізму працы пра Г.Гегеля («Філасофія Гегеля як вучэнне пра канкрэтнасць Бога і чалавека», т. 1—2, 1918, ням пер. 1946). Філас. сістэму Гегеля інтэрпрэтаваў у выглядзе своеасаблівага вопыту рэліг. спасціжэння свету. Цэнтр. для І. былі праблемы Расіі (развіваў ідэю цэласнасці і непадзельнасці), маральнага станаўлення чалавека. Лічыў, што абнаўленне чалавека трэба пачынаць з абнаўлення яго душы і волі. Быў прыхільнікам самадзяржаўнай манархіі і прыватнай уласнасці. Камунізм лічыў ненатуральнай сац. з’явай. Неаднаразова папярэджваў суайчыннікаў аб магчымых «узрушэннях» рус. дзяржавы, звязаных са спробамі яе насільнага раздзялення.
Тв.:
Наши задачи: Ист. судьба и будущее России: Статьи, 1948—1954 гг.Т. 1—2. М., 1992;
Путь к очевидности. М., 1993;
Философия Гегеля как учение о конкретности Бога и человека. Т. 1—2. СПб., 1994.
Літ.:
Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 2. Ч. 2. С. 129—133.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІЯ,
княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ. Вялі радаслоўную ад вял. князя Альгерда, які ў дакументах 1366 пазначаны як уладар г.Кобрын. Верагодна, Кобрын перайшоў да яго сына Фёдара Ратненскага, які меў сыноў Гурку, Сангушку (родапачынальнік князёў Сангушкаў) і Рамана — родапачынальніка князёў К.
Раман Фёдаравіч (? — пасля 1417) упамінаецца ў дакументах з 1387. У 1404 вял. князь Вітаўт выдаў яму грамату на валоданне Кобрынам і навакольнымі маёнткамі (Грушава, Несухаіжы і інш.; гл.Кобрынскае княства); у 1411—17 пры двары польск. караля Ягайлы. Сямён Раманавіч (7 — каля 1460), сын Рамана Фёдаравіча. У 1431 дапамагаў вял. князю Свідрыгайлу бараніць Луцк ад войск Ягайлы. Іван Сямёнавіч (? — каля 1490), сын Сямёна Раманавіча. Зрабіў шмат наданняў цэрквам Кобрыншчыны, у 1473 — царкве Божага Нараджэння ў Пружанах. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду К. Пасля яго смерці Кобрынскае княства пакінута яго ўдаве Фядоры Іванаўне з роду Рагацінскіх. Марыя Сямёнаўна (? — каля 1510), дачка Сямёна Раманавіча, жонка маскоўскага князя Івана Васілевіча Краснага. Ганна Сямёнаўна (? — люты або сак. 1519), дачка Сямёна Раманавіча. У 1481 выдадзена замуж за князя Фёдара Уладзіміравіча Бельскага, які ўцёк у Маск. дзяржаву з-за выкрыцця яго ўдзелу ў змове супраць Казіміра IV. Да 1512 трымала Кобрынскае княства, якое пасля яе смерці перайшло да мужа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЕЎ (Іван Сцяпанавіч) (28.12.1897, в. Ладзейна Падасінаўскага р-на Кіраўскай вобл., Расія — 21.5.1973),
савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1944), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). У арміі з 1916. Скончыў ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1940 камандуючы войскамі Забайкальскай і Паўн.-Каўк.ваен. акруг. У Вял.Айч. вайну камандуючы 19-й арміяй (лета 1941), Зах. (вер. — кастр. 1941, жн. 1942 — люты 1943), Калінінскім (кастр. 1941 — жн. 1942), Паўн.-Зах. (сак. — чэрв. 1943), Сцяпным (ліп. — кастр. 1943), 2-м Укр. (кастр. 1943 — май 1944) і 1-м Укр. (май 1944 — май 1945) франтамі; удзельнік Смаленскай, Маскоўскай і Курскай бітваў, бітвы за Дняпро, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Вісла-Одэрскай, Берлінскай, Пражскай і інш. аперацый. З 1945 галоўнакамандуючы Цэнтр. групай войск і вярхоўны камісар па Аўстрыі. З 1946 галоўнакамандуючы сухап. войскамі і нам. міністра Узбр. Сіл СССР. З 1950 гал. інспектар Сав. Арміі і нам.ваен. міністра СССР. З 1951 камандуючы войскамі Прыкарпацкай ваен. акругі. У 1955—60 1-ы нам. міністра абароны СССР, адначасова ў 1955—56 галоўнакаманд. сухап. войскамі краіны і ў 1955—60 галоўнакаманд. аб’яднанымі ўзбр. сіламі дзяржаў — удзельніц Варшаўскага дагавора. У 1961—62 галоўнакаманд. Групай сав. войск у Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМСКО́Й (Іван Мікалаевіч) (8.6.1837, г. Астрагожск Варонежскай вобл., Расія — 5.4.1887),
расійскі жывапісец і ідэйны кіраўнік дэмакр. руху ў рус. мастацтве 1860—80-х г. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1857—63). Выкладаў у Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1863—68). Ініцыятар «бунту чатырнаццаці», завершанага выхадам з АМ яе выпускнікоў, якія стварылі Арцель мастакоў. Адзін са стваральнікаў і ідэолагаў Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Лідэр рэаліст. кірунку ў рус. жывапісе 2-й пал. 19 ст. Працаваў пераважна ў жанры партрэта.
Стварыў галерэю вобразаў прадстаўнікоў дэмакр. інтэлігенцыі Расіі: Л.Талстой, І.Шышкін (абодва 1873), П.Траццякоў (1876), М.Някрасаў (1877), М.Салтыкоў-Шчадрын (1879), С.П.Боткін (1880) і інш., шэраг твораў на мяжы партрэта і тэматычнай карціны: «Някрасаў у перыяд «Апошніх песень» (1877—78), «Невядомая» (1883), «Несуцешнае гора» (1884). Пранікнёнае назіранне нар. тыпажу, пераасэнсаванне рэліг. тэматыкі ў маральна-філас. плане, ідэю гераічнага самаахвяравання ўвасобіў у творах «Палясоўшчык» (1874), «Міна Майсееў» (1882), «Селянін з аброццю» (1883), «Хрыстос у пустыні» (1872). У Нац.маст. музеі Беларусі знаходзяцца яго творы «Жаночы партрэт» (1870-я г.), «Дзеці ў лесе» (1887).