сутаргавае скарачэнне мышцаў похвы і тазавага дна, спазма мышцаў сцёгнаў, што перашкаджаюць правядзенню палавога акта; разнавіднасць сексуальнай дысфункцыі. Можа прывесці да віргагаміі (дзявоцкі шлюб). Вагінізм узнікае пад уплывам фіз. і псіхічных фактараў (гвалтоўныя і грубыя паводзіны партнёра, пачатак палавога жыцця, неасцярожны гінекалагічны агляд урача), пры заўчасным семявывяржэнні, адсутнасці эрэкцыі, нерашучасці, недастатковай патэнцыі мужа, як засцерагальны механізм ад цяжарнасці. Узнікненню вагінізму спрыяюць пэўныя рысы характару жанчыны, антыпатыя да партнёра і інш. Вагінізм адрозніваюць ад псеўдавагінізму (бывае пры запаленчых працэсах, заганах развіцця палавых органаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЎГМАЛЕ,
гарадзішча жал. веку і ранняга сярэднявечча (канец 1-га тыс.дан.э. — канец 12 ст.) у Латвіі. За 22 км на У ад Рыгі, на левым беразе Зах. Дзвіны (Даўгавы). Месца перасячэння заходнядзвінскага шляху з сухапутным шляхам з Пд і Пн, значная ч. якога праходзіла праз Беларусь. Даследаваў у 1966—70 В.А.Уртанс. Знаходкі (сканд., герм., слав., фін., балцкія, візант., араб. вырабы, зах.-еўрап. манеты) даюць падставу сцвярджаць, што Д. было буйным рамесным і гандл. цэнтрам, да 10 ст. належала земгалам, у 11—12 ст. заселена этнічна змешаным насельніцтвам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГА́Ч,
1) старадаўняе земляробчае свята беларусаў, што спраўлялася пасля заканчэння жніва. З пашырэннем хрысціянства багач быў прымеркаваны да свята нараджэння Божай Маці (8 верасня с. ст.), якая лічылася заступніцай ураджаю.
2) Сімвал свята багач — сявенька з жытам ці пшаніцай і васковай свечкай (збожжа вымалочвалі з 1-га зажыначнага снапа і зносілі па жменьцы з кожнага двара). З багачом абходзілі ўсе двары ў вёсцы, а потым ставілі ў хаце пэўнага гаспадара і пакідалі да наступнага жніва. Паводле нар. павер’яў, багач забяспечваў дому багацце і шчасце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАНАГЛО́С (Balanoglossus),
род паўхордавых жывёл класа кішачнадыхальных. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, на дне мораў. Доўгі час іх адносілі да чарвей; рус. вучоны А.А.Кавалеўскі даказаў (1867), што яны бліжэй да хордавых жывёл, шэраг прыкмет збліжае іх з ігласкурымі і паганафорамі. Найб. вядомы баланаглос клавігерус.
Даўж. 3—250 см (Balanoglossus gigas). Цела чэрвепадобнае, складаецца з 3 аддзелаў — хабатка, каўнерыка і тулава. Маюць шчэлепы (2 рады), якія пранізваюць стрававод. Раздзельнаполыя, Balanoglossus proliferans можа размнажацца палавым і бясполым (дзяленнем) спосабамі. Кормяцца дробнымі жывёламі, расліннымі рэшткамі і інш.арган. рэчывамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТЫ́ЧНАЕ ПАВЕ́ТРА,
паветраныя масы, якія фарміруюцца над Арктыкай. Характарызуюцца нізкімі т-рамі (да -55 ... -60 °C), малой колькасцю вільгаці і значнай празрыстасцю. Пранікае далёка на Пд (да Сярэдняй Азіі, Міжземнамор’я і паўд. раёнаў ЗША) і прыносіць рэзкія пахаладанні ў любую пару года. Адрозніваюць марское арктычнае паветра, што ў Еўропу прыходзіць праз незамярзаючыя Нарвежскае і ч. Баранцава м., і кантынентальнае, якое праходзіць над Карскім і ўсх.ч. Баранцавага мора. Арктычнае паветра ў атмасферы над Беларуссю бывае ў сярэднім 40—70 сут за год, з ім звязаны веснавыя і асеннія замаразкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТМАГЕНЕ́З (ад грэч. bathmos ступень + ...генез),
эвалюцыйная канцэпцыя, паводле якой у аснове прагрэс. развіцця жывых арганізмаў ляжыць унутр. імкненне да самаўдасканалення — «сіла росту», або батмізм. Дзеянне гэтага ўнутр. фактару накіроўваецца, на думку аўтара батмагенезу амер. палеантолага Э.Д.Копа (1871), вонкавымі ўплывамі, намаганнямі, што выклікаюцца патрэбнасцю, а таксама неўсвядомленым або свядомым выбарам. Менавіта свядомы выбар на аснове «сілы росту» ўласцівы, паводле батмагенезу, усяму жывому, стварае новыя адаптацыі арганізмаў, а натуральны адбор толькі захоўвае або знішчае іх. Канцэпцыя батмагенезу аўтагенетычная, падобная да вучэння Ж.Б.Ламарка і ляжыць у аснове псіхаламаркізму. Гл. таксама Неаламаркізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́СЦЕЙКА,
высокаспецыялізаванае ўтварэнне эпідэрмісу раслін. Складаецца з 2 замыкальных клетак і міжклетніка — вусцейкавай шчыліны, якая падзяляе іх і праз якую ажыццяўляецца газаабмен, неабходны для дыхання раслін, фотасінтэзу і транспірацыі. Ноччу, а таксама ўдзень пры недастатковым водазабеспячэнні шчыліна зачыняецца. Нярэдка да замыкальных клетак прылягаюць 2 ці некалькі калявусцейкавых (т.зв. пабочных), што адрозніваюцца ад асн. клетак эпідэрмісу памерамі і формай. Разам з замыкальнымі яны ўтвараюць т.зв. вусцейкавы апарат. Колькасць (ад некалькіх дзесяткаў да 300 і болей на 1 мм² паверхні ліста), выгляд і размеркаванне спецыфічныя для кожнага віду і служаць важнай таксанамічнай прыкметай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДРЭ́ВА ЖЫЦЦЯ́»
(франц. l’arbe de vie),
неафіцыйная назва аднаго з відаў раслін роду туя. Так названа ў пач. 16 ст. каралём Францыі амер. расліна туя заходняя (Thuja occidentalis). Лічыцца таксама, што «Д.ж.» — пераклад нар. назвы азіяцкага віду туі, магчыма, туі ўсходняй (Th. orientalis), — адзінага віду падроду платыкладус, які некат. сістэматыкі вылучаюць у асобны род Biota.
Шматгадовазялёныя дрэвы або кусты з мяккай, але ўстойлівай да гніення драўнінай і шчыльным лускападобным лісцем. Як дэкар. расліны традыцыйна выкарыстоўваюцца на могілках і мемар. комплексах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭПАНАФІ́КУС (Drepanophycus),
род выкапнёвых раслін кл. дзеразападобных. Вядомы з адкладаў дэвону. Знаходкі Д. вядомы ў Казахстане, на Урале, у Бельгіі, Чэхіі, на Пн Амерыкі, Аўстраліі, на Шпіцбергене. Раслі на нізкіх узбярэжжах, якія перыядычна заліваліся вадой, што стварала мноства прамежкавых біятопаў (ад марскіх да кантынентальных). Найб. пашыраныя віды D. spinaeformis (тыповы від роду), D. gaspianus, D. crepinii, D. spinosus.
Травяністыя расліны выш.да 1 м, з плоскім або акруглым у папярочным сячэнні шчацінкападобным лісцем, якое размешчана па спіралі. Лісце і сцёблы мелі шматлікія вусцейкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМА́Х,
наўмыснае дзеянне, непасрэдна накіраванае на ўчыненне злачынства, але не даведзенае да канца па прычынах, якія не залежаць ад волі вінаватага; адна са стадый учынення злачынства. У залежнасці ад таго, ці зрабіў вінаваты ўсё, што ён лічыў неабходным для ажыццяўлення свайго намеру, адрозніваюць закончаны і незакончаны З., у залежнасці ад выбраных сродкаў — прыгодны і непрыгодны З. Пакаранне за З. назначаецца паводле закону, які прадугледжвае адказнасць за адпаведнае злачынства, з улікам ступені ажыццяўлення злачыннага намеру і прычын, з-за якіх злачынства не было даведзена да канца.