ГІСТАРЫ́ЧНЫЯ ЗМЕ́НЫ ГУ́КАЎ у мовазнаўстве,

гукавыя змены, якія нельга вытлумачыць фанетычнымі пазіцыямі ў слове, характэрнымі для кожнага гука сучаснай мовы. Адбываюцца на працягу пэўнага гіст. часу, пасля чаго іх дзеянне спыняецца. Вынікам гістарычнай змены гукаў з’яўляецца знікненне асобных гукаў, з’яўленне новых гукаў або супадзенне некалькіх гукаў у адным.

Так у гісторыі бел. мовы, як і большасці інш. слав. моў, зніклі кароткія (рэдукаваныя) галосныя «ь» і «ъ»; у выніку першай палаталізацыі заднеязычных «г», «х» з’явіліся невядомыя раней «ч», «ж», «ш»; гукі «е» і «ѣ» зліліся ў адным гуку «е». У сучаснай бел. мове гістарычныя змены гукаў адлюстраваліся ў гіст. чаргаваннях: пасля падзення кароткіх «ь», «ъ» з’явілася чаргаванне галосных «е», «о» з нулём гука (напр., «дзень — дня», «сон — сну»); першая палаталізацыя заднеязычных дала чаргаванне «к» — «ч», «г» — «ж», «х» — «ш» (напр., «рука — ручка», «нага — ножка», «страха — стрэшка»). Супадзенне «е» і «ѣ» у адным гуку прывяло да таго, што ў тых словах, дзе быў гук «е» (у т. л. і ўзнікшы «ь») назіраецца чаргаванне «е» — «о» (напр., «вясна — вёсны»), а там, дзе быў «ь» такое чаргаванне (за рэдкімі выключэннямі) не назіраецца (напр., «хлябы — хлеб»). Абсалютную храналогію гістарычнай змены гукаў устанавіць цяжка, а то і немагчыма, таму карыстаюцца адноснай. Так, напр., відавочна, што працэс пераходу «е» ў «о» завяршыўся раней, чым «е» і «ѣ» супалі ў адным гуку.

Літ.:

Янкоўскі Ф.М. Гістарычная граматыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1989;

Vexler P. A historial phonology of Byelorussian. Heidelberg, 1977.

А.​І.​Падлужны.

т. 5, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМЫ́КА (Міхайла) (Міхаіл Аляксандравіч; 12.11.1885, в. Чорнае Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 30.6.1969),

бел. пісьменнік і вучоны. Скончыў Маскоўскі ун-т (1911). Удзельнік рэв. падзей 1905—07. Настаўнічаў у Адэсе, з 1917 удзельнічаў у рабоце культ.-асв. арг-цыі бел. бежанцаў «Беларускі гай», з 1920 загадваў бел. школай-інтэрнатам. З 1921 у Мінску. Выкладаў геалогію і мінералогію ў Бел. педтэхнікуме і БДУ, працаваў у Інбелкульце і Акадэміі навук. Апрацаваў бел. навук. тэрміналогію ў галіне геаграфіі, геалогіі, грунтоў і хіміі (з М.Азбукіным). Удзельнічаў у пошуках нафты на Палессі. 13.7.1930 беспадстаўна арыштаваны і сасланы. Рэабілітаваны ў 1957. Апошнія гады жыў у г. Хімкі. Спачатку пісаў на рус., з 1914 — на бел. мове. Аўтар драмы «Змітрок з Высокай Буды» (1918) пра рэв. падзеі на Беларусі, п’ес «Скарынін сын з Полацка» (паст. 1926, рукапіс не знойдзены), гіст.-рэв. драмы «Каля тэрасы» (паст. 1927, выд. 1929), камедыі «Віно бушуе» (1929). У героіка-рамант. драме «Над Нёманам» (паст. 1927) адлюстраваў рэв. выступленні працоўных Зах. Беларусі. Аўтар эксперым. паэмы «Гвалт над формай» (1922), зб. вершаў «Плынь» і «Дзве паэмы» (абодва 1927). Аўтар успамінаў пра Я.​Купалу, Я.​Коласа, А.​Грыневіча, пра свой удзел у рэв. падзеях («Нас натхняў подых рэвалюцыі», 1965, апубл. 1987), «Старонак сямейнай хронікі» (1962—69, не законч., апубл. 1987).

Тв.:

Выбранае. Мн., 1967;

Родная пушча: П’есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты. Мн., 1987.

Літ.:

Бярозкін Р. Лірыка Міхайлы Грамыкі // Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;

Казека Я. Міхайла Грамыка // Казека Я. Голас часу. Мн., 1975.

І.​У.​Саламевіч.

М.Грамыка.

т. 5, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІДО́ВІЧ (Генрых Вацлававіч) (н. 1.6.1946, в. Янкавічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1968). Настаўнічаў. З 1973 у час. «Полымя», з 1979 нам. гал. рэдактара, з 1991 гал. рэдактар час. «Маладосць». Друкуецца з 1966. Першы зб. апавяданняў «Дажджы над вёскай» (1974). Творы Д. адметныя лірызмам, увагай да побытавых дэталей, дакладным псіхалагізмам. У рамане «Гаспадар-камень» (1984, Літ. прэмія імя І.​Мележа 1987), прысвечаным пярэдадню 1-й сусв. вайны, шматбакова паказаў жыццё тагачасных вёскі і горада, няпростыя шляхі нац. інтэлігенцыі, у якой расло ўсведамленне свайго абавязку. У раманах «Пабуджаныя» (1988) і «Свой дом» (1989) побач з героямі, вядомымі з «Гаспадара-каменя», шмат новых персанажаў — удзельнікаў і кіраўнікоў паліт. руху розных кірункаў на Беларусі ў 1917—18. У рамане «Заходнікі» (1992, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1996) створана панарамная карціна жыцця зах.-бел. сялянства і інтэлігенцыі пачынаючы з канца 1940-х г., іх «перавыхаванне», рэпрэсіі, міграцыі. Выступае з літ.-крытычнымі і публіцыст. артыкуламі. На бел. мову пераклаў раман Дж.​Ф.​Купера «Апошні з магікан».

Тв.:

Цяпло на першацвет. Мн., 1976;

Маладыя гады. Мн., 1979;

Міланькі. Мн., 1980;

На новы парог. Мн., 1983;

Станаўленне. Мн., 1985;

Міг маладосці. Мн., 1987;

Жывы покліч. Мн., 1995;

Жар кахання. Мн., 1996;

Кліч роднага звона. Мн., 1997.

Літ.:

Савік Л. Адчуванне часу. Мн., 1981. С. 159—165;

Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;

Тычына М. Змена квадры. Мн., 1983. С. 124—125, 129—133, 155—156.

А.​У.​Рагуля.

Г.В.Далідовіч.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎНАСЦЬ у праве,

устаноўлены законам тэрмін, сканчэнне якога цягне юрыд. вынікі: страту права на іск (іскавая Д.), на прымусовае выкананне рашэння суда, арбітражу і да т.п. (выканаўчая Д.), выключэнне крымін. адказнасці або магчымасці выканання абвінаваўчага прыгавору.

Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь цячэнне іскавай Д. звычайна пачынаецца з дня ўзнікнення права на іск, Д. для прыцягнення да крымін. адказнасці — з дня ўчынення злачынства, Д. прывядзення ў выкананне абвінаваўчага прыгавору ці суд. рашэнняў па цывільных справах — з часу набыцця імі законнай сілы. Агульны тэрмін іскавай Д. ўстанаўліваецца ў 3 гады (для асобных яе відаў закон прадугледжвае спец. тэрміны Д.). Пры наяўнасці законных падстаў цячэнне тэрмінаў іскавай Д. можа прыпыняцца або перарывацца.

Тэрміны Д. прыцягнення да крымін. адказнасці і выканання абвінаваўчага прыгавору дыферэнцыраваны законам і залежаць ад цяжкасці злачынства і назначанага судом пакарання. У такіх выпадках ён доўжыцца ад 1 да 10 гадоў з моманту ўчынення злачынства ці асуджэння. Цячэнне Д. перарываецца або прыпыняецца, калі да сканчэння гэтых тэрмінаў вінаваты зробіць новае злачынства ці асуджаны ўхіліцца ад адбывання пакарання або зробіць новае злачынства. Вылічэнне Д. ў такіх выпадках пачынаецца з моманту ўчынення новага злачынства або затрымання асуджанага. Асоба не можа быць прыцягнута да крымін. адказнасці, калі з моманту ўчынення злачынства мінула 15 гадоў і Д. не была перарвана ўчыненнем новага злачынства. Прымяненне Д. да асобы за злачынства, за якое паводле закону можа быць назначана пакаранне смерцю, вырашае суд. У адпаведнасці з міжнар. канвенцыяй Д. крымін. праследавання не ўжываецца да ваен. злачынцаў.

С.​У.​Скаруліс.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫЧА́ЙНЫЯ ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,

ураўненні адносна функцыі адной пераменнай, якая ўваходзіць у гэта ўраўненне разам са сваімі вытворнымі да некаторага парадку ўключна. Найбольшы парадак вытворнай наз. парадкам ураўнення.

Калі З.д.ў. запісана ў форме x (n) = 𝑓 (t, x, x′, ..., x(n−1)) , то кажуць, што гэта ўраўненне n-га парадку ў нармальнай форме. Згодна з тэарэмай існавання і адзінасці ў такога ўраўнення існуе і прычым толькі адно рашэнне з пачатковымі ўмовамі x(t0) = x 1 0 , x′(t0) = x 2 0 ..., x(n−1)(t0) = x n 0 , дзе t0, x10, x20, ..., xn0 — адвольны пункт вобласці D ⊂ R 1 + n у якой 𝑓(t, x, ..., xn) — функцыя, неперарыўная разам са сваімі вытворнымі 𝑓′x1, 𝑓′x2, ..., 𝑓′xn. Гэта азначае, што пачатковыя ўмовы цалкам вызначаюць усё мінулае і будучае той рэальнай сістэмы, якая апісваецца гэтым ураўненнем. Пры дапамозе З.д.ў. або іх сістэм мадэлююць дэтэрмінаваныя рэальныя сістэмы (працэсы). Пры гэтым стан сістэмы ў кожны момант часу t павінен апісвацца канечным мноствам параметраў x1, ..., xn. Тады, каб запісаць такаю мадэль, дастаткова ў мностве станаў сістэмы, якую мадэлююць, задаць скорасці пераходу ад аднаго стану сістэмы да яе наступнага стану.

Літ.:

Еругин Н.П. Книга для чтения по общему курсу дифференциальных уравнений. 3 изд. Мн., 1979;

Петровский И.Г. Лекции по теории обыкновенных дифференциальных уравнений. 7 изд. М., 1984.

У.​Л.​Міроненка.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСТВЫ,

органы мясц. самакіравання ў Рас. імперыі, створаныя паводле земскай рэформы 1864. На Беларусі ўведзены ў 1911 у Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ. У З. пануючае становішча займалі памешчыкі; удзельнічалі прадстаўнікі буржуазіі (фабрыканты, купцы, заможныя сяляне), з цягам часу іх колькасць павялічвалася. Царскі ўрад, які баяўся ўплыву ліберальна-бурж. элементаў у З., перадаў ім толькі мясц. гасп. справы, што датычылі адпаведнай губерні ці павета. Аддзяленне гасп. спраў ад агульнай адміністрацыі драбіла мясц. кіраванне паміж казённымі і земскімі ўстановамі, што адмоўна адбівалася на ўсім ходзе мясц. дзейнасці. Асновай бюджэту З. было абкладанне падаткамі нерухомай маёмасці: зямель, дамоў, фабр.-зав. прадпрыемстваў і гандл. устаноў. Расходы З. падзяляліся на абавязковыя (дарожныя, кватэрныя і інш.) і неабавязковыя (на ахову здароўя і нар. асвету). Губернатар і міністр унутр. спраў мелі права затрымаць выкананне любой пастановы земскага сходу. Нягледзячы на абмежаванасць, З. садзейнічалі развіццю мясц. ініцыятывы, гаспадаркі і культуры. Яны адкрывалі на свае сродкі школы, бальніцы, урачэбныя ўчасткі, удзельнічалі ў расходах на ўтрыманне царк.-прыходскіх школ, арганізоўвалі вет. абследаванне і сан. нагляд, агранамічныя мерапрыемствы (стваралі склады с.-г. машын, насенныя і зернеачышчальныя пункты, доследныя палі), займаліся статыстыкай (гл. Земская статыстыка), страхаваннем, вогнеўстойлівым буд-вам, садзейнічалі развіццю саматужных промыслаў. Ліквідаваны пасля Кастр. рэвалюцыі.

Літ.:

Мыш М.И. Положение о земских учреждениях 12 июня 1890 г... СПб., 1894;

Веселовский Б.Б. История земства за сорок лет. Т. 1—4. СПб., 1909—11;

Слобожанин В.П. Земское самоуправление в Беларуси (1905—1917 гг.). Мн., 1994.

С.​П.​Самуэль.

т. 7, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНО́ЎСКІХ БІБЛІЯТЭ́КА,

збор кніг бел. рэвалюцыянераў-дэмакратаў братоў В.Каліноўскага і К.Каліноўскага.

Асн. тэматыка збору — гісторыя ВКЛ. Да 1864 знаходзілася на прыватнай кватэры Каліноўскіх у Пецярбургу. Налічвала некалькі соцень кніг на бел., рус., польск., лац., ням., франц. мовах па гісторыі, філасофіі, мовазнаўстве, юрыспрудэнцыі Беларусі, Польшчы і інш. краін, творы маст. л-ры. Была палемічная л-ра 16—17 ст., выданні сеймавых выступленняў дзярж. і царк. дзеячаў таго часу, каралеўскія і гетманскія універсалы і інш., у т. л. «Вянец бессмяротнасці. З нагоды смерці Кацярыны Радзівіл» Вітанскага (1643), «Смерць Caneri» С.​Тупіка (1667), «Праўдзівая рэляцыя аб навагрудскай дыспутацыі», «Трыбунал Вялікага княства Літоўскага» (1793) і інш. Сярод маст. л-ры твор на старабел. мове «Жартоўныя трагедыі» (1642; захоўваецца ў Цэнтр. навук. б-цы АН Украіны ў Кіеве), творы ўраджэнцаў Беларусі С.​Ягадынскага, Ф.​Князьніна, польск. паэта Ц.​Норвіда. У К.б. былі рукапісы (арыгіналы і копіі), бібліягр. працы па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, у т. л. «Бібліяграфічныя кнігі» І.​Лялевеля (т. 1—2, 1823—26), «Гісторыя польскай літаратуры» Ф.​Бянткоўскага (т. 1—2, 1814). Многія з іх былі выдадзены ў Вільні, Полацку, Магілёве, Віцебску, Гродне, Торуні, Варшаве. Лёс б-кі пасля смерці братоў Каліноўскіх (1862 і 1864) не вывучаны. У б-цы імя Асалінскіх (Вроцлаў) захоўваецца каталог (няпоўны), у якім зафіксавана 230 кніг. Частка кніг з аўтографамі В.​Каліноўскага выяўлена ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Рукапісы ў пач. 1870-х г. прададзены ў Варшаве, далейшы іх лёс невядомы.

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕЦЬ,

традыцыйная сялянская гасп. пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення і інш. Шырока вядома ў нар. дойлідстве слав. і балт. народаў, у Скандынавіі. На Беларусі была пашырана ўсюды ў 19 — пач. 20 ст. У бел. нар. дойлідстве К. — у плане блізкі да квадрата аднакамерны зруб (каля 5 × 6 м) на камянях або дубовых штандарах, накрыты 2-схільнай (радзей вальмавай) страхой з драніцы, саломы, чароту. Тарцовыя сцены звычайна рубіліся закотам. Часам бярвёны 2 ніжніх вянкоў, выпушчаныя да 1 м вонкі, утваралі перад уваходам ганак. На Палессі да пач. 20 ст. існавалі парныя К., злучаныя павецямі. Падлога насцілалася з тонкіх бярвён або плашак (нярэдка абмазаных глінай), столь адсутнічала або была з бярвён у выглядзе скляпення. У некат. К. быў невысокі верхні паверх пад страхой, з галерэйкай на гал. фасадзе, пад падлогай рабілі мураваныя або рубленыя скляпы. К., што стаяла асобна, часта наз. свірнам. К. называлася таксама прыбудова да хаты, якая выкарыстоўвалася як летняе жыллё (звычайна для маладажонаў). З хатай злучалася сенцамі або мела самаст. ўваход звонку. У вял. сям’і, дзе было некалькі жанатых сыноў, для кожнай маладой пары будавалі асобную К. У ёй захоўвалі пасаг нявесты. Больш бедныя сяляне замянялі К. каморай-кладоўкай. Часам К. наз. неацяпляльную ч. хаты. К. захаваліся да нашага часу, але страцілі свае першапачатковыя функцыі. Выкарыстоўваліся таксама пры буд-ве абарончых збудаванняў (вежы, гародні). Храмы з прамавугольнымі зрубамі і 2-схільнымі дахамі (без вярхоў і шатроў) наз. клецевымі.

Ю.​А.​Якімовіч.

Клець у вёсцы Пузыры Мядзельскага раёна Мінскай вобл.

т. 8, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЯ́МАНТ НА СМЕРЦЬ ЛЯВО́НА КАРПО́ВІЧА»,

«Лямент у света убогих на жалосное преставление святобливого... отца Леонтия Карповича», помнік бел. літаратуры 17 ст. Паэма, напісаная невядомым аўтарам і апублікаваная Віленскай брацкай друкарняй у канцы 1620. Прысвечана памяці бел. царк.-рэліг. дзеяча і пісьменніка-прапаведніка эпохі барока Л.Карповіча.

Складаецца з «ляманту»-плачу па нябожчыку і маналога-суцяшэння ад імя Карповіча праваслаўнаму насельніцтву Вільні, дзе ён жыў і працаваў. Твор элегічна-панегірычны. Аплакванне смерці Карповіча перарастае ў паэме ва ўслаўленне яго як чалавека высокіх маральных якасцей, дзейнага, мужнага і самаахвярнага змагара за веру сваіх продкаў. Вобраз гал. героя пададзены ў духу жыційнай л-ры і ўзняты да ўзроўню ідэальнага хрысц. святога. Заключная частка «Ляманту...» мае выразны публіцыстычна-дыдактычны характар: ад імя нябожчыка паэт заклікае жыць сумленна і высакародна, свята берагчы нац.-рэліг. традыцыі свайго народа. Паводле агульнай накіраванасці паэма была вельмі надзённай, сугучнай часу — перыяду цяжкай барацьбы бел. народа з феад.-каталіцкай рэакцыяй, што набліжае яе да твораў палемічнай літаратуры. Твор вызначаецца глыбокай эмацыянальнасцю і пранікнёным лірызмам, яркай, паэт.-вобразнай мовай. Яму ўласцівы некаторыя рысы барока: спалучэнне ўзнёслага і будзённага, кніжнага стылю з жывой бел. мовай, вобразаў ант. і біблейскай міфалогіі; выкарыстанне тыпова барочных эпітэтаў, метафар і параўнанняў. Напісана 13-складовым сілабічным вершам з выразнай тэндэнцыяй да танізацыі, якая выяўляецца ў прыкметна харэічнай яго аснове.

Літ.:

Саверчанка І.В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст. Мн., 1992. С. 76—92, 150—164.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫМЭ́ ((Mérimée) Праспер) (28.9.1803, Парыж — 23.9.1870),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (з 1844). Скончыў Сарбону (1823). Першы твор — зб. аднаактовых п’ес «Тэатр Клары Газуль» (1825), аўтарства якіх прыпісваў прыдуманай ім ісп. пісьменніцы і актрысе. Містыфікацыяй у духу рамант. часу з’явіўся зб. празаічных балад «Гюзла...» (1827), якія выдаваў за паўд.-слав. фальклор. Гіст. драма «Жакерыя» (1828) пра антыфеад. сял. паўстанне 14 ст. ў Францыі. Асуджэнне рэліг. нецярпімасці і фанатызму ў гіст. рамане «Хроніка панавання Карла IX» (1829) пра трагічныя падзеі ў Варфаламееўскую ноч 1572. Пісаў навелы, адметныя маст. выразнасцю, псіхалагізмам, стылявой стрыманасцю і дакладнасцю, т.зв. экзатычныя («Матэа Фальконе», «Таманга», абедзве 1829; «Каломба», 1840; «Кармэн», 1845), на тагачасную франц. тэматыку («Этруская ваза», «Партыя ў трык-трак», абедзве 1830; «Двайная памылка», 1833; «Арсена Гіё», 1844), фантаст. («Венера Ільская», 1837; «Локіс», 1869). Аўтар даследаванняў па гісторыі мастацтва, л-ры, перакладчык твораў А.​Пушкіна, М.​Гогаля, І.​Тургенева. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.​Вольскі, З.​Жук, А.​Істомін, Н.​Мацяш, С.​Шупа. Многія навелы М. экранізаваны, на сюжэт навелы «Кармэн» напісана аднайм. опера Ж.​Бізэ. БДТ-1 паст. яго драму «Жакерыя» (1934), Бел. т-р імя Я.​Коласа — «Тэатр Клары Газуль» (1944).

Тв.:

Бел. пер. — Кармен. Мн., 1936;

Варфаламееўская ноч. Мн., 1938;

Жакерыя: Сцэны з феадальных часоў. Мн., 1940;

Навелы. Мн., 1990;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1983.

Літ.:

Фрестье Ж Проспер Мериме. М., 1987.

С.​Дз.​Малюковіч.

П.Мерымэ.

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)