РЭАЛЬГА́Р (франц. re’algar ад араб. рахдж аль гхар — літар. пыл рудніка),
мінерал класа сульфідаў, сульфід мыш’яку, AS4S4. Мае 70,1% мыш’яку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае зямлістыя масы, налёты, коркі, зярністыя агрэгаты, рэдка прызматычныя крышталі. Колер ярка-чырвоны, аранжава-жоўты. Бляск шкляны, смалісты. Празрысты. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 3,6 г/см³. Крохкі. Паходжанне гідратэрмальнае; таксама прадукт вулканічнай сублімацыі і выдзялення з тэрмальных крыніц. Радовішча ў ЗША, Чылі, Кыргызстане, Расіі, Італіі і інш. Руда мыш’яку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ТУШ (франц. retouche ад retoucher падмалёўваць, падпраўляць, літар. — зноў датыкацца),
выпраўленне выяў (малюнкаў, фотаздымкаў і інш.) шляхам прарысоўкі іх алоўкамі або фарбамі, выскрабання асобных участкаў або хім. апрацоўкі (траўленне эмульсіі фатаграфічнага слоя). Бывае тэхнічная (выдаленне выпадковых дэфектаў — кропак, плям, драпін) і градацыйная (узмацненне або аслабленне шчыльнасці асобных участкаў паўтонавай выявы). У паліграфіі Р. выкарыстоўваюць для падрыхтоўкі арыгіналаў да друку, выпраўлення негатываў і дыяпазітываў перад вырабам друкарскіх форм. Звычайна выконваюць уручную, на выявах вял. памераў — аэрографам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВЕ́НЫ (Cevennes),
горы на ПдУ Францыі, платопадобная паўд.-ўсх. ўскраіна Цэнтр.Франц. масіву. Даўж. каля 150 км. Выш. да 1702 м (г. Лазер); Паўд. і ўсх. схілы стромка абрываюцца да Ронскай нізіны, паўн. і зах. — пакатыя. Складзены пераважна з гранітаў, гнейсаў, сланцаў, месцамі з вулканічных парод. Міжземнаморскія хмызнякі, вышэй шыракалістыя лясы (з каштану, буку) змяняюцца хвойнымі (з хвоі, елкі, піхты), на вяршынях — лугі. У далінах — вінаграднікі, сады. Нац. парк Севены (засн. ў 1970).
французскі архітэктар. Вучань Ф.Мансара. Кіраваў перабудовай каралеўскага палаца ў Версалі (1678—89), стварыў (з Ш.Лебрэнам) шэраг інтэр’ераў, у т. л. Люстраную галерэю з заламі Міру і Вайны (1678—86), пабудаваў замак Кланьі (1676—83), палац Вялікі Трыанон (1687). Аўтар планіроўкі і забудовы Вандамскай пл. (1685—1701), пл. Перамогі (1685—86), Сабора інвалідаў (1680—1706, усе ў Парыжы). У творчасці Ардуэна-Мансара архітэктура франц. класіцызму дасягнула вышэйшага росквіту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АР’ЕРГА́РД (ад франц. arrière задні, тылавы + garde варта),
мотастралковая (танкавая) часць (падраздзяленне), прызначана для прыкрыцця войскаў у час іх адыходу або маршу ад фронту ў тыл. Ідзе следам за гал. сіламі. Задача ар’ергарду затрымаць наступаючыя сілы праціўніка, выйграць час, неабходны для адрыву гал. сіл, і забяспечыць ім планамерны адыход на новыя рубяжы. Склад. задачы і аддаленасць ар’ергарду ад гал. сіл залежыць ад памеру калоны і баявых абставін. Звычайна асн. сілы ар’ергарду ўзмацняюцца ці падтрымліваюцца інш.спец. падраздзяленнямі і авіяцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ТНЫ АБСАЛЮТЫ́ЗМ,
палітыка шэрагу еўрапейскіх абсалютысцкіх дзяржаў у 2-й пал. 18 ст., якая падтрымлівала ідэі Асветніцтва. Выяўляўся ў правядзенні рэформаў, накіраваных на знішчэнне некаторых устарэлых феад. ін-таў. Манархі Іосіф II у Аўстрыі, Фрыдрых II у Прусіі, Кацярына II у Расіі, Густаў III у Швецыі і інш., спрабуючы выкарыстаць папулярнасць ідэй франц. асветнікаў, выстаўлялі сваю дзейнасць як саюз «філосафаў і гасудароў». Асветны абсалютызм быў накіраваны на ўмацаванне панавання дваранства, хоць некаторыя рэформы садзейнічалі развіццю капіталіст. ўкладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РЖА (франц. barge),
пласкадоннае грузавое несамаходнае судна без аснасткі з невялікай асадкай. Перацягваецца буксірам. У залежнасці ад грузаў, якія перавозяцца, баржы падзяляюцца на сухагрузныя (для пяску, руды, кам. вугалю) і наліўныя (вадкае паліва, вада); ад раёна плавання — на марскія, рэйдавыя (прыбярэжныя) і рачныя. На Беларусі з’явілася ў канцы 19 ст. і паступова стала асн. тыпам рачнога грузавога транспарту (з часам драўляныя судны заменены металічнымі). Сучасныя баржы, якія выкарыстоўваюць на ўсіх буйных рэках рэспублікі, пераважна сухагрузныя; грузападымальнасць 100—700 т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРЫБУ́Т (ад лац. attributum дадзенае, надзеленае) у філасофіі, неабходная, істотная ўласцівасць прадмета ці з’явы. Тэрмін вядомы з часоў Арыстоцеля, які адрозніваў пастаянны атрыбут ад выпадковых станаў (акцыдэнцый). Дэкарт разглядаў атрыбут як асн. ўласцівасць субстанцыі. Таму атрыбут цялеснай субстанцыі ў яго выступаў як працягласць, а атрыбут духоўнай субстанцыі — як мысленне. Спіноза лічыў працягласць і мысленне атрыбутам адзінай субстанцыі. Франц. матэрыялісты 18 ст. атрыбутам матэрыі лічылі працягласць і рух, а некаторыя (Дзідро, Рабінэ) — мысленне. Тэрмін выкарыстоўваецца і ў сучаснай філасофіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЎСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА.
Існавала ў 1795—1806 на тэр. Нідэрландаў. Утворана ў студз.—сак. 1795 пасля ўступлення сюды франц.рэсп. войскаў і паўстання мясц. насельніцтва. Назва паходзіць ад герм. племені батаваў, якое ў старажытнасці засяляла тэр. Нідэрландаў. Ваен.-паліт. саюз (1795) з Францыяй вызначыў залежнасць ад яе Батаўскай рэспублікі. Унутрыпаліт. жыццё адметнае вострай барацьбой паміж рознымі паліт. плынямі і слаямі буржуазіі. У 1806 Напалеон I ператварыў Батаўскую рэспубліку ў Галандскае каралеўства (1806—10), зрабіўшы каралём свайго брата Луі (Людовіка) Банапарта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛУ́МАРТ ((Bloemaert) Абрахам) (25.12.1564, г. Горынхем, Нідэрланды — 27.1.1651),
галандскі жывапісец. Зазнаў уплыў франц. мастакоў-маньерыстаў; адышоўшы ад маньерызму, стварыў уласны просты і ясны барочны стыль. Тонавае вырашэнне яго карцін адпавядала прынцыпам караваджызму (святлоценявыя кантрасты). Звяртаўся да біблейскіх і міфал. сюжэтаў. Аўтар жанравых кампазіцый і пейзажаў: «Вяселле Тэтыды» і «Казанне Яна Хрысціцеля» (1638), «Укрыжаванне» (1640), «Адпачынак на шляху ў Егіпет» (1631), «Ігрок на флейце» (1643) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
А.Блумарт. Адпачынак на шляху ў Егіпет. Фрагмент. 1631.