ПАЎНО́ЧНА-АТЛАНТЫ́ЧНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне ў паўн. частцы Атлантычнага акіяна, працяг Гальфстрыма. Пачынаецца каля Вял. Ньюфаўндлендскай банкі і накіравана на ПнУ — у Нарвежскае мора. Каля 60° паўн. ш. разгаліноўваецца на Ірмінгера цячэнне і Нарвежскае цячэнне. Т-ра вады ад 7 да 15 °C. Скорасць на Пд 0,9—1,8 км/гадз на ПнУ да 0,4—0,7 км/гадз. Расход вады мяняецца ў залежнасці ад інтэнсіўнасці Гальфстрыма. Ваганні расходу вады і цеплавога стану П.-А.ц. ўплываюць на надвор’е і клімат Зах. і Паўн. Еўропы.

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНА-ГВІНЕ́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША У Зах. Афрыцы. Цягнецца паралельна ўзбярэжжу Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал. ад вытокаў рэк Нігер, Сенегал, Гамбія на З да ніжняга цячэння Нігера на У. Складаецца з гор і пласкагор’яў, якія з’яўляюцца выступамі Афрыканскай платформы. Выш. ад 300—500 м на У да 500—1000 м на З (г. Бінтымані, 1948 м). Паўд. паветраныя схілы больш стромкія, моцна расчлянёныя шматлікімі рэкамі, укрытыя гал. ч. вільготнымі вечназялёнымі лясамі; на больш засушлівых паўн. схілах пераважаюць лістападныя саванныя лясы і высакатраўныя саванны.

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЦЫЦА́ЛЬНЫЯ (Pezizales),

парадак сумчатых грыбоў. Больш за 250 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і трапічных паясах. На Беларусі каля 30 відаў. Найб. вядомыя роды: смаржок, страчок, шапачка, гельвела (лопаснік), пецыца, піранема. Сапратрофы. Растуць на глебе, ламаччы, драўніне ў лясах, на вогнішчах. Некат. паразітуюць на раслінах.

Пладовыя целы (апатэцыі) утвараюцца на міцэліі сподка- або чашападобнай формы, дыяметрам да 10 см, афарбоўка — ад аранжава-чырв. да цёмна-карычневай. Сумкі цыліндрычныя, маюць пераважна па 8 аднаклетачных карычневых або пурпуровых аскаспор. У гіменіі заўсёды прысутнічаюць парафізы.

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНГІЛЕ́Н, Сенгілен,

нагор’е ў Паўд. Сібіры, на ПдУ Рэспублікі Тыва, Расія. Водападзел рэк бас. Малога Енісея (Ка-Хем) і Тэс-Хем. Даўж. каля 230 км, найб. шыр. 120 км, выш. да 3276 м. Складзены з гнейсаў, крышт. сланцаў, мармурызаваных вапнякоў, прарваных інтрузіямі. Радовішчы жалезістых кварцытаў, нефелінаў, графіту, золата. Пераважае сярэднягорны рэльеф. На паўн. схілах — кедрова-лістоўнічныя лясы, на Пд і ў цэнтры ў глыбокаўрэзаных далінах — драўнінная расліннасць, на схілах — стэпы, якія на выш. 1800—200 м пераходзяць у горныя лугі і тундры.

т. 14, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНФІ́РАВА Вольга Аляксандраўна (2.5.1917, г. Самара, Расія — 13.12.1944),

удзельніца баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыла Батайскую ваен. авіяшколу (1942). На фронце з мая 1942. Камандзір эскадрыллі 46-га Таманскага начнога лёгкабамбардзіровачнага жаночага авіяпалка. Капітан С. ў час Беларускай аперацыі 1944 бамбіла тэхніку праціўніка каля Магілёва, Гродна, на пераправе цераз р. Пціч. На яе рахунку 630 баявых вылетаў. Пры вяртанні з баявога задання яе самалёт падбіты, загінула на мінным полі. У Гродне яе імем названа вуліца.

т. 14, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫПІ́ЦА,

рака ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 36 км. Пл. вадазбору 360 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдУ ад в. Лагвошчы, вусце за 2 км на ПнЗ ад в. Перароў. Асн. прытокі Гніліца і Навуць (злева). Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Даліна на ўсім працягу невыразная. Пойма роўная, на невял. участку ў сярэднім цячэнні ўзгорыстая. Рэчышча ад вытоку на працягу амаль 25 км каналізаванае, злучае ланцуг невял. старычных азёр у пойме р. Прыпяць.

т. 14, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ГАРД (Thagard) Норман (н. 3.7.1943. г. Марыяна, штат Фларыда, ЗША),

касманаўт ЗША. Магістр навук у галіне тэхнікі (1966). Д-р медыцыны (1977). Скончыў Тэхаскі ун-т. З 1978 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК) 18—24.6.1983 і 29.4—6.5.1985 на КК «Чэленджэр». 4—8.5.1989 на КК «Атлантыс», 22.1—30.1.1992 на КК «Дыскаверы», 14.3—7.7.1995 на КК «Саюз ТМ-21» і арбітальнай станцыі «Мір» (пасадка на КК «Атлантыс»). Правёў у космасе 140,4 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 15, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАПІ́ЛАЎСКАЕ БАЛО́ТА.

Вярховага (60%), нізіннага (20%), мяшанага (10%) і пераходнага (10%) тыпаў на ПдЗ Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл., у вадазборы р. Сцвіга. Пл. 11 тыс. га, у межах прамысл. пакладу торфу 6,2 тыс. га. Глыб. торфу да 5,8 м, сярэдняя 2,1 м. Запасы торфу каля 19,2 млн. т (здабываецца на ўгнаенне). Балота ўваходзіць у склад Палескай базы бітумнай сыравіны. Каля 500 га асушана, выкарыстоўваецца пад сенажаць. На неасушанай тэр. хваёвы лес, хмызнякі, месцамі асокі, чарот, трыснёг. На балоце біял. заказнік Букчанскі.

т. 15, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́МЗА (Thames),

найбольшая рака ў Вялікабрытаніі. Даўж. 346 км, пл. бас. 15,3 тыс. км². Вытокі на ўзв. Котсуалд-Хілс, цячэ пераважна ў межах Лонданскага бас., упадае ў Паўночнае м., утварае эстуарый. Сярэдні расход вады 260 м³/с, павышаная воднасць зімой. На нізоўе Т. ўплываюць марскія прылівы. Суднаходная; марскія судны падымаюцца на 64 км (да Лондана). Т. злучана каналамі з Брыстольскім зал. і Ірландскім морам. На Т. — гарады Оксфард, Рэдынг, Лондан (працягваецца ўздоўж Т. і яе эстуарыя прыблізна на 60 км).

т. 16, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКЛА́Д,

грашовыя сродкі, якія на пэўных умовах унесены ў банк ці інш. фін. ўстанову з мэтай захавання і атрымання даходаў у выглядзе працэнтаў. Існуюць У.: імянныя, на прад’яўніка (можа карыстацца асоба, якая мае дакумент аб укладзеных сродках), нумарны (гарантуе асобую канфідэнцыяльнасць). Адрозніваюць таксама У.: да запатрабавання (без пазначэння тэрміну захоўвання), тэрміновы (на пэўны тэрмін, звычайна не менш як на год), мэтавы — уносіцца з пэўнай мэтай (напр., для накаплення сродкаў на куплю дома); выйгрышны (даход выплачваецца ў форме выйгрышу па тыражах) і інш.

т. 16, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)