ЛЕ́ПЕЛЬСКІ КОНТРУДА́Р 1941,

контрудар на Лепельскім напрамку сав. войск 20-й арміі (ген.-лейт. П.А.Курачкін) Зах. фронту ў складзе 5-га і 7-га механіз. карпусоў 6—10 ліп. ў Вял. Айч. вайну з мэтай разгрому групоўкі ворага, які наступаў у напрамку Віцебска. Злучэнні 5-га і 7-га карпусоў выйшлі з раёна Багушэўска на Сянно, вызвалілі яго, прасунуліся на 30—40 км, разграмілі 2 ням. матарызаваныя палкі, на Лепельскім напрамку знішчылі матарызаваную дывізію, да 40 гармат, шмат трансп. сродкаў праціўніка. Найб. упартыя баі, у т. л. танкавыя (удзельнічала да 1,5 тыс. танкаў), ішлі на Пн ад Сянна. Падцягнутыя рэзервы ворага і падтрымка авіяцыі вымусілі сав. карпусы спыніць наступленне і адысці ў раён Оршы. Контрударам ворагу прычынены страты, значна паменшана яго ўдарная сіла і тэмп прасоўвання на У. У памяць аб Л.к. ў г.п. Багушэўск Сенненскага р-на пастаўлены помнік.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ТАС (Nelumbo),

род кветкавых раслін сям. лотасавых. 2 віды. Пашыраны Л. арэханосны (N. nucifera) у Паўд. Еўропе (напр., дэльта р. Волга), Паўд.-Усх. Азіі і Паўн.-Усх. Аўстраліі, Л. жоўты (N. lutea) у Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. У Індыі, Карэі, Кітаі, Японіі культывуецца. Рэлікт трацічнага перыяду.

Шматгадовыя буйныя водныя, часам земнаводныя травы з развітым карэнішчам. Надводнае лісце буйное, шчытападобнае, доўгачаранковае, высока ўзнімаецца над вадой, тое, што плавае, — круглявае, плоскае, падводнае — сядзячае, лускападобнае. Тканкі з вял. паветраноснымі поласцямі. Кветкі дыям. да 30 см, ружовыя або жоўтыя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Пялёсткі і тычынкі шматлікія. Плод — шматарэшак. Насенне захоўвае ўсходжасць да некалькіх тысяч гадоў.

Усе ч. расліны маюць у сабе вітамін С і каўчук, у чаранках і праростках — ядавітае рэчыва нелюмбін. Насенне і карэнішча ўжываюцца ў ежу і на корм жывёле. Харч., лек. і культавыя расліны; стараж. культура народаў Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі, амер. індзейцаў.

Лотас арэханосны.

т. 9, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГІЯ,

чарадзейства; абрады, дзеянні або слоўныя формулы-заклінанні, якімі чалавек імкнуўся ўздзейнічаць на сілы прыроды, лёс, істоты і прадметы. Узнікла ў першабытным грамадстве. Вядомая ўсім народам, захавалася ў рэліг. вераваннях да нашага часу. Адрозніваюць белую М., якая заклікала бога, і чорную М., што звярталася да «нячыстай» сілы. У аснове М. ўяўленне, што пэўнае дзеянне выклікае адпаведную жаданую з’яву. Найб. пашыраныя віды М.: лячэбна-засцерагальная (знахарства, замовы), гасп. (земляробчая, паляўнічая, бортніцкая, будаўнічая), быт. (засцярога ў дарозе, пры начлезе ў лесе і інш.), любоўная (прыварожванне, адварожванне), шкаданосная (насланнё, псаванне, заломы ў жыце). Часта была заняткам т.зв. чараўнікоў, ведзьмароў, шаманаў. Рэшткі магічных элементаў існуюць і ў наш час.

Літ.:

Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах. Витебск, 1897;

Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;

Максимов С.В. Нечистая, неведомая и крестная сила. СПб., 1994.

т. 9, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТАМЯ́ККІЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, магнітна-мяккія матэрыялы,

фера- і ферымагнетыкі з малым значэннем каэрцытыўнай сілы (Hc < 800 А/м). Характарызуюцца высокімі значэннямі магнітнай пранікальнасці, якія дасягаюцца зніжэннем энергій магнітна-крышт. і магнітапругкай анізатрапіі (гл. Магнітная анізатрапія).

М.м. з’яўляюцца: тэхнічна чыстае жалеза, нізкавугляродзістая і электратэхн. (крамяністая) сталь; крышт. сплавы жалеза з нікелем (пермалой), з нікелем і кобальтам (пермінвар), з кобальтам і дабаўкамі ванадыю (пермендзюр), з алюмініем (алфер), з алюмініем і крэмніем (алсіфер); аморфныя сплавы на аснове жалеза, кобальту, нікелю з дабаўкамі (да 20%) бору, крэмнію, вугляроду і інш. элементаў (амарфізатары); ферыты; магнітадыэлектрыкі. Найб. высокія значэнні магн. пранікальнасці маюць метал. М.м., якія выкарыстоўваюць пры рабоце на частотах да 10​5 Гц, на частотах 10​4—10​8 Гц выкарыстоўваюць магнітадыэлектрыкі, нікель-цынкавыя ферыты, ферыты-гранаты. З М.м. вырабляюць асяродкі і полюсныя наканечнікі магнітаў, магнітаправоды, трансфарматары, розныя прылады ЗВЧ. Гл. таксама Магнітныя матэрыялы.

Г.​І.​Макавецкі.

т. 9, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ФІКАТ (лац. Magnificat ад першага слова тэксту «Magnificat anima mea Dominum» «Вялічыць душа мая Госпада»),

царкоўнае песнапенне; хвалебная песня на тэкст слоў Дзевы Марыі з Евангелля ад Лукі. З 6 ст. адзін з нязменных (ардынарных) тэкстаў каталіцкай вячэрні. Належыць да т.зв. кантыкляў — важных у літургічным ужытку псалмападобных эпізодаў са Старога і Новага запаветаў. Спяваўся ў грыгарыянскай традыцыі антыфонна ў адным з царк. тонаў паводле спецыфічных формул меладызаванай рэчытацыі. У спалучэнні з т.зв. вялікім антыфонам — найб. меладычна развітым і ўрачыстым песнапеннем літургічнага дня ўяўляў сабою буйную вак. кампазіцыю. Шматгалосыя апрацоўкі М. вядомы з 14 ст. У 16—18 ст. да гэтага жанру звярталіся Г.​Дзюфаі, К. дэ Маралес, Дж.​Палестрына, А.​Ласа, К.​Мантэвердзі, І.​С.​Бах, Г.​Ф.​Гендэль, А.​Вівальдзі, Дж.​Б.​Пергалезі, В.​А.​Моцарт і інш., у 19—20 ст. — Ф.​Мендэльсон, К.​Пендарэцкі, Р.​Воан-Уільямс.

Т.​У.​Ліхач.

т. 9, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГРЫ́Т (Magritte) Рэне (21.11.1898, г. Лесінь, Бельгія — 15.8.1967),

бельгійскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сюррэалізму. Вучыўся ў Брусельскай АМ (1916). Зазнаў уплыў Дж. Дэ Кірыка. З 1927 у Парыжы. У ранні перыяд працаваў у рэчышчы футурызму і кубізму («Конніца», 1922; «Жанчына», 1923, і інш.). Пазней выпрацаваў індывідуальны кірунак у сюррэалізме, у творах камбінаваў выявы з несупастаўляльных элементаў рэальных прадметаў, істот і краявідаў, што напаўняла іх таямнічасцю і містычным сэнсам і набліжала да метафіз. жывапісу. Жывапісная манера адметная гладкасцю пісьма, гарманічным спалучэннем чыстых колераў, строгім лінейным ладам: «Цяжкая працягласць» (1926), «Двайная таямніца» (1927), «Закаханыя» (1928), «Чорная магія» (1935), «Прыступкі лета» (1937), «Настальгія па ўласнай краіне» (1940), «Хлеб штодзённы» (1942), «Балкон» (1950), «Царства святла» (1954), «Урок цемры» (1955), «Замак у Пірэнеях» (1959), «Вялікая вайна» (1964) і інш. Іл. гл. таксама да арт. Сюррэалізм.

В.​Я.​Буйвал.

Р.Магрыт. Настальгія па ўласнай краіне. 1940.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЁЛЬ (Maillol) Арыстыд Жазеф Банавенцюр (8.12.1861, Баньюль-сюр-Мер, Францыя — 27.9.1944),

французскі скульптар. Вучыўся жывапісу ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1882—86). Зазнаў уплыў П.Гагена. Быў блізкі да групы «Набі». З 1890-х г. займаўся скульптурай (невял. станковыя творы ў стылі мадэрн). У сталы перыяд творчасці імкнуўся да абагульненасці вобразаў і архітэктанічнай яснасці аб’ёмна-пластычных мас, дасягаў велічнай гармоніі магутных форм і плаўнасці ліній сілуэта. Увасабляў пераважна аголеныя жаночыя фігуры як сімвал чалавечай прыгажосці і дасканаласці: «Міжземнамор’е» (1902—05), «Ноч» (1902—09), «Флора» (1911), «Іль-дэ-Франс» (1920—25), «Венера з каралямі» (1930). Аўтар манументаў у гонар А.​Бланкі (1906), П.​Сезана (1912), К.​Дэбюсі (1935) і інш. Майстар дробнай пластыкі, займаўся таксама гравюрай і літаграфіяй. Мастацтва М. паўплывала на многіх скульптараў 20 ст.

Літ.:

Петрочук О.К. А.​Майоль. М., 1977;

Апчинская Н.В. А.​Майоль. М., 1981.

А.​Маёль. Іль-дэ-Франс. 1920—25.

т. 9, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДЭ́ЛА (Mandela) Нельсан Раліхлахла (н. 18.7.1918, г. Умтата, Паўд.-Афр. Рэспубліка),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Скончыў ун-т Вітватэрсранда (1942). Юрыст. Чл. Афрыканскага нацыянальнага кангрэса (АНК) з 1944. Узначаліў крыло партыі, якое схілялася да ўзбр. барацьбы супраць рэжыму апартэіду, адзін з заснавальнікаў ваен. арг-цыі АНК. У 1956—61 зняволены ў турме, у 1962 засуджаны на пажыццёвае зняволенне. Пад націскам сусв. грамадскасці вызвалены ў лют. 1990. З сак. 1990 нам., у 1991—97 прэзідэнт АНК. У жн. 1990 афіцыйна адмовіўся ад узбр. барацьбы. Удзельнік перагавораў з урадам ПАР, у выніку якіх выпрацавана канстытуцыя, што паклала канец апартэіду. Прэзідэнт ПАР у 1994—99. Аўтар кніг «Нялёгкі шлях да свабоды» (1965), «Барацьба — маё жыццё» (1978), «Я гатовы памерці» (1979). Нобелеўская прэмія міру 1993 (разам з Ф.В. дэ Клеркам).

Тв.:

Рус. пер. — Нет легкого пути к свободе: Ст., речи, выступления на суде. М., 1968.

т. 10, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГА́РСКАЯ ШКО́ЛА,

адна з сакратаўскіх школ стараж.-грэч. філасофіі 4 ст. да н.э. Заснаваў Эўклід — вучань Сакрата. У М.ш. ўваходзілі мегарац Стылпон, Эўбулід, Дыядор Крон і інш. У тэарэт. плане прадстаўнікі М.ш. зрабілі спробу аб’яднаць у адзінае цэлае вучэнні Сакрата, элеятаў і сафістаў. Пры разглядзе быцця Эўклід абсалютызаваў агульнае і супрацьпастаўляў яго адзінкаваму, свет уяўляў як адзінае, вечнае, нерухомае, саматоеснае. Лічылася, што ў гэтым адзіным арганічна спалучаны розум, дабро, бог; толькі адзінае існае. Адзінкавага ж не існуе. З дапамогай сафізмаў прадстаўнік М.ш. Дыядор Крон адмаўляў катэгорыю магчымасці, бо лічыў магчымым толькі сапраўднае, а тое, што несапраўднае, тое і немагчымае. Таму, на яго думку, не існуе нерэалізаваных магчымасцей. Ідэі М.ш. ў далейшым зрабілі ўплыў на стоікаў (Зянона) і скептыкаў (Пірона і Тымона). Разважанні пра розныя формы лагічных імплікацый, а таксама многія сафізмы дайшлі да нашых часоў і выкарыстоўваюцца пры вывучэнні класічнай логікі.

Т.​У.​Адула.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЦЦА-САПРА́НА (італьян. mezzosopiano ад mezzo сярэдні),

жаночы голас, сярэдні паміж сапрана і кантральта. Адрозніваюць высокае (лірычнае) М.-с., блізкае да сапрана, і нізкае, якое набліжаецца да кантральта. Дыяпазон — a(b)—a​2(b​2). Для М.-с. характэрны паўната гучання ў сярэднім рэгістры, наяўнасць ніжняга груднога рэгістра. Сярод оперных партый, напісаных для М.-с.; Марфа («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Амнерыс («Аіда» Дж.​Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), у бел. операх — Надзея Дурава (аднайм. опера А.​Багатырова), Алеся («Алеся» Я.​Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.​Туранкова), Квета («Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі). Сярод бел. спявачак М.-с.: С.​Данілюк, Р.​Асіпенка, Г.​Цэпава, В.​Валчанецкая, Л.​Галушкіна, К.​Кудрашова, П.​Дружына, Н.​Галеева, Н.​Руднева і інш. Асаблівая разнавіднасць М.-с. — каларатурнае М.-с. (партыя Разіны ў «Севільскім цырульніку» Дж.​Расіні). У хоры М.-с. выконваюць партыі першых альтоў.

т. 10, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)