ЗІМЕ́НКА Тамара Гардзееўна (н. 1.5.1929, Мінск),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі глеб. Д-р біял. н. (1978), праф. (1994). Скончыла БДУ (1953). З 1956 у Ін-тах біялогіі, эксперым. батанікі. У 1966—97 у Ін-це мікрабіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па рэгуляванні мікрабіял. працэсаў у глебе ў мэтах меліярацыі, с.-г. выкарыстання, аховы ад негатыўных наступстваў антрапагеннага ўздзеяння.

Тв.:

Микробиологические процессы в мелиорированных торфяниках Белоруссии и их направленное регулирование. Мн., 1977;

Микробные ценозы торфяных почв и их функционирование. Мн., 1983 (у сааўт.).

т. 7, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАА́Н III Дука Ватац

(Iōannēs; 1193, Дыдымотыка, цяпер Дымотыка, Грэцыя — 3.11.1254),

імператар Нікейскай імперыі [1222—54], Значна пашырыў тэр. сваёй дзяржавы: адваяваў у лацінян амаль усе ўладанні ў М. Азіі, а-вы Самас, Лесбас і інш., у 1235 замацаваўся ў Фракіі, у 1246 захапіў Фесалонікі, у 1252 зрабіў сваім васалам правіцеля Эпіра. Спрыяў эканам. развіццю і інтэнсіўнаму буд-ву гарадоў. Пры ім узмацнілася свабоднае сялянства. Апекаваўся навукамі і мастацтвамі, імкнуўся да адраджэння элінскай культуры. Нікейская імперыя ў гэты час стала самай моцнай дзяржавай у бас. Эгейскага мора.

т. 7, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАФА́Н Барыс Міхайлавіч (28.4.1891, г. Адэса, Украіна — 10.3.1976),

расійскі архітэктар; прадстаўнік канструктывізму. Нар. арх. СССР (1970). Скончыў Вышэйшы ін-т прыгожых мастацтваў (1916) і Школу інжынераў (1919) у Рыме. З 1924 працаваў у Маскве: комплексы Нафтавага і Горнага ін-таў (1947—50), Цэнтр. ін-т фіз. культуры (1972—81); кіраваў забудовай буйных жылых масіваў (Ізмайлава, Мар’іна Рошча; 1955—66), будаваў клінічны санаторый у Барвісе пад Масквой (1931—35). Аформіў павільёны СССР на Міжнар. выстаўках у Парыжы (1937, скульпт. В.​Мухіна; Дзярж. прэмія СССР 1941) і Нью-Йорку (1939, у сааўт.).

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́Н I Данілавіч Каліта (да 1296—31.3.1340),

князь маскоўскі (з 1325), вялікі князь уладзімірскі (з 1328). Сын маскоўскага князя Данілы Аляксандравіча, унук Аляксандра Неўскага. Уплыву І. I у рус. землях садзейнічаў пераезд у Маскву з Уладзіміра мітрапаліта Пятра (1325). За ўдзел у задушэнні антыардынскага паўстання ў Цверы (1327) атрымаў у 1328 ад хана Узбека грамату (ярлык) на частку тэр. Уладзімірскага вял. княства і права княжыць у Ноўгарадзе. Заклаў паліт., эканам. і юрыд. перадумовы тэр. росту і ўзмацнення Маскоўскага вял. княства. Значна папоўніў сваю казну (адсюль прозвішча «Каліта» — «кашэль», «сумка»).

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРАЕ́КЦЫЯ (ад лац. intro унутр + jacio кідаю, кладу),

1) у тэорыі пазнання — уведзенае Р.Авенарыусам паняцце пра недапушчальнасць, на яго думку, укладання ў свядомасць індывіда вобразаў успрымаемых аб’ектаў (ідэальнага), што вядзе да дуалізму. Гэтае паняцце ён выкарыстоўваў для крытыкі матэрыялізму, у процівагу якому вылучыў тэорыю «прынцыповай каардынацыі».

2) У псіхалогіі — уключэнне індывідам у свой унутр. свет поглядаў, матываў, установак і інш. людзей; аснова ідэнтыфікацыі. У псіхааналіз паняцце І. ўвёў Ш.​Ферэнцы і разглядаў яго як важны псіхал. механізм, што ўдзельнічае ў працэсе фарміравання «звыш-Я», сумлення і інш.

В.​М.​Пешкаў.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІУ́ДА МАКАВЕ́Й (стараж.-яўр. Молат; ? — 160 да н.э.),

кіраўнік нар. паўстання супраць панавання Селеўкідаў у Іудзеі. У адказ на рэліг. праследаванні іудзеяў селеўкідскім царом Антыёхам IV у 167 І.М. узначаліў паўстанцкі рух. Атрымаў шэраг перамог, у 164 захапіў Іерусалім і нанава асвяціў храм. У 161 заключыў саюз з Рымам. Пасля гібелі І.М. ў бітве пры Элеасе барацьбу за заваяванне поўнай паліт. незалежнасці Іудзеі (142 да н.э.) узначальвалі яго браты. Маст. вобраз І.М. створаны ў трагедыі О.​Людвіга, араторыі Г.​Ф.​Гендэля, оперы А.​Рубінштэйна і інш.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Й,

адзінаццатая літара беларускага і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай И («іжэ»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Η («эта») шляхам далучэння дыякрытычнага знака. У старабел. пісьменстве ўжывалася з канца 16 ст. (у рус. з 1735). Абазначала гук «й» пераважна ў друкаваных кнігах («добродейство», «Зизаний», «тайна», «хитрый»), У рукапісах 17 ст. ўжывалася радзей, паралельна з паерыкам (​ⸯ); «уйти» — у​ⸯти», «сеймъ» — «се​ⸯмъ». Лічбавага значэння не мела. У сучаснай бел. мове абазначае санорна-шумны мяккі шчылінны сярэднеязычны зычны гук «й» пасля галосных («гай», «май», «сейбіт»).

А.​М.​Булыка.

т. 7, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЬЁ (Kaljo) Рыхард Янавіч (15.7.1914, С.-Пецярбург — 5.7.1978),

эстонскі графік. Засл. дз. маст. Эстоніі (1964). Вучыўся ў Вышэйшай маст. школе «Палас» у Тарту (1936—40). Выкладаў у Тартускім маст. ін-це (1944—48). Працаваў у тэхніках малюнка пяром, дрэварыту і лінагравюры. Творы вылучаюцца апавядальнасцю, яркасцю характарыстык, разнастайнасцю кампазіцыйных вырашэнняў («Вызваленне палітычных вязняў 22 чэрвеня 1940 года», 1940; «Бежанцы», 1942; «Збіранне бульбы», 1947; «Шахматысты», 1957; «Кавярня», 1961, і інш.). Аўтар ілюстрацый да твораў А.​Дзюма і У.​Шэкспіра, шматлікіх экслібрысаў.

Р.Кальё. Ілюстрацыя да камедыі У.​Шэкспіра «Траіл і Крэсіда», 1962.

т. 7, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦО́,

стылістычны кампазіцыйны прыём у паэзіі і прозе. У паэзіі — паўтор у пачатку і ў канцы асобных вершаваных радкоў, строф або цэлага твора аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў. Найб. пашыраныя віды паэт. К.: гукавое, лексічнае, страфічнае (эпістрафа), архітэктанічнае. У прозе — паўтарэнне ў канцы або ў сярэдзіне твора маст. элементаў, якія ўжываліся на яго пачатку, што спрыяе больш поўнаму выяўленню ідэі твора. У бел. л-ры трапляецца ў паэт. спадчыне Я.​Купалы, М.​Багдановіча, П.​Панчанкі, апавяданнях М.​Зарэцкага, К.​Чорнага, М.​Стральцова і інш.

В.​П.​Рагойша, Я.​І.​Клімуць.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПТУРО́ВЫ СУД,

часовы надзвычайны суд у Рэчы Паспалітай па разгляду тэрміновых спраў у часы бескаралеўя. Са смерцю манарха звычайныя суды, якія ажыццяўлялі правасуддзе імем караля, спынялі сваю дзейнасць (акрамя гродскіх). Упершыню К.с. створаны канфедэрацыяй шляхты пасля смерці Жыгімонта II у 1572. Стафан Баторый прызнаў К.с. і зацвердзіў іх пастановы (выракі). Пасля яго смерці ў 1586 малапольская шляхта выбрала каптуровых суддзяў у асобе ваявод. Іх зацвердзіў Варшаўскі канвакацыйны сейм 1587, які дазволіў выбраць К.с. ва ўсіх ваяводствах, у т. л. ў ВКЛ. Практыку ўтварэння К.с. скасаваў сейм 1768.

т. 8, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)