ІНТРАЕ́КЦЫЯ (ад лац. intro унутр + jacio кідаю, кладу),

1) у тэорыі пазнання — уведзенае Р.Авенарыусам паняцце пра недапушчальнасць, на яго думку, укладання ў свядомасць індывіда вобразаў успрымаемых аб’ектаў (ідэальнага), што вядзе да дуалізму. Гэтае паняцце ён выкарыстоўваў для крытыкі матэрыялізму, у процівагу якому вылучыў тэорыю «прынцыповай каардынацыі».

2) У псіхалогіі — уключэнне індывідам у свой унутр. свет поглядаў, матываў, установак і інш. людзей; аснова ідэнтыфікацыі. У псіхааналіз паняцце І. ўвёў Ш.​Ферэнцы і разглядаў яго як важны псіхал. механізм, што ўдзельнічае ў працэсе фарміравання «звыш-Я», сумлення і інш.

В.​М.​Пешкаў.

т. 7, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)