выдавецтва Дзярж.к-та Рэспублікі Беларусь па друку. Засн. ў крас. 1951 у Мінску як Дзярж. вучэбна-пед.выд-ваМін-ва культуры Беларусі. З 1963 сучасная назва. Выпускае падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, метадычныя і дыдактычныя выданні для агульнаадук. школы, навук.-папулярную і даведачную л-ру, вучэбна-метадычныя комплексы. Забяспечвае вучэбнай л-рай спец.агульнаадук. школы для дзяцей з затрымкай фіз. развіцця і інш. недахопамі і парушэннямі (ілюстраваныя каляровыя падручнікі, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі). Стварае вучэбна-метадычныя комплексы: падручнік — вучэбны дапаможнік — метадычныя ўказанні да іх — дыдактычныя матэрыялы — наглядныя дапаможнікі. «Бібліятэка настаўніка пачатковых класаў», «Бібліятэка настаўніка беларускай мовы і літаратуры», «Бібліятэка настаўніка рускай мовы», «Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць» дапамагалі настаўнікам весці навучанне на высокім навукова-тэарэт. узроўні. Выдала шмат навук.-пазнавальных кніг для дзяцей у серыях «Школьнікам аб гісторыі Беларусі», «Народныя пісьменнікі Беларусі», «Наша прырода», «Вучням аб прафесіях», а таксама фотаальбомы пра жыццё і творчасць Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, І.Шамякіна і інш., творы М.Гогаля, М.Горкага, Л.Талстога, працы класікаў пед. навукі. Больш за 10 гадоў выходзіла серыя «Бацькам пра дзяцей», надрукавана шмат выданняў па дашкольным выхаванні. У 1977 «Буквар» для нац. школы А.К.Клышкі атрымаў залаты медаль на Лейпцыгскім кірмашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕБРА́СКА (Nebraska),
штат у цэнтр. частцы ЗША, у бас.р. Місуры. Пл. 200,3 тыс.км². Нас. 1662,7 тыс.чал. (1998). Адм. ц. — г. Лінкальн, найб. горад Омаха. Большая ч.тэр. штата ў межах Вялікіх раўнін, на З адгор’і Скалістых гор (выш. да 1654 м). Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія месячныя т-ры ад -5 °C у студз. да 24 °C у ліпені. Ападкаў 450—700 ммза год. Найб. рэкі Наябрэра і Плат (прытокі р. Місуры), выкарыстоўваюцца на арашэнне. Характэрна натуральная травяністая расліннасць прэрый. У гарах на З хваёвыя лясы (пл. каля 3 тыс.км²). Індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, буд. матэрыялаў. Вытв-сць электраэнергіі 27,4 млрд.кВт∙гадз (1998). Працуюць ЦЭС на каменным вугалі і АЭС. Гал. галіны прам-сці: харч. (мясакансервавая, мукамольная, масларобная, цукровая), маш.-буд. (с.-г., транспартнае, выраб эл. і электроннага абсталявання), паліграф., хім. (вытв-сць угнаенняў), каляровая металургія. Больш як 2/3 кошту таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі дае жывёлагадоўля, пераважна мяснога кірунку. Гадуюць (1997, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлу — 6700, свіней — 3600, авечак — 100. Птушкагадоўля (у 1997—12,1 млн. курэй, 2,3 млн. бройлераў). Вырошчваюць кукурузу, сорга, сою, сеяныя травы, пшаніцу, фасолю, авёс, бульбу, цукр. буракі. Значная частка с.-г. зямель арашаецца. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РАБКІ, парубцы,
1) адна з разнавіднасцей чэлядзі нявольнай (дворнай) у ВКЛ у 14—16 ст. 2) Некваліфікаваныя ці малакваліфікаваныя наёмныя работнікі на Беларусі, Украіне і ў Літве ў 18 ст. — 1850-х г. Пераважна найбяднейшыя сяляне, якія не мелі зямельнага надзелу (бабылі) і працавалі па найме ў заможных сялян і феадалаў у с.-г. вытворчасці. Наёмная праца П. часцей выкарыстоўвалася ў зах. і цэнтр. паветах Беларусі. У 1859 у бел. паветах Гродзенскай, Віленскай, Мінскай губ. пераважная большасць П. была кутнікамі, якія абслугоўвалі гаспадарку заможных сялян. Больш шырока П. як наёмную рабочую сілу скарыстоўвалі на дзярж. землях. П. не мелі ці амаль не мелі сваіх сродкаў вытв-сці, былі заняты пераважна ў сферы таварнай вытв-сці, крыніцай іх існавання з’яўлялася праца па найме. П. перыяду позняга феадалізму — пераходны сац. тып ад феад.-залежнага селяніна да пралетарыя.
3) Наёмныя рабочыя эпохі капіталізму, частка с.-г. пралетарыяту, пераважна з надзелам. Пасля сялянскай рэформы 1861 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, катэгорыя П. фарміравалася за кошт дарэформенных наёмных с.-г. работнікаў, дваровых людзей; каланістаў, збяднелага сялянства і сем’яў пастаянных (гадавых) с.-г. наёмных рабочых. Да пач. 20 ст. на Беларусі было прыкладна 130 тыс. П., у 1913 — каля 200 тыс. У СССР парабкоўства было ліквідавана ў выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЧАНЬ,
буйная залоза ў чалавека, пазваночных і некаторых беспазваночных жывёл, якая ўдзельнічае ў працэсах стрававання, абмену рэчываў, кровазвароту, выконвае бар’ерную функцыю. Забяспечвае пастаянства ўнутр. асяроддзя арганізма. У П. ажыццяўляецца сінтэз і расшчапленне бялкоў, ліпідаў, вугляводаў (рэгулюе ўзровень цукру ў крыві), вітамінаў (утварае і назапашвае вітамін А).
Маса П. млекакормячых складае да 2—4% масы цела (адносная маса большая ў дробных жывёл з інтэнсіўным абменам рэчываў, у дзікіх і драпежнікаў). У чалавека маса П. каля 1,5 кг. П. большасці беспазваночных — вырасты пярэдняга аддзела сярэдняй кішкі або страўніка. У чалавека і пазваночных жывёл размешчана пераважна ў правай верхняй (пярэдняй) ч. брушной поласці, прылягае да дыяфрагмы, укрыта злучальна-тканкавай капсулай, якая ўрастае ў яе парэнхіму і падзяляе на некалькі долей (лопасцей). Строма П. ўтворана рэтыкулярнай тканкай, якая падзяляе асн. тканку на долькі (дыям. 0,5—2 мм, складаюцца з клетак аднаго тыпу — гепатацытаў, што сінтэзуюць жоўць). За 1 мін праз П. працякае 1,5 л крыві. У функцыі П. праяўляецца сутачны рытм, інтэнсіўнасць утварэння глікагену адрозніваецца раніцай і ўвечары. Здольная да рэгенерацыі (у пацукоў і сабак пры выдаленні да 70% масы органа аднаўляецца праз 14—60 дзён). Пра паталогію П. гл.Гепатыт інфекцыйны, Цыроз печані.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКАРДЫ́Я (Picardie),
гістарычная вобласць на Пн Францыі, каля берагоў Ла-Манша. Уключае дэпартаменты Эна, Сома, Уаза. Пл. 19,6 тыс.км². Нас. каля 2 млн.чал. (2000). Гал. горад — Ам’ен. Рэльеф раўнінны. Клімат умераны (ападкаў 600—800 ммза год). Натуральная расліннасць — дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., хім., гумавая, тэкст., харч., асабліва цукровая. Інтэнсіўная сельская гаспадарка. Асн. культуры — пшаніца і цукр. буракі. Агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
У старажытнасці тэр. П. насялялі кельцкія плямёны. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі, у 5 ст.н.э. — франкамі і ўвайшла ў склад франкскага каралеўства. У 9—12 ст. распалася на некалькі графстваў, якія трапілі ў васальную залежнасць ад Фландрыі. У 12 ст. гарады П. (Нуаён, Сен-Кантэн, Ам’ен, Бове, Абвіль і інш.) — буйныя цэнтры сукнаробства. У канцы 12 ст. П. ў складзе дамена франц. караля. Яе насельніцтва ўдзельнічала ў сял. паўстаннях «пастушкоў» (1251) і Жакерыі (1358). У Стогадовую вайну 1337—1453 моцна пацярпела ад нападаў англічан. З 1435 у складзе Бургундскага герцагства. У 1477 Людовік XI зноў далучыў П. да каралеўскага дамена. З 16 ст. правінцыя Францыі, у 16—17 ст. арэна ваен. сутыкненняў паміж Францыяй і Іспаніяй (1557, 1595, 1636). Пасля падзелу тэр. Францыі на дэпартаменты (1790) прав. П. перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАССЯЛЕ́ННЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
працэс размеркавання і пераразмеркавання насельніцтва па тэрыторыі і яго вынік — сетка паселішчаў. Уключае размяшчэнне насельніцтва, функцыянальныя тэр. ўзаемасувязі населеных месцаў і міграцыю насельніцтва. Гал. фактары працэсу Р.н.: прыродны (рэльеф, глебы, клімат, блізкасць да водных рэсурсаў, наяўнасць карысных выкапняў), дэмаграфічны (натуральны прырост насельніцтва, міграцыйныя працэсы), сац.эканам. (узровень развіцця і размеркавання вытв. сіл, рэгіянальныя адрозненні паводле ўзроўню даходаў, развітасць інфраструктуры). З развіццём вытв. сіл гал. ролю ў Р.н. адыгрывае сац.-эканам. фактар. Асн. формай Р.н. з’яўляюцца пастаянныя населеныя пункты (гарадскія і сельскія), якія ўтвараюць у адных раёнах густую, у іншых — рэдкую сетку. Пры цесным збліжэнні паселішчаў і інтэнсіўным развіцці маятнікавай міграцыі ўзнікаюць агламерацыі паселішчаў (гл.Гарадская агламерацыя). Суседнія групы агламерацый у прамысл. густа заселеных раёнах, з развітай сеткай камунікацый, могуць утвараць яшчэ больш складаную форму — мегалопаліс. На Беларусі (2000) 212 гарадскіх паселішчаў (каля 7 млн.чал.) і 23 459 сельскіх паселішчаў (каля 3 млн.чал.). Сярэдняя адлегласць паміж гарадамі менш за 50 км, паміж сельскімі паселішчамі — каля 3 км. У сярэднім на кожную 1000 км² прыпадае 1 гарадское і 113 сельскіх паселішчаў, што спрыяе развіццю эканам., працоўных, культурна-быт. і інш. міжпаселішчавых сувязей. Пра рассяленне бел. этнасу гл. ў арт.Беларусы, Этнічная тэрыторыя.
Літ.:
Манак Б.А. Насельніцтва Беларусі: Рэгіян. асаблівасці развіцця і рассялення. Мн., 1992.
расійскі архітэктар, прадстаўнік рус. барока сярэдзіны 18 ст. Па паходжанні італьянец. Сын Б.К.Растрэлі. У 1716 прыехаў з бацькам у Пецярбург. Вучыўся за мяжой, магчыма, у Італіі (паміж 1725—30). У 1730—63 прыдворны архітэктар. Раннія пабудовы блізкія рус. архітэктуры 1-й пал. 18 ст. (палацы Бірона ў Рундале, 1736—40, і Елгаве, 1738—40, абодва Латвія). Традыцыі архітэктуры еўрап. барока пераасэнсаваны Р. пад уплывам рус.нац.маст. культуры. Для пабудоў характэрны прасторавы размах арх. ансамбля, выкарыстанне званіц, купалаў, ганкаў, тонкіх калонак і інш.; расфарбоўка сцен, пазалота, расл. матывы ў дэкоры (Андрэеўская царква ў Кіеве, праект 1747, пабудавана ў 1748—67 арх. І.Мічурыным). У 1747—52 будаваў Вял. палац у Петрадварцы. Творы 1750—60-х г. набылі большую пластычнасць, рэльефнасць арх. форм, складаны рытм каланад, прасторавы размах у іх спалучаецца з выразнасцю аб’ёмаў, строгасцю планаў: Вял. (Кацярынінскі) палац у Пушкіне, палацы Варанцова (1749—57), Строганава (1752—54) у Пецярбургу і інш. Магутнасцю і веліччу вылучаюцца гар. ансамблі Смольнага манастыра і Зімняга палаца ў Пецярбургу.
Літ.:
Денисов Ю.М., Петров А.Н. Зодчий Растрелли. Л., 1963;
Овсянников Ю. Ф.Б.Растрелли. Л., 1982.
В.В.Растрэлі.В.Растрэлі. Андрэеўская царква ў Кіеве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІНШТЭ́ЙН (Антон Рыгоравіч) (28.11.1829, с. Выхвацінец, Малдова — 20.11.1894),
рускі піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог і муз. дзеяч. Брат М.Р.Рубінштэйна. Чл. Ін-та Францыі (1874). Адзін з буйнейшых піяністаў 2-й пал. 19 ст., які паклаў пачатак сусв. славы рус. піяністычнага мастацтва. З 1839 вёў канцэртную дзейнасць у Маскве і за мяжой. Заснавальнік Рускага музычнага таварыства (1859) і першай рас. кансерваторыі (1862, С.-Пецярбург; адначасова яе дырэктар, у 1862—67 і 1887—91 праф.). Выкананне Р. вылучалася імправіз. свабодай, драм. сілай. Аўтар твораў розных жанраў: 14 опер (у т. л. «Дэман», паст. ў 1875; у Мінску ў 1892, на сцэне Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі ў 1951; «Макавеі», паст. 1875, ставілася ў Мінску ў 1890—91), 6 сімфоній, 5 фп. канцэртаў (найб. вядомы 4-ы), 10 стр. квартэтаў, фп. мініяцюр, рамансаў і песень, у т. л. цыкла «Персідскія песні» (1854), і інш. Яго музыка адметная лірыка-рамант. накіраванасцю, шырокім меладычным подыхам, тонкім увасабленнем арыентальных матываў. Сярод вучняў І.Гофман, П.Чайкоўскі і інш.
Літ. тв.: Лит. наследие. Т. 1—3. М., 1983—86; Избр. письма. М., 1954.
Літ.:
Баренбойм Л.А. А.Г.Рубинштейн. Т. 1—2. Л., 1957—62;
дамоўленасці паміж урадамі Расіі і Вялікабрытаніі аб узгодненай калан. палітыцы на Сярэднім Усходзе. Пагадненне 1872—73 заключана ў выніку абмену нотамі паміж рас. і брыт. урадамі (29.10.1872—31.1.1873). Устанавіла мяжу паміж залежным ад Вялікабрытаніі Афганістанам і падвасальным Расіі Бухарскім эміратам па рэках Пяндж і Памір. Так Вялікабрытанія атрымала сферу ўплыву на Пд ад гэтай мяжы, а Расія — на Пн. Пагадненне 1885 падпісана ў Лондане 10 верасня. Урэгулявала рус.-афг. канфлікт, выкліканы далучэннем да Расіі Туркменіі, вызначыла (у асн. паводле рас. патрабаванняў) лінію рас.-афг. мяжы (туркменскі участак) і склад брыт.-рас. камісіі для яе ўдакладнення і правядзення. Пагадненне 1907 падпісана ў Пецярбургу 31 жн. Расія і Вялікабрытанія прызналі тэр. недатыкальнасць Тыбета. Вялікабрытанія пагадзілася вывесці свае войскі са сталіцы Тыбета г.Лхаса і дазволіць наведванне яе рэліг. паломнікам з Расіі (буратам). Іран быў падзелены на зоны паліт.-эканам. ўплыву: рас. (паўн. і ч.цэнтр. раёнаў краіны з Тэгеранам), брытанскую (прылеглыя да брыт. Індыі і Афганістана вобласці) і нейтральную. Расія прызнала, што Афганістан знаходзіцца па-за сферай яе ўплыву, Вялікабрытанія абавязалася ўстрымацца ад анексій у Афганістане. Пагадненне 1907 было важным этапам у стварэнні Антанты.
Літ.:
Дипломатический словарь. 4 изд. М., 1985. Т. 2. С. 481-482.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ННАЕ МАСТА́ЦТВА, салонна-акадэмічнае мастацтва,
кансерватыўны кірунак у маст. культуры 19 — пач. 20 ст. Зарадзілася ў Францыі (дасягнула росквіту ў 1850—70-я г.), пазней пашырылася ў інш. краінах. Назву атрымала з-за яго падтрымкі з боку журы парыжскіх маст.салонаў. Агульныя прыкметы С.м.: эклектызм творчага метаду, які грунтаваўся пераважна на нормах акадэмізму 19 ст. і позняга (акад.) класіцызму, адначасова выкарыстоўваючы павярхоўна ўспрынятыя метады і прыёмы рамантызму, пазней — рэалізму і натуралізму; знешняя эфектная прыгажосць кампазіцыі і адназначнасць зместу пры развітой сюжэтнасці; прамалінейнасць трактоўкі значных тэм; фармальная завершанасць, рамесна-тэхн. віртуознасць фактуры, якая імітуе маст. майстэрства; патэтыка, экзальтацыя і ідэалізацыя вобразаў; зарыентаванасць на маст. кан’юнктуру і густ масавага гледача. У С.м. пераважалі міфалагічны і алегарычны (пераважна як падстава для адлюстравання аголенай натуры), быт. (прымітыўна-анекдатычны), гіст. (найчасцей у духу псеўдагіст. касцюмнай меладрамы) жанры, партрэт (ідэалізаваны). Агрэсіўнае непрыняцце ўсяго наватарскага ў мастацтве, імкненне навязаць сваё разуменне «добрага густу», камерцыялізацыя маст. творчасці выклікалі і адваротную рэакцыю ў буйных мастакоў 2-й пал. 19 ст. і іх. супрацьпастаўленне сваёй творчасці С.м. («Маніфест рэалізму» Г.Курбэ ў Францыі, заснаванне Т-ва перасоўных маст. выставак у Расіі і інш.). У 20 — пач. 21 ст. тэрмін «С.м.» ўжываецца таксама як агульнае вызначэнне знешняй прыгажосці і банальнасці, беззмястоўнасці твораў выяўл. мастацтва, спекулятыўнай імітацыі маст. каштоўнасцей.