САПРЫ́КІН Уладзімір Аляксеевіч (24.8.1916, в. Сухадол Ліпецкай вобл., Расія — 24.4.1990),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Грозненскае ваен. вучылішча (1941). Політэхн. ін-т у Таронта (Канада, 1950-я г.). У Вял. Айч. вайну з 1941 на 1-м Бел. фронце. Батальён на чале з капітанам С. 1—3.12.1943 у баях за в. Чырвоная Слабада Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. штодзень адбіваў па 10—12 контратак ворага; апынуўшыся ў шчыльнай аблозе ворага, С. выклікаў агонь сав. артылерыі на сябе; палічаны загінуўшым. Цяжка паранены трапіў у палон, з 1946 у Канадзе, за што з 1977 да 1992 сав. ўладамі быў пазбаўлены звання Герой Сав. Саюза. Перапахаваны на месца апошняга бою.
т. 14, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕВАСЦЬЯ́НАЎ Віталь Іванавіч (н. 8.7.1935, г. Краснаўральск Свярдлоўскай вобл., Расія),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1970, 1975). Лётчык-касманаўт СССР (1970). Канд. тэхн. н. (1965). Скончыў Маскоўскі авіяц. ін-т (1959). З 1959 у ракетна-касм. карпарацыі «Энергія» імя С.П.Каралёва. З 1967 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына. 1—19.6.1970 з А.Р.Нікалаевым здзейсніў (як бортінжынер) палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-9»; 24.5—26.7.1975 з П.А.Клімуком — палёт на КК «Саюз-18» (як бортінжынер) і арбітальнай станцыі «Салют-4». Правёў у космасе 80,7 сут. У 1975—87 камандзір атрада касманаўтаў-выпрабавальнікаў. Залатыя медалі імя К.Э.Цыялкоўскага АН СССР і імя Ю.А.Гагарына. Дзярж. прэмія СССР 1978.
У.С.Ларыёнаў.
т. 14, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАБАКТЭ́РЫІ,
бактэрыі, якія акісляюць неарган. злучэнні серы і малекулярную серу; звычайна акісляюць серавадарод і інш. злучэнні серы да сернай к-ты. Да С. адносяць шэраг фотааўтатрофных пурпуровых і зялёных, бясколерныя хематрофныя (напр., з роду тыёбацылус), ніткаватыя слізготныя (напр., з роду тыётрыкс), аднаклетачныя формы (напр., з роду тыёбактэрыум) і інш. бактэрыі. Пашыраны ў вадзе, грунтах мораў, азёр, серных крыніц інш. вадаёмаў, якія маюць серавадарод, трапляюцца ў глебе, радовішчах серы і сульфідных мінералаў. Удзельнічаюць у кругавароце серы ў прыродзе і прадухіляюць намнажэнне ў вадзе таксічнага серавадароду. Некат. С. выкарыстоўваюць для вышчалочвання металаў з руды. У выніку ўтварэння сернай к-ты С. бываюць прычынай разбурэння мураваных і бетонных збудаванняў, карозіі металаў, абсталявання ў шахтах і інш.
т. 14, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ТАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Сеты,
возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дабрылаўка, за 11 км на Пн ад г. Глыбокае. Пл. 0,49 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 410 м, найб. глыб. 19,8 м, даўж. берагавой лініі 4,9 км. Пл. вадазбору 4,7 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 2—5 м (на З і Пд 10—27 м), разараныя, часткова пад хмызняком, на ПдЗ пад лесам. На З, ПнЗ і ПнУ пойма шыр. 3—50 м: Берагі нізкія, пясчаныя, задзернаваныя. Ёсць залівы і паўастравы. Падводная ч. катлавіны мае 2 плёсы, раздзеленыя падняццем з глыб. 6 м. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае. Зарастае. Злучана канавай з воз. Загорскае.
т. 14, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕТКАКРЫ́ЛЫЯ (Neuroptera, або Planipennia),
атрад насякомых. Каля 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Вядомы з пермскага перыяду. На Беларусі найб. адзначаюцца прадстаўнікі сям. залатавочак і мурашыных ільвоў.
Даўж. цела 1—3 см, размах крылаў да 12 см. Цела тонкае, светла-зялёнае, чорнае і інш. Крылаў 2 пары, звычайна аднолькавых, празрыстых сеткавых (адсюль назва). Ротавы апарат грызучага тыпу. Ногі тонкія, хадзільныя, з 5-членікавымі лапкамі, у некат. відаў пярэднія — капальныя. Развіццё з поўным ператварэннем. У лічынак сківіцы ўтвараюць смактальныя трубкі. Многім з іх уласціва пазакішачнае страваванне (у цела ахвяры ўводзяць стрававальныя ферменты, потым высмоктваюць ператраўленую ежу). Карысныя: кормяцца тлёй, какцыдамі і інш. насякомымі, шкоднымі для сельскай і лясной гаспадарак.
т. 14, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́МАНАЎ Рубен Мікалаевіч (1.4.1899, Масква —5.12.1968),
расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1946). Вучыўся ў Маск. ун-це (1918). P 1919 у драм. студыях. Вучань Я.Вахтангава. Акцёр, з 1924 рэжысёр, з 1939 гал. рэжысёр Т-ра імя Вахтангава. Выкладаў у Тэатр. вучылішчы імя Шчукіна (з 1946 праф.). Сярод роляў: Віцэ-кароль («Карэта святых дароў» П.Мерыме), Бенядзікт («Многа шуму з нічога» У.Шэкспіра), Даменік Сарыяна («Філумена Мартурана» Э.Дэ Філіпа), Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана) і інш. Паставіў «Інтэрвенцыю» Л.Славіна (1933), «Фронт» А.Карнейчука (1942), «Фама Гардзееў» паводле М.Горкага (1956), «Конармію» І.Бабеля (1966) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1947, 1950. Ленінская прэмія 1967.
т. 14, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНАНТРО́ПНЫЯ ВІ́ДЫ, сінантропы (ад грэч. syn разам + anthrōpos чалавек),
жывыя арганізмы, прыстасаваныя да існавання ва ўмовах, створаных або змененых чалавекам. Сярод жывёльных С.в. вылучаюцца аблігатныя, ці абавязковыя С.в. (напр., хатняя мыш, пацукі, пасцельныя клапы, тараканы), якія цесна звязаны з чалавекам і па-за межамі яго паселішчаў не сустракаюцца; факультатыўныя, ці магчымыя С.в. (напр., звычайная палёўка, некат. дробныя драпежнікі, вераб’іныя і курыныя птушкі), якія менш звязаны з чалавекам, пазбягаюць населеных пунктаў і жывуць на пасевах, у пасадках і інш. Інтэнсіўная урбанізацыя, развіццё трансп. сувязей садзейнічаюць пашырэнню арэалаў і колькасці відаў С.в., многія з якіх сталі касмапалітамі. Сярод С.в. шмат жывёл-шкоднікаў, што абумоўлівае неабходнасць барацьбы з імі. Да раслін-сінантропаў належыць пустазелле.
т. 14, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЭ́ТЛ (Seattle),
горад на ПнЗ ЗША, штат Вашынгтон. Засн. ў 1851. 537 тыс. ж., з г. Такома і агульнымі прыгарадамі каля 2,5 млн. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Найбуйн. прамысл., гандлёва-фін., навук. і культ. цэнтр паўн. ч. Ціхаакіянскага ўзбярэжжа і ўсяго ПнЗ ЗША. Праз С. ідуць гал. сувязі з Аляскай і краінамі Д. Усходу. Адзін з найбуйнейшых цэнтраў авіяц. і ракетна-касм. прам-сці ЗША (праўленне, н.-д. лабараторыі і з-ды фірмы «Боінг»). Галіны прам-сці: суднабудаванне, радыёэлектронная, прыладабуд., аўтамаб., вытв-сць нафтавага абсталявання, дарожна-буд. машын, чыг. вагонаў, чорная металургія, нафтаперапр., дрэваапр., папяровая, паліграфічная. База рыбалоўства. 7 ун-таў. Тэатры, маст. музеі.
т. 14, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУКА́ Алег Георгіевіч (н. 12.7.1941. в. Лабковіца Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
гісторык, дзярж. дзеяч. Д-р гіст. н. (1986), праф. (1989). Скончыў БДУ (1968), дзе і працаваў з 1971 (з 1986 дэкан ф-та журналістыкі). З 1995 пам. Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у 1997—2001 нам. міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, з 2002 рэктар Міжнар. гуманітарна-эканам. ін-та. Даследуе пытанні гісторыі, тэорыі і практыкі сродкаў інфармацыі, тэорыі ідэалогіі бел. дзяржаўнасці. Аўтар вучэбнага дапаможніка «Беларуская журналістыка» (ч. 1, 2000).
Тв.:
Голос революционной молодежи. Мн., 1978;
Слово в комсомольском строю. Мн., 1980: Комсомольская строка. Мн., 1984;
Модель устойчивого развития Республики Беларусь. Мн., 1999 (у сааўт.);
Нацыянальная ідэя: Сістэмны аналіз праблемы. Мн., 2001.
т. 15, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЯПЯ́Н Рыгор Якаўлевіч (н. 6.5.1952, Мінск),
бел. вучоны ў галіне радыёфізікі і электронікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1988). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1974). З 1974 у Мінскім н.-д. прыладабуд. ін-це. З 1991 у НДІ ядз. праблем БДУ. Навук. працы па фізіцы мезаскапічных сістэм, тэорыі нелінейных ваганняў і хваль. Даследаваў электрадынаміку вугляродных нанатрубак, эфект анамальнага малога паглынання эл.-магн. хваль у перыяд. структурах і дастасаванне яго да стварэння звышвысокадыхтоўных ЗВЧ-рэзанатараў.
Тв.:
Propagation, scattering and dissipation of electromagnetic waves. London. 1993 (разам з А.С.Ільінскім. А.Я.Сляпянам);
Negative differential conductivity in carbon nanotubes (разам з А.С.Максіменкам) // Physical review letters. 2000. Vol. 84, № 2.
т. 15, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)