ЛАЎРО́Ў (Пётр Лаўравіч) (14.6.1823, в. Меліхава Пскоўскай вобл., Расія — 6.2.1900),
рускі філосаф і сацыёлаг, публіцыст, ідэолаг рэв.народніцтва. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу (1842), выкладаў у ім (1844—66), потым у Пецярбургскай артыл. акадэміі. З 1852 выступаў як публіцыст. З 1862 у т-ве «Зямля і воля». У 1866 арыштаваны і сасланы ў Валагодскую губ., адтуль уцёк у Парыж (1870). Быў чл. Парыжскага антрапалагічнага т-ва, чл. 1-га Інтэрнацыянала. Выдаваў час. «Вперёд!» (1873—77), газ. «Вперёд!» (1875—76). У 1883—86 Л. адзін з рэдактараў «Вестника Народной воли». Яго філас. погляды сфарміраваліся пад уплывам сенсуалізму, пазітывізму, неагегельянства, неакантыянства, але ён не стаў прыхільнікам гэтых плыняў. Сваю філас. пазіцыю вызначаў як «антрапалагічны пункт погляду», філасофію ўяўляў як філасофію прыроды, духу і гісторыі. Лічыў, што філасофія павінна грунтавацца на тых жа рацыянальных асновах, што і прыродазнаўства. З яго імем звязаны т. зв. суб’ектыўны кірунак у сацыялогіі. Лічыў, што грамадства, у адрозненне ад прыроды, развіваецца па сваіх спецыфічных законах. Гал. асоба гісторыі — чалавек. Гісторыю і яе законы разглядаў праз прызму чалавечай свядомасці, функцыянавання «крытычнай думкі». Чалавек свабодны ў дзеяннях і ўчынках найперш з-за сваёй мэтанакіраванасці, наяўнасці пэўнага ідэала. З гэтага рабіў высновы пра ролю крытычна мыслячых асоб, паліт. партый у прагрэс. пераўтварэнні грамадства. Грамадскі ідэал Л. — «царства справядлівасці», заснаванае на прынцыпах салідарнасці і «ўсеагульнай працы на ўсеагульнае шчасце»; дасягнуць яго магчыма шляхам сацыяльнай рэвалюцыі.
Тв.:
Философия и социология. Т. 1—2. М., 1965.
Літ.:
Богатов В.В. Философия П.Л.Лаврова. М., 1972;
Лукин В.Н. П.Л.Лавров как эстетик и литературный критик. Саратов, 1979;
Семенкова Т.Г. Экономические взгляды П.Л.Лаврова. М., 1980;
Антонов В.Ф. Революционное творчество П.Л.Лаврова. Саратов, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПЕНЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,
наступальная аперацыя войск Зах. фронту Сав. Расіі 4—23 ліп. ў савецка-польскую вайну 1920. Задача аперацыі — разгром сіл Паўн.-Усх. фронту Польшчы і вызваленне Беларусі. У пач. ліпеня войскі Зах. фронту (каманд. М.М.Тухачэўскі) у складзе 3-й, 4, 15, 16-й армій і Мазырскай групы войск мелі 81 тыс. штыкоў, 10,5 тыс. шабляў, 722 гарматы, 2913 кулямётаў. Паўн.-Усх. фронт Польшчы (каманд.ген. С.Шаптыцкі) складаўся з 1-й, 4-й армій і Палескай групы, налічваў каля 72 тыс. штыкоў і шабляў.
Гал. ўдар наносілі 4, 15 і 3-я арміі з Полацка-Лепельскага р-на на Свянцяны з тым, каб акружыць і знішчыць гал. сілы праціўніка ў раёне Глыбокае—Докшыцы. 4 ліп. ўдарная групоўка перайшла ў наступленне; 4-я армія прарвала фронт праціўніка, 5 ліп. заняла Германавічы. Часці і злучэнні 15-й арміі наступалі ўздоўж чыг. Полацк—Маладзечна, 4 ліп. яны прасунуліся на 15—20 км, 5 ліп. вызвалілі Глыбокае; 3-я армія фарсіравала р. Бярэзіна і заняла Докшыцы, 6-га ліп. — Параф’янава. У ноч на 7 ліп. ў наступленне перайшла 16-я армія, якая пасля фарсіравання р. Бярэзіна дзейнічала ў напрамку Ігумен—Мінск. Мазырская група вяла баявыя дзеянні з 19 чэрв.; 29 чэрв. яна вызваліла Рэчыцу і Мазыр, 10 ліп. — Бабруйск, 9 ліп. 3-і конны корпус — Свянцяны, 11 ліп. 16-я армія — Мінск, 15-я армія — Маладзечна.
12 ліп. Антанта прад’явіла сав. ўраду ультыматум (т.зв. ноту Керзана) з патрабаваннем спыніць наступленне войск Зах. фронту. Але паколькі польскі ўрад не звярнуўся з прапановай мірных перагавораў, сав. бок адхіліў ультыматум і прыняў рашэнне працягваць наступленне. 17 ліп. 15-я армія вызваліла Ліду, 19 ліп. 4-я армія — Гродна, 16-я армія — Баранавічы. Завяршылася аперацыя 23 ліп. вызваленнем Пінска часцямі Мазырскай групы. За 20 дзён войскі Зах. фронту прасунуліся больш чым на 300 КМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́САў фізіцы,
фізічная велічыня, якая вызначае інертныя і гравітацыйныя ўласцівасці цела; адна засн. характарыстык матэрыяльных аб’ектаў.
У класічнай механіцы, дзе скорасці цел (v) значна меншыя за скорасць святла (c) у вакууме (v≪c), М., якая ўваходзіць у другі закон Ньютана (гл.Ньютана законы механікі) наз.інертнай, a М., вызначаная зСусветнага прыцягнення закона — гравітацыйнай. Эксперыментальна ўстаноўлена, што інертная і гравітацыйная М. звял. дакладнасцю супадаюць і іх можна лічыць адной і той жа фіз. велічынёй. У гэтым набліжэнні М. з’яўляецца таксама мерай колькасці рэчыва і адытыўнай велічынёй, таму выконваецца масы захавання закон. У рэлятывісцкай механіцы (v~c) поўная энергія цела вызначаецца формулай
, а яго імпульс
, адкуль вынікае ўзаемасувязь паміж велічынямі E і p: E2/c2−p2 = m2c2. З гэтай формулы можна выразіць велічыню m — інварыянтную М. (ці проста М.), якая вызначае энергію спакою цела E0 = mc2 і ўваходзіць у законы класічнай механікі. У рэлятывісцкім выпадку М. ізаляванай сістэмы цел з цягам часу не мяняецца, аднак яна не роўная суме М. цел гэтай сістэмы (гл.Дэфект мас). Прынята лічыць, што М. элементарнай часціцы вызначаецца звязанымі з ёй эл.магн., ядз. і інш. палямі, аднак колькаснай тэорыі, якая тлумачыла і давала б магчымасць вызначыць дыскрэтны спектр М. элементарных часціц, не існуе. Адзінка М. ў СІ — кілаграм, М. атамаў і малекул вымяраецца ў атамных адзінках масы, М. элементарных часціц — у М. электрона або ў атамных адзінках энергіі.
Літ.:
Джеммер М. Понятие массы в классической и современной физике: Пер. с англ.М., 1967;
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 2. Теория поля. 7 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,
морфафункцыянальная сукупнасць асобных нейронаў і інш. структур нервовай тканкі жывёл і чалавека, якая аб’ядноўвае дзейнасць усіх органаў і сістэм арганізма ў яго пастаянным узаемадзеянні з навакольным асяроддзем. Успрымае знешнія і ўнутр. раздражняльнікі, аналізуе і перапрацоўвае атрыманую інфармацыю, захоўвае сляды былой актыўнасці (памяць) і адпаведна рэгулюе і каардынуе функцыі арганізма. Аснова дзейнасці — рэфлекс, звязаны з распаўсюджваннем узбуджэння і тармажэння па рэфлекторных дугах. У ходзе эвалюцыі жывёл паступовае ўскладненне Н.с. адбывалася з адначасовым ускладненнем іх паводзін.
У прасцейшых жывёл Н.с. адсутнічае. Сеткападобная, або дыфузная, Н.с. паявілася ў кішачнаполасцевых. Яна хутка праводзіць узбуджэнне з месца раздражнення па ўсіх напрамках, але не дыферэнцыруе рэакцыі. Далейшае ўскладненне Н.с. ішло паралельна з развіццём органаў руху і выяўлялася ў адасабленні нейронаў і паглыбленні іх у цела. Напр., у кішачнаполасцевых, якія жывуць свабодна (медузы), нейроны аб’яднаны ў гангліі і ўтвараюць дыфузна-вузлавую Н.с. Паявіліся спецыялізаваныя рэцэптары, двухполюсныя нейроны (маюць аксоны і дэндрыты), тыпічныя сінапсы, нейраглія. Цэнтралізацыя Н.с. прывяла да вузлавога тыпу арганізацыі (ігласкурыя, малюскі, сучасныя кольчатыя чэрві, членістаногія). У актыўных форм пярэдні канец цела пры перамяшчэнні першым сустракаецца з рознымі раздражняльнікамі, таму на ім развіліся дыстантныя рэцэптары, якія ўспрымаюць святло, гук, пах (паяўленне пачуццяў органаў). Адпаведныя гангліі ў галаўной ч. тулава развіліся больш, падпарадкавалі сабе астатнія і ўтварылі галаўны мозг. Дыферэнцыяцыя крывяноснай, палавой, стрававальнай і інш. сістэм суправаджалася ўскладненнем узаемадзеяння паміж імі і Н.с.
Найб. развіцця Н.с. дасягнула ў млекакормячых, асабліва ў чалавека, пераважна за кошт ускладнення будовы паўшар’яў і кары гал. мозга. Развіццё і дыферэнцыяцыя структур Н.с. ў высокаарганізаваных жывёл абумовілі яе падзел на цэнтральную нервовую сістэму і перыферычную нерв. сістэму.
Літ.:
Никитенко М.Ф. Эволюция и мозг. Мн., 1969;
Сепп Е.К. История развития нервной системы позвоночных. 2 изд. М., 1959;
Куффлер С.В., Николс Дж. От нейрона к мозгу: Пер. с англ.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ I (1.10.1754, С.-Пецярбург — 24.3.1801),
расійскі імператар [1796—1801]. З дынастыі Раманавых. Сын Пятра III і Кацярыны II, бацька імператараў Аляксандра I і Мікалая I. У пачатку царавання амнісціраваў зняволеных пры Кацярыне II М.І.Навікова, А.М.Радзішчава, Т.Касцюшку і інш. Цэнтралізаваў кіраванне, скараціў колькасць губерняў з 50 да 41. У бел.-літ. губернях пацвердзіў дзеянне Статута Вялікага княства Літоўскага 1588, спыніў перавод уніятаў у праваслаўе. Праводзіў курс на ўзмацненне асабістай ўлады. Запалоханы Французскай рэвалюцыяй 1789—99, устанавіў у краіне жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым, увёў цэнзуру друку, закрыў прыватныя друкарні (1797), забараніў увоз кніг з-за мяжы (1800). Пазбавіў дваран свабоды ад цялесных пакаранняў (1797), забараніў дваранскія губ. сходы і калект. звароты, прымусіў дваран-афіцэраў і чыноўнікаў выконваць службовыя абавязкі, а не толькі лічыцца на службе. Раздаў дваранам 600 тыс. душ дзярж. сялян, запрыгоніў сялян паўд. Украіны і Дона (1796). Указамі 1797 забараніў продаж без зямлі дваровых і беззямельных сялян, прымус сялян да працы на памешчыкаў па нядзелях, раіў памешчыкам скараціць паншчыну да 3 дзён у тыдзень, у 1798 забараніў прадаваць без зямлі ўкр. сялян. Імкнуўся палепшыць фін. становішча дзяржавы, у 2 разы павялічыў падушны падатак. Рэфармаваў армію на аснове прускіх ваен. статутаў, увёў жорсткую муштру і палачную дысцыпліну. Прыняў удзел у кааліцыйных войнах супраць Францыі (гл.Італьянскі паход Суворава 1799, Швейцарскі паход Суворава 1799, Міжземнаморскі паход Ушакова 1798—1800), аднак пасля разладу з саюзнікамі ў 1800 пачаў збліжэнне з Н.Банапартам (гл.Напалеон I), што прывяло Расію да стану вайны з Вялікабрытаніяй і стварыла пагрозу рас. гандлю і прам-сці. Палітыка П. I, неўраўнаважанасць яго характару выклікалі незадавальненне прыдворных колаў і гвардыі. У выніку дварцовага перавароту П. I забіты, прастол перайшоў да Аляксандра I.
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Грань веков: Полит. борьба в России. М., 1986;
Песков А.М. Павел I. М., 1999;
Хайкина Л.В. Михайловский замок и некоторые аспекты религиозно-философских воззрений Павла I // Отечеств. история. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДУ́ШНЫ ПАДА́ТАК,
асноўны прамы падатак у Рас. імперыі ў 18—19 ст. Уведзены ў 1724. Ім абкладалася ўсё мужчынскае насельніцтва падатковых саслоўяў паводле перыяд. перапісаў. На Беларусі П.п. уведзены замест падворнага абкладання (гл.Падымнае) у канцы 18 ст. ў памеры каля 1 руб. серабром. У снеж. 1772 жыхары ўсх. Беларусі вызвалены ад П.п. на паўгода, у крас. 1793 у цэнтр. Беларусі — на 2 гады. У 1797—1807 ва ўсіх бел. губернях дзярж. падаткі браліся ў меншым памеры, але да 1811 яны збіраліся тут не асігнацыямі, а серабром, рэальны курс якога быў намнога вышэйшы. У 1863 П.п. з цэхавых рамеснікаў і мяшчан заменены падаткам на нерухомую маёмасць і да сярэдзіны 1870-х г. быў чыста сельскім падаткам. Памеры яго павялічваліся. У 1867 па рэгіёнах Рас. імперыі П.п. вагаўся ад 1,15 да 2,61 руб.з рэвізскай душы, а па 5 зах. губернях (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) — ад 1,34 да 1,85 руб. ў залежнасці ад губерні. Да дзярж. падушных збораў належалі таксама земскі падушны збор з сялян на казённыя выдаткі і грамадскі збор здзярж. сялян, уведзены на пач. 1840-х г. У сярэдзіне 1860-х г. у Еўрап. Расіі падушныя зборы складалі каля 70% агульнай сумы прамых падаткаў. У 1870-я г. ў 5 зах.губ. П.п. дасягаў у залежнасці ад губ. 1,52—2,44 руб.з рэвізскай душы. У 1867—85 аклад падушных збораў складаў тут у сярэднім 2,8 млн.руб., або больш за 1/3 агульнай сумы сял. збораў. Феад. характар П.п., вял. нядоімка, адмовы насельніцтва плаціць, узмацненне сял. руху прымусілі ўрад з 1887 адмяніць падушныя зборы ў еўрап.ч. краіны.
Літ.:
Троицкий С.М. Финансовая политика русского абсолютизма в XVIII в. М., 1966;
Неупокоев В.И. Государственные повинности крестьян Европейской России в конце XVIII — начале XIX в. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва канца 18—1-й пал. 19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Уключаў палац, капліцу-пахавальню, аранжарэю, уязную браму, млын, парк. Палац закладзены К.Радзівілам. Пабудаваны ў 1-й пал. 19 ст. ў стылі ампір на левым беразе р. Змейка, у 2-й пал. 19 ст. аднаўляўся А.С.Радзівілам. У 19 ст. ў палацы былі б-ка, архіў, калекцыі нумізматычная і твораў мастацтва. Значна пашкоджаны ў 1917 і асабліва ў 1943; адноўлены. Мураваны палац мае сім.-восевую 3-часткавую кампазіцыю. У цэнтры дамінуе 2-павярховы ў плане набліжаны да квадрата будынак, да якога з бакоў далучаны галерэямі квадратныя ў плане 1-павярховыя павільёны. Да паўд.-зах. боку ў 2-й пал. 19 ст. прыбудаваны корпус зімовага саду (аранжарэя) у рэтраспектыўных формах готыкі (не захаваўся). Будынкі накрыты ярусна ўзнятымі пакатымі шатровымі дахамі. Цэнтр. частка гал. фасада вылучана плоскімі пілястрамі, дэкарыравана гермамі (на 2-м паверсе) і была завершана трохвугольным франтонам (не захаваўся), на тымпане якога знаходзіўся герб уладальнікаў Радзівілаў (належаў ім да 1939). Плоскасныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, аздобленымі плоскімі ліштвамі з сандрыкамі на фігурных кранштэйнах і філёнгамі, размежаваны міжпаверхавымі паясамі. Парк пейзажна-рэгулярнай планіроўкі складаўся з 2 частак. Пейзажная частка (з сажалкай) размешчана перад палацам на 4 тэрасах, якія з невял. перападамі спускаліся да ракі. Верхняя прамавугольная тэраса, умацаваная падпорнымі сценкамі, па перыметры была абсаджана таполяй чорнай пірамідальнай. На газоне перад палацам — сонечны гадзіннік. Алея па падоўжнай восі ішла праз парк да капліцы-пахавальні заснавальніка сядзібы. За палацам быў разбіты рэгулярны «французскі парк» са шпалерамі і баскетамі.
А.М.Кулагін.
Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.Орды. 19 ст.Паланэчкаўскі палацава-паркавы ансамбль. Галоўны фасад палаца. Фота пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ АДДЗЕ́ЛЫ, палітаддзелы,
кіруючыя парт.-паліт. органы КПСС—КПБ. Існавалі ў 1918—91 ва ўзбр. сілах для ўзмацнення парт. кіраўніцтва і паліт. работы, у 1933—56 — у гасп. арг-цыях з мэтай паліт. ўплыву на прац. масы. Нярэдка выконвалі функцыі гасп. і карных органаў. Як надзвычайныя органы ствараліся на пэўны час на найб. адказных участках для аператыўнага вырашэння паліт. і сац.-эканам. пытанняў. Асн. задачы П.а.: аб’яднанне парт. і камсам. актыву ўнутры калектываў, узмацненне барацьбы з «самацёкам», шкодніцтвам і раскраданнем сацыяліст. уласнасці, завяршэнне чысткі працоўных калектываў ад рэшткаў «класава варожых элементаў», садзейнічанне своечасоваму выкананню дзярж.вытв. задач. Палажэнне пра П.а. было ўключана ў Статут ВКП(б), прыняты XVII з’ездам партыі (1934). У сістэме нар. гаспадаркі СССР, у т. л.БССР, П.а. функцыянавалі ў машынна-трактарных станцыях (МТС; 1933—34, 1941—43, 1950—53), саўгасах (1933—40, 1941—43), на чыг. і водным транспарце (1933—56). За 1933—34 у СССР створана на чале з накіраванымі ў вёску кадравымі партработнікамі 3368 П.а. МТС і 2021 П.а. саўгасаў; у БССР — адпаведна 72 і 51. У 1934 сеткамі П.а. абслугоўваліся каля 40% калгасаў і 20% саўгасаў рэспублікі. Злют. 1950 да студз. 1954 паводле рашэння ЦКВКП(б) (студз. 1950) у зах. абласцях СССР, у т. л. Беларусі, Прыбалт. рэспубліках, былі арганізаваны і дзейнічалі П.а. МТС для актывізацыі націску ў ажыццяўленні суцэльнай калектывізацыі ў сціслыя тэрміны. З пашырэннем унутрыпарт. дэмакратыі і ўзмацненнем ролі звычайных, пастаянных органаў партыі ЦККПСС у 1957 скасаваў П.а.
ва ўсіх ведамствах, акрамя ўзбр. сіл. П.а., як адно з рашаючых звёнаў цэнтралізаванай сістэмы кіравання, былі дзейсным інструментам сав. улады. Іх стварэнне ў структуры апарата партыі было спробай умацавання адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Антоні Генрык) (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833),
палітычны дзеяч, мецэнат, кампазітар-аматар, спявак (тэнар). Сын Міхала Гераніма Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (да 1794). У 1796 ажаніўся з Фрэдэрыкай Луізай, прынцэсай Брандэнбургскай, пляменніцай прускага караля, і застаўся ў Прусіі. Пасля паўстання 1794 падтрымліваў планы адраджэння польскай дзяржавы на чале з каралём Прусіі Гогенцолернам, дзе сам разлічваў стаць віцэ-каралём, а Т.Касцюшка — галоўнакамандуючым. Выступаў за кааліцыю Прусіі, Расіі і Аўстрыі супраць Напалеона, стварэнне асобнай арміі з ураджэнцаў б. Рэчы Паспалітай. Ардынат нясвіжскі і алыцкі (1814). У 1815—33 намеснік прускага караля ў Вял.кн. Пазнанскім, ген.-паручнік. Трымаў у Берліне і Познані артыстычныя салоны. Быў выдатным віяланчэлістам і гітарыстам, іграў на інш.муз. інструментах, пісаў музыку, спяваў у аматарскіх спектаклях («Вялікі дзень у замку, альбо Сцэны трубадураў з 1148 года»; паст. у час Венскага кангрэса 1815). Пісаў рамансы (у т. л.з «Вільгельма Майстэра» І.В.Гётэ), вак. дуэты і трыа, фп. творы (вальсы, паланэзы), хары (у сучасным рэпертуары хар. калектываў Берлінскай акадэміі музыкі). Набыў вядомасць як кампазітар оперы «Фауст» (лібрэта Гётэ). Падтрымліваў кантакты з вядомымі кампазітарамі. Свае творы яму прысвяцілі Л.Бетховен («Імянінная» уверцюра), Ф.Мендэльсон (фп. квартэт), Ф.Шапэн (фп. трыо g-moll), М.Шыманоўская (серэнада для фп. і віяланчэлі). На Беларусі фрагменты оперы «Фауст» упершыню паказаны ў 1995 у Нясвіжы «Беларускай капэлай», у 1999 цалкам Нац.акад. т-рам оперы, запісана на радыё.
Літ.:
Скорабагатаў В. Беларускі «Фауст» // Спадчына. 1995. № 1;
Яго ж. Лёс падарыў Гётэ музыку Радзівіла // Мастацтва. 1995. № 4;
Собалева Н. Агмень родавы, агмень культурны: (Жыцьцё, дзейнасць і атачэньне Антонія Генрыка Радзівіла) // Там жа. № 8;
Яе ж. «Геніяльная парывістая кампазіцыя...» // Там жа. № 9;
Jachimecki Z., Pozniak W. Antoni Radziwilł i jego muzyka do Fausta. Kraków, 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МНЫ ПАДЫХО́Д,
кірунак метадалогіі навук. пазнання і сац. практыкі, у аснове якога разгляд аб’ектаў як сістэм. Спецыфіка С.п. ў тым, што ён арыентуе даследаванне на раскрыццё цэласнасці аб’екта, выяўленне разнастайных тыпаў сувязі складанага аб’екта і звядзенне іх да адзінай тэарэт. карціны. У наш час С.п. займае адно з вядучых месц у навук. пазнанні. Перадумовай пранікнення яго ў навуку з’явіўся перш за ўсё пераход да новага тыпу навук. задач: у многіх галінах навукі гал. сталі праблемы арг-цыі і функцыянавання складаных аб’ектаў; пазнанне ўсё больш аперыруе сістэмамі, межы і склад якіх далёка не відавочныя і патрабуюць спец. даследавання ў кожным асобным выпадку. Аналагічнага тыпу задачы ўзніклі і ў сац. практыцы, калі замест лакальных, галіновых задач і прынцыпаў вядучую ролю пачалі адыгрываць буйныя комплексныя праблемы, якія патрабуюць цеснага ўзаемаўвязвання эканам., сац., экалагічных і інш. аспектаў грамадскага жыцця. Развіццё даследаванняў у гэтым кірунку выявіла недастатковасць агульнай тэорыі сістэм, якая ўжывалася раней. Для абазначэння больш шырокай сферы метадалагічных праблем з 1970-х г. пачалі ўжываць тэрмін «С.п.» Паняцці і прынцыпы С.п. выяўляюць больш шырокую пазнавальную рэальнасць у параўнанні з той, што фіксавалася ранейшымі ведамі, даюць новую схему тлумачэння, у аснове якой пошук канкрэтных механізмаў цэласнасці аб’екта, выяўленне поўнай тыпалогіі яго сувязей. З важнага для С.п. тэзіса аб разнастайнасці тыпаў сувязей вынікае, што складаны аб’ект дапускае не адно, а некалькі расчляненняў, з якіх неабходна выбраць «адзінку» аналізу, якая дасць магчы.масць фіксаваць цэласныя ўласцівасці аб’екта, яго структуру і дынаміку. Па пазнавальных устаноўках С.п. мае шмат агульнага зструктуралізмам і структурна-функцыянальным аналізам.
Літ.:
Блауберг И.В., Юдин Э.Г. Становление и сущность системного подхода. М., 1973;
Уемов А.И. Системный подход и общая теория систем. М., 1978;
Каган М.С. Системный подход и гуманитарное знание. Л., 1991;
Абдеев Р.Ф. Философия информационной цивилизации. М., 1994.