адносна ўстойлівая, спадчынная селекцыйная прыкмета с.-г. жывёл, колькасць тлушчу ў іх малацэ. Залежыць ад відавых, пародных, індывід. асаблівасцей, зоны развядзення, умоў утрымання, пары года, спосабаў даення і інш.З узростам жывёлы Т. мяняецца нязначна. Сярэдняя колькасць тлушчаў у малацэ кароў 3,9%, коз 4,3%, авечак 7,2%, свіней 5,9%, буйвалаў 7,7%, вярблюдаў 5%, коней 1,8%, асліц 1,7%, паўн. аленяў 18,7%. Сярод буйн. раг. жывёлы Т. найб. высокая ў джэрсейскай (5—7%), найб. нізкая ў чорна-пярэстай (3,75%) парод. Паляпшаюць Т. скрыжаваннем кароў з нізкай Т. і быкоў тлушчамалочных парод. Асн. крыніца ўтварэння малочнага тлушчу — кармы звял. колькасцю лёгказасваяльных вугляводаў (крухмалу, цукроў), з дастатковай колькасцю бялку, тлушчаў, мінер. рэчываў, вітамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́ЕСНАСЦІ ЗАКО́Н,
адзін засн. законаў фармальнай логікі, згодна з якім кожнае завершанае суджэнне ў лагічных аперацыях пры паўтарэнні павінна мець аднолькавы, устойлівы змест; прынцып правільнай пабудовы думак у працэсе разважання. Сфармуляваны Арыстоцелем, які сцвярджаў, што абмеркаванне пэўнай праблемы павінна пачынацца з вызначэння агульнага сэнсу паняццяў, якімі карыстаюцца субяседнікі. У логіцы Т.з. сімвалічна выяўляецца ў выглядзе формулы A ёсць A, ці A=A, у матэм. логіцы — A→A, дзе A — пэўнае выказванне, а → — знак імплікацыі. На практыцы Т.з. прадугледжвае пэўнае абстрагаванне ад характару аб’ектаў выказвання, ад іх развіцця і змены, што правамоцна ў сувязі з адноснай устойлівасцю ўсіх з’яў. Т.з. дапаўняецца і развіваецца супярэчнасці законам і выключанага трэцяга прынцыпам.
руская пісьменніца. Скончыла Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1967). Друкуецца з 1964. Першая кніга — «Пра тое, чаго не было» (1969). У зб-ках аповесцей і апавяданняў «Калі стала трошкі цяплей» (1972), «Лятаючыя арэлі» (1978), «Карыда» (1993), «Дзень без хлусні» (1994) і інш. канфлікт асобы з абывацельскім цвярозым сэнсам, пошукі ідэалу, тэма кахання. Прозе Т. уласцівы тонкі псіхалагізм, шчырасць, адкрытасць фіналу, гумар, іронія. Аўтар п’ес, сцэнарыяў фільмаў «Урок літаратуры» (1968), «Джэнтльмены ўдачы» (1972; разам з Г.Данелія), «Міміно» (1978; разам з Р.Габрыядзе і Данелія), «Ішоў сабака па раялі» (1979) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАХІМЁНАК Сяргей Аляксандравіч (н. 7.2.1950, г. Карасук Новасібірскай вобл., Расія),
бел. юрыст і пісьменнік. Д-рюрыд.н. (1999). Скончыў Свярдлоўскі юрыд.ін-т (1977), Вышэйшыя курсы КДБСССР (1981). З 1990 у Ін-це нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь (з 1996 нач. кафедры). З 1999 нач. сітуацыйна-аналіт. цэнтра дзяржсакратарыята Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь. З 2000 у Ін-це нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па праблемах метадалогіі забеспячэння нац. бяспекі. Аўтар вострасюжэтных раманаў і сцэнарыяў хранік.-дакумент. фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРО́ЦКАЯ Таісія Паўлаўна (н. 29.11.1949, в. Бобрына Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне механізацыі с.-г. вытв-сці. Д-ртэхн.н. (1999). Скончыла БСГА (1972). З 1978 у Гродзенскім с.-г. ін-це, з 1991 у БелНДІ механізацыі сельскай гаспадаркі. З 2000 у Бел.агр.тэхн. ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па ўдасканаленні тэхнал. працэсаў сушкі і перадпасяўной апрацоўкі зерня і насення ў азона-паветр. сферы.
Тв.:
Энергосберегающая технология сушки сельскохозяйственных материалов в озоновоздушной сфере. Мн., 1997;
Энергосберегающая электроозонированная сушка зерна активным вентилированием (разам з С.М.Карташэвічам) // Механизация уборки, послеуборочной обработки и хранения урожая сельскохозяйственных культур: Науч. тр.М., 2000. Т. 132.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫФАЛІЯ́ТА, панцырус (Poncirus trifoliata),
кветкавая расліна сям. рутавых. Радзіма — Паўн. Кітай. Трапляецца ў зарасніках, па абочынах дарог. У культуры ў Паўн. Амерыцы, на Каўказе, у Японіі.
Лістападныя кусты выш. да 3 м. Сцёблы зеленавата-шэрыя, маюць буйныя (даўж. да 7 см) пазушныя калючкі. Лісце чаргаванае, трайчастае, з зубчастым краем. Кветкі амаль сядзячыя, дыяметрам 3—8 см, белыя. Плод — гесперыдый (ягадападобны), дыяметрам 4—6 см, шматнасенны, залаціста-жоўты, аксамітна-апушаны, з горка-кіслай мякаццю, неядомы. З пладоў атрымліваюць сок, які мае да 5% лімоннай к-ты. У селекцыі Т. выкарыстоўваюць як карлікавую, марозаўстойлівую прышчэпу для цытрусавых. Вядомы гібрыды (у т. л. прыродныя) Т. з апельсінам (цытранж), кумкватам (цытрумкват), мандарынам (цытрандарын) і інш.Харч., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРГА́ЙСКАЕ ПЛАТО́, Тургайская сталовая краіна,
прыўзнятая раўніна паміж Паўд. Уралам і Мугаджарамі на З, Казахскім драбнасопачнікам на У, у Казахстане. Даўж. каля 630 км, шыр. 300 км, выш. да 310 м. Уздоўж восевай часткі працягваецца Тургайская лагчына. Т.п. — платформавае ўтварэнне; адпавядае паўн. выступу Туранскай пліты і Тургайскаму прагіну. Складзена з марскіх і кантынент. адкладаў. Ёсць радовішчы магнетытавых руд, бурых жалезнякоў, баксітаў, вугалю. Паўн.ч. — з узгоркамі і ўваламі, парэзана слаба; паўд. — з ізаляванымі сталовымі ўзвышшамі, ёсць сетка лагчын і далін часовых рэк. У западзінах салёныя азёры. Клімат рэзка кантынент. і сухі. Паўн.ч. адносіцца да зоны сухіх стэпаў — раён непаліўнога збожжавага земляробства (пшаніца, проса, ячмень); паўд. — у зоне паўпустынь, якія выкарыстоўваюцца як паша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫГРА́Н IIВялікі,
цар Арменіі [95—56 да н.э.]. У першыя гады праўлення далучыў да свайго царства Сафену, Антрапатэну, зах. частку Мідыі, пазней далучыў сірыйскія ўладанні Селеўкідаўзг. Антыёхія. Цары Албаніі Каўказскай і Іберыі прызналі сябе залежнымі ад Т. II. Парадніўся зМітрыдатам VI Еўпатарам і заключыў з ім ваен. і паліт. саюз. Пры Т. II Арменія стала самай вял. дзяржавай эліністычнага Усходу. Як саюзнік Мітрыдата VI ваяваў з Рымам. У 91 да н.э. войскі Т. былі разбіты каля Кападокіі Л.К.Сулай, у 69 да н.э. каля Тыгранакерта — Л.Л.Лукулам. У 66 да н.э. Т. II капітуляваў і прызнаў сябе залежным ад Рыма. Яго ўладанні былі абмежаваны тэр. царства Арменіі Вялікай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́ЙЛАР (Taylor) Рычард Эдвард (н. 2.11.1929, г. Медысін-Хат, Канада),
канадскі фізік. Чл. Каралеўскага т-ва Канады (1985), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1992), Лонданскага каралеўскага т-ва (1997). Скончыў ун-ты Альберты ў г. Эдмантан (Канада, 1952) і Станфардскі (1962). З 1962 у Станфардскім лінейным паскаральнікавым цэнтры (з 1970 праф., у 1982—86 нам. дырэктара). Навук. працы па эксперым. фізіцы элементарных часціц, праблемах дэтэктыравання гравітацыйнага выпрамянення, рэнтгенаўскай і гама-астраноміі. Разам з Дж.А.Фрыдманам і Г.У.Кендалам у серыі эксперыментаў пацвердзіў існаванне кваркаў (1967—73). Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Фрыдманам, Кендалам).
Тв.:
Рус.пер. — Глубоко-неупругое рассеяние: ранние годы // Успехи физ. наук. 1991. Т. 161, вып. 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕФО́ННЫ АПАРА́Т,
прылада для перадачы і прыёму гукавой інфармацыі (маўлення, музыкі і інш.); канцавая абаненцкая прылада тэлефоннай сувязі. Мае моўныя (мікрафон, тэлефон, гучнагаварыцель), выклікальныя (нумаранабіральнік, званок) і камутацыйныя (пераключальнік «выклік — размова») прыстасаванні. Вынайдзены А.Г.Белам (1876).
Найб. пашыраны аўтаматычныя Т.а. з дыскавым ці кнопачным нумаранабіральнікам; паводле прызначэння адрозніваюць бытавыя Т.а., таксафоны, шахтавыя (выбуханебяспечныя), дыспетчарскія і інш. Многія Т.а. маюць мікрапрацэсар, з дапамогай якога карыстальнікі атрымліваюць розныя паслугі: электронная памяць (запамінаюцца набраныя тэлеф. нумары) з магчымасцю аўтам. паўторнага выкліку, вызначальнік нумара (вызначае і запамінае нумары Т.а., з якіх быў выкліканы дадзены Т.а.) і інш.Гл. таксама Відэатэлефон.