СМІРНО́Ў Генадзь Дзмітрыевіч (н. 3.2.1933, с. Катышка Галышманаўскага р-на Цюменскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне выліч. тэхнікі. Канд. тэхн. н. (1970). Засл. работнік прам-сці Беларусі (1976). Скончыў Маскоўскі энергет. ін-т (1957). З 1960 на Мінскім з-дзе ЭВМ, з 1972 у НДІ ЭВМ (у 1972—98 нам. дырэктара). Навук. працы па структуры, архітэктуры, надзейнасці выліч. машын, сістэм і комплексаў, аўтаматызацыі праектавання ЭВМ. Распрацаваў архітэктуру, прынцыпы пабудовы і выкарыстання ЭВМ «Мінск» і ЕС ЭВМ. Дзярж. прэмія СССР 1970. Ленінская прэмія 1983.

Тв.:

Электронная вычислительная машина «Минск-32». М., 1972 (разам з В.​У.​Пржыялкоўскім, В.​Я.​Пыхціным);

Электронная вычислительная машина ЕС-1022. М., 1979 (у сааўт.).

М.​П.​Савік.

Г.​Дз.Смірноў.

т. 15, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНА-СТРАЛКО́ВЫ КО́МПЛЕКС імя маршала Сав. Саюза С.​К.​Цімашэнкі, спартыўнага камітэта Міністэрства Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, асноўная база падрыхтоўкі нац. зборных каманд па стралк. спорце. Пабудаваны ў Мінску ў 1972 (рэканструяваны ў 1978); пл. 12 га.

Мае гал. павільён для стральбы з 4 закрытымі цірамі (10-, 25- і 50-метровыя, 10-метровы «бягучы дзік») і адкрытыя ціры (25-, 50- і 300-метровыя, 4 асобныя 50-метровыя «бягучы дзік», цір для стэндавай стральбы з 2 круглымі і 1 траншэйным стэндамі). Ціры абсталяваны для стральбы з усіх відаў спарт. стралк. зброі. Маюць мех. і электронныя ўстаноўкі з дыстанцыйным кіраваннем. Інфармацыя пра вынікі стральбы выдаецца на электроннае табло. Праводзяцца міжнар. і рэсп. спаборніцтвы.

т. 15, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛО́ВІЦКІ КАСЦЁЛ СЭ́РЦА ІСУ́СА,

помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Сталовічы Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1907—11 з цэглы 3-нефавая 1-вежавая базіліка. Прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным дахам, расчлянёным дахавымі аконнымі праёмамі, з фіяламі ў завяршэнні. Дамінантай з’яўляецца 2-ярусная званіца (васьмярык на чацверыку) з высокім шпілем. Фасады рытмічна расчлянёны стральчатымі праёмамі і контрфорсамі ў прасценках і па баках будынка. Гал. ўваход вырашаны моцным перспектыўным парталам і фланкіраваны 3-ступеньчатымі контрфорсамі, увянчанымі высокімі шатрамі з крабамі. Падобныя завяршэнні маюць вуглавыя фіялы алтарнага шчыта. Арх.-маст. выразнасць будынка дасягаецца багаццем краповак, профіляў і абломаў, выкананых сродкамі муроўкі, насычаным каларыстычным вырашэннем.

А.​М.​Кулагін.

Сталовіцкі касцёл Сэрца Ісуса.

т. 15, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАФАНО́ЎСКІ Пётр Міхайлавіч (2.1.1903, в. Чыркавічы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. —23.2.1976),

генерал-маёр (1944), Герой Сав. Саюза (1948). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу ВПС (1927), Качынскую ваенна-авіяц. школу лётчыкаў (1928). У Чырв. Арміі з 1925. З 1928 лётчык-інструктар, выпрабавальнік, камандзір звяна, атрада. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, камандзір знішчальнага авіяпалка, нам. камандзіра авіякорпуса, нач. Зах. сектара ППА Масквы. З 1942 на лётна-выпрабавальнай рабоце. Пасля вайны правёў 238 выпрабаванняў самалётаў розных тыпаў, зрабіў 16 першых вылетаў на новых відах самалётаў, першы ў свеце выканаў вышэйшы пілатаж на рэактыўным самалёце. Да 1954 у Сав. Арміі. Аўтар кнігі «Трыста невядомых» (2-е выд., 1973) і інш.

П.М.Стафаноўскі.

т. 15, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРОННІ́ЦТВО ХЛО́ПСКЕ (Stronnictwo Chłopskie),

сялянская партыя ў Польшчы і Зах. Беларусі ў 1926—31. Створана ў выніку вылучэння групы дзеячаў з «Вызволеня» на чале з Я.​Домбскім. Кіраўнікі партыі Домбскі, В.​Добрах, А.​Плюта, Я.​Табор, А.​Валерон. Друкаваны орган — «Gazeta Chłopska» («Сялянская газета»). Асн. патрабаванні праграмы: парламенцкая рэспубліка, шырокая агр. рэформа, развіццё асветы сярод насельніцтва. Падтрымала дзярж. пераварот у Польшчы 12.5.1926. З 1928 вяла барацьбу супраць «санацыйнага рэжыму». Удзельнічала ў выступленнях за прадастаўленне дэмакр. свабод, правядзенне бурж.-дэмакр. рэформ. Пасля роспуску сейма ў 1930 некат. дзеячы партыі праследаваліся ўладамі, пачала расці яе апазіцыйнасць ураду. У 1931 С.х. аб’ядналася з сял. партыямі «Пяст» і «Вызволене» ў Стронніцтво людовэ.

Т.​А.​Лугачова.

т. 15, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУГА́ЛЬНЫ СТАНО́К,

1) у металаапрацоўцы — металарэзны станок для апрацоўкі (стругання) разцамі плоскіх і фасонных лінейчастых паверхняў.

Адрозніваюць падоўжна-стругальныя [гал. рух робіць выраб (загатоўка), прывод стала звычайны ад рэверсіўнага рухавіка] і папярочна-стругальныя (гал. рух робіць разец разам з супартам і паўзуном, прывод мех. ці гідраўл.). На базе падоўжна-стругальных вырабляюцца камбінаваныя станкі, у якіх струганне спалучаецца з фрэзераваннем і шліфаваннем.

На Беларусі папярочна-стругальныя станкі выпускаў Гомельскі станкабуд. з-д імя Кірава, падоўжна-стругальныя вырабляе Мінскі станкабуд. з-д імя Кастр. рэвалюцыі.

2) У дрэваапрацоўцы — дрэварэзальны станок для фарміравання гладкай плоскай паверхні дэталі (цыклявальны станок) ці для атрымання паўфабрыкату, напр., стругальнай шпоны (шпона-стругальны, стружкавы станок і інш.).

т. 15, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПЕРСІМЕТРЫ́Я, Фермі—Бозе сіметрыя,

сіметрыя, што звязвае палі, кванты якіх маюць цэлалікавы спін (базоны), з палямі, кванты якіх маюць паўцэлы спін (ферміёны). Палі, што пераўтвараюцца пры пераўтварэннях С. адно праз другое, утвараюць супермультыплеты, якія аб’ядноўваюць у адну сям’ю часціцы з рознай статыстыкай — базоны і ферміёны.

Адно з найб. важных дастасаванняў С. — суперсіметрычнае абагульненне калібровачнай палявой тэорыі фундаментальных узаемадзеянняў — супергравітацыя. Яна мае пераўтварэнні С. з параметрамі, залежнымі ад каардынат (лакальныя пераўтварэнні С.). Інварыянтнасць адносна лакальных пераўтварэнняў С. патрабуе існавання партнёраў па супермультыплету, якія маюць спіны, што адрозніваюцца адзін ад аднаго на ​1/2 (эксперыментальна не выяўлены; 2002). Напр., прадказваюцца слептон, скварк, фатына, глюіна, як суперпартнёры адпаведных элементарных часціц: лептонаў, кваркаў, фатонаў і глюонаў.

А.​А.​Богуш.

т. 15, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́СЛАЎ Міхаіл Андрэевіч (21.11.1902, с. Шахаўское Паўлаўскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 25.1.1982),

савецкі парт. дзеяч. Двойчы Герой Сац. Працы (1962, 1972). Скончыў Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі (1928), выкладаў у ВНУ Масквы. З 1931 у апараце ЦКК ВКП(б) і СНК СССР, з 1937 — Растоўскага абкома партыі. 1-ы сакратар Стаўрапольскага крайкома (1939—44), чл. ЦК ВКП(б) (з 1941). У Вял. Айч. вайну чл. Ваен. савета Паўн. групы войск Закаўк. фронту, нач. Стаўрапольскага краявога штаба партыз. атрадаў. Старшыня бюро ЦК па Літ. ССР (1944—46), сакратар ЦК партыі (з 1947). Адначасова ў 1949—50 гал. рэдактар газ. «Правда». Чл. Палітбюро (Прэзідыума) ЦК КПСС (1952—53, 1955—82).

т. 15, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМА́РА ХАНУ́М (сапр. Петрасян Тамара Арцёмаўна; 29.3.1906, г. Фергана, Узбекістан — 1991),

узбекская танцоўшчыца. спявачка, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1956). Скончыла Цэнтр. тэатр. тэхнікум у Маскве (1925). З 1919 у агітбрыгадзе пад кіраўніцтвам Х.​Хамзы, з 1926 у канцэртна-этнагр. ансамблі М.​Кары-Якубава. У 1929—34 салістка і адна з арганізатараў Узб. муз.-драм. т-ра. З 1936 салістка, у 1941—69 маст. кіраўнік арганізаванага ёю ансамбля Узб. філармоніі. Збіральніца песеннага і танц. фальклору народаў свету. Рэфарматар выканальніцкага стылю узб. жаночага танца. Удзельнічала ў станаўленні узб. балетнага т-ра. У рэпертуары песні і танцы многіх народаў свету. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Широкая О. Тамара Ханум. Ташкент, 1973.

Тамара Ханум.

т. 15, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМАШЭ́ВІЧ Аляксандр Уладзіміравіч (13.8.1930, Мінск),

бел. вучоны ў галіне эканомікі прыродакарыстання. Д-р эканам. н. (1985), праф. (1988). Сын У.А.Тамашэвіча. Скончыў БДУ (1954). З 1965 у Бел. н.-д. геолагаразведачным ін-це (з 1975 нам. дырэктара), з 1987 у БДУ (заг. кафедры). Навук. працы па эканам. геалогіі (эканоміцы мінер. сыравіны і геолагаразведачных работ) і эканам. геаграфіі.

Тв.:

Экономическая оценка минеральных ресурсов Белоруссии. Мн., 1978;

Новые тенденции в теории и практике экономики природопользования // Природные ресурсы. 1997. № 1;

Минеральные ресурсы в хозяйственном комплексе Беларуси (разам з Я.​А.​Нікіціным, А.​М.​Сінічкам) // Вопросы минерагепии платформенного чехла и кристаллического фундамента территории Беларуси. Мн., 2000;

География мирового хозяйства: В 3 ч. Ч. 1. Мн., 2001.

т. 15, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)